Яны цябе і тваіх сябровак не прапусьцяць у будынак! У іх загад! Вы і так сёньня малайцы, зьвярнулі ўвагу народу і журналістаў на вельмі вострыя праблемы. Заўтра мая інфармацыя пра твой ўчын будзе зьмешчаная ў газэтах,-- крычэў я да спадарыні Ясюк.
Мусіць, я перакрычэў лыжачна-каструльны пошчак і шум натоўпу. Жанчыны разам з Алесяй спыніліся. Нейкай хвіліны ім хапіла дзеля таго, каб у гэты найвастрэйшы псыхалягічны момант, калі нэрвы ў абодвух бакоў былі напятыя, як струна, адмовіцца ад “штурму” гарвыканкаму—там яны хацелі ўручыць ліст са сваімі сацыяльнымі патрабаваньнямі гарадзкому галаве Васілю Бургуну.
Я тады сказаў Падабеду:
--Я, Мікалаевіч, каб ты ведаў, не зьяўляюся шэрым кардыналам мясцовай апазыцыі. Так, Алеся мяне паслухалася ды спыніла акцыю. Аднак гэта азначае толькі адно: яна мяне проста паважае як чалавека і журналіста, а я паважаю яе як палітычную дзяячку, як выдатнейшую паэтку, спачуваю ёй як маці чатырох дзяцей.
І ўсё ж спадару Падабеду мясцовыя ўлады не далі магчымасьці даслужыцца да пагонаў палкоўніка. На пачатку 2004 года стараньнямі кіраўніцтва гарвыканкаму Падабеда выправадзілі на пэнсыю. Гэта ўсё, між іншым, здарылася пасьля таго, калі ён праз газэту “Барысаўскія Навіны” папікнуў рэдактара друкаванага афіцыёзу мясцовых уладаў, газэты “Адзінства” Веру Пратасевіч у парушэньні этычных нормаў у сваіх матэрыялах.
А справа тычылася таго, што яна ў адным з уласных матэрыялаў амаль напрамую абвінаваціла гарадзкую міліцыю ў неверагодным: маўляў, работнікі праваахоўных ворганаў разам з раскрадальнікамі, якія працуюць на тутэйшай нафтабазе, стварылі мафіёзны спрут і такім чынам, расьцягваюць дзяржаўныя гаруча-змазачныя матэрыялы. Канкрэтнымі доказамі гэта абвінавачваньне спадарыня Вера не падмацавала. Але вельмі абараняла і ад падначаленых, і ад “спруту”, і ад “Барысаўскіх Навінаў” новага дырэктара нафтабазы спадара Кароткага, які за паўгады сваёй працы на новым для сябе мейсцы здолеў звольніць адсюль некалькі дзесяткаў чалавек. Калі ж людзі зьвярнуліся ў рэдакцыю “Барысаўскіх Навінаў” за маральнай падтрымкай, то новасьпечаны начальнік стаў судзіцца і са сваімі падначаленымі, і з рэдакцыяй незалежнага выданьня.
У нумары “БН” за 27 лістапада—3 сьнежня 2003 году было зьмешчанае маё інтэрвію са спадаром Падабедам пад надзвычай простым загалоўкам “На ахове пакою і бясьпекі грамадзянаў”.
Між іншых, я задаў наступнае пытаньне:
“--...Скажыце, Хведар Мікалаевіч, Вас як аднаго з кіраўнікоў Барысаўскага ГАУС не закранае гэты пасаж? ( у матэрыяле В. Пратасевіч наконт “ мафіёзнага спруту”—А. М.)
--Мякка кажучы, Пратасевіч у дадзеным выпадку была не зусім карэктная. Каб так вось заявіць, трэба мець канкрэтныя факты. Нельга ж да суду называць чалавека злачынцам, калі нават ён здзейсьніў злачынства. Для гэтага неабходна ўсе факты раскласьці на палічкі і даказаць падследнаму тое, што ён вінаваты. Ды каб той гэтую віну прызнаў. Гэта ж адносіцца і да журналістыкі. Нельга ж ахайваць усіх і ўсё, ня маючы канкрэтных доказаў. Я асбіста ня думаю, што ў Барысаве ўсе павязаныя між сабою. Мы праводзілі на нафтабазе шэраг праверак, але зладзейскага спруту не знайшлі. Нафтабаза мае менскае кіраўніцтва—канцэрн “Белнафтахім”, якое ведае, хто такі Кароткі. Хай начальства працуе зь ім асабіста ды зь ягоным працоўным калектывам, дзе абстаноўка сапраўды напружаная.
--Нядаўна здарылася аварыя на нафтабазе: адбылося працяканьне ГЗМ з ёмістасьці. Ці ня ёсьць тут нейкі прытоены намер? Калі ў калектыве існуе напружанасць , то можа знайсьціся і пакрыўджаны работнік... А нафтабаза, як вядома, прадпрыемства пажаранебясьпечнае!
