“…Яна ж, зьяўляючыся адказнай асобай—дырэктарам Жортайскай сярэдняй школы, прызначанай на ўказаную пасаду загадам № 2 от 05.01.1994 году адзьдзелам адукацыі Барысаўскага райвыканкаму, а таксама, зьяўляючыся з 02.03.2003 года дэпутатам Маісееўшчынскага сельскага савету па выбарчай акрузе № 8 тэрмінам на 4 гады, валодаючы арганізацыйна-распарадчымі і адміністрацыйна-гаспадарчымі функцыямі, карыстаючы службовыя паўнамоцтвы, якімі была надзеленая ў сілу займаемай пасады, дзеіла насуперак інтарэсам службы—злоўжывала сваім службовым становішчам ды карыстала яго ў асабістых мэтах. Напрыклад, у перыяд часу з 1 студзеня 2003 да 1 лютага 2005 года, маючы на ўвазе адзіную злачынную мэту ды выключна ў сувязі са становішчам, якое займала на службе, прыняла і аформіла на працу ў якасьці вартаўніка сярэдняй школы грамадзяніна М… За паблажлівасьць да яго, паводле папярэдняй дамоўленасьці, ды за прыняцьце і афармленьне на працу ў якасьці вартаўніка М., яна, паводле вуснай дамоўленасьці, перавышаючы свае афіцыйныя паўнамоцтвы, незаконна, сістэматычна штомесяц прымала ў якасьці хабару ад жонкі М. грошы па месцы сваёй працы ў службовым кабінеце сярэдняй школы і па месцы свайго жыхарства.
Так, яна ў студзені 2003 года ў якасьці хабару ад жонкі М. незаконна атрымалаа 65.000 белорускіх рублёў, у лютым 2003 года незаконна атрымала 75.000 беларускіх рублёў, у сакавіку 2003 года незаконна атрымала 80.500 рублёў, а ў перыяд часу з красавіка 2003 года па люты 2005 года штомесяц незаконна атрымлівала ад жонкі М. па 50.000 рублёў, а ўсяго, такім чынам, незаконна атрымала ў якасьці хабару 1.320.500 беларускіх рублёў, што складае 55,02 базовых велічыняў.
Гэта азначае, сваімі наўмыснымі дзеяньнямі Надзейкіна ўчыніла злачынства, паводле ч.1 арт. 430 КК Беларусі: прыняцьце службовай асобай для сябе матэрыяльных каштоўнасьцяў, якія ёй прадастаўляліся выключна ў сувязі з займаемым афіцыйным становішчам, за паблажлівасьць у адносінах да падначаленага, за станоўчае рашэньне пытаньняў, уваходзячых у ягоную кампэтенцыю, або за выкананьне ў інтарэсах даючага хабар ці ягоных прадстаўнікоў нейкага дзеяньня, якое гэта асоба павінна была ці здолела б здзейсьніць з выкарыстаньнем сваех службовых паўнамоцтваў (атрыманьне хабару).”
Заўважым, што цэлы шэраг эпізодаў, якія тычыліся, незаконнага атрыманьня спадарыняй Надзейкінай не заробленых ёй грошай, былі “выкананыя” з дапамогай старых прыёмаў махляроў ажно ад часоў гогалеўскага Чычыкава ды ільф-пятроўскага падпольнага мільянера Карэйкі.
Тут нельга не ўзгадаць, як гэта кабета, надзеленая, акрамя іншага, і дэпутацкімі паўнамоцтвамі, пра што ўжо дазнаўся чытач, знайшла яшчэ адзін прыём адбіраньня чужых сродкаў.
