Максім ЛАБЖАНЕЦ
“Барысаўскія Навіны” за 20—26 лістапада 2003 году
З ІНТЭРВІЮ “БРЫЛЁЎСКАЕ ПОЛЕ ПЕРАЎТВОРЫМ Ў ГІСТАРЫЧНА-ТУРЫСТЫЧНЫ ЦЭНТАР”
“За дзесяць кіламетраў ад Барысаву, каля мейсца вядомае пераправы Напалеона цераз Бярэзіну, тутэйшыя ўлады, маючы падтрымку Эўропы, плануюць стварыць гісторычна-турыстычны цэнтар “Брылёўскае поле”, заявіў у інтэрвію журналісту Алесю Мікалайчанку старшыня горвыканкаму Васіль Бургун.
--Як вядома, тут разьмяшчаецца комплекс помнікаў ды памяных знакаў. Яны ўсталяваныя, пачынаючы з 1962 году палеглым расейскім ды французкім жалнерам , а таксама міжнародным ахвярам вайны 1812 году. Але, каб гэты комплекс набыў завершаны выгляд, не хапае аднае дэталі—музэю з панарамаю бітвы пад час пераправы Напалеону цераз Бярэзіну на прыканцы лістападу ўзгаданага году, -- паведаміў Васіль Бургун.
--Якім будзе гэты будынак? Якім будзе музэй?
--Музэй зойме адмысловы будынак, хутчэй павільлён, зроблены зь бёрнаў. Акрамя панарамы, там будуць выстаўленыя на відавок мундзіры жалнераў ды афіцэраў арміяў,
якія тады варагавалі між сабою, іхную зброю, аксэсуары, а таксама вопратка барысаўскіх мяшчанаў і сялянаў—яны бралі ўдзел у партызанскіх атрадах ды супраціўляліся французкім фуражырам ды іншым рабаўніка зь вялікай дарогі, якой тады была траса Масква—Зембін—Маладэчна—Вільня—Бэрлін—Парыж. Зьбіраць экспанаты нам найперш дапамогуць беларускія музэі. Спадзяюся, што расейскія ды эўрапейскія музэі таксама не застануцца ўбаку. Расейска-французкая вайна, у ходзе якой па розныя бакі ваявалідзясяткі краінаў і народаў таго часу і якая ў нас вядомая як Айчынная вайна 1812 году ёсьць часткаю эўрапейскае гісторыі. Такім чынам мы на сваёй, барысаўскае, зямлі робім агульную выдатную справу ці малога маштабу, калі гаварыць пра гістарычную памяць Эўропы, краінаў Балтыі, Расеі ды Беларусі.
--Зразумела, што стварэньне такога Цэнтру вымагае арганізацыі неабходнае інфраструктуры...
--Несумненна. Бо сюды накіруюцца турысты з усяе Эўропы. Таму мэмарыяльны гістарычны цэнтар запатрабуе будоўлі кэмпінгаў, гатэлю, прыстойнай рэстарацыі, крамаў, станцыі тэхагляду аўтамабіляў,бензазапраўкі, гаражоў, дамоў дзеля сем’яў абслугі, офісаў і гэтак далей.
--Неяк ня верыцца, што зараз, калі Беларусь перажывае перыяд усталяваньня новога кшталту эканомікі адрозна ад савецкай, Барысаўшчына здолее агрораць гэткую справу...
--А мы ў гэтай справе ня будзем у адзіноце...
--Дарэчы, у прэсе прамільгнула паведамленьне наконт таго, што Вы сустракаліся з французкім амбасадарам Стэфанам Шмялеўскім, які прыязджаў ў Барысаў на тэатралізаваную рэканструкцыю вызваленьня горада ад польскага корпусу Дамброўскага 21 лістапада 1812 году. Палякі тады, як вядома, змагаліся за сваё вызваленьне ад імпэрскае Расеі ды ваявалі на баку Напалеона. Калі не таямніца, наконт чаго Вы гутарылі з панам Шмялеўскім?
