Галоўны рэдактар “Барысаўскіх Навінаў” Анатоль Букас пачытаў гэты дакумэнт і запрапанаваў наступны варыянт: у бліжэйшым нумары без купюраў, як ёсьць, надрукаваць адказ кіраўнікоў “швейкі”, а побач на газэтнай паласе апублікаваць і маё меркаваньне адносна іхных довадаў і аргумэнтаў. Гэта было разумна й дэмакратычна. Падборка матэрыялаў выйшла ў выпуску “БН” за 14—20 лістапада 1997 году.
Ліст у рэдакцыю ад маіх апанэнтаў меў даволі зразумелы загаловак, які не пакідаў швачкам аніякіх надзеяў: “Фабрыку па паях—не расьцягнуць!”. Мяркую, чытачам гэтай кнігі будзе цікава прааналізаваць гэты матэрыял з пункту гледжаньня прыведзенага фактажу і таго настрою, зь якім кіраўнікі прадпрыемства складалі свой допіс:
“У газэце “БН” №42 ад 17—23.10.1997 г. пад рубрыкай “Канфліктная сытуацыя” апублікаваны артыкул сябра Беларускага Гэльсынскага камітэту Алеся Мікалайчанкі “Казка пра рыдлёўку, або падманутыя пайшчыкі”, дзе (аўтар—А. М.) аднабакова, суб’ектыўна зрабіў спробу выказацца адносна становішча справаў на Барысаўскай швэйнай фабрыцы. Найперш, журналісту дзеля дасягненьня абяцаных чытачу падрабязнасьцяў (калі ён прэтэндуе на аб’ектыўнасьць сваіх артыкулаў) не было б залішнім дазнацца пра меркаваньне яшчэ аднаго боку, на які ўскладаецца адказнасьць за “відавочны падман” і “выкрутасы”. У іншым выпадку, як у сябраў праўленьня народнага прадпрыемства, так і генэральнага дырэкатара ( як колішняга, так і цяперашняга) зьяўляецца магчымасьць абвергнуць шматлікія штукарствы праз суд.
Да слова пра высунутыя ў артыкуле лёзунгі: “ Аддай нарабаванае! Далоў капіталізм!”. Ці не абраза гэта палітыкі дзяржавы на прыкладзе народнага прадпрыемства? Прасьцей кажучы, гэта прамое падбухторваньне самім журналістам і асобамі, якіх ён прадстаўляе, да клясавага бунту... Не дзеля асабістай прыхамаці былога генэральнага дырэктара Козіка Л. П., а дзеля выкананьня пастановы Савета Міністраў з мэтай прыватызацыі ды раздзяржаўленьня стваралася калектыўная ўласнасьць з ейным капіталізаваным коштам.
Паводле вынікаў абмеркаваньняў гэтага пытаньня, на падставе волевыяўленьняў, якія пацьвярджаюцца пісьмовымі заявамі работнікаў (заявы захоўваюцца на фабрыцы), дзяржаўная камісыя арганізавала прыватызацыю ды пераўтварэньне арэнднага прадпрыемства ў народнае з удзелам грашовых сродкаў заяўляльнікаў. Такім чынам, ствараўся сукупны капітал, што пайшоў на выкуп у дзяржавы той часткі сродкаў прадпрыемства, якая не перадавалася бясплатна ва ўласнасьць або карыстаньне. Вось куды пайшлі грошы, пра якія “...без усялякай палітыкі спрабуюць дазнацца” людзі. А навошта “дазнавацца”, калі ніколі не было сакрэтам, і любы саўладальнік не аднойчы мог чуць (калі жадаў) пра гэта на сходах, канфэрэнцыях ды прачытаць на даступным для ўсіх інфармацыйным стэндзе ў холе прадпрыемства.
А каб журналіст на “згаданай сходцы-радзе” з прафэсыйным посьпехам здолеў бы дапамагчы прысутным там людзям разабрацца, “дзе грошы? хто іх скраў? або разбазарыў?”, мэтазгодна і прасьцей зьвярнуцца да дакумэнтаў, якія ёсьць на прадпрыемстве, у гарвыканкаме, аблвыканкаме і камітэце па кіраваньні дзяржмаёмасьцю і прыватызацыі (па выбару). Глыбокія спачуваньні журналіста да тых, хто сабраўся “на адной з прыватных кватэраў” маглі б знайсьці пацьверджаньне ці быць абвержанымі пры ўсебаковым узаемным вывучэньні на тэрыторыі фабрыкі з удзелам службовых асобаў—яны заўжды з ахвотаю садзейнічаюць сцьверджаньню праўды, якую ў канчатковым выніку вызначае суд.
