Алесь Мікалайчанка (Николайченко Александр Сергеевич):
БАРЫСАЎСКІЯ КРОНІКІ НАЙНОЎШАЙ ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ


 

В. Б.: Ня згодны. Я проста стараюся, як эканаміст, паводле сваёй прафэсыі, граматна праводзіць менавіта эканамічную палітыку Прэзыдэнта. І эканамічнымі мерамі адказваць на тыя эканамічныя сытуацыі ды калізыі, якія там-сям складваюцца ў Барысаве. З палітычнага пункту гледжаньня я верацярпімы, стараюся з разуменьнем адносіцца да людзей, якія маюць іншы крытэрый адзнак адносна тых ці іншых зьяваў, падзеяў, тэндэнцыяў. Дзякую ўсім, хто з разуменьнем адносіцца да маёй працы і да мяне асабіста. І яшчэ: хачу сказаць барысаўцам, што прасьвет у канцы гэтага тунелю ўсё ж будзе, што нам наканаваны ўсё-такі посьпех.

--І апошняе пытаньне. Вашыя адносіны да мясцовае прэсы, у прыватнасьці, да “Барысаўскіх Навінаў”?

В. Б. : Увогуле мне падабаюцца адносіны, якія ў нас склаліся з усімі мас-медыямі Барысаву. І,натуральна, нічога няма кепскага ў тым, што ў горадзе выдаеца пяць газэтаў, ёсьць свая тэлевізыя, радыё. Гэта нармалёва. Людзі маюць магчымасьць знаёміцца з рознымі кропкамі гледжаньня на тыя або іншыя факты. Ну, магчыма, нейкая прыватная адзнака ня будзе правільная. Але і гэта мы ўспрымаем спакойна. Бо кожны чалавек мае права публічна выказаць сваю адзнаку. На свой пункт гледжаньня мае права і кожная газэта. Мне падаецца, нашыя адносіны з “Барысаўскімі Навінамі” складваюцца таксама ўдала. Прыклад таму—арганізацыя на старонках “БН” першай прамой лініі старшыні гарвыканкаму з жыхарамі Барысаву. Хаця, прызнаюся, я тады правёў даволі напружаныя дзьве гадзіны. Таму ў выканкаме мы вырашылі больш часта  практыкаваць такія рэчы. Я нават зацьвердзіў графік правядзеньня прамых лініяў ня толькі старшыні, але і намесьнікаў, начальнікаў службаў. Так што нашае супрацоўніцтва з “Барысаўскімі Навінамі” будзе працягвацца.

 2

Вось такое ў нас з Васілём Бургуном атрымалася інтэрвію 3 лютага 1998 году. У скарочаным варыянце яно цягам некалькіх перадачаў прайшло ў непадцэнзурны эфір Радыё Свабода. І гэта ня дзіва, бо выказваўся галава барысаўскае гарадзкое выканаўчай улады дастаткова зразумела і ясна па самых вострых праблемах: эканамічных, палітычных, нацыянальных, выхаваўчых ды іншых, якія стаялі перад горадам. Але потым высьветлілася, Васіль Бургун ня быў са мною, а значыцца з радыёслухачамі ды чытачамі, якіх я рэпрэзэнтаваў, да канца шчырым. І гэта зразумела: яблык ад яблынькі далёка не адкоціцца. Новы “мэр” гэтага старажытнага места, як і ягоны гаспадар Аляксандар Лукашэнка, быў папулістам і паспрабаваў паказаць сябе тутэйшаму люду ды ўсяму цывілізаванаму Сусьвету цывілізаваным “вэртыкальнікам”. Будаўніком рынкавай эканомікі, клапатлівым выхавальнікам патрыятычнае моладзі, прыхільнікам нацыянальных культурных традыцыяў і каштоўнасьцяў. Нават—вельмі верацярплівым да іншадумцаў, якім ён, між іншым, нават гатовы быў зрабіць нейкія прэфэрэнцыі адносна разьмяшчэньня ў горадзе іхных публічных акцыяў.

