Алесь Мікалайчанка (Николайченко Александр Сергеевич):
БАРЫСАЎСКІЯ КРОНІКІ НАЙНОЎШАЙ ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ


 

--Ад каго залежыць ажыцьцяўленьне падобнага сцэнару?

І. Л.: Толькі ад чальцоў выбарных камісыяў, якія фармуюцца выключна “вэртыкальлю”. І мы не павінны дапусьціць удзелу ў маючых адбыцца выбарах, давыбарах, мажлівым рэфэрэндуме тых чальцоў камісыяў, якія ў нас “на алоўку”.

--Прабачце, а што Вы зьбіраецеся тым алоўкам пісаць або маляваць?

І. Л.: “Шэрую Кнігу фальсыфікацыяў на выбарах”. Туды будуць унесеныя прозьвішчы асобаў, хто да такога злачынства пэрсанальна мае прамыя адносіны. Так, паводле вынікаў апошніх мясцовых выбараў у “Шэрую Кнігу” ўвайшоў практычна ўвесь склад гарадзкое тэрытарыяльнае выбарчае камісыі: Балтоўская М. А., Календа С. Г., Стасава Т. П., Лужкоўская Г. А., Лукашоў Ю. А., Максімаў Л. Л., Няхайчык М. М., Пячурова С. Г., Рымша В. Д., Ужова Г. А., Шык В. П., Шутко В. М. (старшыня). А яшчэ чальцы 16-й участковай камісыі: Аношка А. К. (старшыня), Вялікахацька В. М., Гарэлікава А. В., Ковава Н. А., Каласок Л. В., Капыток А. І., Кашэўскі Г. І., Пастухоў В. Н., Смольскі Ю. В., Тоўсьцік С. А., Чыжоўская В. Н.

--Што чакае гэтых людзей у выпадку зьмяненьня палітычнага клімату ў краіне?

І. Л.: Крымінальная адказнасьць за ўдзел ва ўтрыманьні дзяржаўнае ўлады крымінальным, пазаканстытуцыйным шляхам. Гэткага кшталту злачынствы ня маюць тэрміну даўніны. “Шэрая Кніга”, якая складаецца, рана ці позна дапаможа аднавіць справядлівасьць. Дарэчы, факты фальсыфікацыяў, якія мелі мейсца на апошніх выбарах у гарсавет, пацьверджаныя дакумэнтальна міжпартэйнай экспэртнае камісыяй, яны ўнесеныя ў міжнародны маніторынг. Тэтыя сьведчаньні ёсьць таксама падмуркам дзеля забароны ўезду парушальнікам выбарчага права і чальцам іхных сем’яў у краіны Эўразьвязу і ЗША...

--Што Вы жадаеце сказаць на адрэсу барысаўскіх выбарнікаў?

І. Л.: Уся нашая праца, ськіраваная дзеля абароны правоў барысаўцаў на легітымную ўладу праводзіцца ў рамках праваабарончага руху “Народаўладзьдзе”. Мы ня зьменім сытуацыю да таго часу, пакуль кожны з нас не прыкладзе свае намаганьні, каб усталяваць кантроль над выбарчай сыстэмай у нашым горадзе. Заклікаю барысаўцаў ды жыхароў рэгіёну браць удзел у наступных выбарах дзеля падтрымкі дэмакратычных кандыдатаў.

Запісаў Сямён РЫНДА

“Барысаўскія Навіны”, 29ліпеня—4 жніўня 2004 году 

 ЗАМЕСТ ЭПІЛЁГУ,

 АБО ФАКТАР МЯЖЫ Ў МАІМ РОДЗЕ-ПЛЕМЕНІ

 ЦЯГАМ МІНУЛАГА СТАГОДЗЬДЗЯ 

 (споведзь чыноўніцы, запісаная аўтарам кнігі)

Я, Ліля Мікалаеўна Паяркава, нарадзілася ў Менску ў сакавіку 1941 году.

