Алесь Мікалайчанка (Николайченко Александр Сергеевич):
БАРЫСАЎСКІЯ КРОНІКІ НАЙНОЎШАЙ ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ


 

... Сталася так, што Прэзыдыюм Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі пад уплывам Козіка на паседжаньні ў канцы лістападу 2002 году прыняў рашеньне пра вынясеньне на разгляд пленумаў кіраўнічых ворганаў галіновых прафсаюзаў пытаньне наконт

вызваленьня з пасады лідэраў прафсаюзу работнікаў аўтасельгасмашу (АСМ) Аляксандра Бухвостава і прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзя Фядыніча. Яшчэ праз месяц адбыўся пленум прафсаюзу АСМ, на якім прысутнічаў новасьпечаны старшыня Фэдэрацыі Леанід Козік. Тады Леанід Пятровіч накінуўся на свайго зямляка. Маўляў, сябра савету ФПБ Пахабаў нібыта ўвёў у зман Міжнародную арганізацыю працы, бо сігналізаваў туды пра быццам бы меўшы мейсца ўціск на яго, Пахабава, з боку Козіка напярэдадні абрання прэзыдэнцкага чыноўніка старшынёю самай масавай прафсаюзнай структуры ў Беларусі. Хаця, ну, вядома ж, ён, Козік, ні сном, ні духам нічога такога сабе не дазваляў.

Уся гэта лухта і лаянка суправаджалася выліваньнем бруду на актывістаў вольных прафсаюзаў у дзяржаўных сродках масавай інфармацыі. Праўда, пленум прафсаюзу АСМ да пагроз Леаніда Козіка паставіўся прынцыпова і пытаньне пра адхіленьне Аляксандра Бухвостава ад старшынёўскай пасады нават ня ўнёс да разгляду.

--Я не хаваю таго, што Козік цісне на мяне, шукае дай прычыну зачапіцца за нешта ды ўрэшце выкінуць мяне з савету Фэдэрацыі як чалавека, што адстойвае там інтарэсы прафсаюзу работнікаў аўтасельгасмашу. Вядома, Леаніда Пятровіча разьбірае злосьць з прычыны маёй прынцыповасьці. Бо хто такі Козік? Чалавек ад улады. Таму з блаславеньня прэзыдэнта і адмененае саўмінаўскае рашэньне, якое колькі год таму назад забараніла пералічваць у ФПБ тыя ж прафсаюзныя складкі па “бязналу”, таму й вяртаецца зараз у Фэдэрацыю і аднаўляецца адабраная раней дзяржавай прафсаюзная ўласнасьць—турыстычныя базы, санаторыі, дамы адпачынку, дзіцячыя аздараўленчыя лягеры , прафілакторыі, -- выказаў тады сваё меркаваньне ў размове са мною Мікола Пахабаў і з горыччу дадаў:

—Ды яму самому начыхаць на клопаты простых людзей!

І тут ён быў вельмі блізкі да ісьціны. Дарэчы, ня толькі—на грунце гісторыі са швачкамі ды іхнымі дывідэндамі. Я прыпомніў, што ў № 49 за 6—12 снежня 2001 года газэты “Барысаўскія Навіны” быў апублікаваны “Адкрыты ліст Козіку Леаніду Пятровічу” ад жыхароў Барысаву. Людзі зьвярталіся да свайго высокапастаўленага зямляка і адначасова старшыні рэспубліканскага штабу па падрыхтоўцы горада да 900-годдзя ды намесьніка кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі. Яны прасілі гэтага чыноўніка прывесьці ў парадак вуліцу імя Чарняхоўскага, “якая знаходзіцца ў цэнтры гораду. Вуліца—занадта сказана, бо дарогі тут практычна няма, а толькі ёсьць груды сьмецця, яміны. Таксісты да нас ня хочуць ездзіць, баяцца загрузнуць. Мы, жыхары вуліцы Чарняхоўскага, вымушаныя запрасіць сюды на экскурсію прэзыдэнта Аляксандра Рыгоравіча ў Вашым суправаджэнні і старшыні гарвыканкаму В. Бургуна. І Вы адрапартуйце, як горад рыхтуецца да юбілею на прыкладзе нашай вуліцы. Вам удвох трэба было б пацікавіцца, хто быў такім Чарняхоўскі Іван Данілавіч, дзя ваяваў і праліваў кроў, за што атрымаў званьне Герою Савецкага Саюзу?.. Калі вы не жадаеце прывесьці вуліцу ў парадак, то дайце ёй іншае найменьне—Безназоўная або Занядбаная. Але ня трэба здзекавацца з памяці герою, які аддаў сваё жыцьцё за вызваленьне Айчыны...”