Што ж тычыцца спагнаньня “крэўных” саўладальнікамі прадпрыемства, дык тут, мяркуем, будзе дарэчы такі вось параўнаўчы азбучны прыклад: “запатрабаваць кола ад аўтамабілю—гэта азначае зрабіць яго непрыгодным дзеля вытворчага карыстаньня”. А з такім вось аўтамабілем зьвязаныя лёсы тысячы работнікаў, якія не жадаюць папаўняць армію беспрацоўных, але атрымліваць, хай невялікую, але стабільную заробную плату, хочуць быць карыснымі дзяржаве.
Гэта частка пярэчаньняў таго боку, на які не зьвярнуў увагу клапатлівы наш журналіст.
Мы гатовыя ўступіць зь ім у дыялёг, пра што настойліва просім паведаміць чытачам без карэктыровак.
З павагай
па даручэньні калектыву працуючых--- генэральны дырэктар А. Наталенка, старшыня прафкаму Н. Волкава, старшыня праўленьня Н. Сулім.”
Зазначу, меней, чым праз пяць год, Анатоля Наталенку перавялі са “швэйкі” на разваленае да вызнаньня Барысаўскае прадпрыемства музычных інструмэнтаў з акладам, роўным у эквіваленце… 35 далярам ЗША. А яшчэ праз паўгады менскія рэспубліканскія галіновыя ўлады змусілі спадара Наталенку звольніцца і адтуль: маўляў, ня справіўся з нашымі спадзяваньнямі ...
Але вернемся ў лістапад 1997 году, да той дыскусыі, што Анатоль Наталенка наважыўся разгарнуць на старонках “Барысаўскіх Навінаў”.
Я тады стэлефанаваўся з новым чалом гарвыканкаму Барысаву Васілём Бургуном і дамовіўся наконт аўдыенцыі. Васіль Ігнатавіч прыняў мяне прыязна, выслухаў і, у сваю чаргу, падзяліўся тым, што пасьля Капульцэвіча яму разам з “губэрнатарам” Пятром Пётухам давялося правесьці буйнамаштабныя кадравыя зьмены ў дырэктараце барысаўскай прамысловасьці, бо некаторыя кіраўнікі вызначаліся прымітыўным гультайніцтвам і самай звычайнай лянотай думкі й дзеяньняў. Ёсьць, вядома, праблемы на “швэйцы”, казаў суразмоўца. Але, з аднаго боку, тут трэба захаваць калектыў, а зь іншага, насамрэч, неабходна расплаціцца зь людзьмі, якія сыйшлі або сыходзяць на пэнсыю.
Тады мой адказ апанэнтам галоўны рэдактар Анатоль Букас зьмясьціў пад рубрыкай “Ад аўтара” пад назовам “Б’юць і плакаць не даюць, або хто супраць законнасьці?”. Ведаючы, што Анатоль Наталенка ёсьць прыхільнікам камуністычнай ідэі, я скарыстаў гэты момант, каб пазьбегнуць магчымага высьвятленьня маіх ды рэдакцыі “Барысаўскіх Навінаў” палітычных стасункаў з Анатолем Мікалаевічам.
Забягаючы наперад, мушу паведаміць чытачу, што Наталенка не пажадаў уваходзіць са мною ў калянавуковае дыскутаваньне на абстрактныя палітычныя тэмы. Свайго погляду на беларускі сацыялізм з базарным тварам у рэдакцыю не даслаў.
