2
Яшчэ і яшчэ раз учытваюся ў “Адкрыты ліст” Віктара Капульцэвіча. І ў душу закрадваецца нейкі недавер да ўсяго напісанага Віктарам Людвігавічам супраць Аляксандра Рыгоравіча: сапраўды, ці такім вось дзёрзкім і няслухмяным да высакапастаўленага адрасату быў пад час свайго знаходжаньня на казённай службе барысаўскі гаргалава?
Згадваю 1994—1995 гады, калі прэзыдэнт Беларусі ствараў сваю “вэртыкаль”, або мясцовую выканаўчую ўладу. Можна меркаваць, што Аляксандар Лукашэнка, захоплены плянамі беларускае рэсаветызацыі , “падрэдагаванай” ідэяй укараненьня ва ўладныя зьвёны “вэртыкалі” моцнай асобы на чале кожнага “вітку” (натуральна, замест калектыўнага, ці прадстаўнічага кіраваньня), проста ня здолеў абыякава прайсьці міма лідэру гаркаму ПКБ, гарадзкога дэпутата Віктара Капульцэвіча. Які між іншым, на той самы час ужо быў абраны сваемі калегамі-дэпутатамі дэмакратычным шляхам на пасаду старшыні гарвыканкаму. Прэзыдэнту заставалася толькі пацьвердзіць паўнамоцтвы таварыша Капульцэвіча. Што кіраўнік дзяржавы і зрабіў.
...Гэта, як мне падаецца, былі амаль стоадсоткавыя палітычныя аднадумцы. На рашэньне Аляксандра Лукашэнкі нават ня паўплываў той факт, што ягоны прызначэнец раней меў даволі прыязныя стасункі зь Вячаславам Кебічам, былым кіраўніком ураду і былым супернікам Аляксандра Рыгоравіча на прэзыдэнцкіх выбарах летам 1994 году. Але ж прэзыдэнт ведаў і пра шчырую няпрыязь Віктара Людвігавіча да “белавежаскага зубра” Станіслава Шушкевіча, якога ён, Лукашэнка, у свой час здолеў “зваліць” з пасады сьпікеру Вярхоўнага Савету БССР—РБ 12-а скліканьня. А яшчэ ў абодвух мелася нянавісьць да Зянона Пазьняка, лідэра Беларускага Народнага Фронту, што разам са сваімі аднадумцамі ў парляманце і ў грамадзтве фактычна зьліквідаваў некалі магутную сілу, Кампартыю Беларусі, фактычна пераўтварыў яе ў карлікавую палітычную арганізацыю...
Мяркую, Віктар Капульцэвіч для прэзыдэнта быў, як мяркуюць многія аналітыкі, зручны яшчэ й тым, што ў барысаўскай арганізацыі ПКБ ачаляў яе, быў нават членам ЦК. Маючы на бальшыні прампрадпрыемстваў у “ключавых крэслах” камуністаў, Віктар Людвігавіч удадатак надзяляў іх, як у савецкія часы, падвоенай адказнасьцю. Перад-- дзяржавай, персаніфікаванай у асобе Аляксандра Лукашэнкі, чыю волю ажыцьцяўляў “мэр”, і перад партыяй, зноў жа—у асобе “дзяржаўнага чалавека” Капульцэвіча. Гэтая схема, дзеяздольная ўчора, магла паслужыць беларускаму прэзыдэнту і сёньня. А хто такі сам Аляксандар Лукашэнка? Ды спараджэньне бальшавізму ў сталінскім, аўтарытарным ключы. Ну, можа, з пэўнай папраўкай на час, на постсавецкую эпоху.
І сапраўды, барысаўская схэма ва ўмовах лякальнае рэсаветызацыі няблага спрацавала, асабліва ў навядзеньні на тым ці гэтым разваленым прадпрыемстве працоўнай, тэхналягічнай ды іншых узораў дысцыпліны й фінансавага парадку.