Так пісалі жыхары вуліцы, якія ведалі, што зь іхнага гораду 1 ліпеня 1944 году выкідваў гітлераўцаў генэрал Чарняхоўскі. Але гэтая акалічнасьць зусім не кранула спадара-таварыша Козіка. 12 сакавіка 2002 году ён праз афіцыёз мясцовых уладаў, раённую газэту “Адзінства” адказаў жыхарам (цытую):

“...Хацеў бы, карыстаючы выпадак, адказаць тым газэтам, якія друкуюць “адкрытыя лісты” да мяне. Барысаўскую прэсу я, натуральна, чытаю. Дык вось заяўляю прама, што вуліцу Чарняхоўскага я чысьціць не пайду. У вас ёсьць гарсавет, мясцовыя дэпутаты, выканкам. Зьвяртайцеся да іх па гэтым пытаньні. Я вам толькі што даў справаздачу пра сваю працу як старшыні аргкамітэту (па падрыхтоўцы да сьвяткаваньня 900-х угодкаў Барысаву—А. М.) Лічу, што гэтай дзейнасьцю прянясу больш карысьці гораду , чым калі буду займацца прыбіраньнем  вуліцы Чарняхоўскага.”

Спрактыкаваны чыноўнік Леанід Козік зноў усіх увёў у зман. Ён падмяніў разуменьнее “адрамантаваць вуліцу”, пра што, дарэчы, яго прасілі людзі, разуменьнем “прыбраць вуліцу”, а гэта, як вядома, не адно і тое ж. І, такім чынам, вылузнуўся з сытуацыі. Ды яшчэ ўдадатак злосна пазьдзекаваўся з барысаўцаў, зганьбаваў на ўвесь горад жыхароў вуліцы Чарняхоўскага як неахайных гультаёў, якія ня хочуць пальцам аб палец ударыць каб падмесьці сьмецьце вакол уласных хацінаў ды панадворкаў.

Вось з такімі адносінамі да жыхароў роднага горада ён стаўся ганаровым грамадзянінам Барысаву, вось з такімі адносінамі да працоўнага люду (успомнім жанчынаў з тутэйшай “швейкі”) ён стаўся шэфам самай буйной у краіне прафсаюзнай арганізацыі—ФПБ.

Ну а што тычыцца прафсаюзу АСМ, то Козіку ўдалася яго разваліць ды перайменаваць у прафсаюз прамысловасьці. Гэты працэс заняў канец 2003—першую палову 2004 году. Апанэнт Леаніда Пятровіча дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Аляксандар Бухвостаў, шмат у чым з-за ўласнай наіўнасьці ды няздольнасьці кіраваць вось такой шматтысячнай арганізацыяй застаўся ў выніку штукарстваў Леаніда Козіка па-за межамі і свайго некалі вольнага прафсаюзу, і ФПБ. Пра што ў наступных кнігах трылёгіі будзе яшчэ весьціся асобная гаворка.

Цікава, што стараньнямі новасьпечанага лідэра ФПБ яшчэ ў 2003-м годзе было скасаванае барысаўскае прадстаўніцтва Міжнароднай Арганізацыі Працы, якое ачольваў ужо знаёмы чытачам Мікола Пахабаў, рабочы БАТЭ. Ды й сам спадар Мікола згубіў працу на прадпрыемстве, пачынаючы з 1 снежня 2003 году. Хаця пэнсыйны век для яго яшчэ не надыйшоў, а стаж знаходжаньня на заводзе ідзе з 1981 году. Нельга Міколу абвінаваціць і ў нейкіх прагулах ды іншых парушэньнях працоўнае дысьціпліны. Адметна, што апошняя пасада, якую ён займаў тамака, была брыгадзірская. 

Што ж здарылася?

