Алесь Мікалайчанка (Николайченко Александр Сергеевич):
БАРЫСАЎСКІЯ КРОНІКІ НАЙНОЎШАЙ ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ


2.

Але ж колькі такіх вось абяцаньняў пра сьветлы заўтрашні дзень цягам дваццатага стагодзьдзя чулі нашыя зямлякі-беларусы ад розных партэйных і дзяржаўных дзеячоў? А што атрымлівалі ўзамен на розных гістарычных этапах? Кроў. Салёны пот. Нішчымніцу... Як яшчэ раней такое было за панамі, царамі й рознымі акупантамі, заўжды неапраўдана ўзбагачалася кучка розных афэрыстаў і махляроў, якія былі бліжэй да цела таго або іншага кіраўніка ці гаўляйтара, а звышцярплівы беларускі народ працягваў трываць крывавыя здзекі ды холад з голадам. Ня верыце аўтару гэтых радкоў—пачытайце “Мужыцкую Праўду” Кастуся Каліноўскага, раньніх Купалу й Коласа... 

І тут я хачу зрабіць пэўнае адступленьне ад канвы заплянаванага расповяду.

...Да Аляксандра Лукашэнкі, дырэктара шклоўскага саўгасу “Гарадзец”,чалавека, які Боскай ды людзкаю дэмакратычнай воляй стаўся нашым цяперашнім чалом, а затым, нібыта ваўкалак, пераўтварыўся ў дыктатара, на зямлі беларускай таксама былі першыя пры першых пасадах палітасобы. Але яны ў асноўным рэпрэзэнтавалі Кампартыю Беларусі—рэгіянальны аддзел КПСС. Лідэры тады йшлі, так бы мовіць, у  фарватары маскоўскае камуністычнай палітыкі, з дапамагой якой у нас будаваўся, паводле таталітарнага каштарысу, камунізм. Натуральна, тыя дзеячы меліся за першых сакратароў ЦК КПБ, старшыняў саўнаркамаў, саўмінаў і прэзыдуюмаў намэнклятурных вярхоўных саветаў БССР. Але дзеля справядлівасьці трэба згадаць, што ня ўсе яны былі дурнямі або тыранамі- крывасмокамі. Увогуле, некаторыя як асобы, як людзі ў рамках свайго часу і той сыстэмы, што яны прадстаўлялі, лічыліся знакамітасьцямі, асобамі, нават героямі-змагарамі. Гісторыя данесла да нас імёны Галадзеда, Чарвякова, Хацкевіча, Мазурава, Машэрава, Кісялёва. Аднак амаль у кожнага зь іх жыцьцёвы лёс быў трагічны. І, мусіць, толькі—таму, што яны хацелі спалучыць тое, што не спалучалася: сваю ўласную любоў да беларускага народу зь імкненьнем, кроў з носу, але выканаць  ўказыўкі й дырэктывы саюзных саўпартворганаў. А гэтыя ўказыўкі не заўсёды можна было выканаць на ўсю поўніцу без таго, каб ня крыўдзіць свой народ. За падобную “ халатнасьць”, а дакладна за тое, што ня ўсё да вызнаньня дабро й харч аддавалася ў разьмеркавальнік “старэйшаму” брату, які ўжо ў Маскве дзяліў запасы сярод астатніх меньшых саюзных братоў й сёстраў, у розныя пасьлякастрычніцкія часы нашым беларускім начальнікам давалі або вымовы “па партэйнай лініі”, або пазбаўлялі ільготных пайкоў, або здымалі з пасадаў ці нават растрэльвалі. Успомнім хаця, як праз некалькі гадоў пасьля галоднага бунту барысаўцаў 3 травеня 1933 года (бунт быў ськіраваны супраць спробы Сталіна зрэзаць хлебныя пайкі ў гарадох, дзе пераважала лёгкая прамысловасьць, работнікам прадпрыемстваў ды іхным сем’ям) чэкісты зьнішчылі нашага зямляка, наркама нутраных справаў Хацкевіча. 