...Памянёны вартаўнік М., які ў духу застарэлых азіяцкіх традыцый пастаянна і добрасумленна сплочваў на лапу “патранэсе” за сваё працоўнае месца, натуральна, меў права на аплатны штогодні адпачынак. Гэтак было і ў траўні 2004 году. “Але, чаму б мне тут не пагрэць рукі?”—падумала вясковая дырэктарка і распачала ажыцьцяўляць задуманае. На пачатку спадарыня Надзейкіна зрабіла прапанову сваёй намесьніцы па гаспадарчай частцы Г. Маўляў, давай на час адпачынку вартаўніка з 1 траўня па 1 чэрвеня аформім твайго сына часова выконваючым абавязкі М. Але сама гэткі загад не аформіла, хаця на вартаваньне ўвесь травень хадзіла замест сына ягоная маці, сама Г. Але Надзейкіна з усёй начальніцкай суворасьцю ды жаночай непасрэднасьцю проста паведаміла Г. пра немагчымасць выплаціць той хаця якія грошы. Карацей, “кінула” лапухоў, як зараз гавораць у падобных выпадках. Нават табель уліку працоўнага часу, які прадаставіла ёй Г., зьнішчыла. Нібыта аніякага вартаўніцтва школьнага будынка і ў згадках не было. Што ж тады было? А было тое, што дырэктарка загадам №86 ад 4 траўня 2004 года аформіла на часовую працу па вартаўніцтву ... уласнага мужа. Якога на працы ў той школе, натуральна, ніхто і не бачыў. Аднак грошы ў суме 192 тысячы “зайцоў” прыліплі да рук пранырлівай адміністратаркі. Мала таго, Надзейкіна ўдадатак выдала загад аб прэміяваньні калектыву за высокія працоўныя здзяйсненьні, дасягнутыя ў траўні. Дзе, натуральна, сябе, каханенькую-родненькую, не абмінула.
3.
Пералік “подзьвігаў” спадарыні Надзейкінай на ніве ўласнага ўзбагачэньня можна працягваць.
І гэткае, уявіце, тварыў чалавек, які меў статус дэпутата сельскага савета. І зноў атрымліваецца казус. Дэпутат—гэта выказнік грамадзкіх інтарэсаў, паводле сваёй сутнасьці, руплівец за народнае, за дзяржаўнае дабро. Чым жа такая прыкметная фігура, якой ёсьць дэпутат Надзейкіна, запомнілася людзям? Ды тым, што некалькі гадоў грэбла ўсё пад сябе, а затым апынулася на лаве падсудных, каб адтуль трапіць на “зону”. Такое доўга помніцца: ого, падзаляцела пад турэмную баланду гэткая прыкметная асоба! Тут ужо “гераіню дню” дасьціпныя вясковыя языкі разьбяруць да шрубчыкаў. Я разумею, спадарыня Надзейкіна яшчэ доўга будзе абскарджваць нават вось такі, даволі мяккі прысуд, вынесены ёй суддзёй Стрыгалёвай. Аднак нават калі Надзейкіна цудам і вылузьнецца з вось гэтай прыкрай гісторыі праз касацыйныя суды або пракурорскія скаргі, што раптам будуць задаволены, наўрад ці ўдасца ёй “падсушыць” падмочаную рэпутацыю і аднавіць (ужо як дэпутату) сярод мясцовага насельніцтва ўласны аўтарытэт.
Цяпер—пра тое, што, мусіць, упершыню ў нашым рэгіёне на лаве падсудных сядзела дэпутат мясцовых саветаў. Больш таго—асоба, прызваная тварыць дабро ды выхоўваць у дзяцей і дарослых законапаслухмянасьць, высокія духоўныя якасьці. Скажу шчыра, неяк за апошнія гады сутнасьць званьня дэпутата мясцовых саветаў у нашых “палесьцінах” пачаў маральна драбнець. Пра гэта пачынаеш міжволі задумвацца, калі, напрыклад, згадваеш, што ў 2003 годзе абласная і раённая пракуратура публічна прад’яўлялі свае абгрунтаваныя прэтэнзіі адносна парушэньняў пэўных артыкулаў КК РБ да старшыні Барысаўскага райсавета Пятра Навіцкага (таксама-былога дырэктара вясковай школы).