-- Урэшце рэшт, нічога выключаць нельга. Таму і крымінальны вышук і ўчастковыя інспэктары неаднаразова праводзілі гутаркі ў калектыве “Барысаўнафтапрадукту”, а таксама з аховай прадпрыемства. А раптам хто што надумае... Спадзяюся, шкоднікаў ня знойдзецца, але выключаць такое ня маю права. Што можна сказаць пра кіраўніка нафтабазы? Складваецца ўражаньне, быццам ён лічыць сябе чалавекам, які мае рацыю ва ўсіх адносінах, а вось астатнія—не. І наконт звальненьня людзей, якія потым аднаўляюца праз суд. Я не лічу такія звальненьні правамоцнымі. Вядома, паўсюдна ёсьць свае недахопы. Калі кіраўнік нешта не так разумее або не так робіць, дык не міліцыя яго павінна ўшчуваць...
--А што б Вы пажадалі журналістам “Барысаўскіх Навінаў” ды іншых СМІ, якія асьвятляюць працу барысаўскае міліцыі?
--Каб нашае супрацоўніцтва было больш прадуктыўнае. І не зьяўляліся ў друку неправераныя паведамленьні пра тое, што ўсё наўкола павязанае. Між іншым, мы не трымаемся за тых супрацоўнікаў, якія злоўжываюць службовым становішчам або сыйшліся зь нейкімі крымінальнымі элементамі дзеля нажывы. Нам такія работнікі не патрэбныя, мы ад іх пазбаўляемся. Абсалютная большасьць асабовага складу ГАУС—гэта аддадзеныя службоваму абавязку людзі. Ім часта не хапае часу на сон і асабістыя справы. Ну а з “Барысаўскімі Навінамі” ў нас насамрэч усталяваліся нармальныя адносіны, якія, спадзяюся, будуць мець свой працяг...”
Яму, як потым высьветлілася, не даравалі гэтага інтэрвію. Бо за начальнікам нафтабазы стаяла гарвыканкамаўскае начальства, а за Хведарам Падабедам—ягоныя прафэсыйныя заслугі ды імкненьне выжыць ў “вертыкальным” лабірынце на падставе ўласнага ўяўленьня пра гонар і годнасьць міліцэйскага мундзіра. Хто ж яму даруе “дабаўку” ў 30 хвілінаў дзеля правядзеньня несанкцынаванага апазыцыйнага пікету? Ды яшчэ-- на знак павагі да юбілею Дэклярацыі ААН аб правох чалавека? Або-- жывы кантакт у інтарэсах затрыманых няпоўнагадовых “зуброў” з сябрамі аддзяленьня Беларускага Гэльсынскага Камітэту пад час прэзыдэнцкіх выбараў? Ці непрымяненьне дубінак супраць жанчын, якія хацелі прарвацца ў барысаўскую “мэрыю”? Мусіць, нехта наверсе чакаў, што ён пасьля абразы, кінутай на адрэсу гараддзела міліцыі, утрэцца, як кажуць, уласнымі саплямі. Ня ўцёрся ды яшчэ публічна сказаў пра неабходнасьць сталяваньня добрых адносінаў з “варожай” газэтай, а вось аўтарытэт рэдактрысы “свайго воргану” падарваў. Няйначай, ліў ваду на млын імпэрыялістычнага Захаду і нутранай прадажнай апазыцыі за крутыя даляры…
А калі –без іроніі, то Хведар Падабед у Барысаве стаўся першым прадстаўніком мясцовай ўлады, які зразумеў, што беларускаму грамадству трэба не вайна між “нашымі” і “нянашымі”, а кансалідацыя грамадзтва. Што, напрыклад, “зубры”—усяго толькі дзеці, якія спрабуюць змагацца за сваю шчасьлівую будучыню. Што журналісты недзяржаўных СМІ—усяго толькі людзі, якія пішуць праўду, не зважаючы на асобы і акалічнасьці. Што, калі гэту праўду ня бачыць, і з цябе, ахоўніка парадку, прыдворныя борзапісцы зробяць якое-небудзь пудзіла агарадное кшталту “спрута” ці яшчэ нейкага карыкатурнага тыпажу.
Так, у Менску Хведару Падабеду кіраўнікі МУС прапаноўвалі адказныя пасады ў іншых местах Беларусі. Аднак падпалкоўнік ад усяго адмовіўся ды сыйшоў на пэнсыю. Мне здаецца, ён зрабіў правільны выбар. Прынамсі, поўнасьцю адпаведны часу, у якім жыве.
