Алесь Мікалайчанка (Николайченко Александр Сергеевич):
БАРЫСАЎСКІЯ КРОНІКІ НАЙНОЎШАЙ ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ


 

... На пачатку кастрычніка 1995 году ў Барысаў завітаў Аляксандр Лукашэнка, чый прэзыдэнцкі шлях яшчэ па-сутнасьці толькі пачынаўся. Праўда, на сваім палітычным рахунку Рыгоравіч ужо меў да таго часу ўшчэнт сапсаваныя адносіны з Канстытуцыйным судом, акцыю зьбіваньня і выкідваньня сябраў дэпутацкай апазыцыі БНФ з Авальнае залі Вярхоўнага Савета 12-га скліканьня, а яшчэ—удала для яго і ягонай крэатуры праведзены ў траўні 1995-га сумна вядомы рэфэрэндум. Ім беларуская мова пазбаўлялася статусу адзінай дзяржаўнай, а нацыянальны, адвечны бела-чырвона-белы сьцяг мяняўся на чырвона-зялёны, які нагадваў нядаўняе бээсэсэраўскае палотнішча, вынайдзенае, паводле савецкай гісторыі, штучным шляхам дзеля прадстаўніцтва саюзнае рэспублікі пасьля Другой Усясьветнай вайны ў ААН.

...Але вернемся да ўзгаданае паездкі ў Барысаў чала дзяржаўнай улады. Дык вось, Аляксандар Лукашэнка на ўрадавым легкавіку ў атачэньні суправаджальнага картэжу тады рухаў на 140-ы танкава-рамонтны завод. Паколькі Белтэлерадыё  напярэдадні паведаміла пра гэтую паездку, наступнай раніцай натоўпы барысаўцаў сунуліся ў бок памянёнага прадпрыемства на вуліцу Люсі Чалоўскай.

І як толькі на дарозе зьявіўся прэзыдэнцкі картэж, што вельмі хутка пад’ехаў да прахадной, дарогу яму перагарадзілі жанчыны—работніцы швэйнай фабрыкі. Яны пачалі размахваць рукамі ды патрабаваць, каб аўто Аляксандра Рыгоравіча спынілася. Так і адбылося. Аляксандр Лукашэнка выйшаў з салону сваёй іншамаркі, накіраваўся да народу. Прысутным карэспандэнтам мясцовых, рэспубліканскіх і міжнародных СМІ пашанцавала прарвацца праз міліцэйскі кардон да швачак. Якія, дарэчы, завязалі з высокім госьцем Барысаву гаворку. Калі Лукашэнка выслухаў жанчынаў, то зазначыў: маўляў, ён добра ведае “эпапею” іхнай фабрыкі, але не меркаваў, што стасункі ў людзей з ужо былым на той час дырэктарам прадпрыемства Леанідам Пятровічам Козікам гэткія сур’ёзныя. Швачкі папрасілі, каб прэзыдэнт прыслаў на фабрыку камісыю са сваёй Адміністрацыі дзеля высьвятленьня ўсіх акалічнасьцяў іхных прэтэнзыяў да Леаніда Пятровіча, якога яны выкрывалі ў буйнамаштабным падмане вялікай часткі працоўнага калектыву. 

Адказ Аляксандра Рыгоравіча ў тыя дні цытавалі шматлікія менскія, маскоўскія ды эўрапейскія газэты, інфармацыйныя, тэлевізыйныя і радыёвяшчальныя кампаніі. У тым ліку, “Советская Белоруссия” і Беларуская служба Радыё Свабода:

--Камісыя будзе працаваць і калі хаця палова таго, што вы мне распавялі, пацьвердзіцца, дык я асабіста Леаніду Пятровічу Козіку на фабрыцы ўручу рыдлёўку...

Тады ж, прэзыдэнт сурова перад усёй публікай, што тут сабралася, кінуў у натоўп прысутных дырэктараў і кіраўнікоў барысаўскіх прадпрыемстваў:

--Хто не жадае працаваць, хто ня можа своечасова выдаваць заробную плату, той да 1 студзеня 1996 года будзе звольнены. Часы балбатні  мінуліся...

Барысаўскія швачкі ня ведалі як дзякаваць шаноўнаму Прэзыдэнту за тое, што ён паабяцаў ім вывесьці на чыстую ваду іхнага колішняга дырэктара, чалавека, які ўжо калі падмануў іх, рабочых людзей, то абавязкова рана ці позна падмане й Рыгоравіча.