--Як раз наконт таго,што задуманае намі павінна стацца агульнае справай для нашых народаў і краінаў, для ўсяе Эўропы. Пан Шмялеўскі абяцаў сваю дапамогу у гэтым. Мы прыйшлі да меркаваньня, што ў стварэньні гістарычна-турыстычнага цэнтру павінны ўнесьці свой унёсак і іншыя краіны, чые народы ваявалі на тым ці іншым баку ў аднае з самых крывавых войнаў 19 стагодзьдзя. Спадзяюся, Шмялеўскі здолее пераканаць кіраўнікоў эўрапейскіх дзяржаў, каб тыя ўзялі ўдзел у гэткай важнай справе. Зараз мы распрацоўваем бізьнэс-плян пад будучую арганізацыю Цэнтра, імкнемся заахвоціць да справы прыватны капітал, буйных прадпрымальнікаў. Дарэчы, самымі надзейнымі ў Эўропе ды ў краінах СНД прапагандыстамі стварэньня гістарычна-турыстычнага цэнтру “Брылёўскае поле” зьяўляюцца вайскова-гістарычныя беларускія, расейскія, прыбалтыцкія, польскія ды іншых краінаў клюбы ўніфармістаў. Іхныя тэатралізаваныя відовішчы ў Барысаве паводле тэматыкі вайны 1812 году ўжо заваявалі папулярнасьць у мясцовых жыхароў ды турыстаў, якія наязджаюць час ад часу сюды, каб пацешыцца з так званых рэканструкцыяў тых або іншых векапомных падзеяў. Натуральна, калі нам пашэньціць зьдзейсьніць задуманае ў жыцьцё, то Брылёўскае поле зробіцца адным з самых жаданых і надзейных мейсцаў укладаньня капіталу міжнароднага турыстычнага бізьнэсу. А наш рэгіён атрымае яшчэ адзін дадатковы стымул дзеля эканамічнага разьвіцьця.
--Дзякую за гутарку, спадар Васіль.
Алесь МІКАЛАЙЧАНКА
“Барысаўскія Навіны” за 18—24 сьнежня 2003 году
4
Даволі працяглы час да мяне асабіста, як да чалавека і як да журналіста, Васіль Бургун не ставіўся зь нейкай пагардай ды катэгарычнае варажнечай. Больш таго, я нейкі час нават адчуваў, што ён дзесьці ў глыбіні душы разумее мяне. Магчыма, таму, што я ўсё-такі стараўся быць памяркоўным і аб’ектыўным журналістам. І—у непадцэнзурным свабодаўскім эфіры, і на старонках друкаваных ды інтэрнэт-выданьняў. Калі бачыў, да слова, што на той жа самай фабрыцы піяніна “Беларусь” з дапамогай талковых спэцыялістаў і кіраўнікоў прадпрыемства насьпяваў пералом да лепшага, да выхаду са шматгадовага эканамічнага й вытворчага крызысу, то абавязкова пра тое казаў на старонках “Барысаўскіх Навінаў”, стараўся маральна падтрымаць працоўны калектыў, кіраўнікоў ды сьпецыялістаў прадпрыемства. Усе захады Васіля Бургуна на ніве прапаганды нацыянальнае культуры, гісторыі, спорту я таксама падтрымліваў, бо сам быў чалавекам і ад культуры, і ад спорту (усё-такі ў больш маладыя гады захапляўся лёгкай атлетыкай, нават стаўся тут кандыдатам у майстры спорту). Аднак там, дзе падначаленыя Бургуна або ён сам ня мелі рацыі, я адпаведна і выказваўся. Хаця танальнасьць маёй крытыкі ня мела налёту “клясавага” пачуцьця, істэрыі ды абразьлівасьці. Я заўсёды разумеў: і Бургун, і ягоныя падначаленыя ёсьць найперш закладнікамі існуючай палітычнай сыстэмы, аўтарытарнага рэжыму. Што ў іншых, больш дэмакратычных, варунках шмат якія мясцовыя чыноўнікі здолелі б на карысьць народу, родных гарадоў ды селішчаў рэалізаваць свае арганізацыйныя, гаспадарчыя ды прадпрымальніцкія таленты й здольнасьці. Чыноўніку, як не круці, таксама, дзеля плённага служэньня народу і дзяржаве, патрэбна свабода...
