І тут, паводле застарэлай публіцыстычнае звычцы, хачу паразважаць пра палітычныя дачыненьні дзяржкіраўніка аўтарытарнага тыпу, якім ёсьць Аляксандар Лукашэнка, і лёсам незалежнасьці Беларусі.
Шмат хто сёньня думае: маўляў, ня трэба зважаць на афіцыйную палітычную рыторыку пра стварэньне саюзнае краіны. Многія суцяшаюць сябе тым, што пакуль наша Радзіма ёсьць першай пасьля Полацкае Зямлі, пасьля Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага дзейнай незалежнай дзяржавай. І гэта—наш агульны набытак. Праўда, ён, як ні дзіўна, аўтаматычна ідзе (куды тутака дзецца?) і ў пазытыў спадара Лукашэнкі. Прызнаюся, і я раней думаў так: хай сабе наша Беларусь—аўтарытарная, не дэмакратычная, але—сувэрэнная. Нават лічыў, што гарантам сувэрэннасьці краіны тут найперш выступае сам Аляксандар Лукашэнка. Хаця б—з тае матывацыі, што ён, самалюбівы ды ганарлівы дзеяч, ніколі не пагодзіцца зьмяніць прэзыдэнцкі палац на крэсла нейкага там расейскага губэрнатара, якога, між іншым, прэзыдэнт Расеі цяпер ужо асабіста прызначае на пасаду.
Але ж, мне яшчэ да канца ня ясна, як павернуцца справы на ніве расейска-беларускага дзяржаўнага альлянсу. Бо, калі раптам нашае чало дарвецца на нейкім павароце гісторыі да ўладнага крэсла ў Маскве, ён туды можа запраста зацягнуць і ўсіх нас разам з Беларусьсю. Так, у свой час Аляксандар Лукашэнка ледзь ня стаўся кіраўніком саюзу РБ і РФ з амаль зацьверджанымі расейскім бокам наднацыянальнымі паўнамоцтвамі, паводле аднаго з праэктаў, запрапанаванага камандай Рыгоравіча. Але за крысо прэзыдэнцкага смокінгу Барыса Ельцына своечасова пачалі торгаць расейскія дэмакраты і алігархі Чубайс, Нямцоў ды іншыя. І гэта нас, беларусаў, уратавала ад страты незалежнасьці. Цяпер жа, калі канчаецца другі тэрмін праўленьня Расеяй колішнім дзеячам ФСБ, прагматычным Уладзімерам Пуцінам, калі няўзброеным вокам бачна, што ён хоча стаць лідэрам наднацыянальнага апарату кіраваньня расейска-беларускага дзяржаўнага зьвязу, інтэграцыійная ідэя стала зноў рэальна пагражаць каланізаваньнем нашага народу і краіны. Трэба праўдзе глядзець у вочы: Беларусь Расеі патрэбна толькі як транзытна-сыравінны прыдатак на шляху з Расеі ў Эўропу. Трэба бачыць яшчэ й тое, што, паводле пана Пуціна, Беларусь можа ўвайсьці ў Расею толькі шасьцю губернямі, нават не аўтаноміяй, якая, між іншым, паводле расейскіх законаў ня мае права на выхад зь Імпэрыі на вольную волю. Досьвед Чачэніі паказвае, якіх высілкаў ейнаму народу каштуе шлях на свабоду. У Беларусі ж нішчыцца Беларуская сапраўдная гісторыя, роднае краёвае слова, культура. Дзеці ў школах выхоўваюцца ў духу манкуртызму, нянавісьці да ўсяго беларускага. Ды й сам Лукашэнка кажа, што беларусы ёсьць рускімі, толькі са знакам якасьці. Сёньня ён працягвае весці з Пуціным ганебны палітычны гандаль, каб захаваць розныя шляхі для магчымага адступленьня ў выпадку няўдачы, а ў выпадку шанцаваньня-- атрымаць для сябе асабіста і для свайго атачэньня найбольшыя выгоды і палітычныя дывідэнды. Ён не давярае Уладзімеру Уладзімеравічу, мусіць, баіцца, што Пуцін падмане яго, падпільнуе, і калі Аляксандар Рыгоравіч кінецца ў расейскую пастку з галавою, то застанецца і без пасады, і без штаноў, і без магчымасьці ад імя беларускага народу нябедна ўтрымлівацца коштам беларускіх падаткоўцаў. Дзе яшчэ, у якой Расеі ён знойдзе гэткую халяву? Ды ці ацалее ён хаця фізычна нават у выпадку прыходу першай асобай ў Крэмль?