Ды ўсё тое ж: Мікола Пахабаў стаўся апанэнтам Леаніда Козіка. Не пагадзіўся паспрыяць барацьбе новага “лідэра” рабочай клясы Беларусі супраць прафсаюзу работнікаў аўтамабільнага ды сельскагападарчага машынабудаваньня (АСМ). Адным з арганізатараў ды заснавальнікаў якога, сярод іншага, і быў у свой час Мікола Пахабаў. На заводзе БАТЭ ён ачольваў цэхкам, быў сябрам заводзкага камітэта АСМ, сябрам рады гэтага прафсаюзу і сябрам рады Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Вось што распавёў рабочы актывіст аўтару гэтых радкоў пра тое, як ад імя ураду адміністратары розных паверхаў улады і працадаўцы ажыцьцяўлялі палітычны ўціск на яго асабіста ды на ягоных прафсаюзных калегаў:

-- 8 ліпеня 2002 году мяне выклікалі ў прафсаюзны камітэт заводу БАТЭ. Намесьніца старшыні прафкаму Марыя Сідарава  прасіла мяне зьвязацца з намесьніцай старшыні Барысаўскага гарвыканкаму па ідэялёгіі Валянцінай Шутко. Калі я дазваніўся да чыноўніцы, то даведаўся, што мне заўтра, 9 ліпеня, аб дзясятае гадзіне раніцы трэба быць у памяшканьні Менскага абласнога выканаўчага камітэту як сябру рады ФПБ разам зь іншымі сябрамі ўзгаданае рады ад Барысаву. Паслухаўся спадарыню Шутко, прыехаў, адчуваючы, што выклік гэты не зусім шэраговы. Раніцай 9 ліпеня ў прыёмнай намесьніка аблвыканкаму ўжо тоўпіліся мае калегі па працы ў радзе Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, якія прыехалі сюды зь іншых гарадоў Меншчыны. Людзей у габінэт запрашалі па адным і кожнаму давалі прачытаць аркуш паперы з надрукаванай тамака аўтабіяграфіяй Леаніда Пятровіча Козіка ды прасілі падтрымаць ягоную кандыдатуру на пленуме ФПБ, які мусіў адбыцца праз тыдзень. Цікава, што ў габінэце знаходзіліся спадарыня Шутко, намесьнік старшыні ФПБ Уладзімер Булгак ды аблвыканкамаўскія функцыянэры.

Я, натуральна, адмовіўся ад усялякіх прапановаў. Няўзброеным вокам было бачна: з боку ўладнае адміністрацыі ажыцьцяўляецца самы прымітыўны ўціск на сябраў рады Фэдэрацыі зь ліку прадстаўнікоў Менскае вобласьці. Я задумаўся ды ўзгадаў: такое ўжо было ў гісторыі прафсаюзнага руху ў трыццатых гадох мінулага стагодзьдзя ў сталінска-бер’еўскім СССР і гітлераўскай Германіі. На словах я сказаў: ваш  уціск ёсьць недэмакратычнай мераю, маўляў, я добра ведаю спадара Козіка, а таму супраць ягонага лідэрства ў ФПБ. Тады абласныя функцыянэры шматзначна паглядзелі на спадарыню Шутко і паведамілі той, што ў яе ёсьць яшчэ тыдзень, каб пераканаць мяне дзеля падтрымкі кандыдатуры таварыша Козіка. Размова са мною вялася хвілінаў дзесяць... 10 ліпеня адбылося сумеснае паседжаньне прафкаму заводу БАТЭ сумесна з дырэкцыяй прадпрыемства. Раней падобныя сумесныя паседжаньні праводзіліся толькі ў выпадках калектыўных перамоваў ці працоўных спрэчкаў. Але,натуральна не дзеля вырашэньня нейкіх нутраных прафсаюзных праблемаў. Дык вось на ўзгаданым паседжаньні, дзе нават прысутнічала ўсё тая ж спадарыня Шутко, прадстаўнік адміністрацыі зноў жа запрапанаваў нам падтрымаць абраньне Леаніда Козіка на пасаду старшыні ФПБ. Гэту прапанову горача падтрымала Валянціна Шутко ды асобныя сябры прафкаму. Я выступіў супраць. Патлумачыў, што кандыдатура Козіка навязаная дзяржаўнай уладай. Было праведзенае адкрытае галасаваньне, пад час якога і адміністрацыя , і прадстаўніца гарвыканкаму бачылі, хто як галасуе. “За” прагаласавлі 19 чалавек, 2—“супраць”, 2—“устрымаліся”. 16 ліпеня я ў Менску азнаёміў з гэтым рашэньнем сябраў рады ФПБ, але ў сваем выступе падкрэсьліў, што я асабіста супраць кандыдатуры спадара Козіка дзеля абраньня яго старшынём Фэдэрацыі...