А ў першыя дні Другой Усясьветнае вайны мае бацькі—вайсковы лётчык Мікалай Піліпавіч Белабровік ды Раіса Іванаўна Белабровік, якая прайшла добрую лётную вывучку ў клюбе АСААВІАХІМу, пайшлі ваяваць, бараніць нябёсы Савецкага Саюзу ад нямецкіх фашыстаў. Ну, а мяне і маю старэйшую сястрыцу Люду тады ж  эвакуявалі ўглыб Расеі, у Сызрань. Тамака мы, дзеці, што належыли да катэгорыі малечы, у якіх татка і мамка ваявалі на фронце, знаходзіліся пад адмысловым дзяржаўным патранажам. Карацей, нас кармілі, даглядалі ды распавядалі, якія яны героі—нашыя татуля й матуля.

Цікава, што маці пілатавала знакаміты жаноцкі «ціхаход” У-2. У тым самым славутым палку, дзе білі немцаў «начныя вядзьмаркі». Такое найменьне гэтым адважным маладзіцам, сярод якіх былі й беларускі, далі фашысты. Ужо з вайны, пасьля Перамогі, у Барысаў мама, па-першае, прывезла з савецкага тылу сваех дзяцей, бо заехала за намі ў тую Сызрань. А, па-другое, прыехала да бабулі  ўзнагараджаная ордэнам Чырвонае Зоркі ды медалямі. У бацькі, мусіць, было ўзнагарод паболей. Але іх мы ня ўбачылі. Таму што Мікалай Піліпавіч вырашыў працягваць службу ў ВВС Савецкага Саюзу ў Літве. Куды адразу ж і зьехаў пасьля заканчэньня баявых дзеяньняў. Так мы й засталіся на цэлае жыцьцё ў Барысаве, у доме нашых старых Жалкевічаў—бабулі Любові Васільлеўны (ураджэнкі вядомага ў Беларусі шляхецкага роду Лісоўскіх) і дзядулі Івана Хведаравіча— педагогаў ад Госпада…

Я тады, паколькі была яшчэ малая, не магла нават і падумаць, што Радзіма або Дзяржава, у імя якой і за якую ваявалі мае бацькі, дзеля якой яшчэ раней бабуля адмовілася ад свайго шляхецтва ды пайшла праз даўгія гады разам зь дзедам-разначынцам несьці сьвятло ведаў у беларускі народ, для сыноў і дачок каторага я ўжо як донар не шкадавала сваёй крыві, дык вось гэтая Дзяржава адплоціць прама ці апасрэдаванна, але ўсім, кожнаму  савецкаму пакаленьню нашага роду, чорнай няўдзячнасьцю. А больш дакладна—Мяжою. Гэта Мяжа будзе й нас дзяліць без нашага на тое дазволу на правых і вінаватых, добранадзейных і не надзейных, здраднікаў і герояў. Ды Мяжа гэтая ці не стагодзьдзе тварыць усім нам жорсткі перасьлед будзе. Нават—тады, калі з мапы Эўропы і Азіі зьнікне Савецкі Саюз, яго, памятаю, амэрыканскі прэзыдэнт Рональд Рэйган назаве імпэрыяй зла. 

1.

З чаго пачалася трагедыя нашае сям’і?

Напэўна, з 1911 года, калі на Бястужаўскіх настаўніцкіх курсах у Санкт-Пецярбурзе прадстаўніца вядомага шляхецкага беларускага роду Любоў Лісоўская з Барысаву сустрэла свайго зямляка-разначынца Івана Жалкевіча. Маладзёнаў паяднала гарачае пачуцьцё сеяць разумнае, добрае й адвечнае ў забітым і прыгнечаным царызмам беларускім народзе. Потым яны пакахалі адзін адно ды вырашылі пабрацца шлюбам. Тым больш, Іван зь Любаю ехалі працаваць у школы  свайго краю. Больш дакладна -- у вёскі Рагатка й Халхоліца.