“Рэйд” па артыкулах Крымінальнага Кодэксу РБ, як бачым, падоўжыла пэдагог Надзейкіна, дэпутат ужо сельскага савета. Але ж, во дзіва, у свае далёкія ад абсалютнай чысьціні справы яна здолела ўцягнуць… сакратара Маісееўшчынскага сельсавета спадарыню Цьвяткову, таксама дэпутата. Гэтаму таксама быў прысьвечаны адмысловы эпізод у вышэй узгаданай крымінальнай справе. Нікуды не дзенесься, паважаны чытач, зноў давядзецца працытаваць адпаведную вытрымку: “
«…16 сьнежня 2004 года, у памяшканьні сельскага савета ў групе з сакратаром сельскага савету Цьвятковай (у адносінах да якой ва ўзбуджэнні крымінальнае справы адмоўлена), наўмысна з карысьлівай і іншай асабістай зацікаўленасьці, з мэтай утойваньня здзейсьненых крадзяжоў Надзейкіна спланавала, арганізавала ды кантралявала і кіравала складаньнем Цьвятковай ад імя свайго мужа заведама фальшывай даверанасьці, датаванай 16. 12. 2002 году на права атрыманьня самой Надзейкінай заробнай платы з усімі відамі даплат у бухгалтэрыі аддзела адукацыі Барысаўскага раёну ды з правам роспісу і падачы неабходных дакумэнтаў за мужа. Гэты дакумант Цьвяткова, паводле ўказаньня Надзейкінай, пасля складаньня зарэгістравала фальшывым запісам пад №9 у кнізе запісаў натарыяльных дзеяньняў Маісееўшчынскага сельскага савету за 2001—2005 гады, а затым унесла фальшывыя зьвесткі наконт выплаты дзяржмыты ў памеры 3000 рублёў за рэгістрацыю даверанасьці ў квітанцыю Маісееўшчынскага сельскага савету серыі АЛ №617330 ад 22. 12. 2002 года.» (канец цытаты).
Да сказанага магу дадаць, што пакуль за падобныя ўчынкі ні адзін узгаданы ў гэтым нарысе дэпутат мясцовых саветаў так і не быў пазбаўлены свайго статусу. Тым, што твораць на Барысаўшчыне некаторыя высакапастаўленыя дэпутаты і недэпутаты-пэдагогі, нікога, акрамя Барысаўскага РАУС, УУС Менаблвыканкама ды пракуратуры Барысаўскаго раённа, як бачым, не цікавіць. Гэтыя ворганы вядуць свае справы, паводле сілы закона, а тыя, хто пакрывае заўважаных у крымінальных справах гора-пэдагогаў карыстаюцца законам сілы сваіх невядомых шырокай публіцы высакапастаўленых заступнікаў.
Тым часам, колькасьць школьнікаў, якія знаходзяцца на ўліку ў інспекцыі па справах няпоўнагадовых Барысаўскага райаддзелу міліцыі вылічаюцца сотнямі чалавек. Гэтыя дзеткі, беручы прыклад, мусіць, з некаторых пэдагогаў, таксама стараюцца не адстаць ад іх ды ўрваць сваё. Пачытайце, добрыя людзі, выпускі «Крымінальнай хронікі» на старонках “Барысаўскіх Навінаў”-- і вы заўважыце, што малалетнія злачынцы абкрадаюць дачныя дамы і вясковыя падвор'і, рабуюць іншых дзяцей ды жанчын. Такія вось бэйбусы, у прыватнасці, абакралі ды «разбамбілі» на барысаўскіх гарадзкіх могілках ля вёскі Вуглы дзясяткі пахаваньняў— у асноўным «зьнялі» магільныя агароджы, зробленыя зь «нержавейкі». Скажаце:нічога сьвятога няма ў дзіцячых сэрцах? А хто ім туды гэтае сьвятое ўкладзе? Можа дырэктарка і дэпутат сельсавету Надзейкіна? Ці былы кіраўнік райаддзелу адукацыі Алецкі? Дазвольце ў гэтым засумнявацца.
ПУБЛІЧНЫЯ СЬВЕДЧАНЬНІ Ў ТЭМУ
СТАРШЫНЯ РАЙСАВЕТУ АБВІНАВАЧВАЕЦЦА...
У рэдакцыю”Барысаўскіх Навінаў” прабілася інфармацыя наконт таго, што пракуратура Барысаўскага раёну накіравала прадстаўленьне ў Менскі аблсавет наконт адхіленьня ад пасады старшыні райсавету Пятра Віктаравіча НАВІЦКАГА. Бо, маўляў, той два гады назад здзейсьніў учынак, які кваліфікуецца, як службовы падлог. Каб высьветліць сытуацыю наш карэспандэнт сустрэўся са сьледчым раённай пракуратуры Віталем АРЦЮШКЕВІЧАМ, які сумесна з прадстаўнікамі Барысаўскага міжраённага аддзелу барацьбы з араганізаванае злачыннасьцю і карупцыяй разблытваў гэтую справу.