... Пётар Машэраў, які пачаў рабіць сваю кар’еру ў паваенны час, на гістарычным адрэзку пасьлясталінскае палітычнае адлігі, дарос да першага сакратара ЦК КПБ, гэта азначала, да фактычнага кіраўніка БССР. Гэта быў па-свойму цікавы перыяд у гісторыі Беларусі, калі для партэйных інтэлегэнтаў ужо усё было зразумела з культам асобы Сталіна- Джугашвілі і з прычынамі “хапуноў” ды ГУЛАГаў, калі студэнты зачытваліся дакумэнтальнаю споведзьдзю Аляксандра Салжаніцына “Адзін дзень Івана Дзянісавіча”, што друкавалася ў адным з выпускаў сэрыі “Роман-Газета”. Калі ўпершыню мы, тады яшчэ зусім юныя, дзеці партызанаў і франтавікоў, убачылі прымацаваны да франтонаў райкамаў КПБ лёзунг, які здзіўляў сваёй казённае замілаванасьцю: “Усё-- дзеля Чалавека, усё--у імя Чалавека!”. Як я цяпер разумею, гэты лёзунг з усімі эканамічнымі ўмоўнасцямі паваеннага часу быў даволі станоўча ўспрыняты Пятром Машэравым і ягонымі партэйнымі кадрамі. Такімі, прыкладам, як мой бацька Сяргей Аляксандравіч Мікалайчанка. Ён, прыняты на вайне ў кампартыю, пабіты гэтай вайною чалавек, падобна Машэраву, учорашні настаўнік ( мой татка да вайны скончыў філфак Менскага пэдінстытуту імя М. Горкага), стаўся ў мірны час, на пачатку 50-х, работнікам Клімавіцкага райкама КПБ. Гадоў за пяць пасьля таго дасягнуў пасады першага раённага сакратара. Да меркаваньня па тым ці іншым пытаньні Пятра Машэрава, якому сымпатызаваў яшчэ з часоў ягонага сакратарства ў ЦК ЛКСМБ, заўжды прыслухоўваўся, лічыў яго носьбітам самых прагрэсыўных сучасных эканамічных і сацыяльных ідэяў разьвіцьця камуністычнага грамадзтва ў пасьлясталінскую эпоху. Тады, як патрабаваў таго Крэмль, які пачынаў пасьля крытыкі культу асобы Сталіна свае гульні ў кампартэйную дэмакратыю, найпершую ўвагу кадравы функцыянэр павінен быў зьвярнуць на задавальненьне хаця з большага патрэбаў шэраговага савецкага чалавека.Чалавека, які—застаўся пасьля вайны разуты, абарваны, нярэдка—галодны.Ужо на сваех кухнях райкамаўцы шэптам вялі размовы пра тое, што, нарэшце, наспеў час вызваляць з прыгону калгасьнікаў, выдаваць ім пашпарты грамадзянаў СССР, каб гэтыя людзі мелі роўныя правы з насельнікамі гарадоў й гарпасёлкаў—і на вучобу пасьля заканчэньня дзесяцігодкі, і на выбар мейсца працы, і на пэнсыю па старасьці ды іншыя прэфэрэнцыі... Натуральна, да чалавека, да разумення ягоных сацыяльных клопатаў зкамунізаваная пасьлякультаўская звышдзяржава ішла цераз тыя ці іншыя праграмныя дакумэнты  розных зьездаў КПСС і КПБ, але ж , мусіць, Пётар Машэраў першым сярод беларускага ўладнага бамонду стаў гэтыя ідэі напаўняць нейкім зьместам У побытавым пляне Машэраў проста пачаў ва ўласным габінэце прымаць, як гаворыцца, просты народ у значна большай колькасьці, чымся ягоныя папярэднікі. За ім хутка ўсталявалася вядомасьць даступнага шырокім масам насельніцтва кіраўніка рэспублікі, які  ў адказ на скаргі, прозьбы ды прапановы чалавечыя ў большыні сваёй станоўча вырашаў надзённыя людзкія клопаты. Сьледам за ім гэткую практыку падхапіў ужо ў сваім рэгіёне і мой бацька ды іншыя ягоныя калегі--раённыя парткіраўнікі Магілёўскае вобласьці. Як і Машэраў, бацька стараўся, каб наведвальнікі зь ліку калгасьнікаў або рабочых не выходзілі з габінэту першага сакратара з пустымі рукамі. Як і Машэраў, бацька на сваем узроўні канкрэтна вырашаў самыя розныя жыцьцёвыя пытаньні землякоў. Менавіта такому стылю працы яго вучыў Пятро Машэраў, а Сяргей Мікалайчанка прывучаў да такога стылю ўжо сваех намесьнікаў,  загадчыкаў адзьдзелаў, інструктараў...

