5
На сёньняшні дзень пэнсыянэр Віктар Капульцэвіч па-ранейшаму ёсьць актывістам ПКБ, ачольвае гарадзкую партэйную арганізацыю. Але ўжо знаходзіцца ў абсалютна жорсткай апазыцыі да чала дзяржавы. Пад час прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году ён у Доме культуры заводу БАТЭ 19 лютага арганізаваў мітынг апальнага Міхаіла Чыгіра, колішняга прэм’ера першага прэзыдэнцкага ўраду, а 27 жніўня—кандыдата ў прэзыдэнты РБ ад аб’яднанай апазыцыі, былога старшыні Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларускай Уладзімера Ганчарыка... Крыху раней усё ж праявіў партэйна-карпаратыўную салідарнасць і ўладкаваў працаваць на тым жа заводзе БАТЭ, дзе працаваў сам намесьнікам генэральнага дырэктара, зацкаванага нардэпа Георгія Кібермана, былога старшыню Барысаўскага райвыканкаму. Праўда, на сёньняшні дзень апальны дэпутат ВС 13 скліканьня зьехаў з Барысаву ў Менск.
Такім чынам, Віктар Людвігавіч цяпер аднаўляе свой палітычны твар. Шкада толькі, што спачатку яму па гэтым твары Аляксандар Лукашэнка ўрэзаў добрую-такі аплявуху. Цяперака чарга ў гэтым сэнсе за кампартэйным дэмакратам Капульцэвічам.
БАРЫСАЎСКУЮ “П’ЯНКУ” ПРАЗ СЕМ ГАДОЎ ПАСЛЯ ЗДАРЭНЬНЯ
КАМЭНТУЮЦЬ:
Анатоль БУКАС, галоўны рэдактар газэты “Барысаўскія Навіны”, лідэр рэспубліканскай і гарадзкой арганізацыі БСДП (НГ):
Шкада, што Віктару Квпульцэвічу спатрэбіліся даволі даўгія сем год, каб набыць палітычны зрок. Хаця да таго “лёсавызначальнага” моманту” ён меў вядомасьць як магільшчык дэмакратычных пераўтварэньняў у Барысаве. Так, парушаючы законнасьць, не дазваляў у горадзе сустрэчу з кандыдтам на прэзыдэнта Шушкевічам, блякаваў некаторыя палітычныя ініцыятывы барысаўскіх актывістаў. Думаю, зь ягоным удзелам былі зфальшаваныя і вынікі мясцовых выбараў у Вярхоўны Савет 13 скліканьня, калі старшыня акруговай камісыі Л. Котаў уначы пасьля апошняга дню галасаваньня павіншаваў мяне,кандыдата ў дэпутаты, з перамогай, а раніцай заявіў, што да перамогі не хапіла паўтары адсоткі галасоў. Вядома, Віктару Людвігавічу сёньня больш зручна апранацца ў тогу пакутніка рэжыму ды “засьвечвацца” ў тусоўках палітбамонду. На жаль, у нас яшчэ дастаткова шмат “шрубчыкаў”, рукамі якіх творыцца глумленьне над лёсамі людзей. І ніхто нікога потым не прыцягвае да адказнасьці за падобныя рэчы. А дарэмна! Даволі павучальная, лічу, сытуацыя ў Прыбалтыцы, дзе аддаюць пад суд тых, хто супрацоўнічаў са сталінскім НКУС ды зьдзекаваўся з грамадзянаў. Гісторыя, на мой пагляд, не павінна дараваць памылак, калі яны пацягнулі за сабою смерць чалавека. Дарэчы, убольш позьнія савецкія часы партнамэнклятура, баючыся прэтэнзыяў, што маглі б выставіць да яе родзічы пацярпелых ад палітычных рэпрэсыяў, іх назвала “паляваньнем на ведзьмаў”. І дала ўказаньне судам не прымаць гэткія зыскі да разгляду.
