Моладзь Барысаву ведае, што яна ёсьць спадкаемцай сваех прадзедаў, тых, што ў 20-30-х гадох мінулага стагоддзя на Барысаўшчыне ды Крупшчыне ваявалі ў антысавецкіх ды антыбальшавіцкіх партызанскіх атрадах слаўнага сына беларускага народу Юркі Моніча супраць крывавага сталінскага рэжыму. Хто 3 траўня 1933-га ўзьняў у горадзе паўстаньне на знак рашучае нязгоды з антынароднае палітыкай маскоўска-менскай камуністычнай крэатуры, якая ў той год зрабіла спробу штучна разьвязаць голад сярод працоўных рэспублікі. Герояў энкавэдысты расстралялі на высокім правым беразе ракі Бярэзіна за тое, што не скарыліся тыя сталіністам... Гэтае мейсца—загіблых змагароў, а не ахвяраў, як такое ёсьць у іншых краёх Беларусі,-- сёньня моладзь называе Барысаўскімі Курапатамі. На тым мейсцы ўсталяваны адмыслова падламаны на ніжнім канцы бярозавы крыж, перавязаны як раз на мейсцы злому бел-чырвона-белым сьцягам. Крыж, праўда, то сьсякаюць, то скрадваюць тутэйшыя фашысты з партыі Русское Национальное единство (РНЕ), а бел-чырвона-белае палотнішча спальваюць. Аднак і крыж, і старадаўні крывіцкі сьцяг зноў і зноў аднаўляюцца. Гэта сьведчыць: прагрэсыўная барысаўская моладзь нічога і нікога не забылася. Яна памятае традыцыі сваех продкаў, яна памятае пра сапраўдную гісторыю Барысаўшчыны і Барысаву. І – далёкую, і блізкую. Як вядома, у тых, хто шануе мінулае, ёсьць будучыня.
ПУБЛІЧНЫЯ СЬВЕДЧАНЬНІ Ў ТЭМУ:
СПАДАРА БУРГУНА В. І.
Паважаны Васіль Ігнатавіч!
Да Вас зьвяртаюцца сябры Беларускага Саюзу мастакоў—мастакі, мастакі-пэдагогі, барысаўскія майстры выяўленчага мастацтва, прадстаўнікі грамадзкасьці з патрабаваньнем правесьці ў сьценах выставачнай залі конкурс праэктаў помніка князю Барысу.
Мы занепакоеныя прынятым рашэньнем аб ажыцьцяўленьні гэтага праэкту скульптарам А. Арцімовічам без уліку меркаваньня грамадзкасьці, гараджанаў, мастацкай інтэлегенцыі, без рашэньня конкурснага журы.
Нас абурае парушэньне Палажэньня Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь,
зацьверджанага Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 6.09.2000 г. №1393, аб прыняцьці падобных праэктаў шляхам правядзеньня выставаў на конкурснай падставе з улікам грамадзкага меркаваньня.
Нам глыбока не абыякавы зьнешні выгляд гораду-юбіляру і магчымасьць яго скажэньняў безальтэрнатыўнымі помнікамі.
Мы лічым, што лепей не ажыцьцяўляць гэты праэкт або паставіць помнік заснавальніку гораду пасьля правядзеньня выставы конкурсных праэктаў, грамадзкага абмеркаваньня ды прынятага на іхнай аснове конкурсным журы рашэньня.
АрцёмаўП. С., сябра БСМ, заслужаны дзеяч мастацтваў РБ, галоўны мастак крышталёвага заводу; Арцёмава Т. А., сябра БСМ, мастак; Баярэнка С. І., ганаровы работнік культуры, дырэктар гарадзкой мастацкай школы, мастак; Клімчук С. Я., сябра
БСМ, мастак-пэдагог; Антропава Т. М., культуроляг, мастак; Філатава Т. А., мастак заводу агрэгатаў; Аляксеева Т. А., інжынэр; Жолуд З. Т., літаратар, выкладчык; Ціхановіч Л. Л., бібліятэчны работнік і іншыя. Усяго 29 подпісаў.
