Я не ідэалізую Пятра Машэрава—гэта быў чалавек сваёй эпохі, сваёй сыстэмы. Якая, напрыклад, нанесла сур’ёзны ўрон беларускае прыродзе бязглуздай меліярацыяй, татальным асушэньнем балотаў і хімізацыяй глебы. Тут ужо мой стары сябра, выдатны пісьменьнік і журналіст Анатоль Казловіч меў рацыю, калі ўзняў у саюзнай прэсе неймаверны крык: ратуйма родную зямлю, браточкі, ад бязграматных вандалаў!.. Яшчэ тая сыстэма вынішчала беларускую мову і беларускую школу дзеля “вялікага інтэрнацыянальнага ўчыну”—так званага зьліваньня ў адзіную нацыю расейцаў ды беларусаў. Мэта была зразумелая: асіміляваць менавіта наш, самабытны старажытны славянскі народ. Згадайма, апроч усяго, і яшчэ адну акалічнасьць: пры Машэраве ў Менску была разбураная гістарычная забудова на вуліцы Няміга і амаль цалкам вынішчаны Верхні Горад. Сярод журналістаў хадзілі чуткі: маўляў, каб уратаваць ад руйнаваньня тое, што заставалася, Пятра Міронавіча тады ўгаворваў сябра адмысловай ініцыятыўнае групы нацыянальнай інтэлігэнцыі-- беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч. І ў той жа самы час, мне падаецца, Пётар Машэраў усё-такі адчуваў сваю запазычанасьць перад беларускімі творцамі. Натуральна, пры гэтым, часта раздвойваўся. Тады, напрыклад, хадзіла такая пагалоска: маўляў, таму ж Быкаву Машэраў не вельмі спрыяў, каб неардынарны празаік надрукаваў новы праўдзівы твор пра вайну адразу ж пасьля ягонага напісаньня ў тым ці іншым беларускім літаратурным часопісе. Маўляў, Машэраў, ведаючы норавы галоўнага ідэялягічнага паганяйлы Савецкага Саюзу таварыша Суслава, троху хітраваў, чакаў, што Васіль Уладзіміравіч спачатку апублікуе гэты твор па-расейску на старонках саюзнага “Нового Мира”, дзе асабіста галоўны рэдактар АляксандарТвардоўскі шанаваў і спачуваў беларускаму таленавітаму празаіку, сьмеламу творцу. А затым ужо быкаўскія творы друкаваліся ў Менску. З другога боку—Машэраў зачытваўся кнігамі Быкава, захапляўся ягоным талентам, бо сам ваяваў, сам ведаў, што такое вайна.
Тым не меней усе гэтыя высоканачальніцкія хітраванкі не падабаліся творцу. Мусіць, таму Васіль Быкаў, даючы ў 1996 годзе інтэрвію журналісту Аляксандру Тамковічу, на пытанне адносна прычынаў свойго няўдзелу ў сустрэчы пісьменнікаў з Аляксандрам Лукашэнкам, якая тады адбывалася ў “чырвоным доме”, адказаў наступнае (цытую паводле кнігі В. Быкава “Крыжовы шлях”, Менск, Рэспубліканскі літаратурна-мастацкі фонд “ГРОНКА”, 1998) : “...Ніякага разумнага сэнсу я ў гэтай сустрэчы ня бачу...Колькі такіх сустрэч адбывалася раней?! І са сталінскім кіраўніцтвам, і з брэжнеўскім, і з машэраўскім. Мэта ў іх адна—паставіць на калені непакорных і падкарміць тых, хто гатовы служыць любой уладзе, любой ісціне, абы за гэта плацілі.”