Леў МАРГОЛІН, старшыня барысаўскай арганізацыі АГП, бізнэсовец:
--Памятаю, у тыя красавіцкія дні 1997 году дзяржаўныя і незалежныя СМІ актыўна абмяркоўвалі “намэнклятурную п’янку”. Цікава, што амаль усе мас-медыі дружна сыйшліся ў адзіным меркаваньні: Капульцэвіч ды ягоная каманда знахабнелі, дапіліся... І толькі “Барысаўскія Навіны” ды непадцэнзурны эфір Беларускае службы Радыё Свабода былі блізкія да аб’ектыўнасьці. Іхныя матэрыялы зазначылі, што сьціплае сьвяткаваньне сталася дай нагодай да палітычнага перавароту ў Барысаве. Бо на чале выканаўчае ўлады тут знаходзіліся чыноўнікі, якія з прычыны свай прыналежнасьці да ПКБ патрапілі ў апалу да чала дзяржавы. Акрамя таго, каля штурвалу буйных прамысловых прадпрыемстваў знаходзіўся так званы чырвоны дырэктарскі корпус, дзе гаспадарнікамі былі чальцы ПКБ або спачувальнікі гэтай партыі. Нават калега Віктара Людвігавіча, старшыня Барысаўскага райвыканкаму Георгі Кіберман быў адным з актывістаў партыі. Дарэчы, ён і генэральны дырэктар ААТ “БАТЭ” Мікалай Бусел прадстаўлялі барысаўскіх камуністаў-калякінцаў у Вярхоўным Савеце 13-а скліканьня. Яны абодва восеньню 1996 году падпісаліся пад патрабаваньнем наконт імпічмэнту прэзыдэнту. Натуральна, што Аляксандру Лукашэнку было дыскамфортна трымаць ў гэтым рэгіёне прадстаўнікоў ПКБ. А таму самым першым высокай пасадаю расплаціўся за свой дэпутацкі ўчынак Кіберман. Скалупнуць Бусела сходу не пашэньціла: надзвычай высокім быў у горадзе і рэспубліцы аўтарытэт у гэтага гаспадарніка. Таму сьмела можна зрабіць выснову: у Менску было вырашана спачатку знайсьці нагоду, каб адхіліць ад рэгіянальнае ўлады Віктара Капульцэвіча, а затым расправіцца і зь Мікалаем Буселам. Такім чынам, быў пакладзены канец палітычнай вольніцы ў шэрагах барысаўскіх чыноўнікаў.
З АРТЫКУЛУ “УЛАДА ЎСЛОДЫЧ, АБО НАДЗВЫЧАЙНАЕ ЗДАРЭНЬНЕ РЭСПУБЛІКАНСКАГА МАШТАБУ”
“...Да нас у рэдакцыю тэлефануюць барысаўцы і просяць больш падрабязна распавесьці
пра гэты скандал. Нягледзячы на тое, што ніхто з супрацоўнікаў нашай газэты ў ліку
запрошаных ня значыўся, на гэты факт у нас ёсьць свая, рабочая вэрсыя.
Як вядома, пад час фуршэту, наладжанага ў гонар здачы ў эксплуатацыю новага будынку падатковай інспэкцыі па вуліцы К. Маркса, на які зьехалася амаль уся мясцовая знаць, нечакана наляцела служба прэзыдэнцкага кантролю. “Усім заставацца на мейсцах, у будынку—міны”,-- пачулася каманда. Адначасова быў заблякаваны выхад з будынку. Злачасную пагулянку прадстаўнікі прэзыдэнта нібыта засьнялі на відэа. Пра таемную вячэру затым некалькі дзён білі ва ўсе званы Беларуская тэлевізыя ды рэспубліканскае радыё.
Паводле нашых сьведчаньняў, у скандальным банкетаваньні узялі ўдзел больш дваццаці пяці пэрсонаў самай разнастайнае публікі. Дарэчы, колькасьць магла быць і большай, калі б запрошаныя былі б джэльтмэнамі і зьявіліся да стала ў прызначаны час. Кажуць, адзін з кіраўнікоў нейкага прадпрыемства ня патрапіў на сходку з прычыны сапсаванага кола ў службовай “Волзе”. Яшчэ аднаму дырэктару таксама пашанцавала—ён тэрмінова зьехаў у камандоўку. Трэці папрасіў прабачэньня ды адправіўся наведваць хворую маці. Кажуць, да застольля павінен быў пад’ехаць і адзін з гарнізонных гэнэралаў. Але бедалага аканфузыўся—заседзеўся на службовай нарадзе і, мусіць, зараз дзякуе лёсу за сваю неахайнасьць.