“Барысаўскія Навіны”ад 24—30 студзеня 2002 году
З РЭПАРТАЖУ РАДЫЁ СВАБОДА ЗА 29 СТУДЗЕНЯ 2001 ГОДУ:
“Па прыняцьці мясцовымі ўладамі Меншчыны гербаў гарадоў вобласьці, пачалося стварэньне гарадзкіх ды местачковых сьцягоў. Як выглядаюць гэтыя сымбалі? Ці адпавядаюць яны гістарычным традыцыям?
Як паведаміў мне загадчык аддзелу інфармацыі Барысаўскага гарвыканкаму Аляксандар Мядзяльцоў, першая сёлетняя сэсія гарадзкога Савету дэпутатаў прыняла адмысловы сьцяг гораду.
На сьцягу верхняя паласа—чырвоная, ніжняя—зялёная, а пасярэдзіне – сталёвага колеру. На гэтай паласе зьмешчаная выява старажытнага гербу. Барысаўскі сьцяг будзе стаяць у кабінетах гарадзкіх начальнікаў, яго мусяць выкарыстоўваць у сьвяты ды іншыя мерапрыемствы.
Праэкт сьцягу зараз знаходзіцца ў Менску: яго павінна зацьвердзіць геральдычная служба Дзяржкамітэту па архівах і справаводзтве.
Геральдычная служба паведаміла, што на Меншчыне цяпер, акрамя Барысаву, свае сьцягі маюць мястэчка Радашкавічы, гарады Смалявічы й Мар’іна Горка. Яшчэ два сьцягі прынятыя на Гомельшчыне—у Лоеве ды Ельску.
У смалявічанцаў, напрыклад, у цэнтры чырвона-сіняга палотнішча зьмешчаны нядаўна прыняты герб, на якім намаляваная бочка, аблітая смалою, а таксама—рунічны знак. Чырвона-зялёна-белы сьцяг у Радашкавічаў. Відавочна, што ў сьцягах пераважаюць колеры цяперашняга афіцыйнага сьцягу...
Больш крытычна да ўжываньня дзяржаўнымі геральдыстымі тых ці іншых колераў паставіўся доктар гістарычных навук, прафэсар Анатоль Грыцкевіч.Ён сказаў, што культурная традыцыя беларусаў заўжды аддавала перавагу чырвонаму ў спалучэньні зь белым колерам, а не чырвонаму—зь зялёным. Радзей—чорнаму. Хоць сп. Грыцкевіч адзначыў як станоўчы фактар, што дзяржаўныя геральдысты ў стварэньні сымболікі гарадоў і мястэчак, дзе такой ня мелася, зьвяртаюцца да рэлігійных матываў, да тагачасных рунічных знакаў і родавых шляхецкіх гербаў. Напрыклад, тых жа Радзівілаў.
Усё ж Анатоль Грыцкевіч прыйшоў да высновы, што геральдысты выконваюць палітычны заказ дзяржавы.
(Грыцкевіч:) “Мне здаецца, што ў геральдычнай службе сабраліся добрыя чыноўнікі: яны выконваюць кожны загад, што даюць ім зьверху. Альбо яны імкнуцца апярэдзіць гэткія загады. Але да геральдыкі гэта ня мае дачыненьня.
(Архіў Беларускае Службы Радыё Свабода)
Каб зразумець, чаму Барысаў здавён мае славу апазыцыйнага гораду, трэба ведаць ня
толькі пра тое, чаму мясцовая апазыцыя гэткая апазыцыйная, але ж і пра тое, што ўяўляе сабою тутэйшае ўладнае чынавенства. Якое, дарэчы, ёсьць ідэялягічным прадуктам дыктатарскае эпохі.