--Ёсьць інфармацыя, спадар Віталь, быццам цяперашні старшыня Барысаўскага райсавету, калі яшчэ займаў пасаду дырэктара Кішчана-Слабодзкае сярэдняй школы, садзейнічаў выпускніцы аднае з гарадзкіх школаў у незаконным атрыманьні атэстату сталасьці. Гэта праўдзівая інфармацыя?
-- Праўдзівая. 2 верасьня сёлетняга году (2003—А. М.) першы намесьнік пракурора Мінскай вобласьці Мікалай Пілінкевіч у адносінах да Пятра Навіцкага ўзбудзіў крымінальную справу. У ходзе сьледзтва ўстаноўлена, што Пётр Навіцкі, які займаў
пасаду кіраўніка ўзгаданае школы, маючы асабістае зацікаўленьне, у траўні—чэрвені 2000 года арганізаваў выдачу дзьвюх падложных атэстатаў пра сярэднюю адукацыю жыхарцы Барысаву (з этычных прычынаў ейнага прозьвішча не памінаю). Выпускніца фактычна ў вясковае школе ня вучылася, а заканчвала навучаньне ў аднае з гарадзкіх барысаўскіх школаў. Зараз справа ў адносінах да Пятра Навіцкага спыненая праз сканчэньне тэрміну даўнасьці прыцягненьня яго да крымінальнае адказнасьці.
--У такім разе навошта трэба было ўзбуджаць?
-- Навіцкі ёсьць дэпутатам ды старшынёю райсавету, займае адказнае становішча ў рэгіёне. Вядома, дадзены факт нельга было пакідаць незаўважаным, не зважаючы на тэрмін даўнасьці. Справа ўзбуджалася ня толькі таму, каб даказаць вінаватасьць Навіцкага, але ж – і астатніх асобаў, якія маюць дачыненьне да здзяйсьненьня супрацьпраўнага кроку.
--Чаму пракуратура вобласьці зацікаўленая ў агалошваньні гэтага факту?
--Тут галоснасьць неабходная, бо ў школах Меншчыны ды Беларусі наогул існуе
заганная практыка выдачы атэстатаў сталасьці з адзнакамі, якія не адпавядаюць узроўню ведаў выпускнікоў. Дзеля прафілактычных мэтаў трэба паказваць, што
падобнага кшталту злачынствы праваахоўчыя ворганы выводзяць на чыстую ваду і не зважаюць на асобы.
--Навошта дзяўчыне былі патрэбныя два атэстаты?
--Ейная маці, работніца райвыканкаму, спрабавала дапамагчы дачцы уладкавацца
вучыцца ў ВНУ. Таму вырашыла дзесьці дастаць два атэстаты. Такім чынам, у дзяўчыны зьявілася магчымасьць падаць дакуманты адразу ў два ВНУ. Калі не пашэнціць у адным, то ў запасе ёсьць яшчэ адзін варыянт. А каб пытаньне вырашалася рэальна, матуля й папрасіла Навіцкага аформіцьперавод дачкі з гарадзкой школы ў вясковую. Якую, узгадаю, той ачольваў. Каб дзяўчынка пад час паступленьня ў ВНУ магла ўдзельнічыць у конкурсе сярод вясковых абітурыентаў. Яна ня мелася ўладальніцай медалю, але ў прынцыпу добра пасьпявала шмат па якіх прадметах ды на фоне ўзроўню ведаў вясковых аднагодкаў някепска глядзелася перад экзаменацыйнае камісыяй аднаго з ВНУ Менску. І набрала неабходную колькасьць балаў. Цікава, што яна туды паступіла пасьля таго, як не прайшла конкур у першую ВНУ. Куды, між іншым, разам зь іншымі дакумантамі падала сапраўдны атэстат.
--Вы ўчынялі допыт Пятру Навіцкаму. Як ён тлумачыць свае дзеяньні?