Ну а за падтрымкаю ў бягучых справах Віктар Людвігавіч сьмела зьвяртаўся ў Менск. І яму ніхто не адмаўляў. Уласна, “мэру” быць дзёрзкім ня выпадала. Наадварот, ён як мог праводзіў галоўную нутрыпалітычную ідэю свайго патрона—адзінаўладзьдзе. Капульцэвіч нібыта паказваў: зрухаў да лепшага можа сягнуць тая ж прамысловасьць Барысава, калі “моцная рука” зьдзяйсьняе дзяржаўныя справы ў Цэнтры, а ейны працяг у абліччы таксама моцнага й разумнага “вэртыкальнага” здзяйсьняе волю прэзыдэнта ў рэгіёне. У прыватнасьці, тут, у Барысаве, дзе налічваюцца 44 буйныя і сярэднія заводы й фабрыкі.
Насамрэч, пакрысе станавіліся на ногі дрэваапрацоўчы камбінат, СП “Фрэбар”, пачынаў больш-меньш рэнтабельна працаваць завод пластмасавых вырабаў... Аляксандар Лукашэнка, які не аднойчы заязджаў у Барысаў, бачыў стараньне Віктара Капульцэвіча і, можна думаць, усяму гэтаму спрыяў. Бо на прыкладзе Барысаву можна было любому скептыку паказаць жыццядайнасьць прэзыдэнцкага вынаходніцтва—уладнай рэгіянальнай сыстэмы тыпу “вэртыкаль”. Барысаўская карцінка, нібыта пернік, сталася прыемнай для прэзыдэнта яшчэ з тае прычыны, што тут знаходзіўся 140-ы рамонтны завод, дзе тады, паводле эсэсэраўскіх дамоваў, зьнішчаліся танкі. А таму тут пастаянна тусаваліся замежныя дыпляматы, міжнародныя назіральнікі, прадстаўнікі розных СМІ. Горад павінен быў мець прыстойны сацыяльна-эканамічны імідж. І, натуральна, Аляксандар Лукашэнка тым-сім дапамагаў гораду.
Вось чаму я лічу: па-першае, Віктар Капульцэвіч меў сур’ёзную падтрымку “зьверху”, а, па-другое, на працягу даволі нямалага адрэзку часу пра няслухмянства і дзёрзкасьць нават ня думаў.
Калі ж настаў момант няслухмянства і дзёрзкасьці?
Нехта зь вялікіх аднойчы сказаў: ад любові да нянавісьці—адзін крок. Як жа высьпявала ўзаемная нянавісьць у стасунках між Віктарам Капульцэвічам і Аляксандрам Лукашэнкам?
Калі ўважліва ўчытацца ў памянёны “Адкрыты ліст” Віктара Капульцэвіча, то міжволі прыходзіш да высновы: у абойме тых, каму Аляксандар Рыгоравіч давярае, ёсьць вузенькае кола самых-самых.
Яно, паводле назіраньняў, складаецца, па-першае, з зямлякоў Аляксандра Рыгоравіча, па-другое, з таварышаў па камандзе, што вялі яго да прэзыдэнцкае пасады і ня здрадзілі яму ў віхуры палітычных баталіяў, якія разгортваліся вакол рэфэрэндумаў 1995—1996 гадоў, па-трэцьцяе, у чала дзяржавы ёсьць людзі, каму ён ніколі ня скажа “бывай” пры любых умовах, бо яны яму асабіста вельмі патрэбныя.
Віктар Капульцэвіч ня ўлічыў гэтых акалічнасьцяў і праз тое пацярпеў. Бо паставіў свайго патрона перад выбарам: альбо ён, “вэртыкальны” з Барысаву, альбо Мікалай Дамашкевіч, на той час--кіраўнік Службы кантролю Прэзыдэнта РБ.
...Як даводзіць у сваім публічным допісе Віктар Капульцэвіч, “барысаўская справа” пачалася не 2 красавіка 1997 году , з дню так званае прэзэнтацыі, а значна раней, калі ўзгаданая Служба кантролю вырашыла адхіліць за нейкія праграшэньні ад пасады Леаніда Стэфанскага, дырэктара мясцовага мясакамбінату. Віктар Людвігавіч лічыць: у гэтым была асабістая зацікаўленасьць кіраўніка згаданае Службы. “Мэр” тады заўпарціўся, бо Леанід Стэфанскі ўваходзіў у найблізкае атачэньне Капульцэвіча. Таму старшыня гарвыканкаму паскардзіўся “бацьку” на дзеяньні Дамашкевіча, пахадайнічаў перад прэзыдэнтам за свайго “кадра”. Аляксандар Рыгоравіч нібыта зразумеў Віктара Людвігавіча і адмяніў рашэньне сваёй Службы наконт выкідваньня Стэфанскага з дырэктарскага крэсла. Але такі ход справаў толькі раззлаваў больш набліжаных да прэзыдэнцкага цела людзей. І яны праз нейкі час у сваю чаргу заатакавалі Капульцэвіча.