 Як гаворыцца, быў час, была эпоха.І абсалютная большасьць з нас, сёньняшніх дэмакратаў, якія спачатку знаходзіліся ў жорсткай апазыцыі да КПБ—КПСС, а пасьля—да калгасна-саўгаснай дыктатуры Аляксандра Лукашэнкі, выйшла з таго самага бацькоўскага лібэральна-камуністычнага шынялю.

Але ж, пагадзіцеся, і сёньня надзённа гучыць наступная вытрымка з інтэрвію карэспандэнту газэты “Праўда”, якое Машэраў даў 15 чэрвеня 1980 году (цытую):

“...Ёсьць кіраўнікі, якія , пераацэньваюць свае магчымасьці ды перастаюць лічыцца зь меркаваньнем іншых, самаўхіляюцца ад жывога кантакту зь людзьмі, праяўляюць у адносінах да іх чэрствасьць і фанабэрлівасьць. Такі работнік падыходзіць да небясьпечнае мяжы, за якой... пачынаецца голае адміністраваньне.”(Канец цытаты.) 

Натуральна, Машэраў у душы быў адносна лібэральным партэйцам. Я ведаю, што майму бацьку, прынамсі, ён ніколі нічога сваімі загадамі не навязваў, а проста раіў зрабіць гэткі ці іншы тактычны ход у той ці іншай сытуацыі. Але кожная машэраўская парада для Сяргея Нікалайчанкі мела надзвычайную каштоўнасьць—яна ў тых няпростых эканамічна-палітычных варунках дапамагала дамагацца і посьпеху, і пазьбягаць буйных непрыемнасьцяў.

...Так, дарэчы, здарылася адноечы, калі ў надзвычай халодную вясну дзесьці напачатку 60-х мой бацька папярэдне неафіцыйна параіўся з Машэравым ды замест “хрушчоўскай” кукурузы на палетках Бялыніцкага раёну пасеяў лубін. Праўда, за няслухмянства на бюро Магілёўскага абкама КПБ адразу ж пасьля “ня той” сяўбы атрымаў суровую вымову, але калгасны статак на зіму “ ў Сяргея Мікалайчанкі” застаўся з кармамі, а гэта азначае і з ніштаватымі па тым часе надоямі. Ну а вымову праз колькі месяцаў чальцы памянёнага бюро скасавалі—хто, урэшце рэшт, будзе асуджаць пераможцу? Больш таго, некаторыя зь іх пачалі прасіць бацьку дапамагчы іхным фэрмам кармамі, бо кукуруза на Магілёўшчыне тым летам, якое таксама сталася халодным ды мокрым, не дала рады—вымакла і згніла на корані. Вось так Пётар Машэраў у імя справы дапамог свайму падначаленаму з глыбінкі абыйсьці бязглузды “кукурузны дыктат” Мікіты Хрушчова малой крывёю.