ПУБЛІЧНЫЯ СЬВЕДЧАНЬНІ Ў ТЭМУ:
З РЭПАРТАЖУ БЕЛАРУСКАЕ СЛУЖБЫ РАДЫЁ СВАБОДА АД 22 ТРАЎНЯ 2000 ГОДУ:
“Учора ў Барысаве сябры філіі БСДП “Народная Грамада” правялі несанкцыянаваную акцыю пратэсту супраць прысуду, вынесенага Міхаілу Чыгіру. Барысаўскія міліцыянты арыштавалі пікетоўцаў і затрымалі назіральніка ад Беларускага Гэльсынкскага камітэта да журналістаў зь нядзяржаўных СМІ.
Учорашні недазволены ўладамі пікет сябры барысаўскіх філіяў БСДП “Народная Грамада” й “Маладой Грамады” праводзілі пад лёзунгамі ў падтрымку Міхаіла Чыгіра. Над групаю пікетоўцаў лунаў бел-чырвона-белы сьцяг. Арганізатар і ўдзельнік гэтай
акцыі, кіраўнік партарганізацыі “Народнае Грамады” Аляксандр Абрамовіч гэтак патлумачыў журналістам мэту пікету:
“Як мы ведаем, некалькі дзён таму адбыўся ганебны прысуд Міхаілу Чыгіру... Усім зразумела, гэта выключна палітычны акт, выключна палітычны перасьлед”. Аляксандар Абрамовіч сказаў, што гэты вырак пазбавіў вельмі моцнага патэнцыйнага суперніка Лукашэнкі ўдзельнічыць у прэзыдэнцкіх выбарах.
Хвілінаў праз трыццаць сюды на “варанках” пад’ехалі міліцыянты з гарадзкога аддзелу нутраных справаў. Яны запіхнулі пікетоўцаў у мікрааўтобус. Пасьля таго нечакана падыйшлі да назіральніка БГК Канстанціна Кузьняцова, галоўнага рэдактара газэты “Згода” Аляксандра Зьдзьвіжкова й да мяне. Сяржант міліцыі, які не назваў свайго імя, сказаў, што нас усіх таксама даставяць у пастарунак: “У меня есть приказ вас задержать”.
У пастарунку дзяжурны афіцэр аддзяліў апазыцыянэраў ад журналістаў. Першым ён сказаў, што іх сённьня ж асудзіць дзяжурны суддзя. Нам жа паведаміў, што кіраўніцтва
ГАУС мае на журналістаў вялікую крыўду з нагоды нібыта тэндэнцыйнага асьвятленьня пікету, што адбыўся 14 траўня. Ды—паказу ў негатыўным сьвятле дзеяньняў міліцыі, якая праявіла абыякавасьць да спальваньня партрэта Лукашэнкі. Цяпер вось начальства зь Менску не дае ім спакойнага жыцьця, пачаліся праверкі. Пасьля прафілактычнае гутаркі нас адпусьцілі на волю без складаньня пратаколаў. У другой палове дню там жа, у пастарунку,судзьдзя Аляксей Болатаў правёў працэс над удзельнікамі акцыі. Ягоны вырак быў такі: Аляксандар Абрамовіч атрымаў 15 сутак адміністрацыйнага арышту з утрыманьнем у міліцэйскім ізалятары, Антон Цялежнікаў 10 сутак. Алесі Ясюк судзьдзя Болатаў прысудзіў штраф памерам 390 тысячаў рублёў, што паводле валютнага курсу складае каля 400 даляраў. Зь няпоўнагадовымі Аленай і Марынай Ясюк міліцыянты правялі гэтак званую “выхаваўчую гутарку”.
Алесь МІКАЛАЙЧАНКА, Барысаў
Архіў Радыё Свабода, WWW. Googl. By
З РЭПАРТАЖУ БЕЛАРУСКАЙ СЛУЖБЫ РАДЫЁ СВАБОДА ЗА 3 ЖНІЎНЯ 2000 ГОДУ
Сёньня раніцай у Барысаве разам з удзельнікамі пікету, арганізаванага там мясцовымі актывістамі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада”, міліцыя
затрымала карэспандэнта Радыё Свабода Алеся Мікалайчанку. У гарадзкім адзьдзеле зь ім сярод іншага гутарыў афіцэр КГБ. Мы зьвязаліся з нашым карэспандэнтам па тэлефоне...
(Мікалайчанка:) “Пад’ехалі міліцыянты і забралі ўсіх, хто там быў у сацыял-дэмакратаў. Ну і потым ветліва, у тым ліку і мяне, нягледзячы на мае пратэсты і факт, што я журналіст, і назіральніка ад Гэльсынскага камітэту Ігара Ледніка, адвезьлі ў гарадзкі аддзел нутраных справаў, дзе падзялілі. Сацыял-дэмакраты пайшлі ў адзін кут, зь імі сталі разьбірацца, пісаць на іх пратаколы аб адміністрацыйным затрыманьні. Адзін з маёраў міліцыі патрабаваў ад мяне напісаць тлумачальную. На афіцыйным блянку.”