Вось як згадвае той момант у “Адкрытым лісту” Віктар Людвігавіч:
“...Працоўныя калектывы і выканаўчая ўлада (г. Барысава—А.М.) былі падвергнутыя лавіне ўсемагчымых рэвізыяў ды рэйдаў, асабліва ў час кароткатэрміновай маёй адсутнасьці ў горадзе. З дапамогай мясцовых паслугачоў, што і родную маці аддадуць у закладнікі дзеля ўласнае выгоды, за мною й чальцамі маёй сям’і ўсталявалі пастаяннае сачэньне, праслухоўваліся тэлефонныя размовы, учыняліся шантажы і правакацыі.
Але мяне зламаць можна толькі шляхам фізычнага зьнішчэньня, хаця нешта падобнае ў іхных думках прысутнічала. Барысаўскія памагатыя вылузваліся са скуры, каб падвесьці мяне пад артыкул Крымінальнага кодэксу. Яны чакалі й рабілі ўсё магчымае, каб мяне ў кайданках вывесьці з будынку выканкаму. На большае яны ўжо былі ня здатныя.”
Аднак гэта быў яшчэ ўсяго 1997 год. Яшчэ акцыі скрадваньня вядомых у краіне людзей не распачыналіся. Ды, уласна, фігура Віктара Капульцэвіча не цягнула ні паводле сваёй апазыцыйнасьці, ні паводле маштабнасьці асобы на трагічнае завяршэньне спрэчкі між ім і Мікалаем Дамашкевічам. Нарэшце, самая спрэчка была драбнаватая: калі яшчэ Мікалая Дамашкевіча ў сталіцы ды ў краіне ведалі як галоўнага карніка чынавенства, а яно і насамрэч нярэдка незаслужана тлусьцела на фоне схуднелых ад недаедку й беднасьці рабоча-сялянскіх ды інтэлегэнцкіх масаў, то пра існаваньне зацятага барысаўскага камуніста Віктара Капульцэвіча мала хто за межамі Барысаву ведаў навогул.
Хачу выказаць меркаваньне: наўрад ці думалі ламаць Віктара Людвігавіча прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка або ягоныя найблізкія дарадцы “шляхам фізычнага зьнішчэньня”. І наўрад ці замахваліся яны на тое, каб кінуць ў каталажку такога аддадзенага прэзыдэнту яшчэ колькі месяцаў таму чалавека.
Віктар Капульцэвіч адрозна ад былога “мэра” Салігорску Мікалая Юрчыка ня вымагаў хабар у камэрсантаў, ён змагаўся зь імі як з клясаю эксплуататараў, але ня квапіўся на дзярждабро-- мэр быў тут чыстым перад прэзыдэнтам і народам, прынамсі, перад насельніцтвам Барысаву. Хаця й карысьці зямлякам асаблівай не прынёс.
Аляксандар Лукашэнка, мяркую, усё гэта добра разумеў. А таму “змоўшчыкі” заплянавалі нешта зусім нечаканае—пераўтварэньне барысаўскага “вэртыкальніка”, дзеяча ПКБ, у труп. Палітычны. Праціўнікі дачакаліся зручнага моманту і наладзілі жорсткі фарс, клаўнаду.
Гэта было яшчэ й расплатаю за ягонае дробнае франдзёрцтва. Бо пасьля рэфэрэндуму 1996 году тутэйшы чалец ЦК партыі ўжо наводзіў па кухнях барысаўскіх камуністаў крытыку на Аляксандра Рыгоравіча: маўляў, “бацька” нясправядліва распалавініў Вярхоўны Савет 13 скліканьня, маўляў, дарэмна ён разам з Анатолем Малафеевым і Віктарам Чыкіным раскалолі ПКБ на Партыю камуністаў Беларусі і Камуністычную партыю Беларусі.