Што, там, выбачайце, панове расейскія палітыкі, мала сваех двухногіх драпежнікаў і зайздросьнікаў? Гэта ж, шаноўны Аляксандар Рыгоравіч, Расея! Яна мае адмысловы тысячагадовы крывавы досьвед, багатую на рэцэптуру паліткухню зьнішчэньня непажаданых палітычных дзеячаў. Ды любы алігарх, якому Вы станеце поперак дарогі, за ўласныя грошы купіць цэлую плойму кілераў, якія возьмуць “на мушку” незаўгоднага чалавека. А калі ўсе алігархі ськінуцца па мільлёну даляраў на “мокрую справу”, то ўжо ж хопіць грошай і на спэцназаўскі дэсант, каб дастаць Вас у падмаскоўным Нова-Агарова або менскіх Драздах. Звышбагатыя людзі Расейскае Фэдэрацыі наўрад ці стрываюць татальны ўціск на іхныя капіталы, які Вы можаце распачаць зь першага моманту вашага магчымага дыктатарства ў Расеі (прабачце за тэрміналёгію, але да іншай формы ўлады Вы проста не прыстасаваныя).
Але нам, беларусам, гістарычным лёсам наканавана змагацца ня толькі за сувэрэнітэт, але ж за дэмакратыю. Бо ў сьвеце белым ці мала было дыктатараў-патрыётаў і тыранаў-нацыналістаў, якія нават лічыліся афіцыйнымі праваднікамі ў жыцьцё менавіта нацыянальнае ідэі, як прыкладам той жа самы Туркмэнбашы-Ніязаў? Ці даўней—Адольф Гітлер? Мы ж хочам быць ня толькі незалежнымі, але й вольнымі як людзі, як асобы ды й жыць па-чалавечы. Тут нам з Аляксандрам Рыгоравічам таксама не ў адну дарогу. Я веру: міне пэўны тэрмін і, паводле біялягічных ды гістарычных законаў, ягонае мейсца зойме той ці іншы палітычны маладзён, які здэмакратызуе эканамічнае й грамадзкае жыцьцё, адновіць Канстытуцыю 1994 году, знойдзе пачэснае мейсца для бел-чырвона-белага сьцягу ды гербу “Пагоня”, распачне беларусызацыю краіны, разьняволіць дробны й сярэдні бізнэс ад звышпадаткаў. Але галоўнае, што новаму прэзыдэнту ня трэба будзе рабіць, калі мы ў сёньняшніх нечалавечых умовах захаваем сваю незалежнасьць, дык гэта весьці крывавую вайну супраць тых ці іншых каланізатараў за свабоду й сувэрэннасьць беларускага народу і Беларусі, падобна чачэнцам ды іншым народам імпэрскае Расеі.
Я ведаю дэмпалітыкаў, якія ці не пракліналі свой жа ўласны народ за адсутнасьць рашучасьці ў пачэснай справе вызваленьня ад тыраніі аўтарытарнага рэжыму, за незвычайнае звышцярпеньне трываць розны зьдзек з боку і дробных адміністратараў, і мясцовых намэнклятурных князькоў, і цэнтралёвага начальства зь Менску. Да вялікае шкадобы, такія дэмпалітыкі не разумелі галоўнай нацыянальнае рысы свайго народу: беларус, які мае шматвяковую генную памяць і генны жах, спароджаныя вынішчальнымі войнамі, будзе прыстасоўвацца да ўлады, пакуль ёсьць хаця якая зачэпка, каб фізычна выжываць. Ягоная любімая прымаўка не беларуская, але ангельская: “Кепскі мір лепшы, чымся добрая вайна.” У тым ліку—грамадзянская.Гэтае рысе нацыянальнага характару беларусаў неўміручы Васіль Быкаў даў трапнае найменьне: “імпэрская падлегласьць”. І ў гэтым адрозьненьне нашага народу ад расейцаў, немцаў, французаў, палякаў, татараў ды іншых нацыяў, зь якімі ў розныя часы нам даводзілася або ваяваць, або яднацца ў барацьбе супраць агульных ворагаў. Беларус ня пойдзе сходу на барыкады. Ён пастараецца перамагчы, пераседзеўшы востры палітычны момант нават на цвіку, і Аляксандра Лукашэнку, і любога іншага падобнага яму аўтарытарыста, пакуль нацыя ня выведзе шляхам даволі працяглае па часе грамадзкае сэлекцыі інстытут ўласнай мадэлі дэмакратыі, якую прыме беларускі народ. Так, беларус можа ўзяцца за зброю, але выключна ў тым разе, калі дыктатура хатняй гадоўлі разам з акупантамі з усходу або захаду альбо без акупантаў развяжа ў той ці іншай форме масавы генацыд супраць уласнага народу, пачне рэкамі ліць нявінную чалавечую кроў. Кроў беларусаў.
