Магчыма, калі б гэткую расправу арганізаваў нейкі старшыня калгасу, які ўжо звыкся у тым ці іншым выпадку даваць па мардасах няслухмянаму пастуху ці мэханізатару (прысавецкая гісторыя Беларусі захавала ў сваех аналах рэцыдывы гэткага стылю кіраваньня вясковымі кадрамі), то падобныя дзеяньні сельскага чыноўніка яшчэ дзесьці можна было спісаць на бескультур’е, на адсутнасьць інтэлегентнасьці у некаторых прадстаўнікоў старшынёўскага корпусу краіны. Маўляў, усе яны тут ад сахі—і начальства, і падначаленыя...
Але ж пэдагог, маючы, так бы мовіць, прызваньне ад Бога, павінен быць і мудрым, і міласэрным, і шчырым. Іначай наўрад ці будзе ён калі-небудзь зразуметы народам. А Тамару Клімковіч не зразумеў ні судзьдзя, ні зямлякі-сяляне. Шкада, але на той момант, калі я разьбіраўся зь ейнымі выбрыкамі, мне так і не давялося пабачыцца з дырэктаркай школы, якая нібыта захварэла ў тыя дні. Аднак нас з Міколам Мекекам прынялі кіраўнікі аддзела адукацыі Барысаўскага райвыканкаму і пракуратуры Барысаўскага раёну адпаведна спадары Прадзядовіч ды Каваленка.
Абодва выказаліся вельмі рэзка ў адрас Клімковіч:
--Калі суд вынес рашэньне, чалавек павінен быць адноўлены. Вышэй закону і вышэй суду у нас няма нічога і нікога. Нявыкананьне цягне за сабою крымінальную адказнасьць. Тое, што ўчыніла Тамара Клімковіч—ёсьць адкрытым ігнараваньнем рашэньня суду і чыноўніцкай самаволяй. І працоўная кніжка павінна быць адноўленая за кошт дырэктаркі школы. Больш таго, яна павінна са свайго кашалька заплаціць за той час, які чалавек прапусьціў па ейнай віне.
Гэткім быў зьмест таго, што меркавалі кіраўнікі з нагоды паводзінаў Тамары Клімковіч.
4
Спадарыню Чырванцову ўсёй грамадою (з дапамогай раённага адзьдзела адукацыі, райсуду, райпракуратуры, рэдакцыяў Беларускае службы Радыё Свабода, газэты “Барысаўскія Навіны” ды Міжнароднай Асацыяцыі Правоў Чалавека), урэшце рэшт, аднавілі на працы. Дырэктарка школы аддала пацярпелай назад адарваную частку працоўнай кніжкі. Дарэчы, пры сьведках. Вось у ва што вылілася перадвыбарная сымпатыя Тамары Чырванцовай да аднаго з колішніх кандыдатаў у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь...
Але заставацца працаваць пасьля Піравай перамогі ў вучнёўскае сталоўцы
Чырванцова ўжо не захацела. Як яна патлумачыла Міколу Мекеку ды мне, спадарыня Тамара проста забаялася, што яе могуць падставіць пад крымінальную адказнасьць. Напрыклад, падсыпаць у нейкі кацёл пургэну ці яшчэ чаго-небудзь больш сур’ёзнага. Ды на некалькі дзён вывесьці са строю дзятву. Потым даказвай, што ты ня ёсьць вярблюдом...
Ня верыць гэтая жанчына ў начальства любых рангаў. Ад самага вышняга і да самага ніжняга. Ейная палітадданасьць Аляксандру Рыгоравічу засталася незапатрабаваная колішнім кумірам . Больш таго за гэтую адданасьць Тамары Чырванцовай давялося пацярпець маральна і фізычна.
І тым не меней, у яе вера ў сапраўдных дюдзей засталася. Да тых, хто дапамог жанчыне, гэтай сапраўднай беларусцы, узьняцца па-над гібельнай сытуацыяй.
--Абавязкова перадайце праз ваш эфір і вашу газэту мой вялікі дзякуй і майму адвакату Міколу Мікеку, а таксама барысаўчанкам Сьвятлане Іванаўне Данілавай і Надзеі Іванаўне Лазаравай—гэтыя жанчыны некалькі месяцаў дзяліліся апошнімі каліўцамі сваех сьціплых пенсыяў са мной ды маім сынком, іначай бы мы ня выжылі ў гэтым жорсткім сьвеце, памерлі б ад голаду. Вам, Алесь, і Вашым калегам з Радыё Свабода і “Барысаўскіх Навінаў”таксама—мая вялікая ўдзячнасьць,-- казала мне Тамара Чырванцова праз паўгады пасьля заканчэньня той самай гісторыі.
Сёньня яна не галадуе, працуе пакуль ёсьць сілы прыватнай прадпрымальніцай. Сын завяршае вучобу ў адным з ВНУ. Тамара кажа, што здолела палепшыць сваё і сынава жыцьцё...