Тады супраць замужжа Любові суцэльнае сьцяною паўсталі ўсе Лісоўскія. Потым бабуля раскажа нам, сваем унукам, як іхныя прадзеды-паны ўгаворвалі дачку на сваёй адмысловай нарадзе не псаваць радаводу. А калі Люба ўсім адказала, што яна лепей пойдзе на эшафот, чем выйдзе замуж за нялюбага, то ёй Лісоўскія абвесьцілі:

--Прымай гэтага беднага чалавека, прымай вобраз ягонага жыцьця, а пра нас забывайся. Бо між намі цяперака—саслоўная мяжа.

Праўда, Лісоўскія былі нядробязнымі людзьмі: у Барысаве яны купілі для маладых сярэдніх памераў дом з надзелам зямлі пад сад-агарод. Маўляў, ня жадала жыць як пані, жыві, як гарадзкая мяшчанка, уласнай працай. Сама ж выбрала свой лёс, нікога ня слухала...

Вось так упершыню ў нашай сям'і прагучэла слова «мяжа». І, насамрэч, гэтую Мяжу, як лёс, як нешта дадзенае адноечы і назаўжды, выбрала менавіта бабуля. Ідэя ўдзелу з каханым чалавекам у будаўніцтве новай Беларусі сталася шматкроць больш моцнай чымсьці шляхоцкія традыцыі ды родавыя табу.

А тут неўзабаве й кастрычніцкі пераварот грымнуў, які некалькі пакаленьняў савецкіх людзей называлі Вялікай Кастрычніцкай Сацыялістычнай Рэвалюцыяй. Род Лісоўскіх пачаў распадацца і размяжоўвацца ў віхуры грамадзянскае войны. Нехта зьехаў у эміграцыю—Польшчу, Ангельшчыну, ЗША.  Нехта, як адзін брат прадзеда Павал, паўстаў на бок бальшавікоў, іншыя-- на бок белай арміі.

Падтрымалі новую ўладу і Жалкевічы, якія ‘шчэ ня ведалі, што бальшавікі прынясуць народу неймаверныя пакуты ды выпрабаваньні.  Дзядуля нават ваяваў за чырвоных на франтах грамадзянскае вайны. Ён, між іншым, потым дарос да дырэктарства 13-е школы роднага гораду. Хаця ў камуністы не запісваўся—быў з бабуляй усяго толькі іхным спачувальнікам. І ўсё ж, гэты чалавек у нашым горадзе справядліва лічыўся сумленным кіраўніком і таленавітым педагогам.

Калі ў Беларусь прыйшла Другая Усясьветная вайна, дзядуля на фронт не патрапіў праз свой паважны век. Разам з бабуляй ён вырашыў перабыць акупацыю ў родным горадзе.  Але ціха перачакаць чорныя дні не пашэнціла. У нашым і яшчэ адным доме на вуліцы Лапаціна немцы ўтварылі габрэйскае гета, папярэдне выкінуўшы адтуль гаспадароў. Бабулю й дзеда ў цяжкую небясьпечную гадзіну прынялі нашыя састарэлыя Лісоўскія. Урэшце рэшт, шляхцюкі вырашылі, што пад нямецкай акупацыяй ня выпадае, каб доўжыць свае саслоўныя разбіральніцтвы з дачкой ды зяцем. Ну а самыя Жалкевічы іншым разам наведвалі свой кут ды бедалагам-габрэям, якім была перадвызначаная гібель ад фашыстоўцаў, дапамагалі чым толькі маглі—нейкім бліснулі злосныя агеньчыкі.