Мяркую, прычынай такому зьбегу акалічнасьцяў сталася наступная частка выкладзеных мною ў артыкуле больш дакладных аргумэнтаў ды канкрэтных прэтэнзыяў да Леаніда Козіка.Разумею, што не вельмі этычна цытаваць самаго сябе, тым не меней слова з песьні ня выкінеш і трэба яе прасьпяваць цалкам ад пачатку да канца. Такім чынам:
“Па-другое, пункт гледжаньня Анатоля Наталенкі на праблему вяртаньня людзям паёў і дэвідэндаў мне вядомы. Напрыклад, з перапіскі з судовымі інстанцыямі адносна грамадзянскай справы па зыску Ірыны Сакалоўскай да адміністрацыі БШФ. Нагадаю, гэта жанчына – жонка загіблага работніка прадпрыемства. Яна два гады запар адсуджвае ягоны пай і дывідэнды як спадчыну.
Рэдакцыя ”БН” мела жаданьне паслухаць сп. Наталенку, але на нядаўнюю канфэрэнцыю пайшчыкаў, дзе паважаны дырэктар выступаў перад людзьмі, даводзячы ім перавагі акцыянаванага таварыства ў параўнаньні з народным прадпрыемствам, створаным некалі Леанідам Козікам, журналіста не прапусьцілі.Тым не меней, я вельмі ўзрадаваўся, калі кіраўнік калектыву швачак даў інтэрвію аднае зь мясцовых газэтаў, дзе давёў чытачам сваё бачаньне праблемы і шляхі яе разьвязваньня.
Дарэчы,шаноўным апанэнтам хачу сказаць наступнае: у маім дасье даволі шмат допісаў розных службовых чыноў самага высокага рангу адносна пытаньняў пайшчыкаў. Не кажу ўжо пра знакаміты выраз прэзыдэнта наконт рыдлёўкі, што сьведчыць аб веданьні справы Аляксандрам Лукашэнкам і паказвае ягоныя адносіны да праблемы.
Кансультаваўся я наконт усяго гэтага і ў “мэра” Васіля Бургуна. Кіраўнік гораду, зазначу, шмат казаў пра канфлікт, які ўзьнік паміж часткай пайшчыкаў і адміністрацыяй прадпрыемства, у самых розных аспэктах.
Ён папрасіў пераказаць у СМІ ягонае меркаваньне наконт таго, што сёньня трэба захаваць калектыў фабрыкі. І, магчыма, разьлік з саўладальнікамі праз акцыі ёсьць пэўным выйсьцем з сытуацыі. Але ж і інтарэсы тых, хто сыйшоў з фабрыкі на пэнсыю ці яшчэ па нейкіх акалічнасьцях, павінны быць захаваныя. Асабліва—у маральным аспэкце. Вось чаму належыць дакладна разабрацца з тым, як расходваліся фінансы фабрыкі, у тым ліку, складкі саўладальнікаў.”
А яшчэ я настойліва прасіў кіраўнікоў фабрыкі зазірнуць у іхныя ж “сьвятцы”:
“...Хачу нагадаць, што Статут народнага прадпрыемства “Барысаўская швейная фабрыка” зарэгістраваны пад нумарам 109, мае артыкул 2.7, дзе вельмі ясна згадваецца (цытую): “Разьлік з былымі чальцамі прадпрыемства робіцца, зыходзячы з фактычна адпрацаванага часу з выплатай грашовай сумы, роўнай кошту , які належыць з часткі долевага маёмаснага фонду і незапатрабаваных дывідэндаў, залічаных на іхныя рахункі ў адпаведнасьці зь дзеючым на прадпрыемстве палажэньнем”(канец цытаты).
Вось дзе закон і права! Права—на ўласнасьць! Яно ёсьць адным з асноўных міжнародных правоў, у тым ліку і правоў чалавека, зацьверджаных усясьветнай супольнасьцю ў адпаведнай Дэклярацыі ААН. Пад дэклярацыяй стаіць і подпіс прадстаўніка БССР. Можна вешаць на журналіста “всех собак”, але відавочна адно: там, дзе парушаюцца правы чалавека, узьнікаюць канфлікты…Аб’ектыўна адбыўся падман тых надзеяў, якія пайшчыкі ўскладалі на прыватызацыю фабрыкі. Магчыма, канешне, фатальная прамашка выйшла ў дзеяньнях Леаніда Пятровіча як камэрсанта. Дык чаму пра гэта не сказалі людзям шчыра, каб яны паверылі. Аднак, зноў жа аб’ектыўна, Л. П. Козік нічога не зрабіў, каб падман зьліквідаваць. Я згадваю Сэнт-Экзюпэры, які ў сваім “Маленькім прынцу” сказаў, што кожны чалавек адказны за тых, каго прыручыў. Дадам ад сябе: і за тых, каму што паабяцаў. Сытуацыя з былымі наёмнымі работнікамі пацьвярджае гэтую ісьціну.Тых
ужо аднойчы падманулі, зьняўшы зьберажэньні ў ашчадбанках. Затым выдалі чэкі “Маёмасьць”. Чым жа стануцца для іх акцыі роднай фабрыкі?”