Канстатую, што ня гледзячы на ўсю калядэмакратычную рыторыку, Васіль Бургун цягам усіх наступных гадоў “княжэньня” ў Барысаве сваімі дзеяньнямі нібыта абвяргаў у бальшыні ўласных аргумэнтаў тое самае інтэрвію. Так, ні разу не прадаставіў тутэйшым палітычным апанэнтам  Аляксандра Лукашэнкі годнага мейсца на правядзеньне нейкага пікету або мітынгу. Усіх выправаджваў на стадыён “БАТЭ” на бязьлюдную спартовую пляцоўку, што месьціцца за заходнімі трыбунамі. У гэтым пляне нават сумнавядомая плошча Бангалёр у Менску ёсьць эталёнам плюралізму і дэмакратычнасьці сталічнага гарвыканкаму. 

Між іншым, разыходжаньне слова і справы адразу ж убачылі прадстаўнікі сацыяль-дэмакратычнае і народнафронтаўскай арганізацыяў разам са сваімі маладзёвымі філіямі. Хаця, калі толькі-толькі матэрыялы майго інтэрвію са спадаром Бургуном прагучэлі ў эфіры Радыё Свабода ды сталіся надрукаванымі на старонках “Барысаўскіх Навінаў”, мясцовыя апазыцыянэры ці не ўздыхнулі з палёгкай: маўляў, вось-такі пашанцавала ім—у Барысаў прыехаў чыноўнік, які паважае палітычны плюралізм. Але ж іх чакала горкае расчараваньне. Бо пры выключна рашучых намерах Васіля Бургуна на пачатку сваёй працы ў Барысаве ашчасьлівіць усіх жыхароў места, пачынаючы ад працоўных калектываў прамысловых прадпрыемстваў і канчаючы палітычнымі апанэнтамі, ён ня мог пераступіць тую ідэялягічную мяжу, якую пераступаць “вэртыкальнаму” ўжо не дазвалялася прэзыдэнтам ды ягонай камандай. Хаця, трэба аддаць належнае спадару Бургуну, ён для гораду зрабіў шмат чаго й карыснага ў практычным пляне. 

Вось пра што тады на старонках  тутэйшае незалежнай газэты “Барысаўскія Нвавіны”, якую дзесьці праз год пасьля нашага інтэрвію Васіль Бургун пачаў цкаваць, казалі й мясцовыя дэмакраты, і расчараваны аўтар гэтых радкоў, і самая рэдакцыя: 

З КАРЭСПАНДЭНЦЫІ “МЭР ДУМАЎ... І ПЕРАДУМАЎ”

“Старшыні Барысаўскага аддзяленьня БНФ Аскерку А. З.

Упаўнаважанаму Барысаўскае гарадзкой арганізацыі БСДП (НГ) Абрамовічу А. М.

Кіруючыся дзейнай Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь 1994 году ( са зьмяненьнямі і дапаўненьнямі, прынятай на рэспубліканскім рэфэрэндуме  24 лістапада 1996 году), Законам Рэспублікі Беларусь “ Аб сходах, мітынгах, вулічных шэсьцях, дэманстрацыях і пікетаваньні” ды ў адпаведнасьці з рашэньнем выканкаму (выпіска №10 ад 5 сакавіка 1998 году), якім вызначанае пастаяннае мейсца—гарадзкі стадыён—дзеля правядзеньня вышэй названых грамадзка-палітычных мерапрыемстваў, ініцыятарамі якіях выступаюць структуры, што не адносяцца да мясцовых выканаўчых і распарадчых ворганаў, Вам адмоўлена ў пікетаваньні групай грамадзянаў каля будынку Палаца культуры імя М. Горкага 15.03.98 г., ініцыятарамі якога зьяўляюцца Барысаўскае адзьдзяленьне Беларускага Народнага фронту і Барысаўская арганізацыя Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. Старшыня выканкаму В. І. Бургун.”