Іншым разам гляджу па тэлевізыі на Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку і робіцца проста прыкра. Нібыта-- ў тэатры аднаго артыста, які добра-такі надакучыў публіцы. Бо ўвесь час выконвае адну і тую ж ролю ў адным і тым жа самым спэктаклі пад умоўным назовам “Заседзеўся пры ўладзе”. Такое ж дакладна адчуваньне ў мяне было некалі пад час тэлепраглядаў паседжаньняў ЦК КПСС ці Вярхоўнага Савету СССР,дзе з даўгімі нуднымі дакладамі выступаў гэнсэк, таварыш Леанід Ільліч Брэжнеў. Выступаў, жуючы ды глыкаючы словы й цэлыя сказы. А як яму гэткія ж калегі з Палітбюро вешалі на грудзі медалі ды ордэны!.. А як зь яго, чалавека, што ня выйграў аніводнае бітвы, тыя ж суславы ды грамыкі рабілі маршала!.. Таму зь нейкай непадуладнай сэрцу тугою тады карцела крыкнуць у той самы тэлевізар: “Ну, калі ж ты перастанеш народ сьмяшыць, дзядзька?! Ды надакучыў ты ўсім даўно!” Такое ж , хай даруе Аляксандар Рыгоравіч крамолу вольнаму журналісту і пісьменьніку, іншым разам хочыцца крыкнуць і зараз. Але ўжо на адрэсу спадара Лукашэнкі. Мы ўсе даўно стаміліся ад яго. Той, хто памятае, як развенчвалі культ асобы Сталіна, цяпер проста сьмяюцца над спробамі Рыгоравіча стварыць уласны кульцік. У той час як культам для многіх беларусаў усё яшчэ ёсьць проста сытная ежа. Ужо гэтых людзей анічым не падманеш. Не за гарамі той дзень, калі ўжо іхныя дзеці, жорсткія рацыяналісты, самі дабяруцца да ўлады. Яны ўсё зробяць і ў эканоміцы і ў палітыцы з дакладнасьцю да наадварот. Дыктатура будзе выкінутая на сьметнік гісторыі.Гэта адназначна. А імя дыктатара ды ягонага крымінальнага атачэньня нашыя нашчадкі праклянуць у вяках. Так што зьменіцца пакаленьне і скончыцца той час, калі зь нейкага палітычнага лідэра пры ўладзе народ будзе рабіць правадыра, як такога зьляпілі з колішняга саўгаснага адміністратара. У іх будуць іншыя ідэалы.
Неўзабаве ў нас з Васілём Бургуном адбылася адмысловая сустрэча—гарадзкі галава мне даў для БелаПАНу ды мясцовых выданьняў інтэрвію пра тое, якім цікавым ды прыцягальным для эўрапейскіх турыстаў праз некалькі гадоў можа стацца Брылёўскае поле, што блізу Барысаву, дзе некалі на прыканцы лістападу 1812 году зь левага берагу на правы перапраўляў парэшткі сваёй Вялікай Арміі імпэратар Францыі Напалеон.