Калі б ведаў мой дзед Іван, чым гэтае заступніцтва абернецца яму. Праўда, немцам сусед скардзіцца на дзеда ня стаў, але калі нашыя вызвалілі горад, накрэмзаў данос у НКВД. Прыпісаў Івану Жалкевічу сувязь з немцамі. Між іншым, паліцыянт адразу пасьля вызваленьня горада ад акупантаў выправіў з дапамогай родзіча, які працаваў у гарадзкім пашпартным стале, дакуманты і цяперака зь іх вынікала: паліцай тутака быў мірным грамадзянінам сталага веку, а ў паліцыі служыў таму, што спачуваў харчам, вопраткай, абуткам. Адноечы дзед, праходзячы па ўзгаданае вуліцы, убачыў, як адзін зь ягоных суседзяў, паліцыянт, блізу дому-гета зьбівае за нейкія правіны пажылага габрэя. Дзед падыйшоў да яго і сурова сказаў:

--Як табе ня сорамна, браце, здзеквацца з гэтага старога! Пашкадуй яго, адпусьці—ён і так пакутвае ў гета...

Паліцай перастаў зьдзеквацца з габрэя—толькі ў вачох партызанам ды Чырвонае Арміі. А вось мой дзед, наадварот, нечакана зрабіўся замаскаваным фашыстоўскім халуём. Праўда, за Івана Хведаравіча заступіліся сапраўдныя падпольшчыкі, якіх некалі вучыў і выхоўваў у школе наш стары. Таму ў 1945-м знакамітая “тройка” у якасьці асобнае міласьці асудзіла Івана Жалкевіча усяго толькі на пяць год лягераў суворага рэжыму з наступным пяцігадовым паражэньнем у правох (высылка).

Дзд вянуўся дамоў летам 1954-га. У яго на рукох была даведка №11897 ад 31 травеня таго ж самага году: маўляў,  «справка выдана Жолкевичу Ивану Федоровичу 1888 года рождения, уроженцу с. Жодино Минской области, гр-н СССР, по национальности белорусс, осужденному 18 июля 1945 года особым совещанием при НКВД СССР по ст. 63-1«а» УК БССР к лишению свободы на пять лет и находившегося в ссылке в Красноярском крае в том, что он на основании указания МВД и Прокуратуры Союза ССР от 24 апреля 1954 года из ссылки освобожден 18 июня 1954 года со снятием судимости в соответствии Указа Президиума Верховного Совета СССР от 27 марта 1953 года. Следует к месту жительства в гор. Борисов Минской области.»

 Гербавая пячатка Управы МУС по Краснаярскім краі. Подпісы адказных асобаў.

Пачыналася пасьлясталінскае пацяпленьне і аднаўленьне несправядліва асуджаных у іхных правах. Сярод такіх быў мой дзед, які памёр у 1958 годзе. Вось так, гартаваным жалезам, не заглядваючы ў сьвятцы, дзяржава паспрабавала правесьці Мяжу паміж Чалавекам, які жыў дзеля асьветы беларускага народу, і самым народам.

2.

Маці вярнулася з фронту вясёлай аптымісткай. Уласна, тады гэткімі былі ўсе тыя людзі, якія не па свайму волевыяўленьню былі кінутыя ў сусьветную мясарубку, але прыйшлі адтуль, каму пашэнціла, пераможцамі. З мамай, між іншым, было заўжды цікава. Бо вельмі часта яна распавядала нам пра тое, як у начных вылетах бамбавала варожыя цягнікі з жывой сілай ды вайсковай тэхнікай на чыгуначных станцыях, як нішчыла пантонныя пераправы фашыстаў цераз вялікія і малыя рэкі. Як аднойчы, у 1944-м годзе ейны самалёт загарэўся пасьля таго, калі снарад нямецкае зяніткі патрапіў ў машыну, як лейтэнанту Раісе Белабровік усё-такі ўдалася дацягнуць да свайго тылу, пасадзіць “У-2” на калгасным полі. Экіпаж уратаваўся, мама атрымала лёгкую кантузію, але вінтакрылы працаўнік згарэў да вызнаньня.

-- Шкада было самалёціны, добрая была паветраная кабылка, -- узгадвала мама.