Камэнтар рэдакцыі.

Забараніўшы правядзеньне пікетаваньня блізу гарадзкога Палаца культуры, мясцовыя ўлады прадэманстравалі сваю двурушнасьць. Нядаўна ў інтэрвію нашай газэце В. Бургун агаварыўся: “...прадстаўнікі БНФ і БСДП (НГ) на мяне і выканкам у крыўдзе, што 3 студзеня г.г., паводле іхнага меркаваньня, мы “засунулі” пікет дзеля падтрымкі вядомых маладых людзей Шыдлоўскага, Лабковіча і Кабанчука на гарадзкі стадыён. Скажу шчыра, што гэта атрымалася шмат у чым праз тое, што пікетоўшчыкі прасілі толькі адно мейсца – у цэнтры гораду... Я, напрыклад, ня супраць, каб такім мейсцам была пляцоўка блізу Палацу культуры...”

Як жа Вас разумець, Васіль Ігнатавіч? Наколькі нам вядома, мясцовыя “афганцы” ды прадстаўнікі кампартыі штогод бесперашкодна шпацыруюць па праспекту Рэвалюцыі, дзе нават перакрываецца рух аўтатранспарту.  А можа, яны маюць нейкія адносіны да ворганаў выканаўчай і распарадчае ўлады?

Вось ужо дзе, насамрэч, язык мой ёсьць ворагам маім... 

“Барысаўскія Навіны”, 13—19 сакавіка 1998 году.

З РЭПАРТАЖУ “СУРПРЫЗ МЭРЫІ”

У нядзелю, 15 сакавіка, намесьнік начальніка гарадзкое міліцыі І. Каршакевіч забараніў актывістам мясцовых філіяў БНФ, БСДП “Народная Грамада” і “Маладога фронту” праводзіць на гарадзкім стадыёне  пікетаваньне ў гонар Дню Канстытуцыі.

...Увечары 14 сакавіка на кватэрулідэра БНФ Анатоля Аскеркі завіталі прадстаўнікі гарадзкога адзьдзелу нутраных справаў ды папярэдзілі яго: пікет у гонар сьвята Асноўнага Закону ня толькі блізу Палацу Культуры імя М. Горкага, але і на гарадзкім стадыёне апазыцыянэры ня маюць права праводзіць., паколькі на гэта няма адпаведнага дазволу. У адваротным выпадку ўдзельнікаў арганізаванага сьвяткаваньня чакаюць прыводы ў пастарунак, магчымыя штрафы ды іншыя меры пакараньняў. Анатоль Аскерка, праўда, спаслаўся на пісьмовы адказ мэра Васіля

Бургуна заяўшчыкам—там сапраўды казаласяпра адмову гарадзкіх улдаў ладзіць акцыю менавіта каля Палацу. Але згадвалася, што гарвыканкам “вызначана пастаяннае мейсца—гарадзкі стадыён”.

Пры больш уважлівым прачытаньні  чыноўніцкага шэдэўру высьветлілася: паважаны мэр адмаўляў апазыцыі разгарнуць сваех актывістаў з плякатамі ды партэйнымі сьцягамі каля ПК ня так дзеля ўслаўленьня Канстытуцыі-96, колькі дзеля падтрымкі Канстытуцыі-94. Апошняя, як вядома,  была настолькі пераробленая, што ўяўляла сабой новы Асноўны Закон. Дык вось, Васіль Ігнатавіч ні словам не абгаварыўся пра дазвол народнафронтаўцам і сацыял-дэмакратамладзіць пікет на гарадзкім стадыёне.

Тым не меней, не паверыўшы міліцыянтам, пікетоўшчыкі зьявіліся ля ўваходу на гарадзкі стадыён. Але там іх чакаў І. Каршакевіч . Прадстаўнік улады афіцыйна паўтарыў “сьпіч” аб забароне праводзіць акцыю і аб прымяненьні сілы ў выпадку непадпарадкаваньня.