--Навіцкі вінаватым сябе ня прызнаў. Аднак паказаў, што да яго сапраўды зьвярнулася маці дзяўчыны—з гэтай жанчынай ён быў знаёмы па працы ў райаддзеле адукацыі. Тая спаслалася на сямейныя акалічнасьці, сказала: маўляў, дачцы трэба зьехаць з Барысаву ды вучыцца ў вясковай школе. Пётр Віктаравіч не пярэчыў. І дзяўчынка здала выпускныя іспыты ў Кішчана-Слабодзкае і ў гарадзкой школах адначасова. Такім чынам, атрымала на рукі два атэстаты. Аднак сьледзтва знайшло, што дакумантаў, якія сьведчылі б пра ўбыцьцё выпускніцы з гарадзкое школы няма: адсутнічае заява наконт пераводу ў вясковую школу, а ў сшытку тых вучняў, якія пакідалі школу, ейнае прозьвішча ня значыцца. І яшчэ адзін важны момант: сьледзтва высьветліла, што Навіцкі даў указаньне падначаленаму загадчыку навучальнае часткі пад час выпіскі атэстатаў падвысіць адзнакі па чатырох прадметах з “добра” на “выдатна”.
--Вы накіроўвалі свае афіцыйныя меркаваньні адносна асобаў, якія былі ўцягнутыя ў гэтую справу ў нейкія вышнія ворганы? Напрыклад, на Пятра Навіцкага і райвыканкамаўскую матулю-чыноўніцу?
--У адносінах Пятра Віктаравіча падрыхтаванае ды накіраванае прадстаўленьне ў Менаблсавет дэпутатаў дзеля ініцыяваньня ягонага знаходжаньня на пасадзе старшыні Барысаўскага райсавету, паколькі яго прыцягваюць да крымінальнае адказнасьці.Як рошуць народныя абраньнікі, я не ведаю. Акрамя таго, я падрыхтаваў яшчэ два прадстаўленьні. Адно—кіраўніцтву райвыканкаму, каб яно высьветліла, ці адпавядае пасадзе, якую займае узгаданая матуля чыноўніца. Другое—дырэкцыі гарадзкое школы, дзе тая самая дзяўчына вучылася, каб там правялі службовае расьледваньне факту прапажы ейнай асабістае справы.
--Спадар Віталь, а якое пакараньне пагражала вінаватым, калі б ня скончыўся тэрмін даўнасьці?
--За службовы падлог Крымінальны кодэкс Беларусі прадугледжвае штраф або
пазбаўленьне права займаць пасады кіраўнікоў або займацца пэўным відам дзейнасьці,
выпраўляльныя работы, абмежаваньне свабоды да двух гадоў і нават пазбаўленьне волі
на гэты ж тэрмін. Дзяўчына панесла б крымінальную адказнасьць за карыстаньне
падложнага дакуманта. Такія дзеяньні караюцца грамадзкімі работамі ці штрафам або выпраўляльнымі работамі на тэрмін да двух гадоў. Падобныя злачынствы не адносяцца да катэгорыі такіх, што маюць грамадзкую небясьпеку.
--Будзем спадзявацца, што гэтая несымпатычная гісторыя выкліча грамадзкі рэзананс ды станецца сур’ёзнай навукай для іншых.
--Хацелася б у гэта верыць.
“Барысаўскія Навіны” за 16-22 кастрычніка 2003 году
БАНКЕТАВАНЬНЕ З АПАХМЕЛКАЙ, АБО ЯК СПРАБАВАЛІ ПАКРЫЎДЗІЦЬ
ЗАГАДЧЫЦУ ЯДАЛЬНІ ЧЫРВАНЦОВУ
У сярэдзіне--напрыканцы 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя жыхары Барысаўшчыны з пільнай увагай сачылі за тым, як загадчыца сталовай калгаса імя Кутузава з вёскі Вялікая Трасьцяніца Тамара Чырванцова ваявала ці не з усім мясцовым высаканачальніцкім бамондам. Прычынаў цкаваньняў гэтай жанчыны з боку ўладных чыноўнікаў было дзьве. Першая—палітычная: спадарыня Тамара “ня так” зьбіралася прагаласаваць на прэзыдэнцкіх выбарах 1994 году, пра што напярэдадні другога туру галасаваньня абвесьціла ўслых перад гэтым сьпецэфычным раённым ды гарадзкім асяродкам. Другая—этычная. Загадчыца сталовай узбунтавалася і ня стала абслугоўваць банкетаваньні тамтэйшай эліты так, як тая тусоўка гэтага жадала.