Але больш ад усяго яна шкадавала загіблых сябровак. Таму заўсёды з выпадку нейкага таго ці гэтага савецкага сьвята яна за столом першы келіх уздымала за памяць франтавых дзяўчатак, што загінулі ў паветраных “разборках” з фашыстамі, не дацягнулі да сваех аэрадромаў.

У той час абылганы колішнім паліцыянтам дзед пачынаў адбываць ці малы тэрмін у адным з ГУЛАГаў Краснаярскага краю ў Расеі. Мама, натуральна, пасылала скаргі ў розныя ўстановы ды інстанцыі, у тым ліку і ў Маскву, даказвала, што пад час вайны дзед, як мог, маральна і матэрыяльна дапамагаў людзям перажыць ліхалецьце. Але адказваць на ейныя лісты чыноўнікі й ня думалі. Паводле сталінскай ідэялягічнае фармулёўкі савецкі чалавек павінны быў усьвядамляць: ён ёсьць усяго толькі шрубчыкам у вялікае дзяржаўнае машыне. Калі ж такі шрубчык трапляе пад падозраньні, то яму адна дарога—у пераплаўку...  

Маці чакала свайго мужа, афіцэра. Урэшце рэшт, павінен ён выбраць нейкі час ды прыехаць на кароткатэрміновую пабыўку дамоў, каб прылашчыць жонку і дачушак, урэшце рэшт, забраць родных-блізкіх з сабою ў тую самую Літву. Але здарылася нечаканае-неспадзяванае. Бацька прыслаў нам страшэнны ліст, зь якога вынікала, што адмаўляецца ад уласнае жонкі й дзяцей. Татка, баявы лётчык, які ў маех і Людчыных вачох быў героем і якім мы ганарыліся, нечакана абвесьціў маці: маўляў, ён ня можа забраць яе з малымі ў Каўнас, дзе працягвае службу ў Ваенна-Паветраных Сілах СССР. Маўляў, цесьць, гэта азначае наш дзядуля, вінаваты. А таму кадраваму афіцэру не па дарозе з прамымі родзічамі “ворага народу”. Бо такія акалічнасьці здольныя сапсаваць ягоную анкету і службовую кар’еру.

-- Бог яму судзьдзя. Нічога, дзеці, абыйдземся самі. Нам здраднікаў ня трэба, -- сказала, як адрэзала, мама і запаліла «беламорыну”, хаця ніколі раней ня ўжывала тытуню.

А ноччу мы зь Людкай прачнуліся ад таго, што маці стагнала ды наўзрыд плакала. Маму можна было зразумець: насамрэч, яна праваявала, як і ён, на фронце, выжыла, як і ён, у грозных ваенных нябёсах, а во самага першага выпрабаваньня мірнага часу чалавек ня вытрымаў. Як жыць бяз мужа? Як выхоўваць дзяцей? 

Праз дваццаць пяць год бацька будзе прасіць маму, якая пастарэла, каб яна прыняла яго ў сям’ю. Але мы ўсе разам вырашым: яму, ня гледзячы на ўсе заслугі перад краінай, няма мейсца блізу хатняга агменю, дзе нават у самыя складаныя часіны заўсягды пульсавала чалавечае цяпельца .

--Ты нам ні словам, ні рублём не дапамагаў. Ты, як падлюка, кінуў нас на злую волю злога лёсу. Выракся. Нават шляхцюкі Лісоўскія не былі такімі жорсткімі, як ты, калі ў свой час адлучылі ад сябе няслухмяную дарослую дачку—усё ж далі ёй набытак, зь якога яна пачала сямейнае жыцьцё. А нашага “ворага народу”, сьветлая яму памяць, ты проста ня варты, хаця й маеш узнагароды, якіх у нябожчыка дзеда ня мелася... Дарэчы ў бабулі пасьля суду "особого совещания" над дзедам улады аднялі сьціплы настаўніцкі пенсіён. І маці трэба было працаваць, ня складаючы рукі, каб пракарміць сямю.