Яшчэ кажуць, быццам прэзыдэнцкія рэвізоры наляцелі ў самы непадыходзячы момант, калі раут дасягнуў свайго апагэю. Візыт нязваных кантралёраў быў настолькі нечаканым, што ў некаторых удзельнікаў балю адняло мову, а пачуваньне наблізілася да страты прытомнасьці. У крытычны момант стаўся мужчынам толькі мэр В. Л. Капульцэвіч. Ён, як сапраўдны рыцар, папрасіў перапалоханых кавалераў і паненак захоўваць спакой. Тут, мусіць, будзе самы раз назваць удзельнікаў банкетаваньня: В. Драніца—дырэктар заводу мэдпрэпаратаў, А. Савін—дырэктар заводу “Поліміз”, В. Конанава—дырэктар гархарчгандлю, Л. Стэфанскі—дырэктар мясакамбінату, Л. Шапавал—начальнік рамонтна-будаўнічай управы, П. Каралько—кіраўнік СП “Фрэбор”, А. Таіцкі—дырэктар мэблевага камбінату ды іншыя. “Советская Белоруссия” сьведчыць, што згаданае мерапрыемства ахоўвалі два прадстаўнікі гарадзкой міліцыі Н. Шышла і Д. Сашэнка.
Некаторыя барысаўцы спачуваюць і шкадуюць, што чыноўніцкая пагулянка была арганізаваная пад патранажам Т. Пятровіч, начальніцы падатковай інспэкцыі. Бо па сутнасьці да гэтага моманту грахоў за ёю не вадзілася. Па-іншаму гараджане ацэньваюць удзел у гэтым застольлі мэра горада В. Капульцэвіча ды ягонае сьвіты...
Пры Капульцэвічу, дарэчы, пад час апошняй выбарчай кампаніі ў Вярхоўны Савет (1995—1996 гг.-- А. М.) на шмат якіх выбарчых участках былі зафіксаваныя дзясяткі парушэньняў... Віктар Людвігавіч некарэктна паводзіў сябе і пад час прыезду ў Барысаў экс-сьпікеру ВС РБ Станіслава Шушкевіча, абразіў таго сволаччу. Затое ад усяе душы сустракаў Вячаслава Кебіча.
Зараз некаторыя ламаюць галаву адносна таго, хто ж мог адважыцца і “здаць” прэзыдэнту вось такі агромністы натоўп барысаўскіх начальнікаў. Адны, напрыклад, аддаюць гэтыя лаўры Сяргею Трусаву, намесьніку старшыні гарвыканкаму, які патрапіў ў мінулым годзе ў апалу да В. Капульцэвіча. Іншыя заслугу ў выкрываньні прыпісваюць “афганцам” і нават незалежным журналістам. Але, мусіць, гэта таямніца застаецца неразгаданай. Ды як бы там ні было, але карны прэзыдэнцкі меч стаўся надзвычай хуткім і праз лічаныя дні абрынуўся на галовы начальнікаў: аддадзена распараджэньне адхіліць ад пасадаў старшыню гарвыканкаму В. Капульцэвіча (ч.в.а. прызначаны А. Забалотны), начальніка Барысаўскага ГАУС І. Шышлу, першага намесніка старшыні гарвыканкаму З. Маханёк, намесьніка старшыні гарвыканкаму А. Місыюка, кіраўніцу спраў гарвыканкаму Т. Дронаву, генэральнага дырэктара ВА ЖКГ В. Некрашэвіча, загадчыка прамыслова-транспартнага аддзелу выканкаму В. Жукоўскага. Толькі ў падатковай інспэкцыі пазбавіліся сваіх пасадаў дванаццаць
службоўцаў...
Хутка ў наш горад прызначуць новых начальнікаў. Ці будуць яны лепшыя чым ранейшыя? Хочацца ў гэта верыць...”
Анатоль БУКАС
“Барысаўскія Навіны”за 11—17 красавіка 1997 году.
З КАРЭСПАНДЭНЦЫІ “У ГАРСАВЕЦЕ... ПАЦЯПЛЕЛА”
У мінулы чацьвер у гарсавеце адбылася гутарка В. Бараньніка, старшыні гарсавету, С. Трусава, першага намесьніка старшыні гарсавету з прадстаўнікамі газэты “Барысаўскія Навіны” і Беларускай службы Радыё Свабода.