Такім вось пытаньнем я і скончыў сваю газэтную палеміку. На яе мне не далі адказу ані афіцыйны Менск, ані афіцыйны Барысаў.
Але наступнымі гадамі Леанід Пятровіч паказаў, чаго ён варты, калі яму ня трэба баяцца ўручэньня рыдлёўкі прэзыдэнтам у прысутнасьці падманутых людзей.
5
Час ішоў, а Леанід Козік, які так і ня здолеў падняць матэрыяльны дабрабыт работніц барысаўскай “швейкі”, сам, аднак, упэўнена і лёгка ўздымаўся па сталічнае кар’ернай лесьвіцы, пакуль не дарос да намесьніка чала Адміністрацыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. У гэтай якасьці ён і зьявіўся перад барысаўскімі ўладамі ды барысаўцамі на пачатку ўзгаданай перад’юбілейнае будаўніча-рамонтнай рэканструкцыі горада зямлякоў. Больш таго, у 2001 годзе ўзначаліў рэспубліканскі штаб гэтай рэканструкцыі.
Мне запомнілася дата—3 лістапада 2001 году, калі Леанід Пятровіч разам з кіраўніком мясцовай выканаўчай улады Васілём Бургуном ды абласным “вертыкальным” Мікалаем Дамашкевічам сустрэўся з тутэйшымі й акрэдытаванымі ў Барысаве ад рэспубліканскіх СМІ журналістамі. Апрануты ў афіцыйны чорны строй, белую кашулю з гальштукам, Леанід Козік быў даволі дэмакратычны з нашым братам і падкрэсьлена суровы з прадстаўнікамі мясцовае “вэртыкалі”. Ён адказаў на ўсе пытаньні радыйнікаў, газэтчыкаў і тэлевізыйнікаў, у тым ліку прадстаўнікоў незалежных мас-медыяў.
Шмат хто пытаўся тады ў Леаніда Козіка: чаму рэканструкцыя цэнтралёвай часткі Барысаву вядзецца даволі марудна? Маўляў, не адчуваецца, каб рэспубліканскі аргкамітэт працаваў тут на ўсю поўніцу. Леанід Пятровіч у адказ заўважыў: так, дзейнасьць аргкамітэта прыпынілася ў сувязі з тым, што зараз фармуецца новы ўрад, дзе будуць працаваць новыя людзі, маўляў, тут трэба крыху пачакаць, бо ў аргкамітэт увойдуць выключна першыя асобы міністэрстваў ды ведамстваў. Тым не меней, у маруднасьці ды бяздзейнасьці адносна вырашэньня праблемаў будаўнічай рэканструкцыі горада Козік найперш абвінаваціў менавіта Васіля Бургуна і Мікалая Дамашкевіча. Асабліва высокага службоўцу абурыла тая акалічнасьць, што за лета яны так і ня здолелі арганізаваць як сьлед укладку эўрабрукаванкі для ходнікаў на праспекце Рэвалюцыі.
--Калі да 1 снежня не завершыце ўкладку эўраходнікаў, то вызначайцеся: хто з вас будзе адхілены ад пасады—старшыня гарвыканкаму ці старшыня аблвыканкаму?—сурова кінуў ён у твар абодвум чыноўнікам.
Я азірнуўся і ўбачыў, што спахмурнеў ня толькі Васіль Бургун, але ж і Мікалай Дамашкевіч, які ў свой час пашкадаваў Леаніда Пятровіча і сваім, як мне падаецца, наўмысным бяздзеяньнем на пасадзе галоўнага кантралёра краіны ўратаваў Козіка ня толькі ад сымбалічнай рыдлёўкі, але ж і ад упаўне рэальнага кайла. Адбіваў як мог ад крытыкі Леаніда Пятровіча і барысаўскі гарадзкі галава, у тым ліку і ў маіх вачох.
