Алесь Мікалайчанка (Николайченко Александр Сергеевич):
БАРЫСАЎСКІЯ КРОНІКІ НАЙНОЎШАЙ ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ


 4

Па-за межамі  чыноўніцкай справаздачнасьці застаюцца менавіта працэсы рэальнага зьбядненьня насельніцтва. Люмпэнізацыя шпацыруе па тым жа Барысаве шырокімі крокамі—сямімільнымі, як некалі за савецкімі часамі мы пісалі ў нашых газэтах-часопісах, калі распавядалі пра дасягненьні так званага камуністычнага будаўніцтва.

Такія крокі ў нікуды ў сёньняшнім Барысаве вымяраюцца няйначай як цэлымі кварталамі, “варонінымі слабодкамі”: так падобнае гранічна нетрывалае чалавечае нутрыгарадзкое селішча  называлі класыкі савецкае гумарыстычнае літаратуры Ільф ды Пятроў.

У барысаўскіх “вароніных слабодках” людзі жывуць у даўно нярамантаваным жытле—старых мураванках яшчэ паваеннай будоўлі. Гэта, у асноўным, пенсыянэры зь мізэрным утрыманьнем, “зьедзеным” інфляцыяй. А яшчэ—беспрацоўныя, якія згубілі ўсялякую надзею працаўладкавацца паводле сваех прафэсыяў. Ёсьць таксама—учорашнія “зэкі”—тыя, вядома ж, сядзяць бяз працы. Сустракаюцца маладыя маці, што адныя гадуюць малых дзяцей. Ды іншы—падобнага ладу жыцьця і падобнага мізэрнага дастатку барысаўскі люд. Адметна, што ў “вароніных слабодках” насельнікі выжываюць самымі неверагоднымі спосабамі... 

Неяк мая жонка, праваабаронца і сацыяль-дэмакратка Ларыса Грэбнева-Мікалайчанка запрапанавала наведаць гэткую “слабодку”. Тым больш, там яна некалі гадавалася ў дзяцінстве-- спачатку з маці, а калі матуля сканала ад анкалягічнае хваробы, то з роднай цёткай Настай. Геаграфічна гэтае мейсца прыпадае на заканчэньне вуліцы, што мае сымбалічны назоў—Чырванасьцяжная.

...Невялічкі квартал складаецца з двух «бязвыгодных” двухпавярховых дамоў—яны прытуліліся зь нейкімі самаробнымі гаражамі, хляўчукамі і кладоўкамі да сьцяны-агароджы Барысаўскага крышталёвага заводу імя Ф. Э. Дзяржынскага.

Цётка Аліна, да якой прывяла мяне Ларыса, між іншым, працавала на гэтым прадпрыемстве большую частку свайго маладога й сталага веку—амаль да тае пары, пакуль не сыйшла на пэнсыю. Сыйшла – яшчэ за Саветамі. Жыцьцё асабістае ня вельмі радаснае склалася. Бо перажыла два скасаваньні шлюбу з мужамі-алкаголікамі, ад якіх нарадзіла па дзіцяці. Дачка вырасла ўдалая, самастойная—мае сям'ю, кватэру, сваех дзетак. А вось сынок—троху шлёпнуты, як сама цётка гаворыць. Дробны зладзюжка—зь вязьніцаў ня вылазіць. Калі Васька знаходзіцца на зоне, то цётка Аліна, няйначай, адпачывае. А калі той дадому вяртаецца, у бабулі пачынаюцца праблемы...

Але спачатку наша зь ёй гаворка тычыцца такой важнай жыцьцёвай акалічнасьці як пэнсыя.

--Раней пэнсыі мне хапала. Бывала, я за пэнсыю апрануся, абуюся—жыву! Цяперака нават купіць нічога не магу з адзёжы ці абутку.

--А якую пэнсыю Вы атрымлівалі савецкімі рублямі, цётка Аліна?—пытаюся.

--127 рублёў. Ды было куды лацьвей пражыць, чым на маю цяперашнюю пэнсыю... 127

савецкіх рублёў—гэта ж нават болей, чым цяперака 127 амэрыканскіх даляраў,-- дэманструе цётка Аліна дасьведчанасьць у валютных суаадносінах.— Хай бы мне зараз выплочвалі “зайцоў” на 127 даляраў! Праўда?—разважае яна.

--Праўда, -- пацьвярджаю ейную рацыю і пытаюся:-- А за каго Вы, цётачка, на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах галасавалі?

