--Мяне пра гэта пікетоўшчыкі ды мітынгоўшчыкі папярэджваюць загадзя. Я—журналіст. Яны—палітыкі. Ім патрэбна галоснасьць. А галоснасьць ёсьць маёй прафэсыйнай справай...
--Значыць, ты ведаеш пра маючую адбыцца тую ці іншую несанкцыянаваную акцыю дэмакратаў ажно за некалькі дзён да таго, але хаваеш гэта ад нас, ад міліцыі?—папракаў мяне падпалкоўнік.
--У мяне, Хведар Мікалаевіч, ёсьць апраўданьне перад табою,-- я таксама з Падабедам дзесьці праз год пасьля нашага знаёмства быў на “ты”. —Гэта рэдакцыйная таямніца. Я—не юрыст. Але прытрымліваюся ў сваёй дзейнасьці Закона аб друку ды іншых СМІ, а таксама—звычайнай этыкі журналіста. Таму давай, Хведар, ня будзем спрачацца з табою наконт таго, хто з нас да каго павінен на даклад хадзіць, але—паважаць адзін аднаго на роўных...
Стасункі мае з Хведарам Падабедам, як і ва ўсіх мясцовых незалежных журналістаў, складваліся не заўсёды гладка. Памятаю, 14 траўня 2000 году барысаўскія прыхільнікі сапраўдных нацыянальных каштоўнасьцяў—роднае мовы і спрадвечных сымбаляў беларускага народу--бел-чырвона-белага сьцягу ды гэрбу “Пагоня”-- праводзілі пікет на Цэнтралёвай плошчы роднага гораду. Тым самым у дзень пятай гадавіны сумна вядомага рэфэрэндуму, з дапамогай якога прэзыдэнт скасаваў нашыя адвечныя сымбалі, а расейскай мове надаў статус дзяржаўнай упоравень зь беларускай, тутэйшыя патрыёты выказалі пратэст супраць русыфікацыі і дэсаветызацыі нашай культуры і гісторыі.
Як ні дзіўна, але група пікетоўшчыкаў з 13-00 да 14-00 сумленна прастаяла з забароненымі гістарычнымі сьцягамі ў рукох амаль пад вокнамі гарвыканкаму, але да ўдзельнікаў акцыі ахоўнікі парадку так і не прыехалі. Таму дэмакраты спакойна пасьля выкананай справы разыйшліся па хатах. Хутчэй ад усяго такое адбылося таму, што ў горадзе не знайшлося аніводнага лукшэнкаўскага прыхільніка, якому б закарцела патэлефанаваць у пастарунак ды “здаць” у “мянтоўку” ўсюдыіснага сацыяль-дэмакрата Аляксандра Абрамовіча, яго каляжанку па арганізацыі БСДП “Народная Грамада”і паэтку Алесю Ясюк і старшыню суполкі БСДГ, ліквідатара наступстваў Чарнобыльскай катастрофы Генадзя Гаўрусёва.
Нейкі “варанок” тады на вялікай хуткасьці праехаў міма нас па прасьпекце Рэвалюцыі, але чамусьці не спыніўся на пляцы. Натуральна, я ў сваім рэпартажы, які прагучэў тым жа вечарам у эфіры Беларускай службы Радыё Свабода, зазначыў гэты момант.
Назаўтра мяне блізу будынку гарадзелу міліцыі сустрэў Хведар Падабед.
--Вось, па тваёй ласцы, Алесь, начальства мне шыю намыліла. Зразумела, я вінаваты, не дагледзеў гэты пікет. Аднак, вось жа ў мяне пытаньне да цябе ўзьнікае: мне падаецца, ты павінен быў прамаўчаць і барысаўскую міліцыю, якая міжволі, па сваёй расхлябанасьці дапусьціла палітычную неахайнасьць, мог і ня згадваць у міжнародным эфіры. Урэшце рэшт, ты-- зьяўляешся членам якой-небудзь партыі ці не? Ёсьць жа ў цябе пэўныя палітінтарэсы, палітперакананьні або няма?—запытаўся ён у мяне.