Такім чынам, гарвыканкам ды ягоная сілавая структура фактычна парушылі агульна прызнаныя ў цывілізаваным сьвеце правы людзей на свабоднае волевыяўленьне палітычных поглядаў ды перакананьняў, а таксама—свабоду сходаў, мітынгаў і шэсьцяў.

Адметна, што ў гэтае сытуацыі апазыцыянэры прявілі законапаслухмянства—пакінулі гарадзкі стадыён. Праўда, імідж новага мэра як інтэлігентнага чалавека і сапраўднага дэмакрата ў іхных вачох моцна пахіснуўся. Так, Аляксандар Абрамовіч, які ёсьць ня толькі лідэрам філіі БСДП “Народная Грамада”, але й кіраўніком мясцовага прадстаўніцтва Гельсынскага Камітэту, заявіў, што цераз БГК праінфармуе шырокую эўрапейскую грамадзкасьць наконт прававога бязьмежжа ў Барысаве. Забарону пікету ён зьбіраецца абскарджваць у законным парадку.

А што на гэты конт думае Анатоль Аскерка?

--Мая думка такая: спадар Бургун ня можа заўсёды рабіць тое, што хацеў бы. Ён у дадзеным выпадку, як мне падаеца, выконваў загад “зьверху”.

А вось меркаваньне Аляксандра Абрамовіча:

--Ёсьць моманты , якія ідуць на карысьць мэра. Напрыклад, ён добра праводзіць прыватызацыю ў Барысаве, што дэмакраты вітаюць. Да незалежнай прэсы ён таксама ставіцца больш-меньш лаяльна. Але падзеі зь пікетам ня могуць мяне ды маех аднадумцаў ня расчараваць ў гатоўнасьці Васіля Ігнатавіча быць верацярплівым да апазыцыі...

Алесь МІКАЛАЙЧАНКА

“Барысаўскія Навіны” за 20—26 сакавіка 1998 году.

З НАТАТКІ “ДЭМАКРАТЫЯ ПА-БАРЫСАЎСКУ”

На мінулым тыдні барысаўская мэрыя не дазволіла мясцовым дэмакратам правесьці пікет дзеля абароны Канстытуцыі 1994 году, а таксама мітынг у гонар 80-х угодкаў БНР, які мусіў адбыцца для волевыўленьня палітычных ды іншых поглядаў людзей на пляцоўцы за драцянае агароджай на гарадзкім стадыёне. Менавіта такім чынам мясцовыя ўлады прадэманстравалі свае адносіны да дэмакратычна настроеных гараджанаў (некалі , памятаю, у піначэтаўскім Чылі на стадыён заганялі людзей ды ўтрымлівалі іх там). Ды толькі вядома, што спартовая пляцоўка існуе не для палітычных акцыяў.

Але ў Барысаве ўсё пастаўленае дагары нагамі: на стадыёне дазваляюць ладзіць пікеты, а на Цэнтралёвай плошчы гораду праводзіць спартовыя мерапрыемствы. Як

такое было 7 кастрычніка мінулага году. Тады так званым патрыётам з БПСМ дазволілі арганізаваць спартовыя гульні і на пэўны час быў спынены рух аўтамабіляў. Бацькам гораду, відаць, да спадобы маршаваньні па галоўнае вуліцы ветэранаў вайны ў Аўганістане ды прамовы камуністаў ля помніка Леніну. Дарэчы, усё гэта праходзіла за 50—100 мэтраў ад будынкаў гарвыканкаму ды вайскавага штабу ( хаця вядомы дэкрэт прэзыдэнта дазваляе гэта рабіць ня бліжай, чымсьці за 200 м). Побач з мэрыяй шугаюць пад неба салюты ды фэйрвэркі, выстаўляецца на паказ вайсковая тэхніка, праводзяцца ваенызываныя сцэнкі са стралянінай, як такое было 23 лютага ў Дзень абароны Айчыны.