Скажу па шчырасьці, мне запомніўся перадапошні па ліку “мэр” Барысаву Віктар Капульцэвіч. І найперш—сваім “п’яным скандалам” 2 красавіка 1997 году. Калі з нагоды ўводу ў эксплуатацыю новага будынку гарадзкой падатковай інспэкцыі, ён наладзіў банкетаваньне з удзелам мясцовага чынавенства і дырэктараў буйных прамысловых прадпрыемстваў. Дзяржаўныя й незалежныя СМІ тады шырока асьвятлялі ды камэнтавалі вядомы Указ Прэзыдэнта №228 ад 5 красавіка 1997 году “Аб прыцягненьні да адказнасьці службовых асобаў, вінаватых у нявыкананьні службовых абавязкаў.” Гэтым дакумэнтам Аляксандар Лукашэнка інкрымінаваў Віктару Капульцэвічу менавіта наладжваньне калектыўнай акцыі расьпіваньня сьпіртовых напояў у працоўны час афіцыйнымі ды службовымі асобамі. Само сабой, таварыш Капульцэвіч, ягоныя намесьнікі былі пазбаўленыя кіруючых пасадаў. Асаблівасьцю прыняцьця Аляксандрам Лукашэнкам вось такой жорсткай меры рэагаваньня на забруджаны шампанскім, каньяком ды гарэлкай гонар мундзіру барысаўскай “вэртыкалі”, як мне падаецца, меліся зусім іншыя прычыны. Бо тыя, хто працаваў з Віктарам Капульцэвічам побач, былі, найперш, праверанымі намэнклятурнымі байцамі, сябрамі Партыі камуністаў Беларускай, спадкаемцамі КПСС—КПБ.
... Самым першым уражаньнем пасьля прачытаньня Указу №228 у мяне, як у чалавека, што большую частку ўласнага жыцьця вучыўся ды працаваў пад час хрушчоўска-брэжнеўскай эпохі, узьнікла пытаньне: “ А ці падпісаў бы нешта падобнае колішні лідэр КПБ і БССР Пятро Машэраў?” І адказ быў адназначны: не, не падпісаў бы. Стала працуючы ў 70—80-я гады мінулага стагоддзя ў шэрагу рэспубліканскіх газэтаў і часопісаў, а таксама маючы пастаяннае супрацоўніцтва з тагачасным Беларускім Радыё ды Белтэлебачаньнем, я добра памятаю, што кіраўніцтва Бюро ЦК КПБ наогул рэдка калі прымала дакуманты, хаця б аддалена падобныя на ўзгаданы Указ Аляксандра Рыгоравіча. А калі ўсё-такі прымала нешта такое, то ў самых крайніх выпадках. Здаралася, іншы намэнклятурны кадр выходзіў за межы так званага маральнага аблічча камуніста і добра-такі шкодзіў іміджу рэгіёну або рэспублікі ці кідаў сваемі паводзінамі цень на КПБ---КПСС, а вінаватага нават нельга было перасунуць па “гарызанталі” на роўназначную ці амаль раўназначную пасаду. Бо нанесеная шкода насамрэч цягнула за сабою палітычныя страты дзеля агульнай камуністычнае справы, як яе разумеў той жа самы Пятро Машэраў. Іншым разам, праўда, пры ўсім стараньні партэйнае намэнклятуры нельга было аніяк пазьбегнуць юрыдычных наступстваў учынку. Асабліва, калі ўчынак набываў рэзананс сярод савецкага “плебсу”...
З гэтага шэрагу мне запомніліся пэрсанальныя справы пра хабарніцтва аднаго варшанскага чыноўніка з сыстэмы спажыўкаапэрацыі пад прозьвішчам Барада. Яшчэ—“Віцебская справа”, калі засудзілі ды расстралялі нявіннага чалавека.
Так, у тыя часы шмат чаго ўтойвалася ад народу, галоснасьць у намэнклятурных разбіральніцтвах мелася рэдкай зьяваю. Аляксандар Лукашэнка прадэманстраваў, што ён прынцыпова адыйшоўся ад старых цэкоўскіх няпісаных правілаў—ня выстаўляць да агульнага агляду кампрамат на тых або іншых службоўцаў, на каго абапіраўся ў сваёй штодзённай працы. У яго іншае на гэты конт перакананьне: непаграшальны ў Рэспубліцы Беларусь толькі адзін чалавек—прэзыдэнт, па астатніх чыноўніках або турма плача, або ад іх трэба неадкладна вызваляцца.
У лік апошніх патрапіў Віктар Людвігавіч Капульцэвіч. Праўда, у “калектыўны п’яны разгул” я не паверыў. Ды й ніхто зь ліку ягоных прыхільнікаў і нават праціўнікаў у Барысаве і сёньня ня можа назваць Капульцэвіча—гэтага жалезнага выхаванца старой партыйнай школы—адпетым п’янтосам, заўсёднікам розных застольляў, рэстарацыў і да таго падобных сьвейскіх сталоў і кактэйляў.