Цераз паўтары гады пасьля таго мяне, уласнага карэспандэнта Беларускай Службы Радыё Свабода па Менскай вобласьці, знайшлі барысаўскія швачкі ды запрасілі на імправізаваную сходку, якая адбылася на кватэры аднае іхнай каляжанкі.

...Гэта былі дзесьці пятнаццаць жанчынаў перадпенсыйнага ды пенсыйнага веку—схуднелыя, заезджаныя нялёгкай працай. Зь іхных твараў зямлістага колеру, здаецца, ніколі не сыходзіў адбітак выключнае стомленасьці... 

Яны распавялі мне пра тое, што ў 1992 годзе дырэктар “швэйкі”, старшыня аднае з эканамічных камісыяў Вярхоўнага Савету РБ спадар Козік пачаў агітаваць уласны калектыў за выкуп у дзяржавы роднай фабрыкі. Мэта была высакародная:стварыць так званае народнае прадпрыемства. Якое, між іншым, больш вольна будзе займацца бізнэсам на карысьць пайшчыкаў, або саўладальнікаў БШФ. Да таго ж на памер кожнага пая будуць налічвацца дэвідэнды. Гэта, акрамя заробнай платы, якая цягам часу падрасьце, і традыцыйнае прэміяльнай сыстэмы—яе таксама ніхто скасоўваць не зьбіраецца, зазначаў тады Леанід Козік пад час цёплых гутарак з работнікамі. Леаніду Пятровічу, зь якім паважліва размаўлялі ня толькі ў Барысаўскім гарвыканкаме, але ж нават у Саўміне РБ, швачкі паверылі. І пачалі зносіць у агульную скарбонку хто колькі мог, але не меней, чым па 10 тысячаў савецкіх рублёў—гэтая валюта тады яшчэ працягвала хадзіць па Беларусі, хаця ў снежні 1991-га Савецкі Саюз распаўся, а на яго прасьцягах утварылася СНД.

Йшоў час, але справы выкупленай “швэйкі” не паляпшаліся. Істотнага росту даходаў, абяцаных малочных рэкаў з кісельнымі берагамі на фоне залатых гор, саўладальнікі не дачакаліся. Выплаты дэвідэндаў былі рэдкімі, невялічкімі. Горш таго, жанчыны, якія запрасілі мяне на сходку, выходзілі на пенсыю, але ім ніхто не зьбіраўся вяртаць іхныя першапачатковыя ўнёскі. Не дапамаглі й суды. Адна сымпатычная маладая асоба, што прысутнічала тут, доктарка Ірына Сакалоўская, распавяла: ейны муж некалькі год таму трагічна загінуў, але ўдава таксама пакуль ня можа “выдраць” са “швэйкі” ягоны пай, хаця ўнёсак па сутнасьці ёсьць грашыма ўсёй сям’і ды павінен, паводле статуту

народнага прадпрыемства, вярнуцца пасьля сьмерці чалавека ягонай жонцы і асірацелым дзецям.

Затое, заўважылі жанчыны, Леанід Пятровіч паразумеўся з Аляксандрам Рыгоравічам. Лукашэнка спадару Козіку ня толькі не ўручыў прылюдна рыдлёўку на знак сваёй незадаволенасьці паводзінамі колішняга дырэктара народнага прадпрыемства, але забраў таго ў сваю “каманду” і паслаў у Маскву выконваць даручэньні прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. 

Потым наогул высудзіць пенсыянэркам уласныя паі стала немагчыма, бо фабрыку ўзначаліў іншы чыноўнік, які нібыта не адказваў за справы свайго папярэдніка.

Аб’ектыўна атрымлівалася так, што спачатку жанчынаў “кінуў” спадар Козік: ён падмануў сваіх работніц: чужыя грошы выманіў, а калі людзі запатрабавалі ўнёскі вярнуць назад, то не аддаў. Затым жанчынаў падвёў і Аляксандар Лукашэнка. Прэзыдэнт пашкадаваў не прадстаўніц фабрыкі, якія, натуральна, мелі рацыю ў іхных прэтэнзыях да былога дырэктара, а свайго добрага знаёмца, калегу па нядаўняму яшчэ дэпутацтву ў Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня. Хаця, магчыма, кампрамат па сваёй завядзёнцы на Леаніда Пятровіча дзе-небудзь прыхаваў.