--За каго? Ды за Рыгоравіча. Хаця пры ім маю пэнсыю надта ўжо зрэзалі. Разумееш, гэты Ганчароў...

--Ганчарык, -- удакладняю прозьвішча экс-кандыдата.

--Так, Ганчарык... Ён жа ані рыба-ані мяса. Нейкі нерашучы, адным словам.

 Пры такім, можа, зусім бяз пэнсыі засталася б. А Рыгоравіч яшчэ навучыцца кіраваць

краінай... Ён яшчэ малады дзядзька... Ганчарыку час самому на пэнсыю адпраўляцца, няма чаго яму людзей сьмяшыць, -- выказалася цётка Аліна.

Зь ейных словаў вынікала, што яна зь ня вельмі добрага выбару абрала меньшае зло.

У абшарпанае дзвюхпакаёўцы бяз выгодаў старая з настальгіяй згадвала пра савецкую эпоху ўласнага жыцьця. А цяперака вось дажылася: і пэнсыя малая ды яшчэ трэба падкармліваць дарослага саракасямігадовага сына Васіля, старога халасьцяка. Ён, дарэчы, туляецца ва ўцепленай кладоўцы, што ў матчыным хляўчуку праз двор насупраць дома. Кладоўку, між іншым, Васіль даўно рэканструяваў пад жытло, бо старая, калі бачыць яго, пастаянна сварыцца, тым больш прычынаў на сваркі болей чым дастаткова. У кладоўцы Васька сьпіць, іншым разам прымае там дзеля задавальненьня сэкспатрэбаў жанчынаў лёгкіх паводзінаў або сустракаецца з гэткімі, як і сам, сябрукамі па здабываньні пракорму—карацей, жыве. Калі вось такую жытку—можна назваць жыцьцём. Да маці прыходзіць, каб пасёрбаць якойсьці поліўкі.

У прысутнасьці цёткі Аліны Ларыса паведамляе мне:

--Цётачка іншым разам скардзіцца, што Васіль тады-сягды можа крадком забрацца ў ейны цэбар з баршчом ды скрасьці адтуль костку ці нават кавалак мяса— тады яна ўжо сама застаецца галоднай на цэлы дзень.

--Усё—праўда. Куды тут дзецца...  Але мне не шкада зь ім падзяліцца. Я сама, калі бачу, што сын згаладаўся, пакладу яму тую костку ў місу: толькі сам не сваволь, май нейкі сорам, спытайся дазволу, -- уздыхае цётка Аліна. 

Цікаўлюся ў старой, дзе зараз знаходзіцца Васіль. Яна ня ведае. Затое Ларыса выказвае здагадку:

--Днём Васіль амаль заўжды за сабакамі тутэйшымі ганяецца...

Мне робіцца ніякавата:

--Штосьці не разумею цябе, шаноўная...

З апаскай пазіраю на старую: а раптам цётцы Аліне жончына гаворка не спадабаецца?

Цётка ж Аліна ня крыўдзіцца, толькі горка ўсьміхаецца:

--Разумееш, Алесь, мой Васька, здараецца, калі ўжо надта мяса захоча, то палюе на маладзенькіх сабачаняткаў. Зловіць, зьдзярэ ў сваім хляўчуку шкуру, а потым пачынае варыць і смажыць. Таксама там—у хляўчуку. Што застаецца нязваранае, то нясе ў аддаленыя адсюль двары ды па дзяшоўцы прадае... Казала яму, калі малым быў: вучыся, Васька, чалавекам будзеш. Не хацеў наогул у школу хадзіць. За руку сілком туды зацягну, дык з заняткаў зьбяжыць, падшыванец, двоешнік няшчасны... Цяпер во, бачыце, рабіць нічога ня можа—толькі дзе што якое скрадзе або нейкае сабачанё ўпалюе. Жыве ў хляўчуку. Ужо—пад пяцьдзесят, а яшчэ ўсё адзін, як вока ў ілбе—няма ані жонкі, ані дзяцей. Не, гэта не жыцьцё, а ваўчынае выцьцё,— вохкала цётка Аліна.

Ужо калі мы разьвіталіся зь ёю і выйшлі на вуліцу, жонка мне распавяла:

--Васіля за паляваньне на сабак тутэйшыя людзі клічуць Васькам-Кішкаблудам. І зараз ён павінен быць дзесьці тут—шукае спажыву на вячэру...