(Карэспандэнт:) “А як прозьвішча гэтага маёра?”
(Мікалайчанка:) “Я гэтага маёра не запомніў. Я лічыў, што я адмоўлюся, нагадаю ім пра закон аб друку, а яны мяне адпусьцяць. Але ж не. Маёр пачаў задаваць пытаньні пра тое, як я апынуўся на пікеце, хто мяне пра пікет папярэдзіў. І гэтак далей. Я сказаў, што гэта рэдакцыйная таямніца. Пасьля ён запатрабаваў усе дакумэнты, якія былі...
(Карэспандэнт:) “Ці складаўся пры гэтым нейкі дакумэнт? Ці гэта была толькі гутарка?
(Мікалайчанка:) “Не, ён пачаў пісаць тлумачальную. Я сказаў, што катэгарычна адмаўляюся гэтую тлумачальную падпісваць. Тады ён выклікаў у габінэт свайго непасрэднага начальніка Яўстаф’ева
( у тэксьце рэпартажу прозьвішча згадваецца няправільна “Юфстафьеў”—А. М.) начальніка Барысаўскага ГАУС ( у тэксьце рэпартажу дапушчана памылка, згадваецца “ГУУС”—А. М.) Палкоўнік Яўстаф’еў сказаў, што, маўляў, ладна, ня будзем мы тут пісаць тлумачэньні, калі Вы не падпісваеце. Далі задні ход. Але запрасіў у свой габінэт.
Калі я прыйшоў у ягоны кабінэт, ён паведаміў:ведаеце, у нашай гутарцы хоча паўдзельнічаць намесьнік начальніка Барысаўскага гарадзкога аддзела КГБ спадар
Рудчанка. Далей пайшла такая размова: вось Вы, Алесь Мікалайчанка, маеце пэўны ўплыў на Аляксандра Абрамовіча—лідэра філіі БСДП “НароднаяГрамада”...
(Карэспандэнт:) “Чым скончылася размова, ці былі пагрозы на Ваш адрас?”
(Мікалайчанка:) “Першапачаткова мяне хацелі запалохаць гэтым афармленьнем дакумэнтаў. Пратрымалі яны мяне супраць маёй волі 2 гадзіны. Пры гэтым казалі: Вы ў нас, так бы мовіць, запрошаны. Сёньня ж удзельнікі гэтага самага пікету былі асуджаныя. Ігар Леднік атрымаў пяць сутак, але ўжо не як назіральнік ад БГК, а як удзельнік папярэдняга пікету, які адбыўся 21 ліпеня. Аляксандар Абрамовіч атрымаў 15 сутак, Алеся Ясюк—150 тысяч рублёў штрафу, або 150 даляраў на сённяшні дзень. А Ларыса Грэбнева і сацыял-дэмакрат Сяргей Сакалоў атрымалі папярэджаньні.”
Гутарыў Віталь ТАРАС
Архіў Радыё Свабода
З НАТАТКІ “Пацярпелыя за Беларусь”
...11 жніўня, падчас акцыі барысаўскай філіі “Зубра”, скіраванай у абарону недзяржаўнай прэсы, міліцыянты паспрабавалі затрымаць Ігара Закрэўскага. Але заступіліся “зуброўцы” ды карэспандэнт радыё “Свабода” Алесь Мікалайчанка, і міліцыянты адпусьцілі хлопца.
“Наша Ніва”, 30 жніўня 2002 году
У РАЙВЫКАНКАМЕ СЯДУЦЬ УСЕ?..
Я слухаў вырак старшыні Смалявіцкага раённага суду Марыі Жакевіч і ўважліва ўглядаўся ў твары былога старшыні Барысаўскага райвыканкаму, цяпер ужо пэнсыянэра Яўгена Сіўца, які раз-пораз хапаўся за сэрца, на астатніх ягоных былых паплечнікаў па працы Георгі Кары, Васіля Гарэльскага і Уладзіміра Місько-- яны ўсе тут меліся за падсудных. Аднак мне здавалася, што судзілі ня іх. Але—так званую праслойку колішніх савецкіх гаспадарнікаў. А яны, дарэчы, як і ўсе чыноўнікі савецка-парэйнага пахджаньня, былі звыклыя да таго, што за нейкія вялікія ці дробныя супярэчнасьці з сацыялістычнае законнасьцю іх рэдка калі аддавалі пад суд. Аднак бралі на аловак—заносілі вымову ва ўліковую картку чальца КПСС і перасоўвалі ў іншае крэсла “па гарызанталі”. Такім чынам, вінаватым давалі шанец весьці больш-меньш праведнае чыноўніцкае жыцьцё, каб скасаваць колішнія праграшэньні. Гэта выклікала справядлівую крыўду шырокіх няпартэйных масаў—законы ў асноўным тычыліся іхнага жыцьця ды паводзінаў. Бо ў іх ня мелася ў кішэнях чырвоных білетаў.