3
Аднак вернемся да нашых рэаліяў, да таго, што на кожным паверсе цяперашняй беларускае ўлады свае інтрыгі, свае мэтады барацьбы супраць супернікаў і апанэнтаў, свая палітычная грахоўнасьць. Гэта ў даннасьць. Гэтаму здзіўляцца ня трэба. Так заўсёды было на зьбегу часоў і эпохаў.
Але “мэра” Віктара Капульцэвіча і прэзыдэнта краіны Аляксандра Лукашэнку яднае адна агульная рыса—нецярплівасьць да іншадумства, сапраўднай палітычнай дзёрзкасьці.
У Аляксандра Рыгоравіча ў пастаяннае няміласьці няслухмяныя парлямэнтары, партыі, прафсаюзы, журналісты й незалежныя фонды. І тут нічога ня трэба даказваць—варта супаставіць з адпаведнымі міжнароднымі нарматыўнымі актамі і прававой палітыкай цывілізаванага Сусьвету тое, што робіць наш “бацька” ў сваёй “вотчыне”. Але, як кажуць, кесару—кесарава, ды Бог яму судзьдзя.
У Віктара Капульцэвіча, зазначу, таксама ёсьць такі-сякі досьвед па змаганьні з тымі, хто веруе ня так, хто мяркуе ня так, хто робіць ня так, нават кіруе ня так, як гэта ёсьць у яго, барысаўскага “мэра”, прабачайце, ужо—былога.
А што маюць згадаць наконт дэмакратызму таварыша Капульцэвіча сябры БНФ, сацыяль-дэмакраты, чальцы іншых партыяў, прадстаўленыя ў Барысаве?
А тое, што Віктар Людвігавіч ня даў ім правесьці тут аніводнага мітынгу або шэсьця. Урачыстасьці ў горадзе былі толькі камуністычныя і галоўнымі сьвяткавальнікамі меліся толькі камуністы, камсамольцы і ветэраны. Быццам тыя, хто хацеў прайсьці па праспэкце Рэвалюцыі зь бел-чырвона-белым сьцягам, з выявай гербу “Пагоня”, скажам, у чарговыя ўгодкі Грунвальдзкай або Кулікоўскай сечаў—ёсьць жыхарамі іншых планетаў і тыя бітвы адбываліся дзесьці на Марсе, а ня тут, на Зямлі.