Мае словы можа пацьвердзіць карэспандэнтка мясцовае незалежнае газэты “Кур’ер з Барысаву” Алена Аўтушка ды яшчэ той-сёй зь ліку прафсаюзных актывістаў заводу БАТЭ, калі ў іх хопіць сьмеласьці. Так абышлася са мною выканаўчая ўлада, хаця я адпрацаваў на той мамант 20 год на прадпрыемстве ды быў навечна занесены ў ягоную “Кнігу гонару”. У рэчышчы казанага да таго, што ў тыя дні адбывалася ў нашае прафсаюзнай арганізацыі, можна дадаць пра фактычны недазвол адміністрацыі прадпрыемства наведаць 10 снежня 2003 году канфэрэнцыю прафсаюзнае арганізацыі завода БАТЭ юрысту прафсаюзу АСМ спадарыні Яськовай. Ёй проста прадстаўнікі дырэктарату ня выпісалі пропуск на эаводзкую тэрыторыю... На самае канфэрэнцыі асобныя сябры прафкаму ва ўгоду спадару Козіку і адміністрацыі як маглі палівалі брудам нашага лідэра Аляксандра Бухвостава. А мне, як заўсёды выступіць не дазволілі. Затое Леанід Пятровіч Козік быў надзвычай шчыры. Ён сказаў, што калі ў прафсаюзе АСМ ня будзе заменены Аляксандар Бухвостаў, то ён, Козік, проста створыць паралельны прафсаюз работнікаў прамысловасьці, куды пяройдуць сябры бухвостаўскага прафсаюзуНеўзабаве была знойдзена і дай прычына для майго звальненьня... У 1991-м мяне за арганізацыю страйкаў на прадпрыемствах Барысаву ўжо спрабавалі звольніць нібыта за прагулы. Але тады работнікі энэргацэху заступіліся за мяне.Тады ў краіне панавала дэмакратыя і можна было заступацца адзін за адно больш сьмела. Усё-такі дыктатура, што сёньня апанавала нашым грамадствам, як радыяцыя, прасякае з дапамогай страху ці не да касьцей у арганізм кожнага чалавека,-- завершыў свой расповяд спадар Мікола Пахабаў, сучасны рабочы чалавек, старшыня Барысаўскае суполкі Партыі працы. 

Мікола Пахабаў—гэта яшчэ адзін зямляк Леаніда Козіка, чыя асабістая катастрофа знаходзіцца на сумленьні так званага ганаровага грамадзяніна Барысаву. 

Можна яшчэ расказваць пра намэнклятурныя манёўры Козіка на шляху да “перамогі” на апошніх выбарах у “палатку” 17 кастрычніка 2004 году, калі ён туды праскочыў шляхам нахабнай падтасоўкі чальцамі выбарчых камісыяў вынікаў галасаваньня. 

Думаю, па завяршэньні маёй працы над гэтай кнігай, у біяграфію Леаніда Козіка будуць упісаныя яшчэ шмат якія “подзьвігі” на ніве будаўніцтва ўласнае кар’еры за кошт таго, што некалі адэпт марксызму Ульлянаў-Ленін называў палітычнай сьлепатою й глухатою шырокіх масаў.