Але ж Пётар Машэраў ня толькі рэгулярна прымаў людзей у сваім габінэце, а яшчэ сам часьцяком ішоў да іх. Яго можна было сустрэць і на заводах, і ў навукова-дасльдчых інстытутах, і ў калгасах-саўгасах. Уласна, у гэтым ні было аніякае позы. Мне не аднойчы казаў бацька, што Машэраў дзеля выпрацоўкі свайго погляду на тое ці іншае пытаньне карыстаўся самымі разнастайнымі крыніцамі інфармацыі, а ня толькі справаздачамі ці зводкамі, якія яму клаліся на службовы стол у ЦК КПБ.

... Адноечы гэткай крыніцай давялося стацца і мне. У 1973 годзе неяк летам мяне, тады  маладога журналіста, які працаваў карэспандэнтам “Мінскай Праўды”, нечакана  выклікаў да сябе сакратар ЦК КПБ Аляксандар Кузьмін праз свайго памочніка Аляксандра Шабаліна. Кузьмін па-бацькоўску папрасіў мяне выказацца адносна таго, што трэба зьмяніць на факультэце журналістыкі Белдзяржунівэрсытэту, каб журфак стаўся больш творчым асяродкам навучаньня студэнтаў. Я здзівіўся: маўляў, ёсьць надзвычай вядомыя ў журналістыцы людзі, а я пакуль толькі асвойваю азы сваёй прафэсыі. Аднак Аляксандар Кузьмін адказаў, што яму для правядзеньня адмысловага дасьледваньня на ўзгаданую тэму неабходна ведаць, у тым ліку,  меркаваньні маладых газэтчыкаў. Як і належыць, я падзякаваў за аказаны мне давер і шчыра сказаў Аляксандру Трыфанавічу наступнае. Маўляў,перакананыў тым, што журналістыка ня ёсьць рамяством , але менавіта творчай прафэсыяй.Прыкладам нарыс або фельетон, што напісаныя з рэальных характараў рэальных людзей або рэальных падзеяў, могуць стацца непаўторнымі творамі высокамастакоўскай публіцыстыкі, якія нічым не саступяць сваем адпаведнікам прыгожага пісьменства—апавяданьню або гумарэсцы.Усё тут залежыць не ад жанру, але—ад аўтара. Я папрасў таварыша Кузьміна, каб на факультэт журналістыкі прымалі народ з ужо апублікаванымі на старонках газэтаў-часопісаў творамі. Ды каб тыя газэтна-часопісныя выразкі разглядаліся на конкурснай творчай камісыі і менавіта ступень таленту абітурыэнта была вызначальная ў залічэньні чалавека на вучобу.У такую камісыю павінны быць запрошаныя дзейныя ды зь імем журналісты ад рэспубліканскага друку або радыёвяшчаньня, сапраўдныя майстры публіцыстычнага слова, выказаўся я. Кузьмін тады выказаў мне сваю ўдзячнасьць, падкрэсьліў слушнасьць прапановы ды папрасіў, каб я тое, што выказаў яму пад час гутаркі, і тое, пра што не пасьпеў распавесьці ў габінэце, выклаў у адмысловай нататцы. Што я і зрабіў.

Такі тады быў стыль працы ў Машэрава ды ягонага бліжэйшага атачэньня—вывучаць па нейкіх пытаньнях меркаваньні розных людзей, і толькі затым рабіць пэўныя высновы. Між іншым, ідэя творчага конкурсу сярод абітурыэнтаў пад час паступленьня  на журфак, што належыла ня толькі мне, але шмат каму зь іншых аўтарытэтных журналістаўБеларусі, была прынятая. Прынамсі, на журфак перасталі прымаць людзей, якія да гэтага не надрукавалі ў раёнцы нават інфармацыю. 

 Мне падаецца, у Пятра Машэрава,а ён на той час у межах панавання камуністычнай ідэялёгіі, стаўся кіраўніком новага тыпу, позы ў справе сталяваньня больш прагрэсыўных прырыятэтаў партэйна-дзяржаўнага будаўніцтва ня мелася. Ён любіў свой народ, перажываў за яго, ён жадаў людзям дабра і шчыра хацеў, каб беларусы жылі больш заможна. Сталіністы троху прыціхлі. Ад галоваў нашых бацькоў быў адведзены кэгэбіцкі пісталет. Трэба было неяк жыць далей і рухацца наперад, даказваючы ўсяму сусьвету, што нашая сыстэма пасьля таго, як яна пахавала дыктатара Джугашвілі ў прамым ды пераносным сэнсах, сталася самай дэмакратычнай на планеце Зямля.