Наконт палітфронды было дакладзена куды трэба і каму трэба. Але Віктар Капульцэвіч працягваў нейкі час акуратна выконваць абавязкі чала выканаўчай улады ў Барысаве. Ды толькі яго ўжо ня ўратавалі былыя заслугі. ПКБ на той час перайшла ў так званую канструктыўную апазыцыю да прэзыдэнта.
Натуральна, трываць каля рэгіянальнае ўлады гэткую сыстэмную, глыбока эшалянаваную арганізацыю , якою сапраўды быў Барысаўскі гаркам ПКБ , прэзыдэнт палічыў за вялікую палітычную раскошу. Спрацаваў стары бальшавіцкі лёзунг: хто ня з намі, той супраць нас! Таму Віктара Людвігавіча паднесьлі на вочы народу нібы ўдзельнага князька-намэнклятуршчыка, які швэндаецца па розных банкетаваньнях-прэзэнтацыях са сваемі пыхлівымі аднапартэйцамі, а ня вырашае, як сьлед, дзяржаўных задачаў, пастаўленых перад горадам самім прэзыдэнтам, ня дбае пра паляпшэньне дабрабыту барысаўцаў. Маўляў, алкаш няшчасны, не жыве народнымі інтарэсамі—толькі шукае, каб дзе-небудзь “заквасіць” ды яшчэ дырэктарскі корпус і чыноўнікаў гораду спайвае...
Можна не сумнявацца, што ў векапомным Указе №228 узгадвалася прозьвішча Леаніда Стэфанскага не выпадкова—яго на гэты раз прэзыдэнт ужо не пашкадаваў. Хаця іншых калегаў-дырэктараў на той самай “калектыўнае п’янцы” было ці мала.
Перамогу сьвяткаваў Мікалай Дамашкевіч, які хаця ня быў чальцом ПКБ, але трывала знаходзіўся ў іншай партыі—партыі ўлады. Ды служыў гэтай партыі верай і праўдай.
Як прыхільнік іншых, чымся Віктар Людвігавіч, ідэялягічных каштоўнасьцяў, ня буду
кпіць зь ягонае паразы у гэтай сечы на намэнклятурным рысталішчы. Больш таго, скажу шчыра, я сам у свой час зь цікавасьцю слухаў зьедлівыя, крыху наіўныя, але гарачыя выступы дэпутата Аляксандра Лукашэнкі ў Авальнае залі супраць нутранай палітыкі кіраўнікоў постсавецкае Беларусі. Асабліва ён ушчуваў тады сельскагаспадарчую бюракратыю. Лукашэнка на той час рупіўся за перавод калгаснае вёскі на гаспадарчы разьлік ды за іншыя прагрэсыўныя пераўтварэньні ў глыбінцы. Ён справядліва крытыкаваў аграчыноўнікаў, якія ва ўмовах гіпэрінфляцыі амаль задарма ўзводзілі шыкоўныя катэджы. Пра тое ж у Авальнае залі амаль ва ўнісон Рыгоравічу казалі і народнафронтаўскія дэпутаты. Шмат хто ў апазыцыйных колах нават лічыў Аляксандра Лукашэнку другою палітычнаю дэмфігураю ў Вярхоўным Савеце 12 скліканьня пасьля лідэра Беларускага Народнага Фронту і парляманцкае апазыцыі БНФ Зянона Пазьняка. Аляксандар Рыгоравіч зрэдку нават выступаў у тыя гады на адных мітынгах разам зь Зянонам Станіслававічам, наведваў паседжаньні фронтаўскае апазыцыі ў Вярхоўным Савеце РБ. Больш таго, цераз тры дні пасьля правалу путчу ГКЧП Аляксандар Лукашэнка разам з дэпутатамі Уладзімерам Кавалёнкам ды Ірынаю Драбышэўскай уносіў з пляцу Незалежнасьці ў тую самую залю бел-чырвона-белы сьцяг, які яны, парлямэнтары, пазычылі ў шматтысячнага натоўпу дэманстрантаў. Сярод натоўпу быў і аўтар гэтых радкоў...