Хаця, трэба зазначыць, Машэраў, насамрэч, стараўся матэрыяльна клапаціцца пра той жа самы беларускі пісьменьніцкі Саюз. Адна з праяваў такога клопату была новым Домам літаратару— прыгожы гмах, збудаваны паводле адмысловага архітэктурнага праэкту. Я ўжо не кажу падрабязна пра ўтрыманне дзяржавай Дому творчасці пісьменнікаў спачатку ў Каралішчавічах, затым—у Іслачы, пра першачарговае забесьпячэнне сябраў СП БССР жытлом ды прадастаўленую магчымасць для літаратараў мець дадатковы заробак праз бюро прапаганды Саюза пісьменьнікаў. Зараз такія сацыяльныя даброты й прэфэрэнцыі нашаму брату падаюцца проста фантастычнымі... Сёньня Саюз Пісьменьнікаў стараньнямі прэзыдэнцкай адміністрацыі расколаты на дзьве творчыя арганізацыі, ну а Дом літаратару ў майстроў слова адабраў яшчэ на пачатку свайго кіраваньня краінай Аляксандар Лукашэнка рукамі нахабнай, на палову крымінальнае аравы з Управы справаў прэзыдэнта. Менавіта— аравы. Менавіта--крымінальнай ды нахабнай. Узгадайце хаця суд у 2005 годзе над Галінай Жураўковай, якая ачольвала тую самую арганізацыю, успомніце прысваеньне гэтай паненкай сродкаў, што вылічваліся мільённымі сумамі ў даляравым эквіваленьце. Узгадайце, што да яе пасьля вынясеньня судовага выраку, урэшце рэшт, праявіў літасьць сам Аляксандар Рыгоравіч ды той самы вырак скасаваў уласным росчыркам самапіскі. Таму сёньня шмат каму стала да канца ясна: ўсё-такі меў рацыю Зянон Пазьняк, калі пасьля першых прэзыдэнцкіх выбараў зазначыў, што, маўляў, да ўлады дарвалася крымінальная банда, якая жыве і дзеіць, паводле крымінальных законаў. Мне тады гэты выраз падаўся вельмі сумнеўным, бо надта ўжо надакучыў Вячаслаў Кебіч, які аніяк ня мог справіцца з інфляцыяй ў эканоміцы і паўсюднай беднасьцю. Аднак час пацвердзіў, што Зянон Пазьняк меў адсоткаў на 90 рацыю ў той сваёй знакамітай харктарыстыцы, выдадзенай камандзе спадара Лукашэнкі. Бо, як вядома, караля робіць сьвіта, атачэньне. Хай нават у гэтым кантэксьце сам Аляксандар Рыгоравіч будзе сто разоў маральным чалавекам. Але ягоная заганная практыка—падбіраць у сваю “сьвіту” чыноўнікаў, паводле прынцыпу асабістае адданасьці—адноечы саслужыць спадару кіраўніку дзяржавы вельмі кепскую службу. Прыкладаў на гэты конт хапае і зь нядаўняй, і з больш аддаленай па часе гісторыі той жа Расеі, краінаў афра-азыяцкага рэгіёну ды Лацінскай Амэрыкі. Людзі ж могуць падумаць і так: маўляў, які поп, такі й прыход. Бо, насамрэч, навошта спадару Лукашэнку гэтыя ўсе жураўковы, рыбаковы, юрчыкі ды іншыя прахіндзеі? Ён жа іх ня пасьпявае рассаджваць па турмах! Няўжо зь ягоным досьведам і веданьнем чалавечае натуры Лукашэнка ня можа на вышнія, адказнейшыя ў Беларусі пасады падабраць талковых і адначасова сумленных, чыноўнікаў, адмыслоўцаў? Шкада, што на гэтыя пытанні пакуль няма адказаў...