Я адказаў, што некалі спрычыніўся да арганізацыі грамадзкага руху Беларускі Народны фронт, але зараз на час супрацоўніцтва з Радыё Свабода прыпыніў сваё сяброўства ў партэйных структурах. А так я ёсьць сябрам і адным з групы заснавальнікаў Беларускага Гэльсынскага камітэту ды журналістам, сябрам і сузаснавальнікам БАЖ.
--Нельга мне, шаноўны падпалкоўнік, працаваць у міжнародным эфіры і адначасова залежыць ад той ці іншай палітычнай партыі, --зазначыў я. А потым вярнуўся да інфармацыі Падабеда пра ягоныя непрыемнасьці з-за майго рэпартажу:-- Ці ня бачыш, Хведар, я ня маю права праходзіць міма такіх вось падзеяў у рэгіёнах, як акцыі пратэсту дэмакратаў. Мне маё радыйнае кіраўніцтва падобнай прамашкі не даруе. Бо амаль адначасова, напрыклад, можа зьявіцца пра тую ці іншую падзею інфармацыя на стужцы агэнцыі БелаПАН, у газэце “Народная Воля” ці яшчэ дзе. Я павінен быць усюды самы першы, бо працую ў эфіры...
--Ну, цяпер мне з табою, спадар журналіст, усё ясна. Але ад гэтага не лягчэй. Бо, каб не было тутака прадстаўніцтва ў тваёй асобе Радыё Свабода, у асобе твайго сябра
Аляксандра Зьдзьвіжкова—газеты “Згода”, каб тут Анатоль Букас ня выдаваў “Барысаўскіх Навінаў”, то гэты Абрамовіч ды ягоны хаўрус у атмасфэры маўчаньня сам па сабе ськіс, заглох бы—і ўсё тут... А вы, журналісты-незалежнікі, уласным словам як бы натхняеце гэтую купку на новыя акцыі і ўчынкі. Абрамовіч тое сказаў... Ясюк гэтак лічыць... У Гаўрусёва ці Аскеркі маецца такая думка... Ды хто яны такія, гэтыя абрамовічы, што мы ўсе і наўкола ведаць абавязаныя пра іхныя меркаваньні й думкі? Такіх людзей у Барысаве можна сустрэць на кожнай вуліцы... А хто іхныя лідэры? Адзін бярэ дарункі ад заходніх сяброў іншамаркамі, другі на гэтыя грошы сваё лецішча будуе, трэцьці ва ўласную сьвінаферму ўкладвае... І яны яшчэ хочуць з такім вось “багажом” перамагчы прэзыдэнта? Шпана палітычная!
Я маўчаў, хаця таксама мог згадаць пра тых “вэртыкальнікаў”, нават набліжаных да першай асобы чыноўнікаў высокага рангу, якія не саромеліся, бралі хабар, прысвойвалі дзяржмаёмасьць ды вялікія сродкі, пра “вэртыкальнікаў”, якіх, між іншым, Лукашэнка не пасьпяваў усаджваць за краты... Але я не хацеў перапыняць філіпіку падпалкоўніка міліцыі Хведара Падабеда-- той шчыра абураўся і на мяне, і на маех калегаў, і на дэмакратаў. Я разумеў ягонае становішча. Ён, хто палову свайго міліцэйскага жыцьця за Саветамі бараніў родны горад ад рознага кшталту бандзюгаў, хуліганаў, кватэрных злодзеяў ды іншага крыміналу, цяпер вось быў змушаны яшчэ ўдадатак сачыць за палітычным “правапарадкам” у Барысаве, як такі парадак разумеў самы галоўны чалавек у Беларусі—Аляксандар Лукашэнка. Мусіць, Падабеду гэта было таксама не вельмі прыемна рабіць—выконваць не ўласьцівыя для афіцэра-міліцыянта функцыі палітычнага цівуна. Такімі справамі здавён