Мусіць, ведаў пра тое і сам Аляксандар Лукашэнка. Не такім ёсьць прымітывам галава дзяржавы, каб ня вывучыць характар і норавы таго ж Віктара Людвігавіча. Прэзыдэнт пагадзіўся зь меркаваньнем гарсавету і пакінуў Капульцэвіча на пасадзе кіраўніка тутэйшае “вэртыкалі”. Ня мог, ня мог Рыгоравіч аддаць уладны “руль” у рукі нейкага дэгэнэрату! Што б у такім выпадку пра дзяржаўную мудрасьць самаго прэзыдэнта сказаў бы ягоны электарат, да якога ён так часта апялюе ў выпадках публічных “разьбіральніцтваў” з рознымі круцялямі- канторшчыкамі— міністрамі, губэрнатарамі, “мэрамі” і да таго падобнай публікай, спароджанай самім жа Лукашэнкам?
Вось чаму ўсё-такі зноў напрошваецца пытаньне: за якія ж грахі прэзыдэнту гэтак карцела справадзіць з барысаўскай “мэрыі” Віктара Капульцэвіча?
...Тут я павінен нагадаць чытачам, што напрыканцы ліпеню 1997 году ворган Партыі камуністаў Беларускай, газэта “Товарищ” надрукаваў “Адкрыты ліст” чальца гэтай палітычнае арганізацыі таварыша Капульцэвіча да Аляксандра Лукашэнкі. Дзе, між іншым, Віктар Людвігавіч згадваў пра ўласнае бачаньне сапраўдных прычынаў свайго выкідваньня з барысаўскае “вэртыкалі”.
Давайце ўважліва ўчытаемся ў наступную вытрымку “Адкрытага лісту”:
“...А трэба было вызваліцца ад нязручнага, дзёрзкага вэртыкальніка, які паўсюдна і ва ўсім меў сваё меркаваньне, свой погляд на працэсы жыцьця грамадзтва, што адбываліся, які, ня гледзячы на рангі, адстойваў іх (меркаваньне і погляд—А.М.). Адстойваў як на дзяржаўным, так і на партыйным узроўнях. Шанаваў прыналежнасьць да сяброўства ў ПКБ, абараняў гонар і годнасьць камуніста і не даваў на прапановы Вашых вернападданых зьмяніць свой партэйны статус...”(канец цытаты).
Крыўду Капульцэвіча дзесьці зразумець можна. Ён, канешне, адчуваў: зь ім рана ці
позна разьбяруцца. Але ж не з тае прычыны, якая прыведзеная ў прэамбуле
памянёнага Указу. У колішнія часы падобная прэзэнтацыя на бюро, скажам, абкаму
самае большае заўвагі ці лёгкага ўшчуваньня.
Бо той жа самы першы сакратар (у 70-я гады мінулага стагоддзя) Менскага абкаму КПБ, цяпер нябожчык, Іван Палякоў абавязкова падумаў бы перад тым як выносіць свой вырак адносна падобнага выпадка: а ці не ляжа такая вось абструкцыя плямаю на ўсю Кампартыю Беларусі? Гэта ж ня жартачкі—разгон кадравых работнікаў цэлага райкаму ці гаркаму? Дырэктарскага корпусу?