 2

У гэтай гісторыі мяне здзіўляла тая дружная маўклівая абарона, у якую ўладатрымальнікі ад макаўкі дзяржаўнай вершаліны да самага “вертыкальнага” нізу ўзялі Леаніда Козіка. Надыходзіў другі год векапомнай сустрэчы барысаўскіх швачак з Аляксандрам Рыгоравічам, аднак іхныя справы ўсё аніяк не вырашаліся.

У сярэдзіне кастрычніка я сустрэўся з Марыяй Беларус, адвакатам доктаркі Ірыны Сакалоўскай у судзе. Марыя Дзімітраўна пагадзілася даць мне інтэрвію для эфіру Радыё Свабода і газэты “Барысаўскія Навіны”.

Прыводжу нашу гутарку адпаведна  публікацыі на старонках “БН”за 31 кастрычніка—6 лістапада 1997 году. Гэтаму матэрыялу мой калега Анатоль Букас даў, магчыма, ня самы вытанчаны, але даволі кідкі загаловак “Кіраўніцтву народнай фабрыкі—ганьба!”

--Паважаная Марыя Дзімітраўна! Ці маглі б Вы ў агульных рысах азнаёміць чытачоў газэты “Барысаўскія Навіны”, асабліва тых, якія працуюць або працавалі на так званым народным прадпрыемстве “Барысаўская швейная фабрыка”, з судовай справай Вашай кліенткі Ірыны Сакалоўскай. Мне вядома, што справа зьвязаная з намаганьнямі ўдавы аднаго пайшчыка “швейкі” вярнуць у сям’ю законную спадчыну пасьля сьмерці мужа—пай і дывідэнды.

М. Б. : Найперш хачу сказаць, што з маральнага пункту гледжаньня гэтая справа—ганебная. Бо ўжо калі ўдаве работніка фабрыкі не вяртаюць належнае пасьля такой трагедыі, то пра якую маральнасьць кіраўнікоў БШФ можна гаварыць наогул. Мая давяральніца, якая мае дачушку васьмі гадоў, мусіць, адзіны ў горадзе доктар-эндакрынёляг сярод дзіцячых дактароў. Пры гэтым яна ёсьць медыкам у сваёй справе даволі прафэсыйным. І вось, каб уратаваць уласную спадчыну, ёй трэба з працы адпрошвацца, кідаць дома без нагляду маленькую і хадзіць па інстанцыях, аббіваць парогі, рыхтавацца да працэсаў, судзіцца. Чым спадарыня Ірына займаецца ўжо два гады запар.

--Колькі сваіх грошай унёс спадар Сакалоўскі ў 1992 годзе на рахунак выкупу швэйнае фабрыкі?

М. Б.: Дзесяць тысячаў савецкіх рублёў. На той час гэта была вялікая сума. У асноўным столькі ўносіў кожны сябра працоўнага калектыву, хто адгукнуўся на заклік свайго дырэктара Леаніда Козіка—стаць саўладальнікам прадпрыемства.

--Прабачце, спадарыня Марыя за невялічкае адступленьнеад асноўнай тэмы нашае гаворкі. Скажыце, калі ласка, Вы асабіста самі за якую эканамічную сістэму ў нашай краіне—плянавую, сацыялістычную, або за рынкавую?

М. Б.: Я—адвакат. Маё прызваньне—бараніць грамадзянаў ад праяў беззаконьня. Перакананая, што нам сёньня не стае законаў, прадуманых да самых драбніцаў.