--Якія адносіны зь мясцовымі сродкамі масавай інфармацыі, асабліва з газэтай “Барысаўскія Навіны”, мае намер ладзіць новы галава гарадзкой прадстаўнічай улады?—гэтае пытаньне адным зь першых прагучэла з вуснаў сталічнага журналіста Алеся Мікалайчанкі.
Ужо сама сустрэча сьведчыла пра тое, што шматгадовы “лёд недаверу ды супрацьстаяньня” прадстаўнічай улады да незалежных СМІ паціху пачаў растайваць. У гутарцы абодва бакі закранулі жыцьцё гораду, пытаньні вырашэньня скаргаў грамадзянаў, а таксама прадастаўленьне незалежным газэтам апэратыўнай ды праўдзівай інфармацыі. Падобна на тое, што старшыня гарсавету і яго першы намесьнік прынялі выпакутаваннае рашэньне: будаваць сваю службовую дзейнасьць найперш адпаведна зь існуючым заканадаўствам, пры гэтым ня грэбаваць Законам “Аб друку...”.
“Усе газэты, якія выходзяць у Барысаве, афіцыйна зарэгістраваныя і інфармацыя ім будзе давацца незалежна ад таго, хто іх заснавальнік. Мы не зьбіраемся рабіць выключэньне ні воднай з газэтаў—нават афіцыйнай. Так што, калі ласка, прыходзьце, пішыце...”, -- прыкладна так падсумаваў размову з журналістамі Васіль Міхайлавіч Бараньнік. Гэткага ж меркаваньня быў і Сяргей Іванавіч Трусаў...”
Анатоль БУКАС
“Барысаўскія Навіны” за 2—8 траўня 1997 году.
УСЕ ІПАСТАСІ ВАСІЛЯ БУРГУНА
Старшыня Барысаўскага гарвыканкаму Васіль Бургун, які на гэтай пасадзе ўвосень 1997 году зьмяніў Віктара Капульцэвіча, мяне заўжды падкупляў сваёй непасрэднасьцю. У першыя гады ссвайго жыцьцья-быцьця ў Барысаве ён быў, на першы позірк, пастаянна адкрыты дзеля шчырай размовы з журналістамі. І не баяўся адказаць на маё любое пытаньне, нават ведаючы пра тое, што ягоны адказ абавязкова “засьвеціцца” ў эфіры Беларускай службы Радыё Свабода. Гэта быў чыноўнік, які нібыта паказваў: маўляў, бачыце, я, ня глядзячы на ўсё негатыўнае стаўленьне майго менскага начальства да “варожых голасоў” і незалежнае прэсы, усё-такі вяду з вашым братам дыялёг, бо хачу, каб пра мой пункт гледжаньня на тую ці іншую праблему дазналася як мага большая грамада беларусаў. Але гэта ўражаньне было чыста вонкавае.
1
Памятаю, пасьля таго, як ён на новай для сябе пасадзе пабыў трохі болей паўгады, я ўзгадніў тэму інтэрвію, якое мусіў узяць у Васіля Бургуна, з кіраўніцай Менскага бюро Радыё Свабода Жанай Літвіной ды паехаў у Барысаў. Натуральна, па прыезьдзе завітаў у рэдакцыю “Барысаўскіх Навінаў” да Анатоля Букаса, які таксама пажадаў-такі матэрыял, але ў значна пашыраным варыянце, зьмясьціць на старонках свайго штотыднёвіка.
Галава тутэйшае выканаўчае ўлады, паводле нашай дамоўленасьці, прыняў мяне ўраньні 3 лютага 1998 году і ўдзяліў нашай размове болей дзвюх гадзінаў службовага часу, тым самым падкрэсьліваючы сваё паважлівае стаўленьне да журналіста з папулярнага непадцэнзурнага радыёканалу і аўтара папулярнага ў рэгіёне грамадзка-палітычнага тыднёвіка.
Інтэрвію паказвала на самыя надзённыя тэмы: ад становішча ў горадзе эканомікі да выкладаньня ў школах беларускай мовы, ад стаўленьня мясцовых ўладаў да тутэйшых прадстаўнікоў апазыцыі да адносінаў да акцыяў пратэсту прадпрымальнікаў. Закраналіся ў нашай размове і іншыя тэмы. Напрыклад, погляд спадара Васіля на недзяржаўную барысаўскую прэсу і дзяржаўныя прамысловыя прадпрыемствы, гарадзкую гаспадарку і гэтак далей.