у СССР займаўся КГБ. Але ж спалітызаваны да вызнаньня харызматычны, аўтарытарны беларускі лідэр вымагаў ад кожнага ў сваех “вертыкальных” шэрагах пільнасьці. І Хведару Падабеду нельга было дапусьціць ляноту, блізарукасьць ці нейкую там паблажлівасьць да праціўнікаў рэжыму. Сістэма, створаная Аляксандрам Лукашэнкам, якая справядліва называецца лукашызмам, падзяліла беларускае грамадзтва на тых і гэтых, “нашых” і “ня нашых”, “сяброў” і “ворагаў”. Тут ужо Хведару Падабеду, магчыма, нават насуперак ягонай волі трэба было служыць ня столькі самому Аляксандру Лукашэнку, колькі менавіта лукашызму. Прынцып лукашызму ня быў новым: дэвізам “падзяляй ды ўладар!” карысталіся ‘шчэ імпэратары антычных Афінаў і Рыму, расейскія цары, ленінска-сталінскія адэпты, гітлераўская камарыльля ды іншыя імпэрцы і каланізатары. Хведар Падабед лічыў усталяваны ў Беларусі дзяржпарадак правільным. Праўда, служыць стараўся шляхетна, наколькі яму такое дазвалялі рэальныя абставіны, мусіць, разумеў: ёсьць людзі, якія могуць і маюць нутранае права прытрымлівацца іншых поглядаў на палітычныя рэаліі Беларусі.
Хведар Падабед, натуральна, уяўляў, што без падтрымкі журналістаў акцыі мясцовых палітыкаў губляюць, як ён мне сказаў, адсоткаў пяцьдзесят сваёй эфэктыўнасьці, ды пачаў тады патроху браць ў абарот і нашага брата, журналіста.
21 травеня 2000 году пад час заарыштаваньня ўдзельнікаў другога па ліку за месяц пікетаваньня (на гэты раз прадстаўнікі БСДП (НГ) Аляксандар Абрамовіч, Алеся Ясюк і Антон Цялежнікаў выступілі супраць судовага працэсу над былым прэм’ер-міністрам Міхаілам Чыгіром) мяне і майго сябра, журналіста газэты “Згода” Аляксандра Зьдзьвіжкова затрымаў нейкі сяржант міліцыі.
--Вы нас афіцыйна затрымліваеце?—запытаўся я.
--Не, не затрымліваю, але паехаць вы са мною абавязаныя,-- загадаў ён афіцыйным тонам і адчыніў перад намі дзьверцы “варанка”, дзе ўжо знаходзіліся ўдзельнікі акцыі.
Мы з Аляксандрам пераглянуліся.
У пастарунку затрыманых пікетоўшчыкаў павялі ў адмысловы пакой дзеля складаньня пратаколаў аб адміністрацыйным заарыштаваньні, а нас-- у дзяжурку, дзе сядзелі даўно знаёмыя нам афіцэры і сяржанты ГАУС.
--Што ж, давайце, таварышы, правядзем з нашымі гасьцямі прафілактычную гутарку,--
пачаў імправізаваны сход Хведар Падабед.—Задавайце свае пытаньні журналістам Алесю Мікалайчанку і Аляксандру Здзьвіжкову.
Міліцыянты не адважваліся пачынаць размову.
--Тады я выкажу ад імя асабовага складу Барысаўскага гараддзелу міліцыі,-- пачаў Падабед,-- пажаданьне, каб гэтыя журналісты былі больш аб’ектыўныя ў напісаньні і далейшым абнародваньні ў сваіх СМІ уласных матэрыялаў на палітычныя тэмы.
--А ў чым, прабачце, мы не зусім аб’ектыўныя?—спытаўся я.
--Пажадана, каб вы, спадары, задавалі нам канкрэтныя пытаньні па нашых канкрэтных матэрыялах, -- зазначыў калега Зьдзьвіжкоў.