Калі шчыра, то ў СССР той лад, які называўся сацыялістычным, быў літаральна загублены двайным стандартам успрыманьня свайго, айчыннага, закону і міжнародных нормаў права. Партдзяржнамэнклятура лічыла, што па закону жыць павінная рабочая кляса, калгаснае сялянства і працоўная (хаця заўжды “гнілая”)

інтэлігэнцыя. А яны, кіраўнікі-уладатрымальнікі, за рэдкім выключэньнем, жылі паводле сваіх, няпісаных правілаў гульні ўласнай касты. На вачох людзей многія зь іх узбагачаліся і дэградавалі як асобы, плюючы на законнасьць. Карацей, зкампратавалі і сябе, і цудоўную хрысьціянскую ідэю людзкае роўнасьці й братэрства, ідэю, якую некалі вынайшлі першыя апосталы Езуса Хрыстуса. І ня трэба далёка хадзіць—варта пагартаць падшыўку “Барысаўскіх Навінаў” за мінулыя гады, каб пераканацца ў тым, што ўяўляла сабою партнамэнклятура пад час кіраваньня Барысаву былым “мэрам”. Цяпер вось беззаконьнем, адсутнасьцю ўсялякае маральнасьці ды “прыхватазатарскімі” памкненьнямі вельмі нават неблагую ідэю будаўніцтва рынкавай эканомікі з высокай ступеньню сацыяльнай абароны людзей дыскрэдытуюць кіраўнікі народнага прадпрыемства “Барысаўская швэйная фабрыка” ў вачах тых жа зямлякоў. Яшчэ ні адно грамадзтва на беззаконьні не збудавала квітнеючага прававога жыцьця сваім грамадзянам. 

--Але вернемся да позаву Ірыны Сакалоўскай. У чым, так бы мовіць, дзелавая канкрэтыка гэтага канфлікту?

М. Б.: Апошнім разам мы з давяральніцай прасілі дырэкцыю БШФ выплаціць 50 мільёнаў беларускіх рублёў з улікам паёвага унёску і той акалічнасьці, што гэтыя грошы “круціліся” ў абароце, утрымлівалі фабрыку, давалі калі-нікалі прыбытак. Але адміністрацыя прадпрыемства заўпарцілася—згодная праіндэксаваць толькі дзесяць мільёнаў рублёў. Атрымліваецца вельмі сьмешная сума, меней 400 даляраў ЗША па курсе. Ці ж яны ў 1992 годзе былі роўныя 10-ці тысячам рублёў? Швачкі тады ў

сярэднім штомесяц атрымлівалі 500—600 рублёў. Не жадае дырэкцыя выдаваць і дэвідэнды з гэтага пая.

--Вашыя прэтэнзыі нядаўна падтрымаў мясцовы гарадзкі суд. Але дырэкцыя народнае фабрыкі не пагадзілася з такім вось рашэньнем і падала касацыйную скаргу ў абласную судовую інстанцыю. У чым сутнасьць нязгоды? 

 М. Б.: Дырэкцыя патрабуе правядзеньня так званай “трацейскай” экспэртызы гэтага канфлікту. Паколькі гэтая справа—грамадзянская, то выдаткі на экспэртызу павінны легчы на абодва бакі – у суме 10 тысяч даляраў. Скажыце, дзе можа ўзяць пяць тысячаў даляраў ЗША Ірына Сакалоўская, сям’ю якой ужо аднойчы абабралі ініцыятары капіталізацыі са швэйнай фабрыкі? Тое, з чым я сутыкнулася пад час разгляду гэтай справы, мяне вельмі здзіўляе. Немагчыма, напрыклад, дазнацца пра колькасьць уласьнікаў-пайшчыкаў фабрыкі на сёньняшні дзень... Або як зразумець такое, што без адэкватнага паю зноў прынятых на прадпрыемства робяць пайшчыкамі, уласьнікамі?

За кошт чыіх унёскаў?.. І такіх вось пытаньняў нямала. Жанчыны судзяцца са “швейкай” і маюць рацыю.

Такую выснову зрабіла мая суразмоўніца Марыя Дзімітраўна Беларус. 

 3

Натуральна, нічога жанчыны так і ня высудзілі. Як высьветлілася, ім цяпер тое, што павінна было належыць паводле айчыннага закону і міжнароднага права, ужо да канца не належала. Фабрыку з народнага прадпрыемства, паводле маўклівай згоды бальшыні тых жа пайшчыкаў, пераўтварылі ў акцынаванае таварыства. А людзям на рукі замест грошай выдалі акцыі, якія напоўняцца нейкім грашовым зьместам тады, калі гэтае прадпрыемства пачне багацець. Лукашэнкаўская дзяржава (тут ейныя інтарэсы прадстаўляў ня толькі Леанід Козік ці ягоны наступнік на пасадзе кіраўніка “швейкі” Анатоль Наталенка, але ж менскія абласныя “вертыкальнікі”, галіновыя службоўцы, пракурорскія ворганы) адбірала і аббірала сваех грамадзянаў без аддачы, без пагашэньня пазычанага.