Так сказалі мы гэтаму чалавеку. Мы не маглі яму дараваць здраду.

Дарэчы, у 1946 годзе маму ўзялі выбракоўшчыцай на мясцовы хлебазавод (цяперака камбінат хлебапродуктаў). Дырэктар прадпрыемства, колішні камандзір партызанскага атраду ды інвалід Павал Солдык ня зважыў на тое, што ейны дзед утрымліваўся ў ГУЛАГу. У Барысаве ведалі: Раіса Белабровік – вэтэран вайны,  камуністка, а бацьку былы сусед проста адпомсьціў. Тады мясцовыя кіраўнікі, нярэдка самі параненыя, пакалечаныя на вайне, добра ўяўлялі, у які час жывуць, а таму шкадавалі людзей, якіх ведалі, ратавалі іх ад “хапуну” і ад наступстваў “хапуну”. Шмат каму з барысаўцаў не падабалася палітыка   крывавага Джугашвілі, ськіраваная на раскол у грамадзтве. Нягледзячы на "хапун" і запалохваньні, іншыя чыноўнікі спрабавалі выступіць супраць той палітычнае Мяжы, якую Сталін ды сталіністы насаджалі ў грамадзтве. Лепшыя людзі, а не дыктатар, мелі рацыю, паколькі краіну трэба было кансалідаваць, уздымаць з руінаў, аднаўляць эканаміку... Цяпер я разумею, як і чым рызыкаваў  Павал Солдак, які адкрыта паспрыяў, каб маю маму, хай сабе й дачку “ворага народу”. Аднак фронтаўку, добрую работніцу хлебазоводу, актывістку ДАСААФ ( а яна тады ў мясцовым аэраклюбе зхітравалася, акрамя ўсяго іншага, зрабіць дзесяць кідкоў з парашутам, пра што сьведчыць адмысловы дакумант) у 1950 годдзе высунулі ад калектыву прадпрыемства ў Барысаўскі гарадзкі савет дэпутатаў 3-га скліканьня. Між іншага, яна з таго часу хадзіла ў дэпутатах больш дзесяці гадоў...

3.

Быў сакавік 2002 году. Група гарадзкіх чыноўнікаў рабіла праверку гатовасьці места дзеля прыстойнае сустрэчы 900-годзьдзя Барысаву. Начальнікі тутэйшага рангу зазірнулі і на маё падвор’е. 

--Паслухайце, паважаныя гаспадары, -- сказалі яны майму мужу Віктару Васільлевічу, які йшчэ дзіцем зьведаў усе “перавагі” ды “зручнасьці” фашыстоўскіх канцлягераў. - Ваш гнілы хляўчук блізу агароджы трэба зьнесьці. Ён псуе архітэктурны выгляд гістарычнае часткі гораду. І мы адказалі, што на мейсцы гэтае гнілухі плянуем ставіць лазьню, але пакуль што ў нас няма дазволу.

--Тады гэты дравянік прыбярыце. А вось лазьню, калі ласка, будуйце. Яе гарвыканкамаўскія структуры прымуць па факце, -- пачулася ў адказ.

Мы так и зрабілі. Але ня ўсё сталася гэтак проста, як нам абяцалася.

Дзесьці праз год да нас зьявілася прадстаўніца адзьдзела архітэктуры і горадабудаўніцтва гарвыканкаму. Маўляў, вы, Паяркавы, узводзіце новы аб’ект незаконна і таму на нас трэба складаць адмысловы пратакол. І вас чакае штраф. Я запярэчыла. Паказала пісьмовы адказ інжынэра-брыгадзіра бюро тэхнічнай інвэнтырызацыі В. Залескага, які я атрымала яшчэ ў 1972 годзе. Там было напісана: "У выніку абмеру вызначана, што парушэньняў межаў Вашага зямельнага ўчастка ня ўстаноўлена і прамеры межаў участка адпавядаюць тэхнічнаму пашпарту.” Гэты афіцыйны дакумант, хай сабе й напісаны трыццаць гад таму ды яшчэ ў сухім канцылярскім стылі, паказваў на тое, што зямля знаходзіцца ў нашым уладаньні законна. І на гэты конт ёсьць тэхнічны пашпарт.