Аляксандар Лукашэнка, ствараючы аўтарытарную, але першую дзейную незалежную Беларускую дзяржаву, паклаў канец гэткай прававой разбэшчанасьці. Ён публічна заявіў: усе аднолькавыя перад Законам, судом ды ім, Прэзыдэнтам, ня зважаючы хто ў якіх партыях знаходзіцца. Чыноўнікі ўжо ня мелі імунітэту ад турмы і сумы. Я прысутнічаў на такіх працэсах, рабіў адтуль рэпартажы для Радыё Свабода і як мог стараўся ня выказваць ўласнага пункту гледжаньня адносна вінаватасьці таго ці іншага падсуднага. Бо ня судзіце й ня будзеце асуджаныя.
1
У прыватным выпадку адзінае, на што пайшло сёньняшнее кіраўніцтва Беларусі ў справе былога бамонду Барысаўскага райвыканкама, дык гэта на тое, каб Яўгена Сіўца і астатніх фігурантаў зь ягонага колішняга найбліжэйшаго службовага атачэньня судзілі ня ў Барысаве, дзе яны працавалі, а ў Смалявічах. Усё-такі неяк няёмка за службоўцаў больш высокага рангу, якія ў свой час Сіўца ды кампанію прызначалі на адказныя пасады. Тым больш, беларускае заканадаўства прадугледжвае ў некаторых выпадках падобныя зьмены ў судовай “геаграфіі”...
Ну што, напрыклад, можна сказаць пра Яўгена Сіўца, яскравага прадстаўніка савецкае эпохі? У свой час ён быў някепскім кіраўніком некалькіх калгасаў на Капыльшчыне.
На выставах УВДНГ СССР заваёваў медалі за свае посьпехі, меў урадавыя ўзнагароды. Добра потым стараўся і на пасадзе начальніка ўправы сельскай гаспадаркі.
За некалькі гадоў да выхаду на пенсыю Менскі аблвыканкам даў яму сур’ёзнае падвышэньне ў кар’еры—пасаду старшыні Барысаўскага райвыканкаму. Маўляў, заслужыў ты, Яўген Васільевіч, жыць пад старасьць у горадзе абласнога падпарадкаваньня, непадалёку ад сталіцы—толькі выцягні спачатку гэты самы вялікі па тэрыторыі рэгіён Менскай вобласьці з сельскагаспадарчага прарыву.
... Аднак ужо вясной 2002 году, недзе праз няпоўныя два гады дзейнасьці Яўгена Сіўца ў Барысаве, пайшлі ананімкі ў розныя інстанцыі. “У раёне гэткага хаосу яшчэ не было. Балюча і крыўдна. Просім праверыць і даць адзнаку таму, што адбываецца...”—так выказваліся ў сваёй скарзе за сьціплым подпісам “Спэцыялісты выканкаму ды ўправы сельскай гаспадаркі”. Скарга тады, між іншым, паступіла ў Барысаўскі міжраённы камітэт дзяржкантролю РБ. Ананімы сьцьвярджалі, што Яўген Сівец, не зазіраючы ў чыноўніцкія сьвятцы, прыгроб і прыгрэў у падначаленым яму апараце родзічаў, зямлякоў з Капыльшчыны ды іншых добрых знаёмцаў. Магчыма, ён хацеў як мага хутчэй вырваць занядбалы для сябе сельгасрэгіён з прарыву ды заадно даказаць, што самымі лепшымі на Меншчыне сьпецыялістамі ў сельскай гаспадарцы—ягоныя зямлякі, некалі выпеставаныя ім, Сіўцом, кадры.
Аднак і “сігнальшчыкаў” у КДК можна было зразумець. Вось якая статыстыка кіравала ананімамі: за ня поўныя два гады дзейнасьці спадара-таварыша-пана Сіўца ў новым для яго службовым крэсьле ён з 29 кіраўнікоў калгасаў-саўгасаў вызваліў ад старшынёўскіх пасадаў 22-х, на іхныя ж мейсцы пасадзіў сваех зямлякоў і сябрукоў. Дзеля такіх вось “кадраў” Яўген Сівец таксама ўвокамірг вытурыў з Барысаўскага райвыканкаму 20 чыноўнікоў мясцовага паходжаньня. Уражлівыя лічбы. Выдатная праца з падначаленымі, што й казаць!