Як няма зразумелых адказаў на тое, чаму Аляксандар Лукашэнка столькі разоў перайначваў прынятую ў 1994-м годзе дэмакратычным і законным шляхам Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Адна папраўка да Асноўнага Закону, другая папраўка, трэцьцяя, пакуль з яго не зрабілі фігавы лісток дзеля прыкрыцьця нечуваных амбіцыяў нашага прэзыдэнта. А колькі сумленных людзей апынуліся за кратамі толькі за тое, што яны адважыліся пратэставаць супраць фальсыфікацыяў розных, паводле маштабнасьці, выбараў ды рэфэрэндумаў! Колькі народу было пазьбівана да крыві на палітычных акцыях паліцэйскай машынай! Не шкадавалі грамілы ані жанчынаў, ані старых, ані замежных дыпляматаў, ані журналістаў... Улада ўзьняла руку на акадэміка Аляксандра Казуліна— кандыдата ў прэзыдэнты пад час выбараў 19 сакавіка 2006 году ды закратавала яго. Ну сказаў ён з высокай трыбуны тое, што думаў пра дзейнага кіраўніка дзяржавы. Ну дык што з таго? Чалавек, які пры такой уладзе, лічу, наогул павінен быць вышэй таго, што нехта там штосьці кажа на ягоную адрэсу. Вунь, эўрапейскія прэзыдэнты й канцлеры нават дазваляюць, каб на іх у газэтах-часопісах зьяўляліся карыкатуры. Бо не царская гэта справа на такія рэчы зьвяртаць увагу. Ёсьць этыка, якая павінна зыходзіць з высакародства ўладатрымальніка і якая не дазваляе яму станавіцца на адну дошку з тымі, хто ніжэйшы па рангу, хто ёсьць тваімі падданымі, уласна, дзецьмі тваімі. Выхоўвай словам, прыкладам... А калі турмы ў Менску пасьля тых самых выбараў сталіся ад палітзьняволеных перапоўненымі, калі заарыштаваных ды зьбітых звозілі закаванымі ў браню “МАЗамі”-аўтазакамі са сталіцы ў СІЗА №8 суседняга Жодзіна, то, натуральна, узьнікае пытаньне: ці далёка адыйшоўся прэзыдэнт-Лукашэнка ад Лукашэнкі-дырэктара саўгаса “Гарадзец”?
Зьбяром усе гэтыя ды іншыя акалічнасьці разам, яшчэ раз прааналізуем іх. Як ні круці, але вынікае: Пётар Машэраў, што дзеіў у часы адноснага росквіту партэйнай дэмакратыі, усё ж больш тонка разумеў, што такое прыстойнасьць і сьціпласьць публічнага дзеяча, які знаходзіцца на людзкім відавоку. Час паказаў: як бы там камусьці з нас, зь ліку сёньняшніх дэмакратычных палітыкаў, журналістаў і пісьменнікаў Машэраў не падабаўся, аднак, мы павінны прызнаць: гэта была выбітная палітычная асоба свайго часу, між іншым, вельмі адказная за сацыяльны бок жыцьця Беларусі і беларускага народу, а таксама за ўласны аўтарытэт у вачох народу.
Так, на фоне сапраўды маразматычных, хворых на псыхіку, небясьпечных уласнай непрадказальнасьцю для ўсяго Сусьвету чальцоў Палітбюро ЦК КПСС, Машэраў падаваўся рэльефнай постацьцю у межах свайго часу і сваёй эпохі. З усімі недахопамі і ўсімі перавагамі ён застаўся ў маёй памяці, як і ў памяці шмат якіх беларусаў, ахвяраю таталітарнай камуністычнае сыстэмы. Уласна, як Галадзед, Чарвякоў і Хацкевіч. Там ягонае мейсца. Такую эпоху нам, беларусам, разам зь ім, Машэравым, урэшце рэшт, наканаваў перажыць пан Бог, які і ёсьць Галоўным Творцам Усясьветнае і Беларускае Гісторыі. І тут няма чаго нам крыўдаваць “ не на тую гісторыю” або на свой, але “ня той, народ”. Вось і трагедыя Машэрава як палітыка палягае ў тым, што ён хацеў сумясьціць несумяшчальнае—служэньне беларускаму народу са служэньнем таталітарнай партэйнай сыстэме. Пры тым апошняй ён служыў пераканана, бо да самаахвярнасьці быў аддадзены камуністычнае ідэі. Ну, мусіць, так, як сёньня—аддадзеныя