На гэты раз выказаўся яшчэ адзін афіцэр:
--Так атрымліваецца, што вы, панове карэспандэнты, вось з гэтых парушальнікаў Абрамовіча і астатніх робіце ледзь ці не герояў, а мы, хто павінен іх затрымліваць і дастаўляць сюды, трапляем у нейкую не зусім прыемную сытуацыю, нібыта мы нейкія дурныя салдафоны...
--Вось гэта няпраўда—ні я , ні мой калега, а “Згоду” я чытаю рэгулярна, на вас не сказалі аніводнага крыўднага слова. Вы нікога з гэтых дэмакратаў ня ўдарылі ні кулаком, ні дубінкай. Выконваеце чыста міліцэйскую функцыю, пра што мы і згадваем у нашых матэрыялах—зазначыў я.
--Думаем, таварышы, нашы госьці зразумелі нашыя пажаданьні. Будзем лічыць, што прафілактычную гутарку з карэспандэнтамі незалежных СМІ мы правялі. Дыскутаваньне было карысным,-- пасьпяшаўся зрабіць выснову падпалкоўнік і дазволіў нам з Аляксандрам пакінуць пастарунак.
--Ну як табе, Аляксандр, выхаваўчая гутарка?—запытаўся я ў калегі, калі мы вышлі на вуліцу.
--Старое савецкае клішэ, -- коратка рэзюмаваў Зьдзьвіжкоў, але выказаў здагадку:-- Мусіць, нас цяпер іншым разам сюды будуць запрашаць...
У сваім рэпартажу я толькі згадаў пра нашае затрыманьне і праведзеную прафілактычную гутарку, не ўдаючыся ў падрабязнасьці гэтага прэцэдэнту. Прынамсі ў Барысаве такога выпадку ніводнага разу з тутэйшымі журналістамі не здаралася.
Здагадка калегі Сашы Зьдзьвіжкова наконт магымага новага затрыманьня журналістаў пацьвердзілася праз паўтары месяцы.
...3 жніўня 2000 года пад час пікетаваньня супраць так званае палітычнай барысаўскае медыцыны (а пікет праводзілі мая жонка Ларыса Грэбнева-Мікалайчанка, ейны калега-аднапартэец Сяргей Сакалоў, ужо знаёмы чытачу Аляксандар Абрамовіч ды іншыя сацыяль-дэмакраты), Хведар Падабед зноў на сваім легкавіку падкаціў да мяне і нечакана затрымаў.
--Ну, я ж табе, Сяргеевіч, казаў, што твая каляпалітычная актыўнасьць у Барысаве, Салігорску ды ў іншых местах Меншчыны не застанецца не заўважаная. Я цябе зноў змушаны затрымаць, тым больш, твая“палавіна” ў пікеце ўдзельнічыла, -- сказаў ён мне перад тым як ехаць у пастарунак.
Я абурыўся. Як гэта зрабіць зь мяне, журналіста, уласнага карэспандэнта па Менскай вобласьці ад Радыё Свабода, ці ня ўдзельнікам акцыі? Ну і што, калі мая жонка стаяла ў тым пікеце і дамагалася ўшчуваньня медычнае адміністрацыі Барысаву? Гэта ейнае канстытуцыйнае права. А я—журналіст, я з плякатам у пікеце не стаю, бо ня блытаю сваю прафесыю з палітычнае дзейнасьцю.
І, насамрэч, міліцыянтам зрабіць зь мяне палітычнага актывіста ня ўдалося. Хаця нейкі маёр на пачатку майго заарыштаваньня і паспытаў такое ўчыніць. Але я пратаколаў ды іншых папераў падпісваць ня стаў, а проста заявіў пратэст супраць затрыманьня пад час выкананьня прафэсыйных абавязкаў. Да таго ж запатрабаваў прадаставіць магчымасьць зьвязацца зь Менскай ды Праскай рэдакцыямі Беларускае Службы РС. Што, натуральна, мне забаранілі. Урэшце рэшт, у пастарунку Барысаўскага ГАУС зьявіўся маёр КГБ таварыш Рудчанка-- ён сваю гаворку са мною зьвёў да закліку зрабіць уплыў на Аляксандра Абрамовіча, каб той болей не арганізоўваў палітычных акцыяў у Барысаве і Менску.