Вось як на калектыўную скаргу барысаўскіх швачак, накіраваную ў прэзыдэнцкую Адміністрацыю, адказваў ужо ня сам Аляксандр Лукашэнка, што абяцаў правесьці

паводле скаргаў на Леаніда Пятровіча падрабязнае расьследванне, а рознага рангу і калібру чыноўнікі цягам 1996—1997 гадоў: 

“Разгледзеўшы накіраваную на адрэсу Менскага аблвыканкаму заяву групы саўладальнікаў НП “Барысаўская швэйная фабрыка” ад 26 лістапада 1996 году, паведамляем наступнае.Рабочая група, створаная рашэньнем аблвыканкаму ад 19.10.1995 г. №329 з мэтай азнаямленьня з фінансава-гаспадарчай дзейнасьцю

народнага прадпрыемства “Барысаўская швэйная фабрыка”, са згоды праўленьня разгледзела неабходныя дакумэнты, правяла аналіз працы фабрыкі за 1992—1994 гг. і 9 месяцаў 1995 году, знайшла шэраг недахопаў і парушэньняў у арганізацыі ўліку, прычыны пагаршэньня фінансавага стану і падрыхтавала праўленьню прадпрыемства канкрэтныя рэкамэндацыі. У прыватнасьці, рэкамэндавана правесьці выбары генэральнага дырэктара; перагледзецьраней прынятыя сходам уласьнікаў рашэньні ад 19.04.95 г. (п. 6, 7 і 9), разгледзець і зацьвердзіць новае палажэньне наконт парадку вызначэньня доляў уласьнікаў маёмасьці, арганізаваць інвэнтарызацыю і пераацэнку асноўных сродкаў ды іншых актываў прадпрыемства; правесьці аўдытавую праверку фінансавай дзейнасьці; удасканальваць бухгалтарскі ўлік.

У мэтах ухіленьня і недапушчэньня ў будучым недахопаў, якія былі знойдзеныя ў арганізацыі вытворча-гаспадарчай дзейнасьці прадпрыемства, прапанавана

праўленьню і дырэкцыі стварыць службы (аддзелы) маркетынгу ды зьнешнеэканамічных сувязяў, эфектыўнай сістэмы дзеля збыту прадукцыі; рэкамэндавана разгледзець мэтазгоднасьць удзелу фабрыкі ў сумесным прадпрыемстве “Барытэкс” ды пры неабходнасьці па яго ліквідацыі. Рабочая група, акрамя таго, дапамагла удасканаліць Статут прадпрыемства і навесьці парадак у праваадносінах уласьнікаў...

Калі меркаваць, зыходзячы з матэрылаў, якія маюцца, то рабочая група з пастаўленай задачай справілася. Пра вынікі сваёй дзейнасьці памяненная группа двойчы інфармавала саўладальнікаў прадпрыемства і сябраў працоўнага калектыву. Зьмест дадзенага пісьма давесьці да ведама кожнага заяўляльніка. А. Забалотны, намесьнік старшыні выканкаму.” 

А цяпер—характэрныя выпіскі з наступных дакумэнтаў.

Намесьнік пракурора Менскай вобласьці Н. Л. Рамашка—А. Д. Хадатовічу, пракурору г. Барысаву:

“ У пракуратуру вобласьці паступіла калектыўная заява рабочых Барысаўскай швэйнай фабрыкі пра злоўжываньні службовым становішчам былога дырэктара Козіка Л. П.

Сваім пісьмом ад 10.04.97 г. №8д-97 у копіі Чартковай К. К. Вашым намесьнікам паведамлялася, што праверка па матэрыяле праведзена няпоўна і таму адноўленая. Інфармацыя наконт вынікаў дадатковай праверкі ў пракуратуру вобласьці не прыходзіла.

Прашу Вас асабіста праверыць законнасьць прынятага рашэньня і пры згодзе з гэтым рашэньнем матэрыял з Вашым заключэньнем прадаставіць на нашу адрэсу. Інфармуйце заяўляльніцу. Прылажэньне: скарга на 9 старонках першаму адрасату.”