Фактычна БССР кіравалі першыя сакратары рэспубліканскага ЦК. Таму Машэраў мог служыць партыі і без асаблівай аглядкі на ўвесь народ. Галоўным тут лічылася іншае: каб менскім партдзеячам былі задаволеныя і камуністы рэспублікі і партэйныя бонзы ў Маскве. Служэнне ўсяму народу ажыцьцяўлялася праз інстытуцыю КПСС—КПБ. Нагадаю, тады лічылася: добра служыш партыі—добра служыш народу.І сёньня яшчэ жывыя тыя вяскоўцы, якія распавядаюць сваім дзецям ды ўнукам пра яскравыя моманты зь іхнага жыцьця, калі Машэраў прылятаў на верталёце да калгасьнікаў кудысьці на Палесьсе, адзін, амаль без аховы, абуты ў высокія гумавыя боты, апрануты ў звычайную куртку. Тут жа ў сялянаў прасіў касу, вастрыў яе ды рэзаў з мужыкамі атаву ў пойме Прыпяці. Ён не чытаў ім нудных лекцыяў пра натаўскіх імпэрыялістаў, што дзесьці за акіянам размахваюць ядзернай дубінай—проста  цікавіўся, як жывуць гэтыя касцы, колькі зарабляюць на працадзень грошай (тады распачыналася касыгінская рэформа дзеля пераводу калгасьнікаў менавіта на грашовую аплату працы), пытаўся, што трэба, паводле іхнага меркаваньня, зрабіць ЦК КПБ і Саўміну БССР дзеля таго, каб справы лепей ладзіліся, а заробкі рабіліся больш важкімі. Заадно мог тут жа выслухаць інфармацыю пра чыюсьці праблему і неадкладна зьвязацца з таго самага верталёту па радыётэлефону з нейкім адказным чынам, і даць таму партдаручэньне-- паспрыяць чалавеку ў вырашэньні набалелага пытаньня. Гэтак за Пятром Машэравам сярод “простых” беларусаў паступова ўсталёўваўся імідж першага ад рэспублікі чалавека, які дбаў за свой народ у вялікіх і малых клопатах.

Мусіць, палітычныя іміджмэйкеры Аляксандра Лукашэнкі ведалі пра гэтую акалічнасьць. Ня дзіва, што ў першыя гады свайго кіраваньня краінай прэзыдэнт іншы раз казаў: маўляў, яму прыкладам у працы на карысьць Беларусі, у турботах пра народ служыць менавіта Пятро Машэраў. 

А цяпер падумайце і скажыце: калі сёньняшняе чало дзяржавы з намі, грамадзянамі, было шчырым? Шмат хто нядаўна здзівіўся, бо мог чакаць ад Лукашэнкі чаго заўгодна, але ж не таго, што здарылася ў траўні 2005 году, калі ён самую прыгожую частку сталічнага праспэкту Машэрава перайначаў у праспэкт Пераможцаў. Мяркую, вось тут Рыгоравіч як палітычны дзеяч даў маху, бо гэтае рашэньне выклікала асуджэньне і менчукоў, і жыхароў рэгіёнаў. “Перагнуў Рыгоравіч палку,”—збянтэжана казалі  мне ў Менску й Барысаве тыя людзі, якія ёсьць прадстаўнікамі электарату Лукашэнкі. Хто-хто, а яны, у сваёй псыхалёгіі савецкія грамадзяне, усё-такі памяталі ды паважалі Машэрава.