Таму Аляксандр Лукашэнка мае рацыю, калі згадвае: маўляў, я выйшаў з апазыцыі. На жаль, выйшаў адтуль назаўжды. На жаль, зрабіў пры гэтым спробу паставіць пад сумнеў правадзейнасьць нацыянальных сьвятыняў— гербу “Пагоня” ды таго самага сьцягу, што ўносіў на вачах мільёнаў беларусаў у Дом Ураду. Зьбіў у Авальнае залі рукамі сваех сьпецназаўцаў дэпутатаў-галадоўнікаў, якія пратэставалі супраць правядзеньня травеньскага рэфэрэндуму 1995 году. Рэфэрэндуму, што зьнішчыў нашую адвечную сымболіку ды пачаў нішчыць родную беларускую мову. Яшчэ троху і яна, нашая мова-пакутніца, станецца зьмярцьвелай падобна лаціне або мове антычных грэкаў.
Але я думаю, калі б прэзыдэнт нават застаўся верны сапраўднаму нацыянальнаму штандару, то ён усё адно абыйшоўся б вось так, як абыйшоўся з Капульцэвічам, з тымі магчымымі чыноўнікамі, якія мелі б іншыя партбілеты (напрыклад—БНФ). Абыйшоўся б гэтак нават у тым выпадку, калі б прасякнуўся сапраўднай сымпатыяй да нацыянальнае ідэі. Карацей, кіраўнік аўтарытарнагу складу, якім сёння і ёсьць Аляксандар Лукашэнка, гэткім бы застаўся пры любых уласных палітычных сымпатыях. Як мне падаецца, сярод апазыцыйных дзеячаў таксама ёсьць гэткія, каму ні за якія пончыкі нельга давяраць штурвал улады. У гэтых “выхадцаў з апазыцыі” таксама можа не хапіць пачуцьця такту й розуму, каб своечасова сыйсьці з Алімпу. А вось ці паправяць яны ў сьціслы час свайго кіраваньня краінай беларускую эканоміку, ці разьняволяць прадпрымальніцтва ды грамадзка-палітычныя арганізацыі, незалежны друк, ці адновяць у краіне нацыянальныя сьвятыні, роднае слова й культуру, нацыянальна-дэмакратычны дух і лад—вялікае пытаньне. Памятаю, на самым пачатку прэзыдэнцтва Рыгоравіч нават запрашаў у нейкі міжпартэйны кансультацыйны ворган пры сваёй Адміністрацыі прадстаўнікоў БНФ. Але тут ужо Народны Фронт сам адмовіўся ад гэткага ўдзелу. Зянон Станіслававіч не паверыў Аляксандру Рыгоравічу і, мусіць, меў рацыю. Бо спадар Лукашэнка даў бы такому воргану ня болей правоў, чымся ён даў яшчэ не памерлым перастаркам зь ліку былых сакратароў ЦК КПБ і абкамаў КПБ, колішнім сябрам Прэзыдыюму Вярхоўных Саветаў БССР, прафсаюзным ды камсамольскім дзеячам, якія згрувасьціліся вакол “бацькі” у якасьці дарадча-дэкаратыўнае структуры—Савета старэйшынаў. Яны сваім існаваньнем каля Рыгоравіча нібыта падкрэсьліваюць пераемнасьць дыктатарам палітычных і маральных каштоўнасьцяў бээсэсэраўскай намэнклятуры.
Колькі мінулася гадоў з моманту барысаўскае “п’янкі”, а я ўсё аніяк не зразумею: дзеля чаго Віктар Капульцэвіч тады напісаў і надрукаваў у “Товарище”свой “ліст”?