нацыянальнай ідэі Зянон Пазьняк або сацыял-дэмакратычнай—нябожчык Міхась Ткачоў, Алег Трусаў, Аляксандар Казулін, Аляксей Кароль, Уладзімер Нісьцюк, Павал Знавец, Мікола Статкевіч ці мае таварышы з Барысаву Аляксандар Абрамовіч, Марына Статкевіч, Сяргей Сакалоў, мая аднадумца й жонка Ларыса Грэбнева-Мікалайчанка, галоўны рэдактар незалежнай газэты “Барысаўскія Навіны” Анатоль Букас. Уласна, іх сёньня ці мала вось гэткіх людзей і ў Менску, і ў Барысаве, і ў іншых гарадох і рэгіёнах Беларусі. Як тут не згадаць пра барысаўскага заснавальніка маладзёвага руху “Зубр”, сябра міжнароднае асацыяцыі “Свабодная Беларусь” Зьміцера Бародку, тутэйшых дзеячаў Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Льва Марголіна ды Ігара Ледніка, народнафронтаўца Анатоля Аскерку. Тое самае я сьведчу і адносна праваабаронцаў ад Міжнароднае Асацыяцыі Абароны Правоў Чалавека Валеры Дунаева, Міколы Мекекі, Андрэя Дземідовіча, якія даволі часта дапамагаюць тым барысаўцам, чые правы парушаныя дыктатурай, дамагацца праўды праз суды і незалежныя СМІ. Мусіць, цэлую эпоху, сьціснутую ў пяць гадоў, я пражыў, працуючы з Жанай Літвіной на Радыё Свабода, ды й ствараючы Беларускую Асацыяцыю журналістаў—мы зь ёю былі сааўтарамі ідэі БАЖу і арганізоўвалі свае першыя ў краіне вольныя журналіскія клюбы яшчэ ў далукашэнкаўскі перыяд. Нас тады падтрымалі ПЭН-цэнтраўскія деячы—Васіль Быкаў, Карлас Шэрман, Валянцін Тарас, калегі-“свабодаўцы”– Віталь Тарас, Міхал Стэльмак, Алег Грузьдзіловіч, Віталь Цыганкоў, Уладзімер Глод, заснавальнік і галоўны рэдактар “Народнай Волі” Іосіф Сярэдзіч, заснавальнік і галоўны рэдактар агэнцыі БелаПАН, паэт Алесь Ліпай, уласны карэспандэнт прафсаюзнай газэты “Труд” Сяргей Ваганаў, уласны карэспандэнт «Сельской Жизни» Анатоль Гуляеў, галоўны рэдактар газэты “Свабода” Ігар Герменчук, які памёр у росквіце сваёй творчай моцы, а яшчэ Аляксандр Старыкевіч, уласны карэспандэнт «Известий», маскоўскі тэлежурналіст з ГРТ Павал Шарамет, былы судзьдзя Канстытуцыйнага Суду краіны Міхаіл Пастухоў, юрыст і журналіст Юры Тапарашаў... Я рад, што сябраваў, працаваў і бараніўся ад замахаў дыктатуры на нашыя правы разам з гэтымі людзьмі, якія ёсьць гонарам беларускае нацыі.
Якая яна, адданасьць ідэі, адданасьць Бацькаўшчыне? Гэта добра адчувае той жа палітык і журналіст Аляксандар Абрамовіч, лаўрэат прэміі Хартыі-97. Ён летам 2001 году, ратуючыся ад уладных апрычнікаў, зьехаў за мяжу, стаўся эмігрантам у ЗША, але потым вярнуўся назад у Беларусь, у Барысаў, каб працягваць змаганьне супраць дыктатуры, каб зноў стаяць з пратэстовымі плякатамі на палітычных акцыях у Менску ды Барысаве.
Так, я разумею адданасьць ідэі. Разумею, да слова, адчайнага ў палітычных учынках—яшчэ аднаго свайго добрага знаёмца, апазыцыянэра, дэпутата Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь 13 скліканьня былога камуніста, а цяперака журналіста Валерыя Шчукіна. Ён, сярод іншага, летам 2005 году з партрэтам Пятра Машэрава ў рукох выходзіў у цэнтар Менску ды пратэставаў супраць перайначваньня большай часткі таго самага сталічнага праспэкту, што да нядаўняга часу насіў імя вядомага беларускага камуніста. Там, на Паркавай магістралі, што пасьля гібелі Машэрава пачала насіць ягонае імя, я жыў у чацьвертым інтэрнаце БДУ пад час сваёй вучобы на адзіным тады ў рэспубліцы аддзяленьні журналістыкі...Гэта былі мае самыя шчасьлівыя гады жыцьця...