--А Вы б, таварыш Рудчанка, параілі старшыні тутэйшага гарвыканкаму Васілю Ігнатавічу Бургуну, каб ён запрасіў да сябе ў габінэт лідэраў і актывістаў мясцовых суполак дэмпартый, палітычных рухаў і грамадзкіх арганізацыяў. Хай пашукаў бы зь імі разам агульныя кропкі судатыкненьня. Глядзіш—і паспакайнеў бы палітычны Барысаў,-- падказаў я ход таварышу Рудчанку і нагадаў:—Так было, між іншым, калі новым мэрам суседняга Маладэчна стаўся спадар Чурсін. Ён сабраў тады ў свой службовы габінэт усіх апанэнтаў тамтэйшае ўлады і адразу вырашыў шмат якія пытаньні, што выклікалі пратэст насельніцтва і дзеля вырашэньня якіх мясцовыя палітсуполкі ўжо праводзілі публічныя акцыі—пікеты, мітынгі ды маніторынгі.
Мой суразмоўнік уздыхнуў:
--Бургун на такое ня пойдзе. Гонар службовы яму не дазволіць сесьці з апазыцыяй за “круглы стол”...
--Тады гэта праблемы Васіля Ігнатавіча ды Вашыя, таварыш маёр,-- зазначыў я.
Рудчанка без асаблівага настрою пакінуў габінэт начальніка ГАУС спадара Яўстаф’ева, які вялікадушна прадаставіў спадару Рудчанку і мне сваё працоўнае мейсца дзеля “гутаркі па душах”. І тут жа ў габінэт зайшоў Падабед і запытаўся:
--Ты што, Сяргеевіч, яму гэткае сказаў: Рудчанка выскачыў ад цябе вельмі ўзрушаны?
Я распавёў яму пра наш дыялёг.
--Начальства Рудчанку не пахваліць,-- выказаўся лаканічна ён.
Я разьвітаўся з падпалкоўнікам і выйшаў на вуліцу, дзе мяне чакаў... таварыш Рудчанка са сваем легкавіком. Ён запрапанаваў мне даехаць разам зь ім да Цэнтралёвай плошчы. Па дарозе мы разважалі вакол таго, як у Маладэчне ў Чурсіна знайшлося розуму тактоўна абыйсьціся з апазыцыянэрамі ды ўсё прыкідвалі, ці пойдзе на дыялёг з тутэйшымі дэмакратамі Васіль Бургун. Маёр так і не адважыўся гэткае прапанаваць Васілю Бургуну...
Восень 2000 году распачалася выбарамі ў Нацыянальны Сход другога скліканьня, які пад час канстытуцыйнага перавароту 1996-га ўзьнік паводле ініцыятывы Аляксандра
Лукашэнкі. Бальшыня дэмпартыяў праігнаравала тыя выбары, як нелегітымныя ў нелегітымны парлямант.
...8 верасьня недзе ад дзесятае гадзіны раніцы пачалі зьбірацца на саборным пляцу ў гістарычнае частцы места тутэйшыя дэмакраты ды іхныя прыхільнікі, а таксама высокія госьці—прадстаўнікі міжнародных праваабарончых арганізацыяў, АБСЕ, ПАСЕ і іншых падобных асяродкаў.
Тут жа быў і нарад міліцыянтаў, якіх ачольваў Хведар Падабед.
--Няўжо, Хведар Мікалаевіч, рызыкнеш разганяць мітынг?—пацікавіўся я.
--Ведаеш, акцыя не санкцыянаваная гарвыканкамам,-- адказаў Падабед.—Паводле Адміністрацыйнага Кодэксу, я павінен яе спыніць.
Ён махнуў рукою ў бок міліцэйскага агітаўтамабілю і адтуль праз дынамікі людзі пачулі, што мітынг не дазволены, а таму ГАУС просіць прысутных разыйсьціся.