Цяперака вось нялёгкая доля ўсіх, хто хаця ў нечым з Аляксандрам Лукашэнкам ня згодны, у аб’яднаную апазыцыю зьвяла: і камуністы з ПКБ, і народнафронтаўцы “ад Вінцука Вячоркі”, і іншыя дэмпартыі—усе разам, у адным кубле варацца. Хаця, скажу шчыра, пакуль толку ад гэтай палітычнае тусоўкі малавата. Усё-такі ў рашучыя лёсавызначальныя для народу моманты дэмпартэйцы вядуць палітычныя гульні, паводле тых правілаў, якія дыктуе Лукашэнка. Адно толькі тое, што дэмакраты бяруць удзел у выбарчых кампаніях рознага маштабу разам з прадстаўнікамі даўно нелегітымнага рэжыму ставіць пад сумнеў іхную здольнасьць рашуча і безкампрамісна змагацца з дыктатурай. Няма, няма таго Фронту, які на пачатку 90-х у Менску зьбіраў на свае акцыі дзясяткі тысячаў грамадзянаў. Амбіцыі лідэраў выклікалі да жыцьця практыку расколу грамадзкіх і палітычных утварэньняў. Мусіць, з-за таго ў свой час сацыял-дэмакраты Аляксей Кароль і Аляксандар Абрамовіч у БСДП (НГ) утварылі апазыцыйную фракцыю, якая затым пачала зьбіраць пад свае сьцягі ўсё лепшае, што засталося ў сацыяль-дэмакратыі. Ня вытрымаў дыктату партэйнага лідэра нават такі талерантны і цярплівы чалавек як Уладзімер Нісьцюк.Усе яны разам з палітыкам новай фармацыі, колішнім рэктарам Белдзяржунівэрсытэту, апальным Аляксандрам Казуліным утварылі новую Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамада), куды пацягнуліся сапраўдныя апазыцыянэры. Колецца-расколваецца старая апазыцыя... І гэта нармалёвы працэс ачышчэньня, які павінен у выніку вакол самых рашучых, самых разумных і самых сумленных дэмакратычных партэйцаў аб’яднаць беларускі народ, павесьці іх на бяскроўны бой супраць дыктатуры.
Сёньня сярод апазыцыі й таварыш Капульцэвіч. Але няхай ён узгадае пра свой колішні імпэт, зь якім у Барысаве, напрыклад, адраджаў “красногалстучную пионерию”, зь якім школы градзкія ад беларускай мовы вызваляў... Нібыта гэта не палітычныя прашчуры Віктара Людвігавіча, першыя кіраўнікі БССР, яе, родную мову, тутака сталявалі пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі ды грамадзянскае вайны. Праўда, Сталін і сталіністы перарэзалі ў трыццатыя гады мінулага стагоддзя беларускую савецкую інтэлегэнцыю, а мову “рэфармавалі”, але ж камуністы выракліся пасьля ад таго, што тварыў з той самай інтэлігэнцыяй “бацька ўсіх народаў”...
Чаму ж Віктар Людвігавіч не прасякнуўся хаця павагай да нацынальна-камуністычнай ідэі дзядоў і прадзедаў, не заступіўся за яе перад Аляксандрам Рыгоравічам, калі той у 1995 годзе ладзіў свой першы рэфэрэндум, каб даць адстаўку нашым беларускім сьвятыням і найперш пачэснаму ды ганароваму пасагу беларускае мовы ў Беларускай Канстытуцыі?
Але пакінем прах таварышаў Галадзеда і Чарвякова ў спакоі.
У іхнага “дзёрзкага” палітнашчадка Капульцэвіча тады, да вялікай шкадобы, не знайшлося мужнасьці, каб своечасова выступіць з публічнай заявай дзеля падтрымкі Уладзімера Кібермана, свайго зямляка, сябра ПКБ, дэпутата ВС 13 скліканьня. Нагадаю, таварыша Кібермана прэзыдэнт турнуў з пасады старшыні Барысаўскага райвыканкаму за тое, што ён паставіў свой подпіс пад заявай з патрабаваньнем імпічмэнту прэзыдэнта.
А як жа рэагавалі тады з нагоды змушанае адстаўкі Віктара Капульцэвіча жыхары самога мэра Барысаву? Мне падаецца, іхныя думкі 11 красавіка 1997 году ў сваім №15(250) выказала мясцовая незалежная газэта “Барысаўскія Навіны”:
“На адрэсу адыёзнай фігуры старшыні імі (барысаўцамі—А.М.) адпускаюцца ня самыя ласкавыя словы. Трэба прызнаць, што Віктар Людвігавіч гэтага заслугоўвае... За гады сваёй дзейнасьці ён добра-такі папсаваў людзям нэрвы. Каб трапіць да яго на прыём, трэба было запісацца ў чаргу за некалькі тыдняў... Няма сумненьня ў тым, што шмат хто з афіцыйных асобаў заслугоўваюць самага суровага пакараньня. Асабліва тыя, што належаць да гарвыканкамаўскай касты. “Гэтыя ўжо сапраўды зажраліся!”—выказваюцца некаторыя барысаўцы.”