І насамрэч хвілінаў праз пяць-шэсьць каля аднаго хляўчука зьяўляецца неверагодна схуднелы, сярэдняга росту лысаваты, даўнавата ня голены мужчына. У рукох трымае шырачэзную плеценую з нейкай вяроўкі сетку, прыбітую да канца тоўстай даўгой палкі. Васька-Кішкаблуд. Ларыса знаёміць нас. Я цікаўлюся ягонымі посьпехамі ў паляваньні.

--Сёньня не шанцуе. Няма маладняку. А старую сабачаціну душа не прымае, страўнік

не пераварвае -- тлумачыць Іван сваю няўдачу.

--Іван, раскажы мужу майму пра твайго першага зьедзенага сабаку. Мой Алесь ёсьць журналістам, зьбірае вось такія факты, -- папрасіла Ларыса сябрука дзяцінства.

--А ты, карэспандэнт, куды пра гэта пісаць будзеш? Калі ў газэту, то расказваць нічога ня буду, -- заўпарціўся Васіль-Кішкаблуд.—Супрацоўнікі падатковай інспэкцыі прачытаюць—прычэпяцца, скажуць: чаму гэта ты палюеш на сабакаў, але ня маеш рэгістрацыі як індувідуальны прадпрымальнік ды й дазволу ў цябе на такое паляваньне нямашака?

--Не, спадар Васіль, такія факты я дзеля будучай кнігі зьбіраю, а не для газэты. Ды імя Вашага сапраўднага не раскрыю, бо нясу адказнасьць за рэдакцыйную таямніцу, -- даводзіцца мне тлумачыць юрыдычныя нюансы тэхналёгіі журналіцкага збору матэрыялаў Ваську-Кішкаблуду.

--Ну, гэта мяняе справу. Пакуль твая кніга будзе пісацца, жыцьцё нашае, можа, да лепшага зьменіцца—і я ўжо паляваць на сабак ня буду... Дык вось, справа была гадоў дзесяць таму. Як раз пасьля маёй першай “адсідкі”. Дактары тады падазравалі ў мяне шмат якія хваробы. Адзін неяк падказаў: маўляў, еж мяса сабачае—і будзеш здаровы як бык, прынамсі, хварэць на кішэчна-страўнікавыя ня будзеш ніколі. Але першага зьедзенага сабаку я не вылоўліваў. Гэта была суседава маладзенькая сучачка. Мела мянушку—Вавёрка. Я проста сказаў суседу, што мне, каб лячыць сухоты, патрэбна сабачаціна.

--І ён так во запраста аддаў сваю псіну?

--А куды яму дзецца, калі сам ня мае чым жывёліну карміць. Колькі разоў прасіў мяне, каб я ў добрыя рукі аддаў тую Вавёрку. Але ж каму сёньня гэта няшчасная істота патрэбна? Так вось і трапіла яна ў мой цэбар, -- сказаў Васька-Кішкаблуд і выскаліў цыбаты рот у нейкім падабенстве на ўсьмешку.—Больш трох кілаграмаў мяса з тае Вавёркі нарэзаў.

--Ня меў нейкіх там атручваньняў?—пацікавілася Ларыса.

--Пра што, Лорка, гаворыш? Маладзенькая сабачаціна—гэта ж самы цымус, смаката ды й сапраўдныя лекі. Прафілактыка ад сухотаў ды іншых хваробаў. А мяса, між іншым, чымсьці на бараніну падобнае. Частуй любога—ніхто ня скажа, што гэта сабачаціна...

Тым часам да нас падыйшоў напарнік Ваські-Кішкаблуда па сабачых паляваньнях, як ён сам прадставіўся, беспрацоўны Аляксей, 37-гадовага веку мужчына атлетычнага целаскладу. На ім была спартовая, троху паношаная куртка. У руках трымаў дубінку, утырканую цьвікамі—неабходную прыладу паляваньня на сабакаў. Разгаварыліся. Высьветлілася, што пасьля таго, як ён выйшаў на волю з трохгадовае адсідкі ў вязьніцы, а сядзеў ён тамака за “хуліганку”, вось ужо два гады ня можа працаўладкавацца. Для яго гэта праблема сталася найвастрэйшай. Сам ён—адмысловы электракаршчык. Гэтую машыну можа і вадзіць, і рамантаваць. Але ў Барысаве попыт на падобную прафэсыю ня дужа вялікі, а дома, там, дзе Аляксей рабіў да турмы, вакансыяў даўно няма.