Я зноў зьвярнуўся да Падабеда:
--Зірні вунь туды—гэта ж прыехала зь Менску аўтамашына з прадстаўнікамі АБСЕ. Пачнеш разгон— скандалаў ды непрыемнасьцяў не абярэшся, Мікалаевіч.
--Дык што мне загадаеш рабіць, Алесь Сяргеевіч?—уздыхнуў Падабед.
--Я табе ня маю права загадваць. Адно толькі магу параіць:тэлефануй свайму начальству. Дакладай пра абстаноўку, што склалася тут. Яно цябе не захоча падстаўляць пад скандал. Вунь бачыш, ужо мае калегі з Радыё Рацыя пад’ехалі. А вунь маскоўскія журналісты і апэратары з ГРТ і НТБ... – паказаў я на расейскіх калегаў ды пачаў ўжо зь некаторымі зь іх вітацца.
Убачыўшы гэткі паварот падзеяў, падпалкоўнік стаў з кімсьці зьвязвацца па мабільніку і дакладаць пра абстаноўку на саборным пляцу. Яму нешта доўга тлумачылі на другім канцы дроту. А затым, калі размова скончылася, спадар Хведар падыйшоў да мяне, выціраючы пот з твару, і радасна паведаміў:
--Дазволілі тваім хрэнавым дэмакратам мітынг праводзіць—не атрымаецца на гэты раз “смажаная” карцінка ў тэлемаскоўцаў.Ня будзе разгону. Ды і ў цябе рэпартаж сарвецца...
Падабед памыліўся. Нічога ў журналістаў не сарвалася. Усе нашыя матэрыялы пайшлі ў непадцэнзурны тэле- і радыёэфір. Праўда, таксама без службовых намыльваньняў патыліцы перажыў гэты момант і Хведар Падабед.
Натуральна, у шмат якіх іншых вулічных выпадках, калі сытуацыя выходзіла з-пад ягонага пэрсанальнага кантролю ён мог іншым разам быць больш рашучым і “драпежным”. Так, напрыклад, здарылася 21 лістапада таго ж 2000 году, калі блізу прахадной Барысаўскага крышталёвага заводу імя Ф. Дзяржынскага аб 11-й раніцы ўсчаўся стыхійны мітынг. Шклёвары патрабавалі выплаты запазычанасьці па заробку за некалькі месяцаў. У зваротным выпадку яны абяцалі страйкаваць. Тады лідэр мясцовых сацыяль-дэмакратаў Аляксандар Абрамовіч запрапанаваў мітынгоўшчыкам рушыць калёнай адсюль, з вуліцы Стаханаўскай, на Цэнтралёвы пляц, да гарвыканкаму: маўляў, няхай да народу выйдзе сам Васіль Бургун і скажа, калі, нарэшце, людзям дырэкцыя прадпрыемства аддасьць заробленае. Несумненна на вось такі ход справы, Хведар Падабед, які тут дзяжурыў з нарадам міліцыі, апэратыўна адрэагаваў: ён заарыштаваў Аляксандра ды прымусіў таго сесьці ў “варанок”. Аднак разьюшаныя страйкоўцы вельмі хутка з’арыентаваліся ў абстаноўцы. Яны адцёрлі міліцыянтаў ад аўтамашыны ды пачалі яе разгойдваць, патрабуючы вызваленьня сацыяль-дэмакрата. Да гонару падпалкоўніка, ён ня стаў пярэчыць шклёварам і падпарадкаваўся, як ён выказаўся тады, тупой сіле натоўпу. Хаця прамовіў караценькую прамову наконт таго, што Абрамовіч і гэкія, як Абрамовіч, так званыя апазыцыянэры за падачкі з Захаду карыстаюць аб’ектыўныя цяжкасьці, якія перажывае эканоміка маладой Беларускай дзяржавы, і ўчыняюць разлад у нашым грамадзтве дзеля дасягненьня ўласных скурнапалітычных выгодаў.