А зь якой асалодай цкавалася ўладатрымальнікамі вось гэта самая газэта “Барысаўскія
Навіны”! За крытыку гарвыканкаму ды ягоных парадкаў “БН” была выкінутая таварышам Капульцэвічам з мясцовай друкарні.
Гэтаму папярэднічалі некалькі арыштаў адтыражаваных накладаў нумароў перыядычнага выданьня. Тады выпуск газэты давялося ажыцьцяўляць у маладэчанскае друкарні. Рэдакцыю й блізка не падпускалі да афіцыйнае інфармацыі, да “мэрыі”...
З газэтай, зь ейным галоўным рэдактарам Анатолем Букасам улады судзіліся, журналістаў цкавалі... Рэпартажы, якія я друкаваў і выпускаў у непадцэнзурны эфір Радыё Свабода пра ўсе невясёлыя прыгоды з гісторыі “БН” маглі б скласьці добрае дасьледваньне наконт заганнай палітыкі дыктатарскага рэжыму ў адносінах да правінцыйных незалежных сродкаў масавай інфармацыі.
4
З часоў памятнага барысаўскага застольля 2 красавіка 1997-га году мінулася восем гадоў. У жыцьці герою майго нарысу Віктара Людвігавіча Капульцэвіча адбыліся пэўныя перамены. Па-першае, ён сыйшоў на пэнсыю. Па-другое, стаўся жорсткім апазыцыянэрам у адносінах да свайго колішняга яснавяльможнага патрона. Тым часам, мяне не пакідала думка про тое, каб аднойчы адшукаць “Капульку”(так яго зараз даволі ласкава за вочы называюць мясцовыя дэмакраты) ды пачуць з першых вуснаў гісторыю “намэнклятурнае п’янкі”, за якую ён так пацярпеў.
Сустрэча між намі адбылася роўна праз сем гадоў на кватэры Віктара Людвігавіча. Дыктафон, які столькі часу чакаў свайго моманту запрацаваў.
-- Мусіць, у той самай “п’янцы” мелася свая перадгісторыя?
В. К.: Была, вядома. Тады ў Барысаўскі гарвыканкам зь Менску ўсё больш часта пачалі наязджаць прадстаўнікі Камітэту па падатках і зборах. Яны прасілі й патрабавалі ад мяне як ад галавы мясцовай “вэртыкалі” вырашыць праблему прадастаўленьня поўнавартаснага офісу пад гарадзкую падатковую інспэкцыю. Натуральна, я не пярэчыў. Нашым падаткоўцам насамрэч было дыскамфортна працаваць у невялічкіх габінэтыках будынку гарвыканкаму, перанаселенага рознымі арганізацыямі ды
ўстановамі. Аднак і залішніх грошай у сьціплым гарадзкім бюджэце ня мелася. Я паабяцаў сталічным хадайнікам, як зараз кажуць, зьняць іхную затурбаванасьць, але пры адной умове: ўзгаданы Камітэт павінен знайсьці грошы дзеля ўзьвядзеньня новага або рэканструкцыі ўжо існуючага будынку. Урэшце рэшт, кіраўнікі ведамства пагадзіліся на прапанаваны мною варыянт. Яны выдзелілі сродкі, праўда, ня вельмі вялікую суму, на будработы, а мы адшукалі апусьцелы дзіцячы садок аднаго мясцовага прадпрыемства. Затым будаўнікі фірмы “Галс” узяліся за рэканструкцыю. Да канца 1996 году офіс для падатковай службы быў амаль гатовы. Пачаліся аддзелачныя работы. Ды вось бяда: грошы кончыліся. Да мяне тады ў разгубленасьці прыбегла начальніца падатковай інспэкцыі Тацьцяна Пятровіч: маўляў, што рабіць цяпер? Дзе знайсьці грошы на завяршэньне работ? Каб выйсьці са становішча, мы зь ёю вырашылі папрасіць дырэктараў барысаўскіх прадпрыемстваў пазычыць хто колькі можа грошай, толькі ўжо—на безпрацэнтнай падставе. Разам з Тацьцянай Пятровіч мы тады напісалі ды разаслалі на прадпрыемствы каля двух