БАРЫСАЎСКАЯ “ЭКСПЭРЫМЕНТАЛЬНАЯ” ПАЛІТМАДЭЛЬ
Барысаўская “вэртыкаль” несумненна мае вялікія заслугі перад прэзыдэнтам Лукашэнкам у тым, што яна самая першая ў Рэспубліцы Беларусь распрацавала амаль на лябараторным узроўні “прынцыпы падліку” галасоў ды іншыя выбарныя штукарствы, з дапамогай якіх сталяваўся моцны бар’ер на шляху апанэнтаў Рыгоравіча да мясцовай прадстаўнічай або парляманцкае ці прэзыдэнцкае ўлады.
1.
...Напачатку лютага 2001 года ў аднае з перадачаў сумна вядомага “Рэзанансу” БТ тагачасны вядучы Аляксандр Зімоўскі распавядаў наконт маючых адбыцца 13—18 сакавіка перавыбараў у Барысаве па выбарчае акрузе №77 дэпутата ў так званую Палату Прадстаўнікоў НС РБ. Барысаў быў адным зь некалькіх беларускіх местаў, дзе восеньню 2000 году выбары ў выніку моцнага супрадзьдзеяньня дэмакратычных сілаў і ейных заклікаў байкатаваць працэс аднаўленьня складу нелегітымнай “палаткі” сарваліся. Натуральна, афіцыйны Менск перад мясцовай “вэртыкальлю” паставіў задачу: кроў з носу, але выдаць “на гара” дэпутата. Таму на пачатку 2001 году барысаўцы мусілі правесьці давыбары ў лукашэнкаўскі парлямант. Гэтым разам прадстаўнікі існуючых партыяў і рухаў у Барысаве, на жаль, зьмянілі тактыку. Яны ўсё-такі вырашылі дзеля працягу змаганьня за дэмакратычныя ідэалы скарыстаць трыбуну ПП Нацыянальнага Сходу. А ў такім разе необходна было балятавацца ў лукашэнкаўскі “парлямант”.
Дык вось, у памянёнай тэлевізыйнае перадачы Аляксандар Зімоўскі павёў даволі хітрую гаворку. Маўляў, вось, у Барысаве насельніцтва гэтага горада ўвогуле і група прэтэндэнтаў з дзесяці кандыдатаў на вакантнае дэпутацкае мейсца ёсьць нібыта зрэзам, паводле розных прыкметаў, усяго беларускага грамадзтва. І зрабіў шматзначную выснову: як прагаласуе тутака народ у сакавіку за дэпутата, так ён будзе восеньню галасаваць і на прэзыдэнцкіх, так, значыцца, будзе галасаваць за прэзыдэнта ўвесь беларускі электарат. Лёгкасьць, з якой спадар Зімоўскі рабіў падобныя абагульненьні мяне насьцярожвалі. А потым я здагадаўся: ну, вядома ж, барысаўскім чальцам мясцовае выбарчай камісыі Ярмошына “спусьціла” адказнае заданьне—правесьці выведку боем, гэта азначае на сьціплых давыбарах у ПП НС адпрацаваць пэўную “мадэль” галасаваньня восеньню і для Барысава, і для ўсяе краіны.
У якім жа накірунку пойдзе ў Барысаве стварэньне падобнай мадэлі? Ад каго канкрэтна зыходзіць заказ на стварэньне гэтай мадэлі праз паўторныя выбары ў “палатку” па 77-й акрузе? Хто заказ будзе ажыцьцяўляць?
На пытаньні, што ў мяне ўзьніклі, тады адказаў старшыня Барысаўскае акруговай камісыі, які браў удзел у “Рэзанансе”, ён жа кіраўнік Барысаўскага гарсавету Васіль Бараньнік. Ён, былы “афганец”, з усёй салдацкай шчырасьцю выказаўся: узгаданая група прэтэндэнтаў будзе істотна скароціць на бліжэйшым па часе паседжаньні падначаленай яму камісыі.
Складвалася ўражаньне, што гэты дзеяч ужо нібыта загадзя ведаў: скарачаць колькасьць удзельнікаў выбарнае гонкі яму абавязкова давядзецца! І гэты факт перадвызначаны, а таму абскарджваньню не падлягае. Мусіць, вось такі быў загад, “спушчаны” спадару Бараньніку яшчэ да таго, калі яму загадалі паўдзельнічыць у сумна знакамітай перадачы БТ “Рэзананс”. Адчувалася, што ярмошынскі Цэнтарвыбаркам і барысаўская “вэртыкаль” разам з Бараньнікам пра ўсё загадзя дамовіліся. А цяпер вось, каб народ праз колькі месяцаў не здзіўляўся даволі рэальнаму правалу дэмакратаў на давыбарах у Барысаве і будучай даўно вызначанай перамозе Аляксандра Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах 9 верасьня 2001 года, лялькавод з вялікім досьведам каляпалітычных нюансаў Аляксандар Зімоўскі ды намэнклятурны прыначэнец на лідэра барысаўскае гарадзкой прадстаўнічай улады Васіль Бараньнік псыхалягічна рыхтавалі да гэткага павароту маючых адбыцца палітычных падзеяў ня толькі барысаўцаў, але ўсё насельніцтва краіны, якое мае ня толькі галасаваць, але ж і фізычную сілу трымаць бюлютэнь дзеля галасаваньня ў рукох.