... Чамусьці згадваецца, як у70-х гадох у адным перадавым на той час палескім калгасе, што на Гомельшчыне, дзе я быў у камандоўцы ад газэты “Чырвоная Змена”, адзін знаёмы старшыня праўленьня, былы партызан, пасьля прыёму “на грудзь” шклянкі гарэлкі шчыра за сталом зь вячэрай мне выказаў: маўляў, наш “бацька” званьне Герою Савецкага Саюзу атрымаў на вайне за баявыя справы, а ня так, як вось гэныя перастаркі з Палітбюро—за незразумелы асабісты ўклад у сацыялістычнае будаўніцтва ды ў сувязі з чарговым юбілейным днём народзінаў. Маўляў, вешаюць адзін адному зоркі на спінджакі, нібыта на той сьвет усё ўрадавае золата забраць зьбіраюцца...

...Я зноўку думаю пра свайго татку-нябожчыка, які, удакладняю для цікаўных, пасьля Другой Усясьветнае вайны працаваў трэцьцім і другім сакратаром Клімавіцкага, а затым першым сакратаром Бялыніцкага і, нарэшце, Горацкага раённых камітэтаў КПБ на Магілёўшчыне. Выбіраўся ў ЦК КПБ, быў дэпутуатм аднаго з намэнклятурных скліканьняў Вярхоўнага Савету БССР.

Дык вось, неяк, напрыканцы 50-х (мы тады жылі ў Бялынічах) бацька позьнім зімовым вечарам  прывёў дамоў менскага госьця Пятра Машэрава, каб той павячэраў хатняй гарачай ежай пасьля даволі зацягнутага калгаснага сходу. Машэраў тады яшчэ быў “шэраговым” сакратаром ЦК КПБ і калі-нікалі наязджаў у рэгіёны нашае вобласьці па службовых справах. Татка прапаноўваў яму пераначаваць, але Пётар Міронавіч далікатна адмовіўся: маўляў, па-першае, дома яго чакае шаноўная Паліна Андрэеўна з дзецьмі, па-другое, адсюль стопяцьдзесят кілямэтраў: да сталіцы па добрай шашы—гэта не адлегласьць нават зімой. А пасьля ягонага ад’езду, памятаю, бацька расказваў мне пра маці Пятра Міронавіча—Дар’ю Пятроўну, якую ў 1942-м годзе пасьля допыту, што суправаджаўся гестапаўскімі нечалавечымі катаваньнямі, чацьвертавалі гітлераўцы. Вылюдкі дамагаліся, каб маці паведаміла пра мейсца знаходжаньня сына-партызана. Але яна, не зважаючы на зьдзекі, ня здрадзіла матчынаму й чалавечаму абавязку—ня  выдала ворагам сваё дзіцяці...

Высачэзны рост, шырокая ўсьмешка на твары, кулёк у якасьці гасьцінцу зь нейкімі цукеркамі для нас, дзяцей ягонага малодшага калегі па партыі, троху пакамечаны ў дарозе касьцюм—такім мне запомніўся Пётар Машэраў. Я не магу выкрэсьліць гэтага з памяці. Нават разумеючы ўсю несымпатычнасьць вядомых рэаліяў камуністычнае эпохі, я не магу ставіцца да асобы Машэрава неяк іначай, чым ставіўся да яго на пачатку свайго сьвядомага жыцьця. Не магу прыкладам забыцца пра тое, калі ён часта раніцай усяго з адным ахоўнікам крочыў па Чырванаармейскай са свайго дому ў будынак ЦК міма нашага гуманітарнага унівэрсытэцкага корпусу ды на маё вітаньне: “Добры дзень, Пётар Міронавіч!” усьміхаўся й адказваў:”Прывітаньне, Аляксандар! Як там здароўе тваёй мамы? ”...