Дзеля таго, каб распавесьці, які крывадушны Аляксандар Лукашэнка: маўляў, ён, Віктар Людвігавіч, так верыў прэзыдэнту, так стараўся, а той за самаадданую службу на карысьць дзяржаве маральна яго зьнішчыў? Няхай мяне прабачыць былы барысаўскі “мэр”, аднак ён, Капульцэвіч, што, ня ведаў: Аляксандар Лукашэнка ніколі ня будзе будаваць камунізм на Беларусі і ў гэтай справе ня стане раіцца з таварышамі з ПКБ, што Рыгоравіч не запрапануе стварэньне выканаўчага ўладнага воргану тыпу Бюро ЦК КПБ ці Палітбюро ЦК КПСС? Няўжо Віктар Людвігавіч ня бачыў: прэзыдэнту ня трэба, каб у яго блыталіся пад нагамі заўзятыя камуністы, калі яны хаця ў чымсьці ня згодныя з галавою дзяржавы? Не разумеў, што прэзыдэнт ёсьць дыктатарам, у якога левая фразэялёгія ўсяго толькі на палітычным узбраеньні ? Што з гэтай самае нагоды яму ніколі не былі патрэбныя ані народнафронтаўцы зь іхнай антыкамуністычнай нацынальнай ідэяй, ані камуністы з марксызмам-ленінізмам?
Ды й Віктар Людвігавіч да канца ня быў аддадзены палітыцы сваёй партыі, тут ён не захоўваў жалезную ленінскую пасьлядоўнасьць. Сёньня кажа ў вузкім коле пра нясправядлівасьць Аляксандра Лукашэнкі ў адносінах да каханенькай-родненькай ПКБ, а заўтра на зьезьдзе партыі, дзе вядзецца прынцыповая размова наконт пераходу камуністаў у апазыцыю да прэзыдэнта, Віктар Людвігавіч ужо выступае й заклікае аднадумцаў да... супрацоўніцтва з чалом дзяржавы, даводзіць аўдыторыі пра тыя барысаўскія эканамічныя посьпехі, што ёсьць плёнам нібыта ягонага асабістага супрацоўніцтва з Рыгоравічам. Мала таго, Капульцэвіч фактычна падтрымаў лістападаўскі рэфэрэндум 1996 году і ў лёсавызначальныя для Беларусі дні арганізаваў у Барысаве агульнагарадзкі мітынг, на якім выступаў прэзыдэнт. Ці ўчыняюць падобнае дзёрзкія, няслухмяныя палітыкі? Так што наладжаная ў красавіку 1997 году вышнімі беларускімі ўладамі абструкцыя Віктару Людвігавічу сталася расплатай за палітычную сьлепату, як некалі выказаўся ягоны ідэйны прашчур Уладзімер Ульлянаў-Ленін. Дадам ад сябе—і за намэнклятурнае старарэжымнае начыньне—звычкі, традыцыі, тэндэнцыі. Яны ў сёньняшніх палітычных варунках, нібыта гіры на нагах палітыка любой партыі, а ня толькі чальца ПКБ.
Цікава, але як ні парадаксальна гэта гучыць, толькі Аляксандар Лукашэнка, які вельмі
хутка пасьля сваёй перамогі на выбарах дыстанцываўся ад усіх партыяў і рухаў (кішэнных парляманцкіх камуністаў у разьлік ня трэба браць), тады быў здольны да палітычнага манэўру, хуткае зьмены палітычных прыярытэтаў ды пошуку болевых кропкаў у праціўнікаў. Пры гэтым ён гуляў адчайна, азартна, рызыкоўна і жорстка.
Прыкладам, столькі год дурыў галаву расейскім лідэрам пра магчымы саюз дзьвюх братніх славянскіх дзяржаваў, нават скасаваў пад шумок наконт будучага “единения” агромністыя пазыкі перад Расеяй за энэрганосьбіты. Аднак гэта Рыгоравічу не перашкодзіла амаль поўнасьцю вычысьціць беларускі тэлеэфір ад расейскіх каналаў, а карэспандэнта ГРТ, прагрэсыўнага журналіста Паўла Шарамета дык і наогул працяглы час утрымліваць у вязьніцы за нібыта незаконны пераход беларуска-літоўскае мяжы.
![]() |
Home >> Select Country >> Беларусь >> Книги >> БАРЫСАЎСКІЯ КРОНІКІ НАЙНОЎШАЙ ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ >> 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 << |
| Select Country |
|
|
|
[an error occurred while processing this directive] |