Шкада, што лепшыя людзі Барысаву зь ліку дэмакратычнае грамадзкасьці не разгадалі намэнклятурнага манёўру і ўвязаліся ў давыбары, каб патрапіць у сфармаваную антыканстытуцыйным шляхам “палатку”.
2.
Ужо 10 сакавіка 2001 году на паседжаньні камісыі выбарчае акругі №77 у Барысаве, насамрэч, як і абяцаў такое Васіль Бараньнік “Рэзанансу”, большасьці прэтэндэнтаў было адмоўлена ў рэгістрацыі тых кандыдатамі ў дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу РБ. Пры гэтым не абыйшлося без парушэньняў Выбарчага Кодэксу.
Асабліва сьмешна выглядала падобная адмова Генадзю Шчарбініну, супрацоўніку прадстаўніцтва ў Беларусі расейскага вытворчага аб’яднаньня “Аграімпэкс”, жыхара Барысаву. Чальцы камісыі не далі яму дазволу на ўдзел у выбарчае барацьбе адно з таго, што ён працуе ў прадстаўніцтве, якая... не зарэгістраваная ў Беларусі кшталтам юрыдычнае асобы. ( А як жа тады думаць наконт “братского союза двух славянских государств”?) Хаця, натуральна, прадстаўніцтва было зарэгістраванае ў Расеі...
Алегу Чыгорыну камісыя “інкрымінавала” тую акалічнасьць, што ён быццам бы выкарыстаў перавагі свайго службовага становішча: адным з чальцоў ягонае ініцыятыўнае групы была сакратарка барысаўскае філіі грамадзкае арганізацыі ветэранаў-“афганцаў”, бо філію, маўляў, ачольваў сам спадар Чыгорын.
Цікава, але паводле артыкулу 61 Выбарчага Кодэксу РБ, пад час выдачы пасьведчаньняў у чальцоў ініцыятыўных групаў павінны высьвятляцца толькі прозьвішча, імя, імя па бацьку, дата нараджэньня кандыдата і мейсца жыхарства. Аднак у Барысаве найперш цікавіліся пра іхную працу ды пасаду.
Мяркую, толькі з прычыны выкарыстаньня так званага адміністрацыйнага рэсурсу пацярпеў і бізнэсовец Леў Марголін. Як высьветлілася, адна з дзвюх тысячаў подпісаў на адмысловым лісьце за вылучэньне спадара Марголіна кандыдатам у дэпутаты была “арганізаваная” чальцом ягонае ініцыятыўнае групы: начальнік запрапанаваў падпісацца пад дакумэнтам свайму падначаленаму па працы. Той свой подпіс паставіў добраахвотна, без прымусу, пра што заявіў і камісыі, і журналістам. Зразумела, камісыя В. Бараньніка магла выключыць гэты подпіс з падпіснога лісту і, такім чынам, аднавіць справядлівасьць, тым самым не здымаць Льва Марголіна з выбарчае дыстанцыі. Але тут, у Барысаве, усё чамусьці было перавернутае дагары нагамі. І мусіць таму, што спадар Бараньнік выконваў чыйсьці загад. Прыкладна з той жа матывацыяй незарэгістраванымі сталіся таксама прэтэндэнты на кандыдата ў дэпутаты—старшыня Свабоднага Прафсаюзу прадпрымальнікаў г. Барысаву Ігар Леднік і прадстаўнік гуманітарнае арганізацыі “У дапамогу дзецям-сіротам” Генадзь Каўрыга.
Спадары Чыгорын, Марголін і Каўрыга звярталіся затым са скаргамі ў Цэнтарвыбаркам. Але ЦВК пацьвердзіў высновы камісыі выбарчае акругі №77. Ня стаў гэтаксама разглядаць іхныя скаргі ўжо на дзеяньні ЦВК і Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь.
Між тым, пад час паседжаньня акруговае камісыі прэтэндэнты на дэпутацкі мандат зьвярталі ўвагу выбарчых ворганаў наконт таго, што ў выкарыстаньні свайго службовага становішча павінен быць афіцыйна выкрытым іхны супернік Віктар Гумінскі, палкоўнік, намесьнік камандзіра 65-а армейскага корпусу па выхавальніцкае працы, які быў дапушчаны да ўдзелу ў выбарах. Маўляў, подпісы дзеля вылучэньня яго кандыдатам у дэпутаты зьбіралі падначаленыя таварыша Гумінскага—і паводле вайсковага званьня, і паводле службовага становішча людзі. Больш таго, сьведчылі супернікі, за палкоўніка на шматлікіх нарадах ды сходах агітаваў сам старшыня Барысаўскага гарвыканкаму Васіль Бургун.
Аднак да голасу праўды кіраўнік акруговае камісыі Васіль Бараньнік не прыслухаўся.
3.