Пытаньні былі вострыя—адказы быццам бы шчырыя. Нават здавалася: Барысаву пасьля кіраваньня камуніста Капульцэвіча добра-такі пашэньціла—да ўлады прыйшоў сучасны, граматны і дэмакратычны чалавек, які нават у вузкіх межах таталітарнае ўлады замахнуўся на тое, каб зрабіць Барысаў горадам Сонца, горадам шчасьця, як пра тое марыў адзін эўрапейскі філёзаф-утапіст. Дарэчы, такога інтэрвію за ўсе гады маёй працы на Радыё Свабода мне не даваў аніводзін уладны чыноўнік. Гэта ж трэба, новы мэр крытыкуе ўсіх і усё—ад дырэктараў прамысловых прадпрыемстваў да кіраўніцтва Дзяржаўнага падатковага камітэту РБ! Да таго ж—апраўдвае страйк “чаўнакоў” і прамым тэкстам абвінавачвае ў тым падаткоўцаў! Нават гатовы сесьці за стол перамоваў з тутэйшымі дэмакратамі, каб разам зь імі вызначыць мейсца правядзеньня ў горадзе іхных акцыяў... Акрамя ўсяго іншага, спадар Васіль—за ўсё беларускае, але хоча, каб гэтая беларускасьць укаранялася ў сьвядомасьць грамадзянаў краіны паступова, а не прымусам... А якія ў яго пляны адносна эканамічных пераўтварэньняў у Барысаве!..
Але ці хацеў Васіль Бургун тады і ці жадае цяпер Барысаву прагрэсыўных пераўтварэньняў? Магчыма, й жадае. У такім разе напрошваецца выснова: мусіць, палітычны рэжым перашкаджае яму ў ажыцьцяўленьні ягоных найлепшых памкненьняў. І насмрэч, паслухаўшы шчыраваньні спадара Бургуна, міжволі падумаеш: гэты чалавек здолеў бы горы зрушыць з мейсца, калі б воляй Госпада ў Беларусі была б іншая, больш дэмакратычная ўлада. Аднак...
Наўрад ці сёньня, калі пішуцца гэтыя радкі, Васіль Ігнатавіч даў бы такое інтэрвію каму зь нядзяржаўных журналістаў.
Мяркуйце пра гэта з таго, як выглядала нашая зь ім размова на старонках “Барысаўскіх Навінаў” у выпусках за 13—19 і 20—26 лютага 1998 году:
Эсклюзыўнае інтэрвію
Васіль БУРГУН: “НАМ ЎСЁ Ж НАКАНАВАНЫ ПОСЬПЕХ...”
1.Эканоміка, гарадзкая гаспадарка, экалёгія
-- Васіль Ігнатавіч! Вось ужо болей чым паўгады Вы ачольваеце найбуйнейшыз гарадоў сталічнае вобласьці—Барысаў. Нават няўзброеным вокам бачна, што за гэты час новая гарадзкая ўлада адрозна ад старой як бы павярнулася тварам да барысаўцаў. Ці не падаецца Вам, што да вядомага прэзыдэнцкага ўказу Барысаўскі выканкам фактычна зьяўляўся буйным прадстаўніцтвам ПКБ у рэгіёне, праз тое ў эканоміцы ды ў палітыцы гораду мелася ці мала перакосаў? Мусіць, усё гэта Вы атрымалі ў спадчыну?