Аднак прадстаўніца архітэктурнай галіны знаёміцца з тэхпашпартам не пажадала. І зазаначыла, што мы павінны мець Дзяржаўны акт дзеля карыстаньня зямлёю. Гэта, па-першае. Па-другое, лазьня будуецца без дазволу. Таму нас, паводле ейнага цьвёрдага перакананьня, неабходна правучыць штрафною санкцыяй. І склала пратакол на дзесяць “мінімалак”.  Штраф, натуральна, мы заплацілі. Але атрымліваецца, што нас падманулі, як маленькіх дзіцяняткаў: адзін чыноўнік, які быў у кампаніі іншых сваех калегаў увесну 2002 году на нашае сядзібе, сказаў адно, а гэтая архітэктурная пані кажа зусім іншае.

Я тады працяглы час з крыўдай у душы думала: за што мяне, унучку тых, хто сталяваў Саветы ў Барысаве, дачку пераможцаў-франтавікоў, мяне, Ганаровага донару СССР, БССР і Республікі Беларусь, а таксама майго мужа, малалетняга вязьня фашыстоўскіх канцлягераў, вось так адзьдзячыла нашая, нібыта незалежная й дэмакратычная Беларусь? Чаму прыкладам рукамі вось гэтае чэрствае чыноўніцы парацягвае камень да каменю працягвае складвацца між нашым пачэсным родам і Дзяржавай Мяжа? Як доўга будзе працягвацца гэтае супрацьстаяньне між Чалавекам, які сэрцам і розумам служыць Дзяржаве, і той бессардэчнае Бюракратыяй, што мкнецца ўвасабляць Дзяржаву? 

...Чамусьці згадалася вясна 1956 году. Тады мне споўнілася 15 год і я, як мільлёны савецкіх юнакоў і дзячатак, падала заяву наконт уступленьня ў праслаўленыя шэрагі Усесаюзнага Ленінскага Камуністычнага Саюзу Моладзі. Спачатку—у пярвічную школьную арганізацыю. Сакратар “пярвічкі”, яго па-мойму клікалі Петраком, праз колькі дзён пасьля таго з перапалоханымі вачыма падбег да мяне на перапынку між заняткамі і на адным дыханьні выпаліў:

- У гаркаме камсамолу мне загадалі, каб ты сваю заяву забрала назад. Ня можна цябе прымаць у Саюз моладзі, бо дзед твой ёсьць “ворагам народу”...

- Ды які ён вораг, мой дзядуля, калі яго асудзілі несправядліва, да таго ж зь яго знялі судзімасьць?! – закрычэла я ды заплакала ад крыўды. Далоні мае міжволі сьціснуліся ў кулакі—і я ледзьве не накінулася на беднага дурнаватага Петрачка.

Пра гэта я распавяла маці. І яна паабяцала мне ва ўсіх акалічнасьцях гэтае справы разабрацца. Дарэчы, разьбіраліся мы з гэтым дзікунствам некалькі месяцаў, цягам каторых я двойчы падавала заяву наконт прыёму ў камсамол. Але адноечы мама не стрывала і грукнула кулаком па сталу нейкага парткіраўніка ды паабяцала таму дайсьці да самога Хрушчова, які развянчаў культ асобы Сталіна. Між іншым, мама тады была дэпутатам гарсавету і зь ёю лічыліся...