Троху каробіў грубаваты стыль кантактаваньня зь людзьмі гарадзкога чала. Але ж гэткім быў стыль той самае сыстэмы, у якой дзеіў Бургун—“вэртыкаль”. Мне, дарэчы, было заўсёды вельмі цяжка разабрацца: дзе ёсьць сам ён, чалавек Васіль Бургун, ягоная душа, асоба, а дзе—чыноўнік Васіль Ігнатавіч Бургун? А праз пэўны час я зразумеў: Аляксандар Лукашэнка даўно вызначыў, што ў чыноўніка душы не павінна быць наогул. Сам Васіль Бургун, паводле адукацыі, эканаміст, быў у той жа час чалавекам, які захапляўся нацыянальнай культурай, які ўсе афіцыйна дазволеныя ўладамі рэпрэзэнтыўныя ці гістарычныя кнігі пра горад і рэгіён выпусьціў па-беларуску, які разумеў, што выхаваньне беларускага патрыятызму, такога цяпер пажаданага да ўлады, палягае ўсё-такі не ў шанаваньні савецкіх традыцыяў, але ў рэчышчы адраджэньня роднае мовы, беларускай культуры. Шкада, што праз некалькі год пасьля свайго прыходу ў Барысаў, Васіль Бургун стаўся, як і іншыя “вэртыкальныя” службоўцы, чалавекам-схэмай, чалавекам-аўтаматам, чалавекам-мэханізмам. Бяздушным і паслухмяным выканаўцам загадаў і волі намэнклятурнага Менску. Калі ў 1998 годзе ён мне, прыкладам, казаў пра сваё талерантнае стаўленьне да незалежнае прэсы, то ўжо праз два-тры гады яму гэта публічнае, агучанае ў эфіры Беларускае Службы Радыё Свабода выказваньне не перашкодзіла судзіцца з “Барысаўскімі Навінамі” ды ўчыняць іншыя захады дзеля таго, каб зьнішчыць газэту. Гэты самы чалавек адначасова душыў незалежны штомесяцовы краязнаўчы беларускамоўны альманах “Гоман Барысаўшчыны”, бо ён, “Гоман...”хаця й быў апалітычным выданьнем, але, вось бяда, меў незалежны статус. І дамогся-такі Васіль Бургун свайго, амаль прыдушыў альманах. Калі я пішу гэтыя радкі, “Гоман Барысашчыны” пачаў выходзіць накладам...510 паасобнікаў, а ягоныя пастаянныя фундатары проста баяцца ўладаў, каб перадаць рэдакцыі хаця якую сотню-іншую даляраў. Сумна робіцца на душы, спадарове, калі пра такое думаеш...
Дарэчы, вось як мне асабіста ў эфіры Радыё Свабода даводзілася потым згадваць пра Васіля Бургуна:
20 студзеня 1999 году
“…Заўчора актывіст барысаўскай філіі БНФ Руслан Касьцяневіч і кіраўнік арганізацыі БСДП у Барысаве Аляксандар Абрамовіч атрымалі даволі ляканічны адказ з мясцовага гарвыканкаму за подпісам ягонага кіраўніка старшыні Васіля Бургуна. Тэкст заканчваецца фразай: “Вам адмоўлена ў правядзеньні пікетаваньня 23 студзеня 1999 году.” Ліст адметны тым, што ў ім нават не называюцца прычыны забароны акцыі, хоць яшчэ год таму Васіль Бургун, новы галава гарадзкой улады, заяўляўказаў заяўляў журналістам, што дыялёг зь мясцовай апазыцыяй хоча будаваць цывілізавана і дэмакратычна, а ў размове з карэспандэнтам Радыё Свабода 3 лютага 1998 году выказаўся і адносна месца правядзеньня палітычных мерапрыемстваў: (Бургун:) “Гэтае пытаньне мы будзем перагладаць. Я даў даручэньне ўнесьці такую прапанову, каб ладзіць акцыі ня толькі на стадыёне. Гэта можна рабіць каля Дому Культуры. Там ёсьць пляцоўка.” Аднак, на думку тутэйшых дэмакратаў пераглядаць нічога ня стаў.Вось чаму апошняя забарона пікетаў выклікала рэзкую рэакцыю барысаўскіх апанэнтаў рэжыму. Гаворыць сябра БНФ, лідэр філіі Маладога Фронту Сяржук Салаш: (Салаш:) “Я хачу зьвярнуцца да ўсіх беларусаў—падтрымаць гэтую акцыю, не пабаяцца выйсьці, бо сядзець больш нельга.” А вось што сказаў мне Аляксандар Абрамовіч: (Абрамовіч:) “У рэшце рэшт мы не дазволім, каб нас лічылі нейкай анучай, аб якую выціраюць ногі. Калі ўлада адмаўляе нам у законнай, рэальнай магчымасьці, дык з нашага боку будуць іншыя дзеяньні , адказнасьць за якія будзе цалкам ляжаць на ўладах”