Акрамя Віктара Гумінскага, кандыдатамі на дэпутата сталіся начальнік аддзелу заводу БАТЭ М. Ягораў, дырэктар сярэдняе школы №9 С. Касавец і галоўны рэдактар незалежнага ды буйнейшага на Меншчыне міжрэгіянальнага грамадзка-палітычнага тыднёвіка “Барысаўскія Навіны” Анатоль Букас. І калі спадары Ягораў і Касавец стваралі, так бы мовіць, кандыдацкую “масоўку” пад час адсутнасьці яшчэ пяцёх “зарэзаных” прэтэндэнтаў, то ўдзел незалежнага журналіста і пасьпяховага газэтнага бізьнэсоўца Анатоля Букаса ў выбарах быў вельмі сур’ёзнай справай. Гэта ў Барысаве быў дасьведчаны і даволі папулярны праз уласную газэту чалавек, сацыяль-дэмакрат. Тым больш, ён да таго ўжо аднойчы браў удзел у выбарах у Вярхоўны Савет РБ 13-га скліканьня і нават атрымаў перамогу над супернікам, але тады акруговая камісыя прызнала, што выбары ў Барысаве не адбыліся. Хаця пасьля падліку галасоў тагачасны старшыня камісыі па тэлефоне павіншаваў спадара Анатоля з перамогай.
Зімова-вясновая 2001 году кампанія давыбараў у “палатку”, сустрэчы кандыдатаў з выбарцамі паказвала: народ больш спачувае незалежнаму рэдактару, чымсьці ягоным супернікам. Людзі ў ходзе гэткіх стрэчаў нярэдка заяўлялі з трыбунаў, што яны будуць галасаваць менавіта за яго, за спадара Букаса. Гэта не на жарт устрывожыла Васіля Бараньніка ды астатніх чальцоў акруговае камісыі. Палітычныя шахматы вялі да цэйтноту і абяцалі шматлікія непрыемнасьці ў выпадку пройгрышу. Таму спадару Бараньніку і чальцам акруговае камісыі трэба было рабіць нейкі ход, каб не страціць для намэнклятурнага стаўленьніка барысаўскі электарат. Разьвязка настала 10 сакавіка 2001 году.
...У той дзень раніцай адбылося адмысловае паседжаньне сябраў памянёнай камісыі, на якое быў запрошаны Анатоль Букас. Васіль Бараньнік дазволіў таксама тут папрысутнічаць аўтару гэтых радкоў і вядомаму палітычнаму актывісту, лідэру сацыяль-дэмакратычнае партарганізацыі ў Барысаве Аляксандру Абрамовічу. Выступоўцы ад камісыі дружна абвінавацілі спадара Букаса ў тым, што, маўляў, ён, калі зьбіраўся вылучацца на кандыдата ў дэпутаты, то скарыстаў сваё службовае становішча: нібыта адна з падначаленых галоўнага рэдактара “БН” ў працоўны час зьбірала подпісы ад жыхароў акругі на карысьць вылучэньня журналіста кандыдатам у дэпутаты. Маўляў, пра гэта паведаміла ў камісыю група грамадзянаў. Прозьвішчаў “сыгналізатараў”ні Анатолю Букасу ні нам з Аляксандрам Абрамовічам не паведамілі. Больш таго, нібыта сьведкаў нават не запрасілі на паседжаньне камісыі. Але згадалі, што спадар Букас або ягоны бухгалтар у дні такога вось збору подпісаў прастаўлялі ў табелі ўліку працоўнага часу рабочыя дні , а не прагулы.
Такім чынам, без прад’яўленьня сведкаў, без аб’ектыўнага і дэталёвага разьбіральніцтва ў памяняным “сыгнале” Анатолю Букасу камісія выбарнай акругі №77 вынесла суровы прысуд: ён цяперака ёсьць адхіленым ад удзелу ў выбарах. Гэтак здарылася літаральна за тры дні да пачатку непасрэдна давыбарнае кампаніі.
Тады на паседжаньні чальцоў камісыі узгаданае акругі узьняўся зь мейсца Аляксандар Абрамовіч і сказаў:
---Адумайцеся! Тое, што Вы зараз робіце—гэта штукарствы дзеля ўваходу ў парлямант кандыдата, на якога вам паказваюць вашыя “вэртыкальнікі”. Вашыя ж дзеці ды ўнукі не даруюць вам вось такога падману, бо іхнае жыцьцё праз вашыя інтрыгі са спадаром Букасам станецца незайздросным—іхнае права на самым версе беларускае ўлады ня будзе каму абараняць... Прыйдзе час—і вы адноечы за свой учынак адкажаце перад Законам—ня ўвесь час спраўляць баль у краіне будуць дыктатура ды беззаконьне!
Але на сацыяль-дэмакрата з усіх куткоў габінэту старшыні гарсавету, дзе праходзіла гэтае паседжаньне, зашыкалі ды зашыпелі.
14 сакавіка 2001 году Цэнтарвыбаркам пакінуў у сіле рашэньне акруговай камісыі. У Вярхоўным Судзе РБ, куды пасьля зьвярнуўся Анатоль Букас, рэдактару незалежнага тыднёвіка з 15-тысячным накладам адмовілі ў разглядзе ягонае скаргі на дзеяньні ЦВК.
Журналіст, дарэчы, знайшоў аднаго з тых самых “сыгналізатараў”. Гэта была жанчына, маці дваіх дзяцей, якая мела мужа. Ейнага прозьвішча Анатоль Букас, паводле зразумелых прычынаў, не назваў у сваем артыкуле “Чорная метка для кандыдата” (“Барысаўскія Навіны”, №12 ад 22 сакавіка 2001 году). Аднак расповяд той жанчыны надрукаваў (цытую):
“У маю кватэру завіталі мужчына і жанчына, якія сказалі, што працуюць у акруговае камісыі. Яны запрапанавалі мне падпісаць заяву, якую прынесьлі з сабой дзе было напісана, што за кандыдата ў дэпутаты Букаса А. В. зьбіраліся подпісы ў рабочы час. Я падпісала і паставіла дату (канец цытаты)”.