Канешне, экстрымальны сабачы промысел не дае памерці з голаду. Аднак, сказаў Аляксей, паўнавартасным чалавекам ён ужо даўно сябе не пачувае. Толькі неймавернай сілаю волі Аляксей устрымліваецца ад таго, каб з гэткага жыцьця не запіць, не сыйсьці ў крыміналітэт або наогул не накласьці на сябе самога рукі.

Паводле афіцыйных дадзеных, калі пішуцца радкі гэтага раздзелу (восень 2003 году), у

Барысаве ўсяго два адсоткі беспрацоўных. Але шмат на якіх прадпрыемствах пануе так званае прыхаванае беспрацоўе. Размаўляў я неяк з цяпер ужо колішнім намесьнікам начальніка тутэйшага гараддзелу нутраных справаў, падпалкоўнікам міліцыі Хведарам Падабедам. Ён прызнаўся, што ў Барысаве існуе праблема працаўладкаваньня ўчорашніх “зэкаў”. Так, для іх абавязкова рэзэрвуецца нейкі запас рабочых мейсцаў. Але ж выключна—малааплатных . Гэта ў асноўным ускосныя работы: мятла, рыдлёўка, лом —вось той інструмэнт, якім карыстаюцца падсобнікі. Натуральна, падкрэсьліў падпалкоўнік Падабед, аплата гэткай працы такая, што грошай хопіць дні на тры-чатыры прахарчавацца, не гаворачы ўжо пра набыцьцё вопраткі ці аплату за камунальныя паслугі...

Такім чынам, Аляксею давядзецца яшчэ ці мала тыдняў або месяцаў разам з сябруком паляваць па завугольлях двароў ды хляўчукоў вуліцы Чырванасьцяжнае на сабакаў. Балазе, для гэтых няшчасных людзей, якія, хай сабе і па ўласнай віне, але патрапілі ў асацыяльную катэгорыю барысаўцаў, яшчэ хапае няшчасных сабакаў. Апошніх таксама цяперака даволі часта выкідваюць з хаты гаспадары: няма за што ўтрымліваць чатырохногіх сяброў. Самі людзі жывуць у недаедку ды нястачы. Нельга сказаць, што насельнікі гэтай ці іншых “вароніных слабодаў” Барысаву абыякавыя да свайго лёсу, да лёсу родных і блізкіх. На прэзыдэнцкіх выбарах восеньню 2001 году той жа самы Аляксей галасаваў за Уладзімера Ганчарыка, спадзяваўся на перамены ў краіне і ва ўласным жыцьці. Аднак такія, як цётка Аліна, прагаласавалі за Лукашэнку. Да таго ж, у Барысаве галасаваньне прайшло зь вялікімі фальсыфікацыямі ды парушэньнямі выбарчага заканадаўства.

Што ж застаецца рабіць Аляксею, які, між іншым, адрозна ад Ваські-Кішкаблуда, думае пра сваю будучыню?

Уся трагедыя Аляксея ў тым, што Васілю ўсё адно. Ён сам жыве мала чым адрозна ад сабакаў, на якіх палюе, ды крадзе ўсё запар, што кепска ляжыць. Такая жытка ў яго склалася яшчэ ад савецкіх часоў, а іншай яму ня трэба.

 5

Я не зьдзіўлюся, калі аднойчы ўбачу Аляксея сярод тых барысаўцаў, якія не баяцца бараніць ад дыктатуры свае сацыяльныя ды палітычныя правы. Хаця больш актыўна за гэткія правы змагаюцца тыя ягоныя землякі, якія працуюць на буйных дзяржаўных прадпрыемствах. Восеньню 2000 году ўжо знаёмы чытачу Аляксандар Абрамовіч, тагачасны лідэр мясцовых сацыль-дэмакратаў вывеў на Цэнтралёвы пляц блізу дзвюх тысячаў страйкоўцаў з крышталёвага заводу, дзе, між іншым, калісьці працавала цётка Алена. Абураліся яны на ўласную дырэкцыю, што амаль паўгады не выдавала работнікам заробленага, пра што, вядома, тыя заявілі па прыходзе да будынку гарвыканкаму прадстаўнікам “вэртыкалі”. Аляксандар са сваемі аднадумцамі, між іншым, дамогся тады свайго:  грошы шклёварам былі выдадзеныя, а кіраўніцтва прадпрыемства зьмененае...