6 лістапада 1999 году
“...Але больш горшае становішча пасьля адключэньня цяпла ў сталічнай вобласьці складваецца ня там, дзе вядуцца рамонтныя работы, а там дзе тое ж самае жытло ці іншыя аб’екты ўваходзяць у зіму неадрамантаванымі. Учора ўвечары ў Барысаве на запрашэньне жыхароў я зазірнуў у дом №50а па вуліцы Гагарына, што займае больш кіляметру аўтамабільнае дарогі Менск—Масква. Дык вось гаспадыня кватэры №1, маці траіх дзяцей Ларыса Грэбнева распавяла: яе сям’ю ў свой час засялілі ў жытло, дзе ў вонкавых панэлях меліся шчыліны. Да ўсяго згаданыя панэлі разыйшліся на стыках. Празь іх у кватэру прасякае і дождж, т мокры сьнег. Дзеці бясконца хварэюць. Хатнія рэчы гніюць. Яна ўжо некалькі разоў зьвярталася да старшыні гарадзкога выканаўчага камітэту Васіля Бургуна, атаксама ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі, але безвынікова. (Грэбнева:) “Ніхто нічога не зрабіў. Адно адчыталіся перад адміністрацыяй Лукашэнкі, што рамонт ужо зрабілі, Калі я пачала выкрываць гэтую ману, нейкія людзі павыбівалі ў кватэры вокны.” Газавая пліта на кухні палілася. У адныі з пакояў быў уключаны абагравальнік. Ад нагрэтай цэглы па кватэры распаўзаўся ўедлівы пах. Як паведаміла мне гаспадыня, яна сённ\ьня па пошце адправіла ліст у Беларускі Гэльсынскі Камітэт, каб хоць неяк абараніць сваё права на экалягічна бясьпечнае жыцьцё ў гэтым непрыватызаваным жытле. Паводле паведамленьня мясцовай неафіцыйнай прэсы, у Барысаве пакуль што назапашана на зімовы перыяд усяго 70 адсоткаў патрэбнае колькасьці паліва. Падобнае становішча таксама ў Маладэчне, Влейцы ды іншых гарадох Меншчыны”..
2 лютага 2000 году
“УБарысаве сёньня мясцовае прадстаўніцтва Гэльсынскага Камітэту выступіла з заяваю, у якой асуджае дзеяньні гарадзкога пракурора Гамблеўскага. Учора ўвечары гэты пракурор абвясьціў актывісту Барысаўскага Незалежнага прафэсійнага саюзу прадпрымальнікаў Ігару Крэпскаму папярэджаньне за тое, што той нібыта падбухторваў гандляроў да страйку. Дарэчы, у пракуратуру спадар Крэпскі быў дастаўлены міліцыянтамі. Сёньня ж дырэктар Барысаўскага рэчавага кірмашу Валянцін Янкоўскі заявіў лідэру Незалежнага прафэсыйнага саюзу прадпрымальнікаў Ігару Ледніку , што Васіль Бургун, кіраўнік гарадзкога выканаўчага камітэту, няспынна тэлефануе яму ды патрабуе разьмясьціць на кірмашы палаткі штрэйкбрэхераў. Але Валянцін Янкоўскі гэта рабіць адмаўляецца, рызыкуючы сваім службовым крэслам...”
26 лютага 2001 году
Лідэр Барысаўскай філіі БСДП “Народная Грамада” Аляксандар Абрамовіч падаў у мясцовы суд заяву з просьбай прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці кіраўніка гарадзкой “вэртыкалі” Васіля Бургуна. Апошні падчас свайго выступу на заводзе “Аўтагідраўзмацняльнік” сьцьвярджаў, што за адміністрацыйныя арышты, якімі звычайна канчаюцца ягоныя несанкцыянаваныя пікеты, Захад нібыта плоціць ганарар з разьліку 10 даляраў за суткі зьняволеньня. Спадар Абрамовіч праз суд патрабуе абвергнуць гэтыя зьвесткі, якія ён называе хлусьлівымі, ды спагнаць з Васіля Бургуна за зьнявагу гонару і годнасьці мільён беларускіх рублёў.”