1
У маім архіве захаваўся нумар “Советской Белоруссии” за 29 жніўня 1995 году з рэдакцыйным артыкулам “Знаменосцев меняют быстрее флага. Что остается думать о них людям?” Прывяду вытрымку з гэтага матэрыялу, дзе памінаецца пра канфлікт Чырванцовай з тымі чыноўнікамі зь ліку аматараў адзначыцца на банкетаваньнях ў калгасе імя Кутузава:
“Пра непарадкі ў Барысаве прэса піша ня першы год. Але, падобна, нічога не мяняецца. Адна ўлада ідзе на зьмену другой, але, калі прыгледзецца—каля руля адны і тыя ж асобы... Напэўна гэтае пытаньне задаюць сабе ўдзельнікі баляваньня ў калгасе імя Кутузава Барысаўскага раёну, калі мясцовая абслуга чамусьці ўпіралася, не жадала весяліць ядакоў. Гэткая негасьціннасьць! Прынамсі, калі б справа была б толькі ў ёй, гэта наўрад ці зацікавіла б камітэт па барацьбе з карупцыяй пры адміністрацыі Прэзыдэнту. А менавіта там зараз знаходзіцца заява пра тое, што ў рабочы час за дзяржаўны кошт неаднаразова наладжваліся шыкоўныя банкетаваньні, дзе госьці з вышыні, так бы мовіць, службовага становішча патрабавалі, у прыватнасьці, ад работніцы сталовай Чырванцовай Т. І. улешчваць іхныя слых і зрок сьпевамі песьняў ды скокамі”(канец цытаваньня).
Газэта памінала і асобных гарадзкіх начальнікаў—прыхільнікаў талентаў Тамары Іванаўны. Як гаворыцца, што напісана пяром у дзяржгазэце, тое—ня вырубіць сякерай. Тым болей, з нагоды гэтае публікацыі ніхто з “СБ” ня судзіўся.
З вышыні сёньняшняга дню даволі акрэсьлена бачныя роля і Тамары Чырванцовай, і “СБ” у фармаваньні ў сьвядомасьці прэзыдэнту РБ адмоўнага стаўленьня да
барысаўскіх банкетаваньняў. Пройдзе меней чымся два гады, і Аляксандар Лукашэнка, нібыта пракаленым жалезам, сваім указам № 229 пройдзецца па старых савецкіх застольных традыцыях. І, дарэчы, не пашкадуе ні свайго чырвонага “вэртыкальніка”, ні чальцоў ягонага атачэньня. Аднак рэспубліканская афіцыйная трыбуна ў сваім артыкуле дапусьціла недакладнасьць: на момант публікацыі спадарыняЧырванцова была ня шэраговай работніцай, але ж загадчыцаю прадпрыемства грамадзкага харчавання калгасу імя Кутузава, так бы мовіць, чыноўніцай сярэдняга маштабу, якая мела ў сваім падпарадкаваньні іншых кухараў ды кулінараў з афіцыянткамі. Да ўсяго «Советская Белоруссия» змаўчала пра той факт, што Тамара Іванаўна на час выхаду матэрыялу ў сьвет ужо была звольненая з калгаснае сталоўкі за прагул (!). Чырванцова тады гэтую фармулёку даволі працяглы час аспрэчвала афіцыйна. Акрамя таго, што ліставала свае скаргі ў розныя ўладныя інстанцыі, у тым ліку і ў прэзыдэнцкую адміністрацыю, знакамітая ў рэгіёне сваемі талентамі жанчына, распачала судовы працэс. Бо ніякіх прагулаў не здзяйсьняла. Наадварот, даволі часта прыхоплівала асабісты час, каб асабіста на вышнім узроўні абслужыць чарговае баляваньне гарадзкога, рэгіянальнага і нават абласнога бамонду. Сярод іншага, Тамара Іванаўна зьвярнула ўвагу Беларускае службы Радыё Свабода і “Барысаўскіх Навінаў” на адну цікавую акалічнасьць. Маўляў, яе звольнілі з калгасу ў самы разгар прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году. І гэта нявыпадкова, сьцьвярджае спадарыня Чырванцова.
2
... Тады яна ў банкетнае залі вывесіла на відным мейсцы партрэт Аляксандра Лукашэнкі. А калі той-сёй з высакапастаўленых асобаў запатрабаваў зьняць са сьцяны каляровую фотавыяву аднаго з кандыдатаў у прэзыдэнты (усе прысутныя ня сумняваліся, што ў другім туры пераможа кіраўнік Саўміну РБ Вячаслаў Кебіч, а ня “гэты выскачка і малакасос”), Тамара прысутным сказала сваё “фі”. Маўляў, ня ваш Кебіч, а вось гэты чалавек з народа абавязкова пераможа. Яна, Чырванцова, сама за яго галасуе і ўсе простыя людзі паўсюдна галасуюць за яго. А ваша ўлада, таварышы банкетоўшчыкі, канчаецца. І гулі вашыя—таксама.