Як заявіў Анатоль Букас, пры магчымым разьбіральніцтве ўсіх акалічнасьцяў гэтае гісторыі з боку праваабарончых арганізацый, ён гатовы прадаставіць дадатковыя матэрыялы і запатрабавць графічную экспэртызу почырку падманутае жанчыны ды араганізатараў ейнага “ліста” ў акруговую камісыю.
Навошта ж старшыні камісыі 77-й акругі Васілю Бараньніку ўсё-такі на нейкі час спатрэбіўся спадар Букас у якасьці кандыдата ў дэпутаты? Чаму яго адразу не “зарэзалі”, як спадароў Марголіна, Каўрыгу, Чыгорына і Шчарбініна, але пакінулі ў адной кампаніі з Віктарам Гумінскім ды яшчэ з двума “статыстамі” дзеля палітычнага блізіру?
Мусіць, таму, што камісыі трэба было скарыстаць папулярнасьць гэтага чалавека ў актывізацыі выбарнай кампаніі, якая пачыналася даволі млява з боку мясцовага электарату. Цікава, што яшчэ з тыдзень пасьля скасаваньня кандыдацтва Анатоля Букаса ягоныя ўлёткі яшчэ “сьвяціліся” на відных мейсцах гораду—афішных тумбах, уваходных дзьвярах у крамы ды на сьценах дамоў і офісаў. Журналіст для Васіля Бараньніка быў свайго роду электаральнай прынадай, актывізатарам выбранцаў. І тут старшыня гарсавета разьлічыў усё даволі дакладна: цягам месяца з 10 лютага да 10 сакавіка рэдактар незалежнага выданьня, шукальнік дэпутацкага мандату Анатоль Букас здолеў заваяваць сымпатыі выбаршчыкаў па ўзгаданае акрузе. На ўсіх сустрэчах з людзьмі, арганізаваных з удзелам вядомага ня толькі ў акрузе, але ж і краіне, дэмакратычнага рэдактара й журналіста, актавыя заводзкія залі ды дамы культуры, вайсковыя казармы былі запоўненыя на поўніцу. Таму што наш калега на ўсе пытаньні выбарцаў даваў праўдзівыя й слушныя адказы ды парады. Магчыма, і непрыемныя для слыху мясцовага начальства. Але—цікавыя для “простага” народу, які павінны быў думаць пра заробкі на кавалак хлеба жонкам і дзецям, нейкую адзёжыну, абутаку й магчымасьць расплаціцца зь дзяржаваю за карыстаньне расейскімі энэрганосьбітамі ды іншымі камунальнымі паслугамі. Зямлякі, якія памылкова думалі, што, магчыма, спадара Букаса ўсё-такі вярнулі на выбарчую дыстанцыю, дружна пакрочылі да вурнаў для галасаваньня. Але іх чакала горкае расчараваньне—у адмысловых бюлютэнях прозьвішча журналіста адсутнічала.
4.
Цікава, што пасьля таго, калі Анатоль Букас быў непрыхаваным гвалтам ды самым цынічным спосабам скасаваны як кандыдат у дэпутаты, электарат Барысаву адгукнуўся на тое маўклівым стыхійным байкотам давыбараў у лукашэнкаўскі кішэнны парлямант. Што было бачна з вынікаў першых двух дзён кампаніі галасаваньня—13 і 14 сакавіка 2001 году. Гэты перыяд характарызаваўся, паводле афіцыйных дадзеных, лічанымі адсоткамі актыўнасьці тутэйшых выбарнікаў.
Вось тады кіраўнікі “гарвэртыкалі” і гарсавету Барысаву, якія былі падсправаздачныя лукашэнкаўскае адміністрацыі ды Цэнтарвыбаркаму РБ, зрабілі новы шахматны ход: уключылі мэханізм мэтадычнага ўціску на грамадзянаў праз адміністрацыю прадпрыемстваў ды розных установаў і арганізацыяў гораду. Дзейнасьць гэтага мэханізму ў тыя дні мне, уласнаму карэспанэнту Беларускай службы Радыё Свабода па Менскай вобласьці, ахарактыразаваў у сваем камэнтару кіраўнік праваабарончага Цэнтру “Вясна” Зьміцер Бародка:
--Напрыклад, дырэктары й начальнікі асобных прадпрыемстваў і цэхаў нават запатрабавалі даведкі ад сваех падначаленых наконт таго, што яны прагаласавалі. Гэта нашыя актывісты, у прыватнасьці, зарэгістравалі на ўчастку №35. Тут галасавалі людзі, якія працуюць на Барысаўскім мелькамбінаце. Дзе, між іншага, дырэкцыя загадала ўчастковай камісыі выдаць работнікам БМК менавіта даведкі адносна іхнага ўдзелу ў галасавньні. Тут ужо і самі чальцы камісыі разгубіліся, бо ні ў Выбарчым, ні ў іншых кодэксах законаў краіны пра падобныя пісулькі нічога не распавядаецца. Акрамя таго, мелі мейсца акцыі запалохваньня на іншых заводах Барысаву. Маўляў, заводзкае начальства стварае “чорныя спісы”, куды заносяць усіх тых, хто праігнаруе давыбары ці перавыбары. Вось і 18 сакавіка на ўчастак №44 прыйшла нейкая адмысловая камісыя з аўтарэмзаводу ды перапісала прозьвішчы тых сваех работнікаў якія не прагаласавалі яшчэ... Прымушаюць галасаваць барысаўцаў і пад пагрозаю высяленьня з інтэрнатаў. Такое было, напрыклад, у інтэрнаце №2 завода “Аўтагідраўзмацняльнік”—гэта ўчастак №32, -- канстатаваў мой стары, паводле стажу нашай дружбы, але малады, паводле ўласнага веку, сябар.