Мала таго, сваю жонку таварыш Сівец прызначыў... галоўным спэцыялістам у
працы з лістамі грамадзянаў. “Палавіна”, якая падпарадкоўваецца мужу на дзяржслужбе ? Пагадзіцеся, сітуацыя сама па сабе далікатная. А тут спадарыня Сівец разам са сваім “начальнікам” парушыла некалькі чыноўніцкіх канонаў. Па-першае, патрапіла на працу ў райвыканкам, не прад’яўляючы дэклярацыі наконт даходаў, як такое заўжды мае робіцца ў Беларусі. Па-другое, паводле сьведчаньня дзяржкантралёраў, распараджэньне пра ейны прыём на працу Яўген Сівец падпісаў значна пазьнейшым часам, чымсьці жонка пачала тут непасрэдна рабіць. Нарэшце, зь ёю новасьпечаны “вертыкальны” ніякага кантракту не заключаў. Ды ўласна, навошта ўсе гэтыя фармальнасьці? Муж і так ведае жонку—без усялякіх кантрактаў...
Магчыма спадарыня Сівец праявіла цуды энтузыязму пад час разьбіральніцтваў скаргаў ад грамадзянаў, якія прыйшлі ў ворган ўлады ў рэгіёне? Мяркую, на гэтым фронце аніякіх цудаў не адбылося. Так, 126 заяваў галоўная адмыслоўца пахавала ў аналах шафаў, сталоў і сэйфаў як ананімныя. Хаця на канвэртах і ў самаех лістах значыліся адрэсы і прозьвішчы аўтараў. Кожны зь якіх шукаў справядлівасьць найперш на сваёй малой радзіме.
Але ўсе гэтыя не вельмі прыгожыя справы, так бы мовіць, адносіліся да парушэньня службовай этыкі ды маральнасьці. Але Смалявіцкі райсуд разглядаў іншую дылему: вінаватыя або не вінаватыя ўзгаданыя чыноўнікі ў тым, што набылі за дзяржаўныя грошы ў Барысаве кватэры, якія затым “забыліся” залічыць у разрад ведамасных? Для куплі жыльля, як паказалі ў судзе Яўген Сівец і астатнія былыя вертыкальшчыкі, Менскі аблвыканкам ім выдзеліў 78 мільёнаў рублёў. Між іншым, адрозна ад савецкіх
часоў падобнага рангу кіраўнікі не зьяўляліся асобамі, якім дзяржава была павінная бясплатна выдзяляць жытло.
Такім чынам, падсудным інкрымінаваліся крадзяжы ў надзвычай буйных памерах. А сьвяціла ім пазбаўленьне волі на тэрмін ад 7 да 15 гадоў. Карацей магло стацца так, што Яўген Васільевіч Сівец, адбываючы тэрмін на “зоне”, мог бы і не вярнуцца да дому ў родны Капыль. Адкуль, дарэчы, ён прыехаў у Смалявічы на састарэлых “Жыгулях”...
Што ж казалі пад час трох судовых працэсаў цягам 29 студзеня—17 сакавіка 2004 году сам Сівец, а таксама былыя начальнік управы сельскай гаспадаркі і харчаваньня Георгі Кара, намесьнік начальніка згаданае ўправы Васіль Гарэльскі і дырэктар райаграпрамтэхнікі (РАПТ) Уладзімер Місько?
Забягаючы наперад, скажу шчыра: мне, паслухаўшы падсудных, таксама не было зразумела, чаму ўсё-такі іх падвялі пад узьдзеяньне Крымінальнага Кодэксу?
...Як патлумачылі суду экс-работнікі райвыканкаму, усіх іх афіцыйна запрасілі ў Барысаў з розных гарадоў рэспублікі дзеля працы ў апараце райвыканкаму. Бо да моманту заступленьня Яўгена Сіўца на пасаду ў кастрычніку 1999 году там не заставалася ані воднага адказнага работніка. Ня мелася намесьніка старшыні па будаўніцтву і камунальнае гаспадарцы, кіраўніка справаў выканкаму, начальніка ўправы сельскае гаспадаркі ды харчаваньня, які, між іншым, ёсьць першым намесьнікам старшыні райвыканкаму, не было галоўнага заатэхніка, дырэктара райаграпрамтэхнікі, іншых значных адмыслоўцаў у сельгасвытворчасьці. Вось чаму па ўзгадненьні з абласным кіраўніцтвам была дасягнутая дамоўленасьць наконт куплі кватэраў для пражываньня запрошаных. Гэта, маўляў, значылася ў кантрактах, якія заключаліся ў Менаблвыканкаме. Грошы пералічвалі адпаведныя службы аблвыканкаму. Паколькі будаўніцтва аднапакаёўкі ці дзвюхпакаёўкі ў Барысаве мела на той час кошт 72—75 мільёнаў рублёў, то нібыта Яўген Сівец і кіраўніцтва абласное “вэртыкалі” пагадзіліся купляць ужо карыстаныя кватэры ў прыватных асобаў у межах 7—15 мільёнаў рублёў. Рашэньне аблвыканкаму на гэты кошт дублявалася рашэньнем райвыканкаму ды сэсіяй райсавету дэпутатаў. Грошы, якія йшлі з Менску, залічваліся на транзытны рахунак мясцовага адзьдзелу “Белаграпрамбанку” ды пасьля завершаных натарыяльных зьдзелкаў выплочваліся прыватным прадаўцам жытла. Затым набытыя кватэры рэгістравалі ў Бюро тэхнічнае інвентарызацыі. І, нарэшце, кватэры ставіліся на балянс райвыканкаму. Ніхто з тых чыноўнікаў, што былі запрошаныя ў Барысаў, нават ня планаваў прысвойваць гэтыя кватэры ў якасьці асабістае ўласнасьці.