Гэта быў выступ міліцэйскага афіцэра, якога да немагчымага зпалітызываны час прымусіў выконваць ня ўласьцівыя для міліцыянта службовыя функцыі. А яшчэ ж некалькі год таму ён быў выдатным начальнікам адзьдзелу крымінальнага вышуку...
Між іншым, увесну 2001-га, калі ўлады і апазыцыя сталі актыўна рыхтавацца да другіх у гісторыі незалежнай Беларусі прэзыдэнцкіх выбараў, нядаўна створанае Барысаўскае рэгіянальнае аддзяленьне Беларускага Гэльсынскага Камітэту (а я тады яго ачольваў) прыняло адмысловае рашэньне. Бо ў горадзе пачасьціліся несанкцынаваныя палітычныя акцыі сяброў незарэгістраванага моладзевага руху “Зубр”. Паколькі яны, у асноўным, ёсьць няпоўнагадовымі барысаўцамі, то мы абавязкова павінны быць побач зь імі пад час міліцэйскіх затрыманьняў, згадавалася ў рашэньні. Дзеля-- кантролю. Каб, напрыклад, міліцыянты ў дачыненьні да падлеткаў захоўвалі ўсе айчынныя і міжнародныя нарматыўныя акты. Напрыклад, ня ўжывалі сілу пад час допытаў і складаньня пратаколаў. Каб хлапчук або дзяўчынка мелі магчымасьць патэлефанаваць дамоў, паведаміць бацькам пра затрыманьне. Каб дзеці болей двух, у іншым разе, болей трох гадінаў, у пастарунку не знаходзіліся, а ў начны час іх або перадавалі з рук у рукі бацькам, або адвозілі дадому на міліцэйскім транспарце.
Я пра гэта тады сказаў падпалкоўніку Падабеду. Той не пярэчыў:
--Ну, калі на гэты конт маюцца айчынныя нарматыўныя акты, мы абавязкова будзем іх выконваць і з разуменьнем ставіцца да прысутнасьці ў адзьдзеле тваех, Алесь, людзей. Толькі няхай яны сябе паводзяць тактоўна і спакойна... Абяцаю, падлеткаў ніхто абражаць ды зьбіваць ня будзе. Гэта нашыя барысаўскія дзеці. Быў бы, як у гады нашае маладосьці, нармалёвы камсамол, ніякіх бы “зуброў” наогул не існавала б. Бач ты, апазыцыя з Захадам і да гэтых зусім зялёных хлапчукоў і дзяўчынак дабраліся,—Хведар Падабед не прамінуў папікнуць амерыканскіх імпэрыялістаў ды іхных айчынных паслугачоў.
Тады мы, гэльсынкцы, раздалі міліцыянтам некалькі дзясяткаў зборнікаў юрыдычнае літаратуры, дзе йшла гаворка наконт прававой дапамогі дзецям і падлеткам. Гэтыя кніжкі міліцыянты бралі з ахвотай і ўдзячнасьцю, адразу ж пачыналі гартаць іх. Асаблівы кантакт у нас усталяваўся з інспэкцыяй па справах няпоўнагадовых, якую тады ачольваў маёр міліцыі Сяргей Мікалаевіч Бірыч. Ён выказаў па- свойму арыгінальны ўласны пункт гледжаньня на ўдзел падлеткаў ў палітычных акцыях “зуброў”. Не папікаў у тым ні гнілы Захад, ні беларускіх апазыцыянэраў. Маўляў, дзяцей звабліваюць не палітычныя мэты, а магчымасьць хай сабе і памылковага, на погляд спадара Бірыча, але ж самавыяўленьня. Маўляў, скончыцца вось гэта палітычная кампанія, і шэрагі барысаўскіх апазыцыйных падлеткаў парадзеюць. Застануцца лічаныя і то больш старэйшага веку хлопцы і дзяўчаты. А 14-15-гадовыя вернуцца да сваіх будзённых справаў або знойдуць сябе ў іншых занятках і захапленьнях. Забягаючы наперад, скажу: усё так і адбылося. З больш чым трохсот барысаўскіх школьнікаў, гімназыстаў, ліцэістаў, навучэнцаў каледжаў у “зубрах” пасьля 2001 году засталіся ці не тры дзесяткі чалавек. Вядома, не абыйшлося без таго, што найбольш актыўных выключалі з навучальных установаў, пазбаўлялі працы на прадпрыемствах. Але ж, давайце пагодзімся, што апазыцыйная дзейнасьць яшчэ ні ў воднай краіне не абыходзілася без ахвяраў. Той, хто становіцца на шлях барацьбы не за асабістае шчасьце, а за шчасьце ўсяго народу, павінен усведамляць: гладкіх дарог барацьбітам не выпадае.