ПАДПАЛКОЎНІК, ЯКІ ПЕРАСТАЎ БРАЦЬ ПАД КАЗЫРОК

Намесьніка начальніка Барысаўскай гарадзкой управы нутраных справаў, падпалкоўніка міліцыі Хведара Мікалаевіча Падабеда я ўпершыню сустрэў а 15-й гадзіне 23 студзеня 1999 году на Цэнтралёвай плошчы ў Барысаве. Як раз—пад час правядзеньня пікету, што тады ладзілі тут пярвічныя арганізацыі БНФ “Адраджэньне”, БСДП “Народная Грамада”, “Маладога Фронту” і “Маладой Грамады”. Іх ачольвалі народнафронтавец Анатоль Аскерка і сацыял-дэмакрат Аляксандар Абрамовіч. Побач з плякатамі ды бел-чырвона-белымі сьцягамі паўсталі шчыльным ланцугом бліжэй да універмагу “Дом гандлю” апазыцыянэры Алеся Ясюк, Зьміцер Абрамовіч разам з жонкаю Тацьцянай, Надзея Грачуха, Сяржук Салаш, Генадзь Гаўрусёў ды іншыя актывісты. За ходам акцыі назіраў сябра Беларускага Гэльсынскага камітэту, прадпрымальнік Ігар Леднік. Я пры ўсім гэтым выконваў падвоены абавязак—як уласны карэспандэнт Беларускай Службы Радыё Свабода па Менскай вобласьці ды таксама—сябра таго ж самага Беларускага Гэльсынскага Камітэту. Пікетаваньне было буйное, яно прысьвячалася парушэньням правоў чалавека ў Беларусі ды ў Барысаве.

Апазыцыянэры патрабавалі аднавіць скасаваныя беларускамоўныя школы ў краіне ды родным горадзе, выстаўлялі эканамічныя патрабаваньні дзеля абароны інтарэсаў насельнікаў Барысаву, крытыкавалі Расею за бясконцую вайну ў Чачэніі. Самая акцыя разгарнулася а 14-й гадзіне і доўжылася хвілінаў трыццаць, пакуль сюды не падруліў

міліцэйскі “варанок”. Зь яго выйшаў чалавек у цывільным зь непакрытаю бялявай галавою крыху ніжэйшы за сярэдні рост. Ён амаль дружалюбна павітаўся за руку з Аляксандрам Абрамовічам, зірнуў у маё пасьведчаньне, а затым падаў мне руку і назваўся падпалкоўнікам міліцыі, намесьнікам начальніка Барысаўскага ГАУС Падабедам Хведарам Мікалаевічам. Паскардзіўся:

--Дзяжуру во сёньня ў выходны дзень. А тут, бачыце, Саша Абрамовіч са сваемі ідэйнымі сябрамі фестываліць. Канешне, без дазволу. Не даеш ты, браток, служываму люду спакойна падзяжурыць,-- зьявярнуўся напаўжартам ён да Аляксандра Абрамовіча. А затым ягоны твар набыў сур’ёзны выгляд-- падпалкоўнік стаў чытаць плякаты і ўжо хацеў даць каманду сваім падначаленым, каб тыя паадымалі падручныя сродкі агітацыі, аднак Ігар Леднік і я пачалі прасіць таварыша Падабеда, каб той дазволіў пастаяць тут пікетоўшчыкам яшчэ паўгадзіны.

--Хведар Мікалаевіч! Пікетаваньне прысьвечанае 50-й гадавіне ўтварэньня ААН. Сярод тых, хто заснаваў Аб’яднаныя Нацыі значыцца і Беларусь. Няўжо ў гонар такога юбілею не дасьцё дадаткова  пастаяць людзям трыццаць хвілінаў?—казалі мы зь Леднікам.

Падпалкоўнік доўга раздумваў. А затым махнуў рукою:

--Ну калі ўжо ў гонар юбілею гэткае славутай арганізацыі, то пастойце да 15-00 роўна.

 Яшчэ палову гадзіны апазыцыйная барысаўская грамада грувасьцілася на плошчы, адказываючы на пытаньні стыхійна сабранага тутака цікаўнага люду.

Адметна, але тады а 15-й гадзіне 23 студзеня 1999 года бялявы з пшанічнымі вусамі падпалкоўнік міліцыі забраў у пастарунак толькі аднаго Аляксандра Абрамовіча, які ўсю адказнасьць за арганізацыю пікетаваньня ўзяў на сябе. Сам Аляксандар на той час распачынаў сваю кар’еру нязломнага змагара супраць дыктатуры, пра што я мушу распавесьці ў асобным разьдзеле гэтае кнігі.