Цяпер жа намесьнік чала прэзыдэнцкае адміністрацыі быў незадаволены нібыта бязьдзеяньнем спадароў Бургуна і Дамашкевіча на ніве збору сродкаў сярод працоўных калектываў на карысьць фонду рэканструкцыі. Бо з сакавіка па лістапад 2001 году ў гэтую “скарбонку” прыйшло толькі 51.270 тысячаў рублёў, хаця трэба было зьбіраць па 70 мільёнаў штомесяц. У той жа самы час, падкрэсьліў галасавымі зьвязкамі Козік новы пасаж свайго сьпічу, толькі адзін прэзыдэнт Аляксандр Лукашэнка пералічыў барысаўцам дзеля прыстойнае стрэчы юбілею горада 735 мільёнаў. Журналісты разумелі, што Рыгоравічу было куды больш лёгка і проста зьбіраць па рэспубліцы гэтыя грошы, чымся спадару Бургуну ў Барысаве і спадару Дамашкевічу па Меншчыне. Мы чакалі, што вось-вось таварыш Козік выбухне ў сваёй патэтыцы яшчэ нейкім нечаканым пасажам.
Уласна, так яно і атрымалася.
Леанід Пятровіч на вачох журналістаў, паводле завядзёнцы, усталяванай у вышніх эшалёнах улады, пачаў выхоўваць у духу адказнасьці перад дзяржаўнае бюракратычнай сыстэмай, якую ён, Козік, рэпрэзэнтаваў, чыноўнікаў больш ніжняга рангу. Козіку трэба было пры сьведках паказаць, што часы, калі яму галава краіны хацеў падараваць у Барысаве прылюдна рыдлёўку, беззваротна мінуліся. Што цяпер ён, Козік, сам пачне гэткія рыдлёўкі таму-сяму раздаваць. Цікава, але факт застаецца фактам, ён тое-сёе “выдаў”.
Так, галоўнага санітарнага доктара гораду Аляксандра Сьпіркова Леанід Козік проста размазаў па сьцяне:
--Буду ставіць пытаньне пра Вашу адпаведнасьць да пасады, якую займаеце...
Цікава, што праз сем з паловай месяцаў, 22 чэрвеня 2002 году, напярэдадні сьвяткаваньня 900-годзьдзя Барысаву, Леанід Пятровіч усё-такі сваю пагрозу выканаў. Тады на выязным паседжаньні аблвыканкаму па ініцыятыве Козіка былі пазбаўленыя пасадаў ня толькі Аляксандар Сьпіркоў, але ж і галоўны доктар гарадзкога тэрытарыяльнага мэдычнага аб’яднаньня Станіслаў Кузьняцоў, галоўны доктар радзільні Уладзімір Дзямотчанка і галоўны архітэктар места Антон Шаўчук. Першы так і ненавучыўся даглядаць у парадку тыя ж вуліцы і завулкі, другі і трэцьці зацягнулі рамонт радзільнага дому, а галоўны архітэктар пазбавіўся свайго мейсца праз тое, што дазволіў гораду ўзьвесьці аўтамыйню на вуліцы Гагарына ў суседзтве з інструмэнтальным заводам. Козік палічыў, што мыйня тут перашкаджае і менакам , і аўтамашынам. Таму збудаваньне будзе зьнесена, паведаміў Леанід Пятровіч. Натуральна, “пасадку” аўтамыйні ў дадзеным мейсцы архітэктар Шаўчук узгадніў з гарвыканкамам, але перад чыноўнікам рэспубліканскага рангу стаўся крайнім. Цікава, што мыйню на час напісаньня гэтай кнігі (2003—2005 гг.) так ніхто і ня зьнёс. Васіль Бургун праігнараваў меркаваньне спадара Козіка.