Вось тутака і трэба зазначыць: хаця ад Хведара Падабеда, як ад намесьніка начальніка ГАУС, “наверсе” патрабавалі праяўляць да “зуброў” больш жорсткі падыход, ён максімальна стараўся не парушаць адпаведнае айчыннае заканадаўства і паважаць міжнародныя правы дзіцяці . Ён арыентаваў сваех падначаленых на душэўныя размовы з падлеткамі, каб супрацоўнікі ўзгаданае інспэкцыі пераконвалі няпоўнагадовых юнкоў і дзяўчат у іхным нібыта памылковым палітычным выбары.
Кідаючы позірк на барысаўскі перыяд свайго жыцьця і працы, я асабіста не шкадую, што быў у пастаянным службовым кантакце менавіта з гэтым чалавекам, падпалкоўнікам міліцыі Хведарам Падабедам. Які ў нейкіх момантах нават прасіў у мяне дапамогі.
... Неяк восеньню 2002 году на Цэнтралёвым пляцу адчайная сацыяль-дэмакратка Алеся Ясюк распачала пасьля несанкцыянаванага мітынгу (яго, дарэчы, Хведар Падабед ня стаў разганяць) марш пустых цэбраў на знак пратэсту супраць палітыкі эканамічнага зьбядненьня насельніцтва Барысаву. Дзясяткі з два жанчынаў начапілі за нейкія матузы на жываты гэтыя прадметы кухоннага ўжытку ды пачалі біць мэталёвымі лыжкамі па мэталёвых баках. Пад гэты ляскат і выкрыкі “Луку на муку!” і “Хто накорміць нашых дзяцей?” Алеся рушыла прама на Падабеда і ягоных падначаленых, каб прарвацца ў гарвыканкам, што быў узяты ў міліцэйскае ачэпленьне. Хвіліна надарылася вельмі напружаная. Здавалася, яшчэ троху—і падпалкоўнік аддасьць каманду сваім падначаленым пусьціць у ход дубінкі. Мы з жонкай стаялі троху воддаль ад эпіцэнтру падзеяў. І тут Падабед крыкнуў да мяне: “Сяргеевіч! Хоць ты спыні Алесю! Мо’ яна паслухае цябе? У нас загад. Мы ня маем права пусьціць гэты натоўп у гарвыканкам. Ты ж бачыш, нікога не чапаем, толькі баронімся... Ну ня біцца ж нам з барысаўскімі бабамі!”
Мы з Ларысай вельмі хутка ацанілі і цярплівасьць міліцыянтаў, і напорыстасьць Алесі Ясюк, і магчымыя наступствы таго, што можа адбыцца.
--Давай, Алесь, дзейнічай, іначай атрымаюць гэтыя пратэстоўшчыцы па галовах!—параіла Ларыса, і я кінуўся да Ясюк.
--Алеся, Алеся Казіміраўна, спыніся! Яны
![]() |
Home >> Select Country >> Беларусь >> Книги >> БАРЫСАЎСКІЯ КРОНІКІ НАЙНОЎШАЙ ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ >> 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 << |
| Select Country |
|
|
|
[an error occurred while processing this directive] |