--Здымаць партрэт ня буду. Сьпяваць і танчыць таксама ня буду. Безь мяне абыйдзецеся. Пітво ў вас ёсьць, закусь ёсьць. Заставайцеся здаровыя, калі толькі гэты банкет пойдзе вам на карысьць,-- сказала яна і пайшла прэч з памяшканьня сталовай. Балазе, час працоўны скончыўся.
Кіраўніцтва калгасу было настолькі ўпэўненае ў перамозе Вячаслава Францавіча ў прэзыдэнцкай гонцы, што ня стала чакаць канчатковых вынікаў выбараў і, як ужо ведае чытач, ня проста вытурыла Тамару Чырванцову са сталоўкі, а звольніла з працы паводле вельмі жорсткага артыкулу працоўнага заканадаўства.
Цікава, што за гэты ўчынак з галавы тагачаснага кіраўніка калгасу Аляксандра Ягоўдзіка аніхто ні воднай валасінкі ня выдраў. І, натуральна, вельмі цікавай падаецца наступная акалічнасьць. Тамара Чырванцова пацярпела тады праз свае шчырыя адносіны да асобы Аляксандра Лукашэнкі, на той час—дэпутата Вярхоўнага Савету РБ 12 скліканьня, калі ён яшчэ ня стаўся прэзыдэнтам краіны. Аднак, ведаючы прычыны скандалу, ніхто з чыноўнікаў прэзыдэнцкае адміністрацыі ня пажадаў умяшацца ў сытуацыю, якая склалася вакол Чырванцовай на Барысаўшчыне. Я ўжо маўчу пра самаго Рыгоравіча. Дзе ўжо яму з вышыні свайго трону было разгледзець сьціплую працаўніцу фронту грамадзкага харчаваньня, “приставленую к борщам”, як сьпяваецца ў аднае эстраднай песеньцы савецкага кінафільма “Карнавальная ноч”... А
зьвярні своечасова прэзыдэнт ўвагу на гісторыю Тамары Іванаўны, натуральна, ён здолеў бы ў Барысаве знайсьці чалавека, які дапамагаў бы яму разгрэбсьціся з грамадзкім харчаваньнем—галіною, што заўжды мела даволі справядлівыя нараканьні з боку мясцовых жыхароў.
Але, кінутая на волю няспрыяльнага лёсу жанчына, якая выхоўвала сына, што навучаўся ў барысаўскае гімназыі №2, Тамара Чырванцова распачала свой пакручасты шлях па колу нечалавечых пакутаў. Як прыхільніца ідэяў ды лёзунгаў, зь якімі Аляксандар Лукашэнка йшоў на выбары, Тамара Іванаўна разам са сваёй сяброўкай і праўдашукальніцай Сьвятланай Данілавай нават наведала родных і блізкіх прэзыдэнта ў вёсцы Рыжкавічы Шклоўскага раёну. Галіна Радзівонаўна, жонка Аляксандра Рыгоравіча, выслухала хадайніцу, паспачувала той, ды ўсяго паабяцала: маўляў, яна, канешне, пры нагодзе ліст барысаўкі на імя Лукашэнкі завязе ў Адміністрацыю, нават пастараецца ўручыць допіс зямляку і сябру дзяцінства Рыгоравіча спадару Канаплёву, які блізу прэзыдэнта нешта робіць. Мусіць яна так і зрабіла. Але, як вядома, чало дзяржавы адрэагавала толькі на банкетныя традыцыі, што прыжыліся ў рэгіёне. Можна толькі здагадвацца, што пра тое было загадана ўспомніць адно толькі на старонках газэты “Советская Белоруссия». Узаеміны ж Чырванцовай з калгасным начальствам засталіся “за кадрам”. Прэзыдэнт не праявіў аніякай цікаўнасьці ні да старшыні калгасу Аляксандра Ягоўдзіка, ні да скаржніцы Тамары Чырванцовай.
Жыцьцё ня клеілася... Нярэдка даводзілася галадаць...