Пракурор г. Барысаву А.Д. Хадатовіч—Н. Л. Рамашку, намесьніку пракурора Менскай вобласьці:

“Для ведама паведамляю Вам, што Барысаўскім ГАУС завершаная вытворчасьць праверкі калектыўнае заявы работнікаў народнага прадпрыемства “Барысаўская швэйная фабрыка” адносна няпрыняцьця адміністрацыяй фабрыкі мераў дзеля спагнаньня запазычанасьці з замежных фірмаў і затрымак з выплатай заробнай платы.

У ходзе праверкі фактаў злоўжываньняў з боку службовых асобаў ня знойдзена. Узгаданыя ў скарзе недахопы вынікаюць з гаспадарчай дзейнасьці прадпрыемства і рэгулююцца гаспадарча-прававым заканадаўствам. Пры гэткіх акалічнасьцях 30 красавіка 1997 году Барысаўскі ГАУС адмовіў у распачынаньні крымінальнае справы па скарзе паводле арт. 5 п. 2 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу РБ з прычыны адсутнасьці складу злачынства. Пракуратурай г. Барысаву  прынятае рашэньне пагадзіцца з рашэньнем Барысаўскага ГАУС ад 30 красавіка 1997 году. Адначасова паведамляю, што праверкай закранутага ў скарзе пытаньня пра законнасьць атрыманьня крэдыту на суму 1.200.000 даляраў ЗША былым дырэктарам Козікам Л. П. займаліся работнікі управы па барацьбе з эканамічнай злачыннасьцю ГУУС г. Менску. Адпаведна тэрытарыяльнасьці нагляд дзеля захаваньня законнасьці  рашэньняў, якія там прымаюцца, ажыцьцяўляе пракурор г. Менску.”

Былі яшчэ адказы швачкам зь іншых арганізацыяў, але ніводзін іхны аўтар не пайшоў насустрач жанчынам. Больш аддаленыя ад цела першай дзяржасобы чыноўнікі абаранялі фаварыта, таго, хто адрозна ад іх, быў да галоўнага цела найбліжэй. Мне ж думалася: “Ну добра, хай ужо Леанід Пятровіч Козік нічога ня прысвойваў сабе, ня злоўжываў становішчам у карысьлівых мэтах. Аднак чаму ж у такім выпадку дзяржава не жадае добраахвотна  вярнуць тое, што яна калісьці пазычала ў небагатых людзей? Чаму б не вярнуць дабро тым самым пэнсыянэркам ды гэтай вось удавіцы загіблага пайшчыка?” Але гэта была ня тая дзяржава, якая вяртала пазыкі з першага патрабаваньня падманутым людзям. Таму абяцаньне прэзыдэнта наконт уручэньня Козіку рыдлёўкі надоўга завісла ў паветры: адна справа прыгожа прыціскаць на мітынгу далоні да грудзёў і клясьціся ў вернасьці электарату, а іншая—канкрэтна пакараць або хаця паўшчуваць такога патрэбнага Аляксандру Рыгоравічу разваротлівага Козіка. Хаця ня выключана, што ў тым выпадку, калі Леанід Пятровіч як-небудзь хаця чым угнявіць шэфа, тыя сьціплыя зьберажэньні швачак будуць у вокамірг знойдзеныя ды пастаўленыя яму ў віну...

 4

Я здагадваўся, што мясцовым уладам  ня вельмі лашчыць вока і слых мая размова ў друку і эфіры вакол публічнага абяцаньня Аляксандра Лукашэнкі, што ён даў барысаўскім швачкам, прылюдна ўручыць Леаніду Пятровічу рыдлёўку на знак пазбаўленьня таго ўсіх кіруючых пасадаў. Нарэшце, на пачатку лістапада 1997 году пасьля абнародваньня некалькіх матэрыялаў на ўзгаданую тэму ў “Барысаўскіх Навінах” я атрымаў пісьмовы адказ на адзін зь іх ад ачаленьня швэйнай фабрыкі.

<<Назад :: Далее>>

 



2000-2007 Association for Human Rights Defense International
www.4humanrights.org : www.hrd1.org : DONATE

Home >> Select Country >> Беларусь >> Книги >> БАРЫСАЎСКІЯ КРОНІКІ НАЙНОЎШАЙ ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ >> 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 <<

Select Country

 


[an error occurred while processing this directive]