В. БУРГУН: Наконт прадстаўніцтва кампартыі, у якое намаганьнямі чыноўнікаў-камуністаў нібыта быў пераўтвораны гарвыканкам? Не, я ня згодны з такім меркаваньнем. Тлумачу. Калі пазыцыя былога мэра выказвала пэўныя партэйныя ідэі, то, на мой позірк, работнікі апарату ў сваёй бальшыні не заўжды зь імі пагаджаліся ды не выяўлялі бездакорную гатовасьць выконваць у будынку гарвыканкаму ўказаньні ПКБ. Ня ўсё было аднастайна ў тае сытуацыі. Між іншым, з моманту майго прыходу сюды мы адразу ж вызначыліся адносна пытаньняў партыйнае прыналежнасьці работнікаў апарату. Я шчыра сказаў падначаленым, што ня маю дачыненьня ні да воднае партыі. Натуральна, правёў індывідуальную гутарку, у ходзе якой паведаміў наступнае: справа кожнага чалавека—быць у шэрагах той або іншай партыі ці знаходзіцца навогул па-за межамі партыяў. Але занятак партэйнымі справамі—выключна за сьценамі гэтага будынку. У вольны ад працы час. Я ацэньваю падначаленых, адно зыходзячы зь дзелавых якасьцяў. Так, нехта не ўспрыняў мой падыход, нехта падаў заяву “па ўласным жаданьні”... Той-сёй дасюль абдумвае мае словы, і я цярпліва чакаю адказу. Асноўная частка калегаў дакладна зразумела: што выканкам будзе рабіць для гораду, як працаваць, які мікраклімат будзе панаваць ў нашым апараце. А галоўнае, ўсім стала ясна: не палітыка кіруе эканомікай, а, наадварот, палітыка ёсьць канцэнтраваным выказьнікам эканомікі. Гэта, як вядома, крылатая ленінская фраза, цяпер вельмі актуальная. “Барысаўскія Навіны”, “Мінская Праўда”, іншыя СМІ ўжо распавядалі пра тое, як наш выканкам з дапамогай старшыні аблвыканкаму, сэнатара Пятра Пётуха, кіраўнікоў рэспубліканскіх ды абласных ведамстваў дапамаглі мэрыі разабрацца з былым дырэктарскім корпусам прамысловых прадпрыемстваў Барысаву пасьля таго, калі ягоную дзейнасьць гранічна ўважліва праверылі кантрольныя ды сьледчыя ворганы. Пра вынікі разбіральніцтва вашыя чытачы ведаюць, ня буду паўтарацца. Падкрэсьлю толькі агульную негатыўную тэндэнцыю, якая была характэрная для працы шматлікіх прадпрыемстваў. Гэта грэбаваньне рынкавымі падыходамі ў справе ды рынкавымі адзнакамі сваёй працы.
На першых жа паседжаньнях гарвыканкаму з маім удзелам было вырашана: так далей працягвацца ня можа. Параіліся з выбранымі гарадзкімі дэпутатамі, знайшлі ўзаемаразуменьне... Пасьля ўсе прыкідкі, задумы, пляны ўвасобілі ў Прагараму прыватызацыі, якую ў ліпені мінулага году прыняў ды зацьвердзіў гарсавет. А ўвосень правялі два аукцыёны дзеля распродажу аб’ектаў камунальнае ўласнасьці—паклалі ў гарадзкую казну некалькі мільярдаў рублёў, Аднак нас узрадавалі ня толькі мільярдныя сумы, а найперш—тая акалічнасьць, што мы ў эканоміцы знайшлі і пасьпяхова апрабавалі правільны шлях. Шлях—дзяржаўнага рэгуляваньня эканомікі рынкавымі працэсамі, якія нас і прывялі да адраджэньня прыватнага капіталу, да таго, што ён пачаў працаваць на горад. Я, напрыклад, болей чым упэўнены: калі б у свой час быў разьвіты прыватны капітал, нашай дзяржаве не давялося б адводзіць сродкі зь бюджэту на адраджэньне ў той жа сталіцы вуліцаў Няміга-Багдановіча, гістарычнага
аблічча Траецкага прадмесьця або Верхняга гораду. Мяркую, нам адраджаць гістарычнае аблічча старога Барысаву дапаможа менавіта прыватны капітал. Дзеля рашэньня гэтай даволі маштабнае задачы мы маем намер прадаць будынкі ды збудаваньні, што знаходзяцца блізу рынкавай плошчы багатаму прыватніку або прыватнікам. Але—з умоваю: прыватнік павінен паказаць гарвыканкаму праэкт аднаўленьня гістарычнага архітэктурнага аблічча ўсяе забудовы. А добраўпарадкаваньне тэрыторыі мы возьмем на сябе. Дарэчы, з гэтымі плянамі мы даволі канкрэтна вызначыліся—прынялі і зноў жа зацьвердзілі на сэсыі гарсавету Праграму добраўпарадкаваньня. Цяпер домабудаўнічы камбінат і завод зборнага жалезабетону выконваюць наш заказ на выраб дэкаратыўнай эфэктыўнае брукаванкі для ходнікаў.
![]() |
Home >> Select Country >> Беларусь >> Книги >> БАРЫСАЎСКІЯ КРОНІКІ НАЙНОЎШАЙ ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ >> 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 << |
| Select Country |
|
|
|
[an error occurred while processing this directive] |