Тое, што Аляксандар Лукашэнка так балюча ўдарыў па машэраўскае памяці, па сям’і той жа Натальлі Пятроўны Машэравай, не дадасьць галаве дзяржавы павагі ў вачох народу. І ўсе спробы выкінуць Машэрава з памяці беларусаў проста сьмешныя...
Цікава, ці паўторыцца ўжо ў нашу пакручастую постсавецкую эпоху гібельная для большасьці першых палітычных асобаў Беларусі тэндэнцыя, ці зьлітуецца лёс з першага, абранага летам 1994 году дэмакратычным чынам беларускага прэзыдэнта, які “вынайшаў” ужо ўзгаданы мною новы грамадзка-палітычны лад—рынкавы сацыялізм?
3
У прыватнасьці, рынак у Барысаве рэпрэзэнтаваны шасьцю базарамі—трыма харчова-рэчавымі і трыма выключна рэчавымі. Бо прамысловыя прадпрыемствы, хаця й маюць найменьне адкрытых акцыянаваных таварыстваў, на справе, ёсьць дзяржаўнымі, таму як менавіта дзяржава валодае так званай “залатой” акцыяй. Гэта азначае, што без узгадненьня зь ёю, дзяржавай, нельга зрабіць аніводнага больш-меньш самастойнага кроку таму ж калектыву, таму ж праўленьню АТ, таму ж дырэктарату.
На барысаўскіх базарах гандлююць каля пяці тысячаў дробных камэрсантаў, у асноўным тыя, каго і сёньня клічуць чаўнакамі. А гандлююць яны прывезенымі з Расеі таварамі таксама пад пільным сачэньнем гарадзкой, абласной і рэспубліканскай адміністрацыяў. Адзін з намесьнікаў старшыні гарвыканкаму Мікалай Чарняўскі, якога, дарэчы, нядаўна пазбавілі высокага службовага крэсла, мне ў дні сьвяткаваньня 900-х угодкаў Барысава прызнаўся:
--Хоць ты галавою біся аб сьценку, аднак не дабірае гарадзкі бюджэт ад прыватнае прадпрымальніцкае ініцыятывы. У выніку кошты тавараў “кусаюцца” нават на нашых базарах. Да таго ж у камэрсантаў не заўжды разнастайны асартымэнт. Не заўжды якасьць на вышыні. Таму барысаўцы змушаныя ісьці ў дзяржаўныя крамы, унівэрмагі ды супэрмаркеты. Такое, самі разумееце, больш стратна для іхных пулярэсаў, -- тлумачыў сытуацыю гэты сымпатычны з зычлівай усьмешкай малады яшчэ чыноўнік, якога тутэйшыя прыватныя гандляры працяглы час называлі “намесьнікам мэра па нашых страйках”.
Сапраўды, менавіта ён, Чарняўскі, пад час даволі частых прадпрымальніцкіх страйкаў разьбіраўся з базарнымі скандаламі паміж “чаўнакамі” і ўладамі. Бо ўчора, скажам, раённай «вэртыкалі” трэба было прымусіць гэтых “блыхастых вошаў” ськінуцца на пасяўную кампанію, а сёньня ўжо гарадзкі выканкам патрабуе ўнесьці пай на рэканструкцыю цэнтралёвых кварталаў Барысаву. Да ўсяго, сама дзяржава абставіла гандаль базарны рознымі патрабаваньнямі—напрыклад, мець касавыя апараты, мець дадатковыя сэртыфікаты якасьці і санітарнай надзейнасьці ці не на кожную рэч, якая спачатку прадавалася на расейскіх ці беларускіх аптовых базах і ўжо была сто разоў правераная паводле ўсіх парамэтраў...