Сярод іншага, неўзабаве абласная Кантрольна-рэвізыйная ўправа праверыла фіндысцыпліну райвыканкаму і ніякай крамолы там ня знайшла. Але яе знайшлі ў 2001—2002 гадах рэвізоры Барысаўскага міжраённага КДК Менскае вобласьці. Маўляў, фактычна кватэры аформленыя як прыватная ўласнасьць новых кіраўнікоў. Заўвагі тыя прынялі да ведама і неадкладна кватэры аформілі як падораныя райвыканкаму.
А пасьля зьмены кіраўніцтва “вэртыкалі”амаль усе павыпісваліся адтуль. Толькі Георгі Кара рашыў выкупіць кватэру, таму выплочвае ейны кошт па 200 тысячаў рублёў штомесяц. Яўген Сівец, які цяперака жыве ў Капылі і атрымлівае пенсыю, падкрэсьліў у сваех паказаньнях: калі ў парадак афармленьня кватэраў і пракралася нейкая памылка,то яна была чыста бюракратычнага характару ды своечасова выпраўленая. Тым болей, гэтае жытло новыя гаспадары не лічылі сваёй уласнасьцю.
Аднак гэтыя акалічнасьці не паўплывалі на тое, каб суд вынес апраўдальны вырак. Хаця несумненна тое, што падсудныя засталіся фактычна на свабодзе, атрымаўшы
умоўныя тэрміны ды грашовыя штрафы, казала пра стаўленьне ўлады да гэтых людзей.
Яўгена Сіўца, падобна, тыя, хто раіў Марыі Жакевіч вынесьці той або іншы прысуд, пашкадавалі, зрабілі скідку на старасьць ды прысавецкія заслугі. Яму далі ўсяго тры гады выпраўленча- папраўчых работаў умоўна з гадавым выпрабавальным тэрмінам. Ня сталі прысуджваць нейкія штрафныя санкцыі—што возьмеш з пенсыянэра?
Георгі Кара ды Васіль Гарэльскі пакараныя рублём. Цягам двух год зь іхных зарплатаў мусіць вылічваць па 25 адсоткаў у даход дзяржавы. Акрамя таго ім на два гады забаронена займаць пасады, зьвязаныя зь фінансава-матэрыяльнай адказнасьцю.
Уладзімір Місько аштрафаваны на 50 базавых велічыняў, што складае 850 тысяч рублёў. Як патлумачылі мне асуджаныя пасьля зачытаньня выраку, яны не зьбіраюцца ў касацыйным парадку абскарджваць гэтае рашэньне Смалявіцкага райсуду.
Хаця іх яно ўвяло ў шок. Бо за імі трывала замацаваўся статус чыноўнікаў, якія былі пад судом. Цяперака сьведчаньні на гэты конт ўвойдуць у базу дадзеных дзяржаўнага кадравага рэестру. А гэта азначае: ім ніколі ня бачыць кар’еры ў ворганах улады, дзяржструктурах. Хто рызыкне запрасіць на працу чалавека з падпсаванай біяграфіяй?