А праз год я дадала пару гадоў да свайго веку і наважылася ўпершыню ў жыцьці здаць уласную кроў пацярпелым пасажырам аднаго аўтобусу, які перакуліўся падчас пад’езду да вёскі Барок. На той момант аднаму з пацярпелых ад моцных апёкаў неадкладна спатрабавалася кроў менавіта 2-й групы з адмоўным рэзусам. З таго моманту цягам цэлага сьвядомага жыцьця з перыядычнасьцю раз на квартал я пастаянна здавала кроў—усяго 140 разоў.

Загадвала канцылярыяй тэкстылёвага камбінату Белкаапсаюзу. Разам з мужам Віктарам Паяркавым мы нарадзілі ды выхавалі дваіх дзяцей. Дачка, як і я , чыноўніца, працуе ў сельгасуправе аднаго з аблвыканкамаў краіны. Сын—адмысловец лясной гаспадаркі. Яны сумленныя талковыя і добрыя душою ды сэрцам людзі.

Натуральна, чыноўнікі—розныя. Ёсьць сярод іх такія як тая самая “архітэктурная” пані, жорсткая жанчына, у якой ад жанчыны ўсяго толькі зьнешнасьць. Ёсьць сярод нашага брата і гэткія як ейны начальнік, кіраўнік аддзелу архітэктуры і горадабудаўніцтва, які, шчыра гледзячы мне ў вочы, зь нейкай нянавісьцю сказаў жорсткія словы: маўляў, твае пытаньні наконт аднаўленьня Дзяржакту валоданьня прысядзібным участкам будуць прасоўвацца вельмі запаволена. Маўляў, трэба правучваць тых, хто падае голас супраць улады.

Аднак я не хачу кідацца і ў іншую крайнасьць, не хачу казаць, што ўсе чыноўнікі вось гэткія вылюдкі.

Што я магу кепскага сказаць пра загадчыка аднаго з адзьдзелаў Барысаўскага гарвыканкаму  Аляксандра Міронава або начальніка адзьдзелу вунітарнага прадпрыемства “Жытло” Мікалая Шулепава? Гэта ж яны разам з журналістамі незалежнай газэты “Барысаўскія Навіны” здолелі летам 2004 году арганізаваць рамонт ліўневай каналізацыі, што праходзіць амаль пад самымі вокнамі майго дому па вуліцы Лапаціна. Цяперака ліўнёўка хаця не залівае мой панадворак пасьля дажджоў ды растайваньня снягоў...

Адно толькі сумна ўсьведамляць, што між рэдакцыяй незалежнае газэты й мясцовымі ўладамі адносіны абвастрыліся да самае брутальнай ступені. “Барысаўскія Навіны” выкінутыя і з шапікаў “Менаблсаюздруку”, і з іншых крамаў горада Барысаву ды рэгіёну…

А колькі высілкаў, на самрэч, каштавала мне атрымаць дзяржакт, каб легітымна карыстацца зямельным надзелам, некалі купленым прадзедамі Лісоўскімі сваім нашчадкам! І гэтая вакханалія, дарэчы, распачатая архітэктурнае бюракратыяй, доўжылася да таго часу, пакуль вясной 2005 году старшыня гарвыканкаму Васіль Ігнатавіч Бургун не паставіў маех крыўдзіцеляў на свае мейсцы.

Паводле прозьбы суседзяў, мы аднесьлі сваю агароджу на 35 сантыметраў ад іхнай сядзібы ўглыб уласнага ўчастку. Не жадаем, каб Мяжа перарастала ў Варажнечу...

 Канец Першай кнігі

Все авторские права на данную книгу писателя и журналиста Алеся Мікалайчанкі (Николайченко Александра Сергеевича) защищены. Перепечатка отдельных очерков или фрагментов книги возможна только с согласия автора.

<<Назад

 



2000-2007 Association for Human Rights Defense International
www.4humanrights.org : www.hrd1.org : DONATE

Home >> Select Country >> Беларусь >> Книги >> БАРЫСАЎСКІЯ КРОНІКІ НАЙНОЎШАЙ ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ >> 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 <<

Select Country

 


[an error occurred while processing this directive]