6
Няма сумненьня, што Аляксандр Лукашэнка, паводле сваёй традыцыі, назапасіў на таго ж Леаніда Пятровіча дастаткова “кампрамату”, каб, напрыклад, калі ня кінуць за краты, дык зрабіць былога дэпутата Вярхоўнага Савету РБ і гендырэктара барысаўскай “швейкі” да канца жыцьця жабраком, бомжам і г. д. Але ж Леанід Пятровіч меў выдатнейшыя арганізатарскія вартасьці ў сфэры сталяваньня ідэялёгіі лукашэнкаўскага рэжыму кіраваньня, каб патрону было лягчэй кіраваць краінаю ды грамадзтвам. А яшчэ, як я чуў, быў гранічна шчырым перад Аляксандрам Рыгоравічам, зь якім супрацоўнічаў у парляманце аднаго скліканьня. Таму “бацьку” з Козікам можна было асабліва ня цырымоніцца. Як сьцьвярджалі прадстаўнікі блізкіх да дзяржаўнага бамонду колаў, прэзыдэнт прымусіў Козіка служыць яму ня толькі за грошы, але ж і за страх. Праявіш няслухмянства, сваволю, падвядзеш свайго шэфа—сядзеш на лаву падсудных. Як сядзелі, дарэчы, два Лявонавы, Старавойтаў, Бандажэўскі, як сядзіць Міхаіл Марыніч, колішні галава Маскоўскага раёну сталіцы, на тэрыторыі якога я жыў да лютага 2000 году. ( Між іншым, разам з Міхаілам Марынічам мы некалі нават засядалі ў адным штабе Менскага ГК КПБ па будаўніцтву першае лініі метрапалітэна, тады Міхаіл Апанасавіч ачольваў ужо адну з будаўніча-мантажных арганізацыяў—і я ў яго не адноечы браў інтэрвію для “Вячэрняга Мінска”...)
Леанід Пятровіч Козік адрозна ад вышэй узгаданых чыноўнікаў пастараўся не гнявіць Рыгоравіча. І ня толькі, напрыклад, як высакародны перабудоўшчык цэнтралёвай часткі роднага места самога Козіка. Не падвёў “ганаровы грамадзянін Барысаву” свайго патрона і тады, калі той нечакана кінуў намесьніка чала прэзыдэнцкае Адміністрацыі на так званы прафсаюзны фронт. За мэту “бацька” перад верным слугою паставіў выкараненьне апазыцыйнага “смуроду” з Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, у складзе якой налічвалася больш 4 мільёнаў чальцоў. Аляксандар Лукашэнка добра разумеў, якая гэта небясьпечная сіла, калі ў ёй самае да ўлады раптам выб’ецца чалавек, настроены супраць першай службовай асобы ў краіне. Таму Леанід Пятровіч, найперш, павінен быў узначаліць ФПБ, што на нейкі час засталася без пэрсанальнага ачаленьня. (Дарэчы, Фэдэрацыя “асірацела”пасьля таго, як Уладзімер Ганчарык, былы кіраўнік ФПБ, экс-кандыдат у прэзыдэнты РБ на выбарах 2001 году, сыйшоў у маскоўскую прафструктуру Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў. Там ён працяглы час быў за намесьніка кіраўніка гэтай структуры.) Па-другое, Козіку даручалася больш-меньш нязгодлівых прафлідэраў ды актывістаў або прыструньваць, або выкідваць з усіх выбарных структураў—бюро, саветаў, пленумаў і г. д. Па-трэцьцяе, правесьці ператрус асобных прафсаюзных утварэньняў, напрыклад, галіновых, а на іхных мейсцах згарбузаваць ужо вычышчаныя ўтварэньні ды надаць ім новыя найменьні.
Трэба сказаць адразу, што Леанід Козік без асаблівага шкадаваньня памяняў габінэт блізу кіруючага цела дзяржавы на першае крэсла ў ФПБ. І гэта ня дзіва. Некалі за Саветамі на самыя цяжкія ўчасткі дзеля мабілізацыі масаў на будаўніцтва сьветлай куністычнае будучыні яго пасылалі партэйныя ворганы, цяпер жа ён выконваў даручэньне самаго правадыра—весьці масы за Аляксандрам Лукашэнкам, які будаваў рынкавы сацыялізм. Аляксандру Рыгоравічу ён быў надзвычай удзячны, бо прэзыдэнт Леаніда Пятровіча, па-першае, ня здаў ні разьюшаным барысаўскім швачкам, ні сілавым ды сьледчым структурам, па-другое, наадварот, высунуў яго ў першыя ды высакааплатныя шэрагі чыноўніцкае эліты Беларусі, па-трэцьцяе, давяраў Козіку. І Леанід Пятровіч стараўся не падвесьці “бацьку”.