Праўда, Аляксандар Абрамовіч расплаціўся за акцыю: усё-такі сеў у ізалятар часовага ўтрыманьня ГАУС на пятнаццаць сутак, паводле сумна вядомага артыкулу 167 КоАП РБ.

Не хачу прыніжаць апазыцыйную дзейнасьць барысаўскіх актывістаў іншых партыяў і рухаў, але ў горадзе на-Бярэзіне першыя шэсьць гадоў прэзыдэнцкае ўлады на палітычнай ніве больш за іншых сваех саюзьнікаў шчыравалі менавіта тутэйшыя сацыяль-дэмакраты і народнафронтаўцы, якія не дазвалялі спакойна жыць мясцовае “вэртыкалі”. Іхныя пікеты, мітынгі, і дэманстрацыі запомніліся мясцоваму жыхарству надзённасьцю тых праблемаў сацыяльнага гучаньня, што ўздымала вулічная апазыцыя. А публічнае гучаньне гэтай барацьбе надавалі прыватныя газэты “Барысаўскія Навіны” Анатоля Букаса, “Згода” Аляксея Караля—Аляксандра Зьдзьвіжкова, “Салідарнасць” Беларускага Незалежнага прафсаюзу, “Народная Воля” Іосіфа Сярэдзіча, “Свабода” Ігара Герменчука ( на вялікі жаль, цяпер—нябожчыка), “Пагоня” дэпутата легендарнага Вярхоўнага Савета 12 скліканьня Міколы Маркевіча, варшаўскія “Беларускія Ведамасьці”  Зянона Пазьняка, карэспандэнты Беларускай службы Радыё Свабода і Радыё Рацыя ды іншых незалежных і непадцэнзурных СМІ.

Пасьля таго, як у выніку цкаваньняў у часовую эміграцыю зьехаў сам Аляксандр Абрамовіч ды яшчэ некалькі ягоных сяброў-эсдэкаў, на вуліцы Барысава з пратэстовымі акцыямі выйшлі юнакі й дзяўчаты ад філіі моладзевага руху “Зубр”. У 2001 годзе іхнаму 25-гадоваму лідэру, старшыні спартова-патрыятычнага клюбу “Волат” Зьміцеру Бародку пашчасьціла заклікаць пад “зубраўскія” сьцягі гэтага руху болей 300 чалавек барысаўскіх маладзёнаў. Добрая сотня зь іх тады, пад час апошніх прэзыдэнцкіх выбараў, пасьпела зьведаць рэпрэсыі. Пра акцыі барысаўскіх “зуброў” нават распавядалі міжнародныя СМІ—газэты “Ню-Ёрк Таймс” і “Зюддойчэ Цайтунг”, агэнцыя Асашэйтэд Прэс, Радыё Свабода і Радыё Рацыя. Сюды прыязджалі амэрыканскія, нямецкія і ангельскія карэспандэнты—размаўлялі з апазыцыянэрамі , пісалі пра іхныя справы, друкавалі і агучвалі ў эўрапейскім эфіры такога кшталту матэрыялы. Барысаў летам 2001 году сваімі бясконцымі акцыямі надоўга прыкуў да сябе ўвагу міжнароднай грамадзкасьці, беларускай прагрэсыўнае эміграцыі... 

Так, моладзь Барысава не жадае дзеля свайго выжываньня паляваць на сабакаў. Яна і сёньня на маршы ў пачэснае барацьбе супраць аўтарытарызму за ўласную незбальшавізаваную будучыню ў незалежнай, нацыянальнай і дэмакратычнай

Беларусі. Вось чаму, напрыклад, так баяцца “вэртыкальныя” ўладныя чыноўнікі зуброўскага скандаваньня, калі барысаўскія хлопцы й дзяўчаты выходзяць на акцыі пратэсту:

--Зубры—за свабоду!

--Час-- прыбіраць!

--Жыве Беларусь!

--Жыве вольны Барысаў!

 

<<Назад :: Далее>>

 



2000-2007 Association for Human Rights Defense International
www.4humanrights.org : www.hrd1.org : DONATE

Home >> Select Country >> Беларусь >> Книги >> БАРЫСАЎСКІЯ КРОНІКІ НАЙНОЎШАЙ ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ >> 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 <<

Select Country

 


[an error occurred while processing this directive]