Аднак дэмакратычна настроеных грамадзянаў гарвыканкам на гарматны стрэл не падпушчае да плошчы, да правадыру ўсясьветнага пралетарыяту, хавае іх іх ад людзкіх вачэй на стадыёне, Вось такая дэмакратыя сёньня ў Барысаве.

Анатоль АСКЕРКА,

старшыня філіі БНФ.

“Барысаўскія Навіны” за 27 сакавіка—2 красавіка 1998 году.

 3

Давайце запомнім выказваньне Анатоля Аскеркі пра тое, што галава гарадзкое выканаўчай ўлады не заўсёды можа зрабіць тое, што ён здолеў бы зрабіць, аднак на яго цісьне ўладная рука першай асобы дзяржавы, акрамя таго, ён прадстаўляе ў рэгіёне тую самую руку.

Як бы там ні было, але я, напрыклад, заўважыў, што Васіль Бургун у сваех выказваньнях усё ж і да слова беларускага павагу мае, і гісторыю Барысаву і Барысаўшчыны шануе, нават сам патрануе выданьне падобных кніжак, напісаных па-беларуску, якія пра такую гісторыю распавядаюць. Пры ўсіх ягоных відавочных ідэялягічных вывіхах, пры ўсёй ягонай запалітазаванасьці, відавочна, што Васіль Бургун ня ёсьць нейкім бязродным касмапалітам. Хаця, напрыклад беларускамоўную краязнаўчую газэту “Гоман Барысаўшчыны” як чыноўнік недалюблівае. Але ў той жа самы час дазваляе яе выкарыстоўваць на занятках па ”Барысавазнаўству”.

З ІНТЭРВІЮ “БАРЫСАВАЗНАЎСТВА ВЫВУЧАЮЦЬ АХВОТНА” 

Трэцьці год запар у барысаўскіх школах выкладаецца адмысловы курс – “Барысавазнаўства”. Якая ж патрэба была дзеля ягонага ўводу ў школьную праграму ? І якім шляхам гэты прадмет сёньня разьвіваецца, якія мае перспектывы? Пра гэта і іншае карэспандэнт нашага выданьня  вядзе гаворку з загадчыкам Барысаўскага гарадзкога адзьдзела адукацыі Аляксандрам БОЙКАМ.

--Паважаны Аляксандар Аляксандравіч, цягам трох гадоў у барысаўскіх школах выкладаецца новы і даволі цікавы, прадмет—“Барысавазнаўства”. Мяркую, што калі настаўнік не выхоўвае ў нашых дзецях пашаноту да гісторыі ня толькі ўсяе краіны, але й да гісторыі родных мясьцінаў, цяжка выхаваць сапраўднага грамадзяніна, патрыёта Беларусі...

А. Б.: Вы маеце рацыю. Спрадвеку на Беларусі, дзе б, напрыклад, мужчына ні жыў са сваемі дзецьмі ды жонкай з бацькамі, было так: калі вораг нападаў, скажамэ на суседняе селішча,нават на аддаленыя межы роднага княства, ён усё роўна адпраўляўся на на бітву з ворагам—бараніў тым самым найперш родную сям’ю, родны дом, родную сядзібу, родную вёску або родны горад. Не выпадкова слова “радзіма” мае лексічнае падабенства да слова “радзіна”. Што, дарэчы, адначасова азначае і самыя народзіны чалавека і тое геаграфічнае места, дзе чалавек нарадзіўся. Калі ты ёсьць сапраўдным грамадзянінам краіны, ты мусіш любіць тое места.

--Цудўная канцэпцыя. А што канкрэтна падштурхнула да выкладаньня ў школах “Барысавазнаўства” ?