Яшчэ пры ягоным жыцьці, на прыканцы 70-х, нам, сталічным журналістам, было вядома, што Машэрава недалюблівае крамлёўскае кіраўніцтва, асабліва галоўны гэбіст імпэрыі Юры Андропаў. Ды й генсэк з цягам часу пачаў ня вельмі прыязна ставіцца да лідэра беларускіх камуністаў. Гэта ж трэба такое ўчудзіць: 3 ліпеня 1974 году Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету СССР прыняў указ наконт прысваеньня Менску званьня гораду-Герою за актыўнае змаганьне тутэйшага падпольля супраць фашыстаў, а вось уручэньне медалю Залатая Зорка разам з ордэнам Леніна адбылося ажно 25 чэрвеня 1978-га. Амаль праз чатыры гады пасьля прыняцьця таго самага ўказу. Тую ўзнагароду, праўда, Машэраў прыняў разам з уласнай-- Зоркай Героя Сацыялістычнай Працы.Такога званьня ўсё-такі быў удастоены беларускі партэйны лідэр у сувязі зь ягоным 60-годдзем. Памятаю, першымі днямі пасьля гібелі Пятра Міронавіча, у калідорах Дома друку ў Менску хадзілі розныя чуткі. Маўляў, Машэраў, ня гледзячы на свае даволі частыя прамовы з высокіх трыбунаў перад партэйнай публікай, якія былі чыстай вады панегірыкамі Брэжневу за ягоны ленінскі курс кіраўніцтва СССР, на справе праяўляў няслухмянства перад Леанідам Ільлічом. Напрыклад, адмовіўся карміць на ўсю поўніцу беларускім мясам расейскія Урал і Паволжа, дзе ўжо тады пачынаў востра праяўляцца дыфіцыт харчу ў тамтэйшым гандлі ды ў сыстэме грамадзкага харчаваньня. І ўжо шэптам журналісты менскіх газэтаў, у тым ліку і “Вячэрняга Мінску”,зь якім я супрацоўнічаў, казалі адзін аднаму пра тое, што менавіта саюзная парткрэатура 4 кастрычніка 1980 году ўчыніла над Машэравым адмыслова задуманую жорсткую расправу—аўтакатастрофу блізу Смалявічаў. Але я асабіста дасюль на гэты конт ня маю цьвёрдага перакананьня. Хаця б з таго, што мог бы гэты “дарагі Леанід Ільліч” і бяз розных вычварстваў прымусіць беларускага партлідэра сыйсьці на пэнсыю ці перавесьці на працу ў Маскву дзеля таго, каб даручыць Машэраву ачольваць нейкае саюзнае міністэрства або яшчэ якую-небудзь больш-меньш значную ўстанову. Гэта—з аднаго боку. А з другога, паводле пэўных зьвестак, Машэрава тады чакала сур’ёзнае службовае падвышэньне, якое заўжды суправаджалася кааптаваньнем намэнклятурнага работніка такога рангу ў Палітбюро ЦК КПСС. Машэрава прызначалі на пасаду Старшыні Савету Міністраў СССР. Па сутнасьці Пётар Машэраў рабіўся другою ў сваёй значнасьці асобай пасьля Брэжнева ў велізарнай звышдзяржаве (замест Касыгіна). Але ж я добра разумею: у саюзнае сталіцы, сапраўды, той-сёй баяўся ўзвышэньня не зусім ардынарнага беларуса. Таму выключаць да канца вэрсыю забойства Машэрава наймітамі пэўнай часткі маскоўскай намэнклятуры нельга. Бо вельмі ўжо падазрона пад час узгаданае аўтакатастрофы на мейсцы здарэньня пад Смалявічамі зьявіліся тыя прадстаўнікі аховы, што павінны былі сустракаць Машэрава ў Маскве на момант ягонага прыезду ў Белакаменную...

<<Назад :: Далее>>

 



2000-2007 Association for Human Rights Defense International
www.4humanrights.org : www.hrd1.org : DONATE

Home >> Select Country >> Беларусь >> Книги >> БАРЫСАЎСКІЯ КРОНІКІ НАЙНОЎШАЙ ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ >> 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 <<

Select Country

 


[an error occurred while processing this directive]