САГА ПРА КОЗІКАВУ РЫДЛЁЎКУ АД ПРЭЗЫДЭНТА ЛУКАШЭНКІ
Спачатку ў якасьці пралогу—невялічкая інфармацыя журналіста Анатоля Мазгова, зьмешчаная ў нумары “Барысаўскіх Навінаў” за 22 верасьня 2005 году пад загалокам “Аўкцыён не паўторыцца”.
Такім чынам:
“14 верасьня павінна было адбыцца торжышча дзеля продажу маёмасьці, якая належыць адкрытаму акцыянаванаму таварыству “Барысаўская швэйная фабрыка”. Гаспадарчы суд Менскай вобласьці выставіў на продаж першы паверх вытворчага корпусуплошчай 1236 квадратных мэтраў, што ацэнены ў 420 мільёнаў рублёў. Але як паведаміла судовы выканаўца Ірына Трус, торжышча не адбылося праз адутнасьць заяўленых пакупнікоў. Паводле старшага судовага выканаўцы Андрэя Трубчыка, пакуль-прадпрыемства-даўжнік не ліквідуе сваю крэдыторскую запазычанасьць, ягоная маёмасьць і надалей будзе выстаўляцца на аўкцыёны. Паўторнае торжышча з паменьшанай адносна да першапачатковай сумы прыкладна адсоткаў на 20, адбудзецца ў бліжэйшыя дні.”
Гэтая нататка як бы пралівае сьвятло на адну акалічнасьць: у якую багну ўляцела ўзгаданае прадпрыемства пасьля таго, калі на пачатку 90-х мінулага стагодзьдзя там правёў свае “рэвалюцыйныя” перамены Леанід Козік, наш зямляк, адзін з самых набліжаных да дзяржаўнага чала, Аляксандра Лукашэнкі, чыноўнікаў.
...Калі запытаць барысаўцаў пра тое, хто ў іхным горадзе ёсьць самым папулярным чалавекам, які жыве па-за межамі Барысаву, то многія скажуць: мянчук Леанід Пятровіч Козік. На час напісаньня гэтае кнігі ён мае званьне ганаровага грамадзяніна Барысаву і займае пасаду старшыні Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Перад тым ён быў намесьнікам кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі. Да гэтага—асабістым прадстаўніком Аляксандра Лукашэнкі ў Маскве. Яшчэ раней—дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь і дырэктарам Барысаўскай швэйнай фабрыкі. А пачынаў ён сваю кар’еру старшынём прафкама ФПБ на Барысаўскім заводзе аўтатрактарнага электраабсталяваньня (БАТЭ).
Тутэйшыя чыноўнікі вельмі ўдзячныя Леаніду Пятровічу. Ён усё-такі здолеў атрымаць падтрымку прэзыдэнта РБ дзеля таго, каб, у асноўным, за дзяржаўны кошт цягам 2001—2002 гадоў арганізаваць ужо згаданую раней будаўніча-архітэктурную
рэканструкцыю цэнтралёвай часткі места напярэдадні сустрэчы дзевяцівекавога юбілею горада князя Барыса.
Праўда, у больш простага, як кажуць нашыя браты-палякі, паспалітага барысаўскага люду меркаваньне пра спадара Козіка зусім іншае, крытычнае. Многія барысаўцы не адмаўляюць Козіку ў энэргічнасьці, аднак лічаць, што Леанід Пятровіч дзеля кар’еры нічога і нікога не пашкадуе.
Своеасаблівая слава ягоная як раз пачалася са скандалу.
![]() |
Home >> Select Country >> Беларусь >> Книги >> БАРЫСАЎСКІЯ КРОНІКІ НАЙНОЎШАЙ ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ >> 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 << |
| Select Country |
|
|
|
[an error occurred while processing this directive] |