...Мне асабіста як раз у 1976 годзе давялося ператрываць, паводле такога падыходу да правінаў намэнклятурных кадраў, як гавораць, дробныя непрыемнасьці. Тады, працуючы ў рэдакцыі часопісу “Вожык”, я надрукаваў фельетон з аднаго калгасу Барысаўскага раёну. Дарэчы, па сто разоў—правераных матэрыялах раённым камітэтам народнага кантролю ды раённай пракуратурай. Сюжэт сатырычнай публікацыі быў адначасова немудрагелтсты й востры : нейкі старшыня калгасу (знарок замоўчваю ягонае прозьвішча і назву гаспадаркі з этычных меркаваньняў) засяліўся разам са сваімі роднымі ды блізкімі ў толькі што збудаваны, паводле тыповага праэкту, двухпавярховы дзіцячы садок-ясьлі. А калгасных дзяцей засяліў у свой дом. Акрамя таго, ён самога сябе за посьпехі ў сельскагаспадарчае вытворчасьці ўзнагароджваў рознымі прэміямі, што было тады незаконна (напрыклад, за ўкараненьне на фэрмах гаспадаркі даільнай сыстэмы “елачка”). Аднак у старшыні таго барысаўскага калгасу сярод сяброў меўся адзін вельмі паважаны і ўплывовы цэковец сярод інспэктуры рэспубліканскага воргану КПБ. Яны абодва пад час апошняй вайны партызанілі ці не ў адным атрадзе. Таму кантралёры ды пракуроры баяліся магчымых “падкоўдравых” чыноўніцкіх наступстваў—іншая справа фельетон у сатырычнай партэйнай прэсе! Усе прачытаюць. І нават, магчыма, прымуць нейкія меры. А калі каму не спадабаецца, то зь менскага журналіста нічога ня возьмеш за вынас сьмецьця з тутэйшай хаты. Барысаўскія намэнклятурныя скаржнікі разьлічвалі на тое, што пасьля публікацыі справядлівасьць адновіцца . Я праверыў факты з выездам на мейсца.так яно і было—старшыня ўсяліўся ў дзіцячы садок, а калгасныя дзеткі атабарыліся ў ягонай былой хаце. І на прэміяваньне сябе,вельмі шаноўнага, сам жа падпісваў загады. Натуральна, фельетон неўзабаве пасьля маёй камандоўкі ў той самы калгас зьявіўся ў сьвет.
Я радаваўся ўдачы. Гэта ж трэба—уеў такога чына! Аднак замест дзейснага рэагаваньня на фельетон ў рэдакцыю прыйшла скарга ад таго самага старшыні. Яму, аказваецца, я нанёс цяжкую маральную траўму і амаль што наўмысна ўклаў у шпіталь інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны, бо пасьля фельетону ў калгаснага начальніка абвастрыліся ўсе хваробы, набытыя ў ходзе суровай партызанскай барацьбы супраць нямецка-фашыстоўскіх акупантаў. У ЦК КПБ, куды мяне нейкі інструктар неўзабаве запрасіў на гутарку, мне літаральна прачыталі мараль: маўляў, я перагнуў палку, пагнаўся за смажанымі фактамі, праявіў дробнабуржуазны падыход у справе арганізацыі ды напісаньня фельетону і асабістую жорсткасьць. “А што трэба было рабіць, калі таварыш забыўся на ленінскія нормы партэйнай сьціпласьці кадраў, на сацыялістычную законнасьць?”—запытаўся я ў партчыноўніка.
Той грэбліва зморшчыўся, а затым спакойным, роўным голасам адказаў:трэба было прасігналізаваць, напісаць асабістую заяву ў ЦК КПБ, але ж ні ў якім разе не друкаваць фельетон, ня ганьбіць чыстае імя слаўнага атраду КПСС—Кампартыі Беларусі... Вось такую пытлю атрымаў я—непартэйны чалавек. Але ж я працаваў у партэйным, хаця й сатырычным выданьні. А таму павінен быў пісаць ды азірацца нават не на працы Ульлянава-Леніна, а на сымпатыі ці антыпатыі апаратчыкаў ЦК.
У выпадку зь Віктарам Капульцэвічам Аляксандар Лукашэнка знарок на ўсю краіну прадэманстраваў электарату: ён як першая асоба краіны ня думае ўтойваць ад народу магчымых праграшэньняў свайго ўладнага атачэньня, а цяперашнюю кампартыю за сьвятую карову ня лічыць. І хаця я разумеў, што гэта быў усяго палітычны фарс, але дзесьці ў глыбіні душы мне асабіста ўзгаданая пазыцыя прэзыдэнта падабалася.
![]() |
Home >> Select Country >> Беларусь >> Книги >> БАРЫСАЎСКІЯ КРОНІКІ НАЙНОЎШАЙ ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ >> 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 << |
| Select Country |
|
|
|
[an error occurred while processing this directive] |