Мне як журналісту патрэбны быў каментар ад Менскага аблвыканкаму, на які так часта спасылаўся ў сваех паказаньнях былы барысаўскі “райвэртыкальны”. Я зтэлефанаваўся з начальніцай аблвыканкамаўскае ўправы араганізацыйна-кадравай працы Галінай Пархомчык, якую асабіста ведаў яшчэ ад савецкіх часоў, і папрасіў выказацца. Яна доўга аднеквалася, але калі зразумела, што пэўны негатыўны цень можа быць кінуты і на ейны “офіс”, усё-такі тое-сёе сказала:
-- Яўген Сівец атрымаў тое, што заслужыў. Кіраўніцтва Менскага аблвыканкаму ня мае аніякіх дачыненьняў да гэтай пачварнае гісторыі з барысаўскімі кватэрамі. Так, мы не пакідаем кадравых работнікаў раённага ўзроўню бяз жытла. Але дзеля вырашэньня пытаньня ёсьць законны шлях. Ён выключае любыя махінацыі ды іншыя непрывабныя сытуацыі. Спадар Сівец гэты шлях праігнараваў. Ён ня толькі парушыў закон, але ж сам зацягнуў у такія парушэньні падначаленых. На вялікі жаль, Яўген Васільевіч са сваёй “камандай” сельскагаспадарчых праблемаў Барысаўшчыны ня вырашыў, хаця кіраўніцтва аблвыканкаму на тое вельмі спадзявалася. І перад мясцовым насельніцтвам аскандаліўся—падарваў аўтарытэт паўнамоцнага прадстаўніка ўлады. Хачу зазначыць, што суд абыйшоўся зь ім дастаткова гуманна і, як я разумею, пашкадаваў старасьць Яўгена Васільевіча, улічыў ягоныя колішнія заслугі, -- падкрэсьліла чыноўніца.
2
Мне чамусьці падаецца, што Аляксандар Лукашэнка, які сам тых ці іншых чыноўнікаў зацьвярджае на пасады гарадзкіх або раённых “вэртыкальных”, усё-такі найперш чакае ад іх канкрэтных справаў на ніве сваіх не заўжды абгрунтаваных навуковым аналізам задумак і пэрспэктыўным плянаваньнем эканамічнага жыцьця краіны. Асабліва, калі мець на ўвазе мэнтальнасьць нашага асаветызаванага насельніцтва, яго адмоўнага стаўленьня да інстытуцыі прыватнай уласнасьці на сродкі вытворчасьці і на зямлю. Але йсьці ў бок рынкавай эканомікі на вёсцы ўсё ж неабходна. Але як? Выйсьце тут адно: калгасы-саўгасы, што маюць цяперака найменьні сельскагаспадарчых кааператываў, павінны рэфармавацца ў індустрыяльныя вытворчасьці. Каб, па-першае, вырабляць зыходную сыравіну з мэтай ейнай харчперапрацоўкі, або, каб, па-другое, арганізоўваць гэткую перапрацоўку на мейсцах. Тое, што можна такое зрабіць, даказвае досьвед агракамбіната “Сноў”, які стварыў, цяпер да вялікае шкадобы нябожчык, сацыял-дэмакрат, паводле перакананьняў, Герой Беларусі Міхаіл Карчміт. У свой час, калі гарбачоўская перабудова крыху адпусьціла сацыялістычную аброць, у якую была зацугляная савецкая эканоміка, Карчміт здолеў знайсьці капітал, укласьці яго ў вырошчваньне высокіх ураджаяў збажыны ды кармавых культураў, у жывёлагадоўлю, у вытворчасьць малака і будаўніцтва харчова-перапрацоўчага камбіната. Гэта было вельмі выгадна. Балазе, Нясьвіжчына мае выдатнейшыя, паводле натуральнае ўрадлівасьці, землі. Як кажуць у падобных выпадках: пасадзі аглаблю—воз вырасьце. А калі на такой зямлі праводзіць сэлекцыю збажыны, кукурузы, лубіну і гэтак далей? Выдатнейшая кармавая база...
А цяпер задамося пытаньнем: колькі нам трэба ў Беларусі стварыць вось гэткіх акцыянаваных агракамбінатаў, гэткіх “Сноваў”, каб накарміць краіну? Думаю, што чатырох дзясяткаў хопіць. Так, Аляксандар Лукашэнка пачаў нібыта неблагую справу, калі з усяго разору ледзь дыхаючых на ладан калгасаў-саўгасаў пачаў, паводле адмысловае праграмы, падтрымліваць шэсьць дзясяткаў самых моцных сельгаспадарак. Мэта, як я разумею, спачатку вывесьці іх на замкнёны карчмітаўскі цыкл “поле, ферма—перапрацоўка—гандаль гатовай прадукцыяй”, а затым накарміць краіну таннымі айчыннымі прадуктамі харчаваньня. Аднак тут, на мейсцах, у беларускіх рэгіёнах, рухавікамі аграпрагрэсу сёньня могуць стацца дзеяздольныя “каманды” раённых чыноўнікаў. Яны павінны думаць па-новаму ды па-новаму арганізоўваць справу—шукаць талковых, схільных да вядзеньня аграбізнэсу эканамістаў, камэрсантаў, знаўцаў ды адмыслоўцаў розных разгалінаваньняў сельскай гаспадаркі.
![]() |
Home >> Select Country >> Беларусь >> Книги >> БАРЫСАЎСКІЯ КРОНІКІ НАЙНОЎШАЙ ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ >> 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 << |
| Select Country |
|
|
|
[an error occurred while processing this directive] |