дзесяткаў экзэмпляраў нашых зваротаў. Гаспадарнікі пайшлі насустрач –пазычылі па тагачасным курсе хто сто, хто дзьвесьці, хто трыста мільёнаў рублёў... Неўзабаве справы на гэтым важным ды патрэбным аб’екце былі закончаныя. Офіс атрымаўся выдатны—прасторны, на два паверхі. Сябры калектыву нашай падатковай службы вырашылі, паводле старадаўняга беларускага звычаю, аддзячыць нейкім чынам “талацэ” кіраўнікоў барысаўскае прамысловасьці. Ну і пайшлі на тое, каб наладзіць улазіны за ўласны (ні ў якім разе не дзяржаўны) кошт у актавай залі, як і раіла Тацьцяна Пятровіч. Усё-такі баляваць у рэстарацыі людзям сьціплага дастатку не з рукі. Я дазволіў ім правесьці гэтыя сьціплыя “ўлазіны” пасьля працоўнага дню. Вядома, як кіраўнік, я ніколі не ўхваляў аніякіх п’янак ні за станком, ні за службовым сталом. Аднак палічыў, што людзі павінныя заставацца людзьмі, а сямейныя сьвяты сьвятамі. А ці ж гэта ня сьвята для таго ж калектыву падатковай службы, для дырэктарскага корпусу—нараджэньне новага офісу? Нараджэньне, урэшце рэшт, новага будынку, які архітэктурна ўпрыгожыў сабою цэнтралёвую частку Барысаву?
-- Кажуць, пілі выключна гарэлку “Абсолют”, а сталы ажно прагіналіся ад вытанчанай закусі...
В. К.: Ілжа. Набылі дзеля прыліку ўсяго некалькі бутэлек звычайнай “Русской” гарэлкі. Закусь таксама была без асаблівай вытанчанасьці, як Вы кажаце. Так, хатнія кансэрвавыя нарыхтоўкі, кілбаса, мінэралка. Нехта прынёс слоік гуркоў, нехта бульбы наварыў... Купілі ‘шчэ пару тортаў да гарбаты і кавы. Во і ўвесь шык.
--З чаго пачаліся тыя самыя ўлазіны?
В. К. : Памятаю, я прыехаў у новы офіс падаткоўцаў са спазьненьнем—неадкладныя справы затрымалі. А калі ўсе сабраліся, дык спачатку агледзелі інтэр’ер будынка. Зазначылі, што архітэктары і будаўнікі—малайцы, уклалі ў справу часьцінку душы і сэрца. Затым у прыўзьнятым настроі ўселіся за стол. Было дзесьці пасьля 19.00. І тут нехта мне шапатнуў: маўляў, у офіс зайшла нейкая група людзей, нібыта зь Менску прыехалі. Я кажу: ”Добра, хай завітваюць да нас, ня трэба перажываць. Мы ж ні ад каго не хаваемся...” І ў гэты момант у залю ўвальваецца натоўп—“госьці” ў цывільных гарнітурах, зь якіх зьвярталі на сябе ўвагу два палкоўнікі ў агульнавайсковым і міліцэйскім мундзірах, некалькі міліцыянтаў драбнейшага рангу ды меньшых афіцэрскіх званьняў. Палкоўнікі паведамляюць мне пра тое, што да іх паступіў сыгнал: нібыта ў офіс бомбу хтосьці падкінуў. Адказваю: “Што ж, давайце разам пашукаем.” Тут ужо бачу нэрвы ірвуцца ў цывільнага таварыша. Выдае мэту свайго візыту: “Гэта мае напарнікі з МУС і КГБ, а я зь Дзяржкамкантролю. Мы маем сьведчаньні, што ў вас тут п’янка...” Не пасьпеў ён агучыць сваю інфармацыю, як з-за сьпінаў высокіх начальнікаў выскоквае, нібыта нячысьцік з табакеркі, нейкі хлапец з фотаапаратам ды пачынае ўсіх здымаць... Я рашуча яго спыняю: “А Вы хто такі і адкуль? Якое маеце права, нас не спытаўшы, нас жа фатаграфаваць?