Тады Зьміцер мне распавёў яшчэ пра некаторыя факты ўціску на выбарцаў з боку рознага кшталту адміністратараў. Так, адна жанчына прыйшла галасаваць на ўчастак №22, але яе не знайшлі ў сьпісах выбаршчыкаў. Дык яна расплакалася і ўчыніла гэткі лямант, што чальцы ўчастковае камісыі дзеля яе і гэткіх, як яна, склалі дадатковы сьпіс. Бо яна, маці чатырох малалетніх дзяцей, паводле ейнага расповяду, магла б запраста “выляцець з работы”, калі б ёй не дазволілі б прагаласаваць 18 сакавіка. Так ёй паабяцала адміністрацыя заводу. На жаль, яна не назвала сваё прадпрыемства, пабаялася паўнавартаснага агалошваньня гэтага факту. Вось такім быў палітычны кнут. Але ж меўся адначасова й палітычны пернік. Напрыклад, некаторыя дырэктары запрапанавалі работнікам нават транспартны сэрвіс, каб толькі іхныя падначаленыя па службе людзі своечасова прагаласавалі. У прыватнасьці, гэтак зрабіла адміністрацыя акцыянаванага таварыства “Лесахімік”, якая арганізавала развоз па выбарных участках сваіх работнікаў на адмысловым аўтобусе. Напрыклад, на ўчастак №39.
18 сакавіка 2001 году, калі надыйшоў галоўны дзень давыбараў, спакусы дзеля выбарнікаў набылі больш сур’ёзны характар. На ўчастках, , дзе толькі дазвалялі ўмовы, працавалі буфэты. Тамака прадукты й прысмакі прадаваліся па больш танных коштах, чымся ў гарадзкіх гастраномах. Натуральна, што людзі пацягнуліся туды, а заадно й галасавалі. У школах, дзе, у асноўным, разьмяшчаліся ўчасткі,настаўнікі арганізоўвалі канцэрты мастацкай самадзейнасьці вучняў. Ну а бацькі, якія, натуральна, прыходзілі падзівіцца на таленты ўласных дзетак, таксама галасавалі.
5.
Па ўсіх парушэньнях выбарнага заканадаўства ў ходзе давыбараў, дзе “перамог” Віктар Гумінскі, палкоўнік ідэялягічнае службы штабу Паўночна-Заходняга апэратыўнага камандаваньня, незалежныя назіральнікі ад Беларускага Гэльсынскага Камітэту і Праваабарончага цэнтру “Вясна” склалі каля чатырох дзясяткаў адмысловых актаў. 25 заяваў было пададзена ў Барысаўскую гарадзкую пракуратуру. Але гэта, між іншым, былі ня выпадковыя парушэньні, а мэтады, спароджаныя тутэйшае паліткухняй тактыкі ды стратэгіі галасаваньня дзеля дасягненьня патрэбных вышняй уладзе вынікаў выбарчае кампаніі.
Па-першае, сябры ўчастковых камісыяў ня саромеліся даваць выбарнікам па некалькі бюлютэняў у адны рукі, калі ўзьнікала патрэба прагаласаваць за адсутных родзічаў і нават знаёмых.
Па-другое, пры ўсім “дэфіцыту” выбарнікаў у спісы не былі ўнесеныя ад 10 да 20 тысячаў барысаўцаў, якія мелі права голасу. У асноўным, ад удзелу ў выбарнае кампаніі адсякалася моладзь. Гэта пацьвердзіў эксперымент, які правялі мясцовыя дэмакраты на ўчастку №30 (СШ №5). 18 сакавіка туды завітала вялікая група юнакоў і дзяўчат, якія не атрымалі запрашэньняў да ўдзелу ў галасаваньні, хаця й былі паўнагадовымі людзьмі. Яны запатрабавалі бюлютэні, але ад чальцоў участковае камісыі такіх дакумантаў не атрымалі. Потым высьветлілася, што гэтых маладзёнаў у спісах выбарнікаў наогул няма.