Што ж, Козік ведаў прафсаюзную справу, а больш дакладна—усю згодніцкую калябаранцкую душу тае самай Фэдэрацыі, якая здавён мела ленінскі назоў-- “школа камунізму”.
...Так, у больш маладыя гады, за савецкімі часамі, Козік пачынаў з выбарнае пасады старшыні прафкаму аднаго са значных і важных прадпрыемстваў для народнае гаспадаркі краіны—Барысаўскага заводу аўтатрактарнага электраабсталяваньня (БАТЭ), дзе працавалі блізу шасьці тысячаў работнікаў—натуральна, яны ўсе знаходзіліся ў шэрагах пярвічнай прафарганізацыі. Ужо адсюль Леанід Пятровіч, паводле тагачаснага мэханізму кар’ернага росту, трапляў у службовыя крэслы спачатку невялікіх, а потым ўсё большых ды маштабных арганізацыяў і ўстановаў. Пакуль не дабраўся да пасады генэральнага Барысаўскае швейнай фабрыкі. Дэмакратызм перабудовы скарыстаў дзеля атрыманьня самых розных дывідэндаў. У тым ліку, і палітычных. Маючы неблагія аратарскія здольнасьці, прарваўся ў Вярхоўны Савет краіны 12 скліканьня, дзе стаўся кіраўніком эканамічнае камісыі з мудрагелістай шматпавярховай назваю. Камісыя ставіла за мэту перавод Беларусі на рэйкі прыватызацыі ды іншых падобнага кшталту эканамічных пераўтварэньняў. І ў тым, што капіталізм на пачатку 90-х мінулага стагоддзя ў краіне не прыжыўся, несумненна ёсьць заслугай Леаніда Пятровіча. Які, між іншым, умеў падтрымліваць дыпляматычныя адносіны як з кансэрватыўнай камуністычнай часткай дэпкорпусу, так і з ліберальнымі нардэпамі тыпу Аляксандра Лукашэнкі, што востра крытыкавалі і той жа самы ўрад Вячаслава Кебіча, і кіраўнікоў парляманту за канкрэтныя эканамічныя ўпушчэньні. Праўда, як ужо ведае чытач, прыватызацыю роднага прадпрыемства ў Барысаве Козік усё-такі правёў на грошы работнікаў, зь якімі, па сутнасьці, так і не разлічыўся. Але з дапамогай старога знаёмца ды колішняга парляманцкага калегі Аляксандра Лукашэнкі здолеў вывернуцца з даволі вострай сытуацыі, якая яшчэ невядома чым магла б скончыцца для Леаніда Пятровіча.
Так што прэзыдэнт РБ ведаў, каго ён хаваў ад гневу барысаўскіх швачак. Аляксандар Рыгоравіч у гэтым выпадку, як і Леанід Пятровіч, казаў людзям адно, рабіў іншае, а думаў наконт трэцьцяга.
Думаю, што калі гэта кніга пабачыць сьвет, чытачы здолеюць больш падрабязна даведацца пра пікантныя падрабязнасьці асабістых дачыненьняў Лукашэнкі ды Козіка, бо постлукашэнкаўскае кіраўніцтва краіны прыадчыніць той задымлены покрыў, якім ахутаны шматлікія таямніцы сёньняшняй прэзыдэнтуры—ад буйнога чынавенства да рэгіянальных “вэртыкальнікаў”.
Але я мушу вярнуцца ў восень 2002 года, калі Леанід Козік распачаў “прарыў” на прафсаюзным фронце, выконваючы ўстаноўку чала дзяржавы.
У Барысаве цяжкую руку новага старшыні Фэдэрацыі, абранага, да слова, не на зьездзе,а ўсяго толькі на пленуме ФПБ, самым першым адчуў ягоны зямляк ды колішні саслужбовец, брыгадзір з БАТЭ, сябра савету Фэдэрацыі, лідэр тутэйшай суполкі Партыі Працы Мікола Пахабаў.
![]() |
Home >> Select Country >> Беларусь >> Книги >> БАРЫСАЎСКІЯ КРОНІКІ НАЙНОЎШАЙ ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ >> 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 << |
| Select Country |
|
|
|
[an error occurred while processing this directive] |