“ Той зноў хуценька хаваецца за сьпіну чыноўніка ў цывільным. Уласна, у яго атрымаліся толькі два фотаздымкі, якія потым па БТ паказвалі. Дарэчы, нават бутэлькі з гарэлкай ён ня здолеў засьняць. Толькі—дзьве паліэтыленавыя біклагі зь мінэралкай... Затым дзяржкантралёр абвясьціў: “Мы павінныя перапісаць усіх прысутных.” Тут ужо абурыліся нашыя дырэктары, пачалі спрачацца з “гасьцямі”. Тым не меней, давялося падпарадкавацца і гэтаму патрабаваньню. Пасьля менчукі пералічылі ды перапісалі ўсю гарэлку. Нарэшце, цывільны мне паведамляе: маўляў, нам неабходна перамовіцца тэт-а-тэт. Мы зь ім і палкоўнікам КГБ перайшлі ў суседні габінэт. “Ёсьць прадпісаньне, каб Вас праверыць дзеля наяўнасьці алкаголю ў арганізме, правесьці экспертызу”,-- кажа дзяржкантралёр. Тут ужо ў мяне нэрвы здалі: “Хто ты такі, каб мяне правяраць? Перапісалі ўсіх і ўсё? Зфатаграфавалі? Што яшчэ трэба? Давай, даражэнькі таварыш, руш дахаты сваёй у бок Менску, а нам у Барысаве дай магчымасьць працягваць нашае ўрачыстае мерапрыемства!” Палкоўнік КГБ нечакана падтрымаў мяне: маўляў, заданьне ў агульных рысах выкананае, цяпер трэба дабірацца дадому. Скажу шчыра, я нават не меркаваў, што гэты наскок быў санкцынаваны з самага “верху”...
-- А як Вы даведаліся, што наскок ня быў выпадковым?
В. К.: Паступова. Тым жа вечарам 2 красавіка я патэлефанаваў аднаму зь дзяжурных супрацоўнікаў прэзыдэнтуры, распавёў пра гэты недарэчны выпадак. Папрасіў злучыць мяне з Лукашэнкам. Мне паведамілі, што Аляксандра Рыгоравіча зараз на месцы няма. Але пра мой званок, маўляў, будзе абавязкова дакладзена чалу Адміністрацыі Міхаілу Мясьніковічу. Сказалі, каб я дачакаўся ягонага тэлефанаваньня. Праз палову гадзіны мне пазваніў, выконваючы просьбу Мясьніковіча, Пятро Пётух, тагачасны “губэрнатар” Менскай вобласьці. Ён выслухаў мяне і сказаў: “Сьпі, Людвігавіч, спакойна. У тым, што адбылося я нічога неардынарнага ня бачу.” Раніцай 3 красавіка да мяне прыехаў, каб яшчэ праверыць усе акалічнасьці учорашняга застольля ў новым офісе Барысаўскай гарадзкой падатковай інспэкцыі, Канстанцін Туровіч, намесьнік старшыні Менаблвыканкаму. Пасьля сваёй праверкі ён, як і Пётух, выказаўся ў тым сэнсе, што нічога сур’ёзнага ва ўчорашнім выпадку не знаходзіць. І толькі ўвечары па Беларускім тэлебачаньні я ўбачыў рэпартаж пра “калектыўную п’янку” ў Барысаве.
Раніцай 4 красавіка я пасьля таго, як паслаў даволі рэзкую тэлеграму на імя Аляксандра Лукашэнкі, яшчэ дзьве гадзіны тэлефанаваў Мясьніковічу, пакуль зьвязаўся зь ім. Спытаўся у Міхаіла Уладзіміравіча: як разумець зфабрыкаваную фальшыўку, што ўчора дэманстравалася па БТ? Мясьніковіч, не перапыняючы, выслухаў мяне і ў адказ вымавіў усяго тры словы: “Позна, цягнік пайшоў.” Я ўсё зразумеў. Я пазьбіраў у сваім габінэце асабістыя рэчы і рушыў дахаты. І ўжо не шкадаваў згубленага службовага крэсла. Проста было агідна ад гэтага рэцыдыву палітычнай подласьці, фальшы ды інтрыганства самага нізкага кшталту. Я зразумеў, што мне з гэтымі спадарамі не па дарозе.
![]() |
Home >> Select Country >> Беларусь >> Книги >> БАРЫСАЎСКІЯ КРОНІКІ НАЙНОЎШАЙ ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ >> 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 << |
| Select Country |
|
|
|
[an error occurred while processing this directive] |