Па-трэцьцяе, незалежныя назіральнікі, не маглі нармалёва назіраць за ходам галасаваньня. Адтуль, дзе ў памяшканьні таго ці іншага ўчастка іх разьмяшчалі, назіральнікі ня бачылі тых чальцоў, якія выдавалі выбарнікам бюлютэні для галасаваньня. Ня бачылі назіральнікі і скрыняў для галасаваньня, як такое мелася на ўчастку №44. А болей чым дзе склалі актаў, дык на ўчастку №12. Там нават назіральніка выдалілі ад ПЦ “Вясна”—Людмілу Шчарбакову, а на ўчастак №14 не пусьцілі назіральніка ад БГК Алега Сурму.
Забягаючы наперад, скажу, гэтыя тэхналёгіі потым былі скарыстаныя па ўсяе Беларусі пад час прэзыдэнцкіх выбараў восенью 2001 году. Але распрацоўваліся асноўныя мэханізмы фальсыфікацыяў іх вынікаў менавіта ў нашым горадзе на такім ня дужа кідкім у вочы палітмерапрыемстве як давыбары канддыдата ў ПП НС РБ па 77-й акрузе. Чым, натуральна, сьвядомыя барысаўцы ня могуць ганарыцца.
ПУБЛІЧНЫЯ СЬВЕДЧАНЬНІ Ў ТЭМУ:
ЗЬ ІНТЭРВІЮ “ЯНЫ КАШТУЮЦЬ ЎГАНАРАВАНЬНЯ “ШЭРАЙ КНІГАЙ...”
Як вядома, Цэнтарвыбаркам, які ачольвае Лідзія Ярмошына, аб’явіў наконт правядзеньня 17 кастрычніка 2004 года выбараў у Палату Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь. Днямі на прэсавай канфэрэнцыі А. Лукашэнка выказаўся пра сваю магчымасьць балятавацца на трэцьці прэзыдэнцкі тэрмін, калі толькі народ падтрымае яго на рэфэрэндуме. І гэта ў той самы час, калі Канстытуцыя абмяжоўвае паўнамоцтвы прэзыдэнта двума тэрмінамі.
Маючыя адбыцца мерапрыемствы, якія звязаныя з працэдурай волевыяўленьня беларускага народу, не абыйдуць Барысаўшчыну. Але ці будзе забясьпечаная сумленнасьць у гэтай справе з боку ўчастковых ды акруговых выбарчых камісыяў?
Сёньня госьць рэдакцыі сябра Нацынальнага камітэту Аб’яднанае Грамадзянскай партыі Ігар ЛЕДНІК, які сабраў факты фальсыфікацыяў іншых, мясцовых, выбарчых кампаніяў.
--Спадар Ігар, у мінулым годзе суд Савецкага раёну ў Менску разглядаў Ваш пазоў да Менскае абласное пракуратуры з нагоды фальсыфікацыяў на барысаўскіх выбарах. Які ж вынік гэтай судовае справы?
І. Л.: На вялікі жаль, суд вынес наступны вэрдыкт: я, як асоба, што выказвае інтарэсы выбарнікаў, павінен скардзіцца ў вышнія інстанцыі, а ня зьвяртацца ў суд. Хаця беларускае заканадаўства пра звароты грамадзянаў прадугледжвае магчымасьць разгляду ў судзе падобнага роду справаў. У тым ліку—правамоцнасьць дзеяньняў ці бязьдзеяньня ворганаў пракурорскага нагляду за ходам выбарчых кампаніяў.
--Памятаю, Вы заклікалі людзей накіроўваць скаргі пра парушэньні сваіх правоў на выбарах у пракурорскія ворганы. Аднак некаторыя грамадзяне адказу з пракуратуры так і не атрымалі. Хаця, напрыклад, на 16-м выбарчым участку па выбарах у гарсавет мелі мейсца парушэньні Выбарчага кодэксу пад час працэдуры галасаваньня.
І. Л.: Так, насамрэч, пасьля галасаваньня ў другім туры тут пад час падліку бюлетэняў яны ляжалі вонкавым бокам уніз, што ёсьць дзеяньнем, якое падпадае пад пэўны артыкул Крымінальнага Кодэксу краіны. І я абгаварыў гэтую праблему, каб пазьбегнуць падобнай сытуацыі ў наступных выбарах, да слова, у парлямант. Маю ідэю ўхваліла кіраўніцтва АГП. Былі выпрацаваныя канкрэтныя мерапрыемствы, што ставілі на мэце супрацьдзейнічаць парушэньням на выбарах.
--Раней барысаўскія выбарнікі абыходзіліся без нейкіх тамака партэйных рэкамэндацыяў...
І. Л.: Выбарнікі павінныя задумацца пра тое, чаму ў Сусьвеце палітычнае волевыяўленьне грамадзянаў у ходзе выбараў ёсьць асновай ўлады. У Беларусі ўлада фармуецца ў абсалютнае бальшыні з дапамогай парушэньняў пад час выбарных кампаніяў. Таму паўнамоцтвы дэпутатаў, якія прыходзяць вось гэткім чынам да ўлады, ня могуць разглядацца як легітымныя.
--У Вашым нататніку ёсьць канкрэтныя прозьвішчы такіх вось дэпутатаў?