Праўда,ёй нібыта паспачувала дырэктарка Вялікатрасьцянецкае сярэдняй школы Тамара Клімковіч. Летам 1997 году яна прыняла Чырванцову на працу кухарам у вучнёўскую сталоўку. Аднак, як затым высьветлілася, прыняла, каб праз пэўны час учыніць правакацыю. Ня зважаючы на тое, што Тамара Іванаўна прапусьціла два дні працы паводле паважнай прычыны—яна хварэла, Тамара Клімковіч таксама звольніла кухара за... прагул.
Вось тады спадарыня Чырванцова, нарэшце, зьвярнулася ў суд—трэба было ратаваць і працоўную кніжку, і ўласную рэпутацыю.
Цікава, што судзьдзя Віктар Шэляпень, які на той час працаваў намесьнікам старшыні суду Барысаўскага раёну, добра разабраўся ва ўсіх акалічнасьцях гэтае справы. Адчувалася, ён, паводле вартасьці, ацаніў юрыдычную абарону інтарэсаў Тамары Чырванцовай, што збудаваў ейны адвакат, на той час старшыня Беларускае Лігі правоў чалавека Мікола Мекека. Спадар Шэляпень цягам кастрычніка правёў некалькі судовых паседжаньняў і вынес наступны вырак (цытую):
“... З матэрыялаў справы бачна, што Чырванцова Т. І., на падставе п. 4 арт. 33 КЗАП Рэспублікі Беларусь, за ўчыненыя 15. 08. 97 г. і 5. 09. 97 г. прагулы, звольненая з працы 24 верасьня 1997 г. Разам з тым, 15 жніўня і 5 верасьня бягучага году яна была няпрацаздольнай, пра што сьведчыць акт судовамедычнага экспэрту, копіі бальнічных лістоў. Пры такіх акалічнасьцях прагулы, якія ўчыніла Чырванцова Т. І. 15 жніўня ды 5 верасьня,трэба прызнаць змушанымі, а ейнае звальненьне—незаконным”(канец цытаваньня).
3
Забягаючы наперад, паведамляю чытачам, што дырэктарка названай школы Тамара Клімковіч не абскардзіла судовае рашэньне. Настолькі прымітыўным і зразумелым было цкаваньне работніцы, якую дырэктарка на знак салідарнасьці з калгасным начальствам незалюбіла ды ўчыніла супраць той правакацыю. Але ў гэтай акцыі адміністратарка ад педагогікі не раскаялася. Працяг самаволі Тамары Клімковіч у адносінах да Чырванцовай пасьля суду разгарэўся з новай сілай. Па-першае, Тамару Іванаўну гэта чыноўніца пасьля працэсу цэлы тыдзень пад рознымі дай прычынамі не
дапушчала да працы. І гэтым самым, як гэта кваліфікуецца, у юрыдычных дакумэнтах, самавольна пазбаўляла школьнага кухара права на працу. Мікола Мекека, бачачы, што Тамара Клімковіч хоча нейкім чынам абыйсьці рашэньне судзьдзі Шэляпеня, параіў Чырванцовай штодня, як на працу, зьяўляцца разам з працоўнай кніжкай ды й са сьведкамі ля дзьвярэй вучнёўскае сталоўкі, куды Клімковіч той ўваходзіць забараніла.
Нарэшце, 29 лістапада 1997 году раніцай кухар завітала ў габінэт Т. Клімковіч, там правяла хвілін сорак, а выйшлаадтуль з даволі патрапанай прычоскаю ды кавалкам паперчыны. Гэта было ўсё, што ў жанчыны засталося ад працоўнае кніжкі—другая частка дакумэнту знаходзілася ў дырэктарскім габінэце.
--Яна была ўся ў сьлязах, валасы растрапаныя, правая рука—у крыві, вусны трэсьліся. Голас дрыжэў. Яна распавяла, як яе ў настаўніцкай зьбівалі настаўнікі-мужчыны, адымаючы працоўную кніжку. У руках яна трымала абрывак дакумэнта,--сьведчыла мне жыхарка вёскі Вялікая Трасьцяніца Марыя Дашчынская.
![]() |
Home >> Select Country >> Беларусь >> Книги >> БАРЫСАЎСКІЯ КРОНІКІ НАЙНОЎШАЙ ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ >> 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 << |
| Select Country |
|
|
|
[an error occurred while processing this directive] |