А. Б.: У 2001 годзе пачалася падрыхтоўка да сьвяткаваньня 900-х угодкаў Барысаву. Тады сярод насельніцтва і кіраўніцтва гораду натуральна ўзрасла цікавасьць да нашых каранёў. Нашае, настаўніцкае, жаданьне з разуменьнем сустрэлі ва ўпраўленьні адукацыі Менаблвыканкаму—і барысаўскія дзеці пачалі вывучаць гісторыю свайго краю.

--Ці была дзеля арганізацыі выкладаньня і вывучэньня такога прадмету нейкая база?

А. Б.: Так, была. Напрыклад, мы ў сваім выкладаньні прадмету зьвярталіся да энцыклапэдычнага выданьня “Памяць”. Потым—да апошніх навуковых распрацовак Барысаўскага ўзьяднанага краязнаўчага музэю. У мінулым годзе намаганьнямі аўтараў-гісторыкаў на чале з доктарам  гісторыі Георгам Штыхавам і рэдакцыйнае рады пад кіраўніцтвам старшыні гарвыканкаму Васіля Бургуна выйшла кніга “Дзевяць стагоддзяў Барысаву”—там на сваёй, роднае мове, сьцісла ды ў той жа самы час зьмястоўна выкладаецца гісторыя нашага гораду і рэгіёну.

--Як выкладаюцца ўрокі “Барысавазнаўства”? Па-расейску, па-беларуску?

А. Б.: У асноўным—па-беларуску.Бо, паўтараю, гаворка ідзе пра гісторыю нашага роднага куточка, дзе ў пераважнае сваёй бальшыні жылі беларусы. Ды і ўсе матэрыялы напісаныя па-беларуску. Гэта па-першае. Па-другое, заняткі праходзяць цікава. Дзеці задаюць шмат пытаньняў: і пра князя Барыса, і наконт Брылёўскага поля, і пра сядзібу калекцыянэра 19 стагодзьдзя пана Каладзеева. Я ўжо не кажу, што па-за межамі дзяцей не засталіся гераічны рэйд у заняты ворагам Барысаў танкавага экіпажу Паўла Рака, дзейнасьць юнае падпольшчыцы Люсі Чалоўскай. Акрамя таго, дзеці самі бяруць удзел у стварэньні новых разьдзелаў “Барысавазнаўства” – вывучаюць гісторыю барысаўскіх прадпрыемстваў, вайсковых падразьдзяленьняў, што дыслякуюцца ў навакольлі нашага горада. А яшчэ спрабуюць скласьці радаводы сваех сем’яў. Дарэчы, пра беларускую мову. Як зазначаюць самыя бацькі, многія дзеці, якія захапляюцца “Барысавазнаўствам”, усё больш часта ўжываюць матчына слова. Бацькі зазначаюць, што дзеці просяць у іх дапамогі наконт складньня радаводаў або напісаньня сачыненьня пра гісторыю роднага краю. Вядома, яны пішуць тут па-беларуску.  Так што, як ні дзіўна, але праз дзяцей да бацькоў у сем’і вяртаецца роднае слова. Дарослыя разам са сваімі дзецьмі міжволі далучаюцца да барысаўскае гісторыі.

--Я так зразумеў, што пакуль адмысловага падручніка па “Барысавазнаўству” няма. А як тады вядзецца выкладаньне прадмета?

А. Б.: Думаю, рана ці позна праблема з адпаведным падручнікам будзе вырашаная. Але напрацавана праграма. Гэта гісторыя сваёй сям’і , гісторыі свайго роду, гісторыя роднае школы, гісторыя роднае  вуліцы, прадпрыемства і гэтак далей...

<<Назад :: Далее>>

 



2000-2007 Association for Human Rights Defense International
www.4humanrights.org : www.hrd1.org : DONATE

Home >> Select Country >> Беларусь >> Книги >> БАРЫСАЎСКІЯ КРОНІКІ НАЙНОЎШАЙ ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ >> 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 <<

Select Country

 


[an error occurred while processing this directive]