І. Л.: Вядома. І гэтыя дэпутаты цудоўна ведаюць, што атрымалі свае мандаты па за межамі закону. Паколькі, напрыклад, у выбарчых акругах №№3, 20, 26 былі неабгрунтавана адхіленыя ад удзелу ў кампаніі прадстаўнікі грамадзкіх і палітычных арганізацыяў ды рухаў з фармулёўкаю: “Дата подпісу ў падпісных лістах пазначаная выбарнікамі ня ўласнаручна.” Тым часам у некаторых кандыдатаў на дэпутата меліся распіскі наконт таго, што даты ў падпісных лістах выбарнікі пазначалі самі, асабіста. У выніку ў акругах №№14, 29, 26 прайшлі выбары, калі ўсяго адзін, унесены ў бюлетэні канддыдат, ішоў да ўлады наогул без усялякае альтэрнатывы. А ў акрузе №3 не адбыўся другі тур галасаваньня праз адсутнасьць выбарнікаў...
--Ну і што Вы зараз мяркуеце ўчыняць?
І. Л.: Лідэры арганізацыяў палітычных партыяў, што прадстаўленыя ў Барысаве, прапаноўвалі гарсавету перагледзець паўнамоцтвы нелегітымных дэпутатаў на сэсыі. Але кіраўніцтва гарсавету адмовілася праводзіць гэтую працэдуру. Што, зазначу, ёсьць парушэньнем Закону “Пра звароты грамадзянаў” ды артыкулу 10 Рэгляманту гарсавету дэпутатаў.
--Уявім на нейкі момант, што Вы маеце рацыю. Якая, лічыце, павінна быць рэакцыя дэпутатаў, што заплямілі ўласны і грамадзянскі гонар?
І.Л.: Калі гэтыя людзі маюць высокія маральныя якасьці, то яны павінны самі ініцыяваць пацьверджаньне сваех паўнамоцтваў. У зваротным выпадку можна канстатаваць факт дасягненьня ўлады з дапамогай мэтадаў, што знаходзяцца па-за межамі закону. Між іншым, з усімі—прававымі наступствамі такіх мэтадаў. Цяпер, згадаю, прынятае рашэньне пра давыбары ў шасьці акругах гарадзкога воргану прадстаўнічае ўлады. Яны, напомню, пройдуць у адзін дзень з выбарамі ў Палату Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу РБ, гэта азначае—17 кастрычніка. Дэпутаты гарсавету, пра якіх ідзе размова, могуць пацьвердзіць свае паўнамоцтвы і яшчэ адным шляхам—вылучэньнем сваех кандыдатураў на давыбарах.
--Наўрад ці такое магчыма...
І. Л.: Разумееце, пытаньне ставіцца не наконт пэрсаналіяў, а наконт абароны правоў барысаўцаў на легітымную ўладу. Парляманцкія выбары павінны, без перабольшаньня, вырашыць самае галоўнае для краіны і народу палітычнае пытаньне: ці будзе знаходзіцца Аляксандар Лукашэнка трэцьці запар тэрмін у крэсьле прэзыдэнта Беларусі або—не?
--Ці не лічыце Вы, што практыка правядзеньня выбараў, якая існуе, асабліва ў падліку бюлетэняў, будзе актыўна выкарыстоўвацца прэзыдэнтам у сваех мэтах?
І. Л.: Несумненна. Дзеля таго ён у свой час і выбудаваў прэзыдэнцкую “вэртыкаль”. Можна нават зрабіць абрыс сцэнару падоўжаньня паўнамоцтваў Аляксандрам Лукашэнкам на пасадзе чала дзяржавы. Зьвярніце ўвагу, на сёньняшні дзень ён ужо агучыў склад будучага парляманту ў адсотках: колькі ў яго ўвойдзе дзейных зараз дэпутатаў, жанчынаў, чыноўнікаў (бізнесоўцаў чамусьці ён там бачыць не жадае). Самі разумееце, прэзыдэнт паводзіць сябе як дырэктар нейкай задрыпанай сельгаспадаркі на планёрцы з падначаленымі. Хто ня згодны, таму поўха ці мордай у дзярмо. Вось чаму, думаю, усіх нас чакаюцьчарговыя непрыемныя сурпрызы, зьвязаныя з масавымі парушэньнямі выбарных правоў беларускіх грамадзянаў. Міне нейкі час і хутчэй ад усяго гэтак званы Усебеларускі сход станецца ініцыянтам прапановы пра тое, каб унесьці чарговыя зьмены ў Канстытуцыю. І абмежаваньні знаходжаньня прэзыдэнта пры ўладзе будуць зьнятыя. Натуральна, у ходзе “усенароднага галасавньня”. Тым жа самым “галасаваньнем” беларускі народ прыме рашэньне пра абраньне прэзыдэнта парлямантам. Іншых варыянтаў разьвіцьця падзеяў ня бачу. Ва ўсіх яшчэ на вачох лістападаўскі рэфэрэндум 1996 году, у выніку якога фактычна быў здзейсьнены дзяржаўны пераварот, калі Аляксандар Лукашэнка атрымаў неабмежаваную ўладу.
![]() |
Home >> Select Country >> Беларусь >> Книги >> БАРЫСАЎСКІЯ КРОНІКІ НАЙНОЎШАЙ ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ >> 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 << |
| Select Country |
|
|
|
[an error occurred while processing this directive] |