...Хведар Падабед быў міліцэйскім чыноўнікам свайго часу і сваёй палітычнае эпохі—эпохі кіраваньня беларускай краінай постсавецкім лідэрам дыктатарскага тыпу. Увесь 1999-ты і 2000 гады барысаўская апазыцыя ладзіла ў горадзе свае акцыі—пікеты, мітынгі, шэсьці. Абсалютная бальшыня зь іх мела несанкцыянаваны характар. Бо сябры розных партыяў і рухаў то змагаліся супраць русыфікацыі школьнага навучаньня, то патрабавалі новых прэыдэнцкіх выбараў, то заклікалі грамадзянаў высьветліць лёс скрадзеных палітыкаў, бізнэсоўцаў і журналістаў Віктара Ганчара, Юры Захаранкі, Анатоля Красоўскага і Дзімітрыя Завадзкага, то крытыкавалі нікуды ня вартае медычнае абслугоўваньне насельнікаў Барысаву, то выказвалі салідарнасьць з тутэйшымі прадпрымальнікамі, якія вельмі часта страйкавалі. І г. д., і да т. п. Натуральна, Хведару Падабеду даводзілася таксама нярэдка самому выязджаць на мейсцы правядзеньня не дазволеных “мэрыяй” акцыяў апазыцыянэраў ды затрымліваць удзельнікаў гэтых незаконных мерапрыемстваў.

Зрываўся ён з гэтай прычыны вельмі рэдка. Наадварот, можна сказаць, што паводзіў сябе ў адносінах да пікетоўшчыкаў і мітынгоўшчыкаў з большага па-інтэлегентнаму. Памятаю, з тым жа Аляксандрам Абрамовічам пад час недазволеных акцыяў спадар Хведар заўсёды спачатку вітаўся за руку, потым прапаноўваў таму занесьці ў “варанок”няхітры рыштунак, які складаўся з улёткаў і плакатаў, і ўжо ў апошнюю чаргу непасрэдна заарыштоўваў славутага ў Барысаве змагара.

Хаця ў выпадках, калі спадар Абрамовіч назаляў яму даволі частымі акцыямі, падпалкоўнік мог сесьці, як кажуць, і на каня. Тады, каб правучыць “гэтага адмарозка” ды паказаць, што ІЧУ—ня самае лепшае мейсца на зямлі, Хведар Падабед мог закрыць, так бы мовіць, вочы на тое, што ў камеру да Аляксандра падселеныя ўтрыманцы ізалятару, якія хварэюць на адкрытую форму сухотаў, а аднойчы сам распарадзіўся закінуць нескаронага сацыял-дэмакрата да розных п’яніц, хуліганаў ды бамжоў. Дзе можна было набрацца рознай пошасьці ад грыбка да вошаў “ ды іншых падазроных насякомых”, як аднойчы прагучэла з вуснаў Аляксандра Абрамовіча ў эфіры Радыё Свабода. Але ж калі суд Крупскага раёну за падсяленьне ў камеру да спадара Аляксандра сухотнікаў прысудзіў Барысаўскаму гарвыканкаму выплаціць суму, адпаведную 200 далярам ЗША, то Хведар Падабед, які быў на тым судзе прадстаўніком адказчыка, не стаў далей ваяваць за тыя грошы і цягаць зыскоўца па касацыйных судах. Ня гледзячы на ўсю непрыязь да ўсіх нас, хрэнавых дэмакратаў, Падабед усё-такі меў пэўнае ўяўленьне пра справядлівасьць. Мусіць, вельмі глыбока ў душы адчуваў сваю вінаватасьць перад людзьмі, якія спрабавалі адстаяць сваё права выказваць уласныя палітычныя погляды на тое, што робіцца ў нашай краіне. 

Але калі я, журналіст Радыё Свабода, абыходзіў яго ў апэратыўнасьці, ён не хаваў сваёй прафэсыйнае зайздрасьці. Так, калі ён бачыў, што я пад час той ці іншае несанкцынаванай акцыі апазыцыянэраў, прыязджаю да іх значна раней, чым міліцыянты, то абавязкова папікаў мяне:

--Як гэта ты, Алесь Сяргеевіч, тут зьяўляешся раней за маіх хлопцаў?

Я звычайна ўсьміхаўся ў адказ :

<<Назад :: Далее>>

 



2000-2007 Association for Human Rights Defense International
www.4humanrights.org : www.hrd1.org : DONATE

Home >> Select Country >> Беларусь >> Книги >> БАРЫСАЎСКІЯ КРОНІКІ НАЙНОЎШАЙ ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ >> 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 <<

Select Country

 


[an error occurred while processing this directive]