Мікалай Чарняўскі добра ўяўляў адну рэч: нельга, каб прыватныя гандляры баставалі працяглы час, затармозіцца торжышча— не дабярэ гарадзкі бюджэт падаткаў. А ці не з тых падаткаў выплочваюцца зарплаты бюджэтнікам, якія таксама ня дужа шыкуюць—пэдагогам, мэдыкам, нязначным па рангу службоўцам зь дзяржустановаў? Чыноўнік Чарняўскі разумеў: ён сам яшчэ можа неяк адгарадзіць дробную камэрцыю ад нікому не патрэбных налётаў і рэвізыяў тутэйшых падатковых інспэктараў, фінансавых паліцыянтаў, “звычайных” міліцыянтаў. Бо ўсё ж нельга рэзаць куру, якая нясе залатыя яйкі. Аднак афіцыйны Менск цісьне на дробны бізнэс новымі падаткамі й выплатамі. Таму спадару Чарняўскаму даволі доўга даводзілася круціцца між двума жорнамі: і сталічнаму начальству дагадзіць, і “чаўнакоў” ратаваць ад разору-банкруцтва. Нейкі час яму такое ўдавалася. Аднак вясной 2003-га давялося сыйсьці зь ”вэртыкалі”—ня трапіў у ласку высокаму начальству...
Так што лёс чыноўніка цялячы: ня тое дзесьці мыкнуў-хмыкнуў, ня так зірнуў у бок таго, хто па-над табою на “віток” вышэй—і, калі ласка: далоў зь “вэртыкальнага” даху—ня псуй гонту!
А што ж застаецца рабіць тым барысаўцам, якія стараюцца зьвесьці канцы з канцамі, але такой магчымасьці ў Барысаве ня маюць? Ды вось што—землякі стараюцца на так званых лецішчах, а прасьцей—на сядзібах састарэлых бацькоў, вырасьціць нейкую бульбіну й бурак з цыбулінай. Ну а той, хто гэткай магчымасьці ня мае, адраджае так званыя “харчова-рэчавыя электрычкі”—гэтае спараджэньне савецкай эпохі дыфіцытаў 70—80-х гадоў 20-га стагодзьдзя.
...Заўзяты іхны адраджэнец— мой знаёмы Анатоль Хамічоў—адносна малады вайсковы пэнсыянэр, які ўдадатак да свайго пэнсыёну атрымлівае за працу ў ахове аднаго з барысаўскіх прамысловых прадпрыемстваў ВПК. Жонка ягоная—пэдагог, сын—школьнік, дачка—студэнтка БДУ. Агульнага бюджэту ледзь хапае, каб прахарчавацца, заплаціць за камунальныя паслугі, матэрыяльна дапамагчы дачцы ды з большага прыстойна апрануцца-абуцца. Набыць нейкую нават карыстаную іншамарку маёру-пэнсыянэру ня выпадае.
--На электрычцы езджу ў прыгарад Менску на рынак “Ждановічы”. Там больш танныя прадукты харчаваньня. На—сорак адсоткаў, чым у дзяржкрамах Барысава і працэнтаў на дваццаць, чым на барысаўскіх рынках. А некаторыя крупы, дык—у паўтары разы дзешавейшыя, -- распавядаў неяк Анатоль.
--Дарога туды-сюды акупляецца?
--Акупляецца, калі прывожу дахаты харчу на тыдзень-другі... Ну і вопратку з абуткам можна падабраць, калі гэтак месяцы за два да сэзону, ці не ў два разы больш танную, чымся ў Барысаве. Да таго ж, паўтараю, там усё лепшае па сваёй якасьці, больш дыхтоўнае, больш носкае...
Аднак гэткія вось, як Анатоль, у Барысаве цяперака лічуцца заможнымі. Але што такія вось людзі будуць рабіць, як будуць выжываць, калі й на сталічным рынку «Ждановічы” цэны рана ці позна зраўняюцца з барысаўскімі коштамі на тавары ды паслугі? Пакуль што адказу на гэтае пытаньне беларускі ўладны істэмблішмэнт не дае.
![]() |
Home >> Select Country >> Беларусь >> Книги >> БАРЫСАЎСКІЯ КРОНІКІ НАЙНОЎШАЙ ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ >> 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 << |
| Select Country |
|
|
|
[an error occurred while processing this directive] |