1
З 29 чэрвеня па 3 ліпеня 2002 году ўключна 160-тысячны Барысаў, самы буйны правінцыйны цэнтар у Менскай вобласьці, гуляў і піў пяць дзён запар: тутэйшае жыхарства ды госьці места адзначалі дзевяцівекавы юбілей гораду на- Бярэзіне. Так, маладая незалежная Беларуская Дзяржава перажывала нялёгкія часіны, і нехта мог не без рацыі сказаць: шыкоўнае сьвяткаваньне не сувымяраецца з тым сацыяльна-эканамічным крызісам, што перажываюць барысаўцы разам з усяе краінаю. Але Барысаў заслугоўваў свайго сьвята. Можна сказаць, ён цягам дзевяці вякоў выпакутаваў маштабнага адзначэньня дня ўласных народзінаў.
Як пачынаўся горад? Старажытная кроніка на гэты кошт распавядае пра наступнае.
...Летам 1102 году Вялікі князь Полацкі Барыс Усяславіч вяртаўся дамоў з паходу на яцьвягаў з правага берага Бярэзіны. Дзе, да слова, разграміў іхнае добра ўмацаванае селішча ды ўзяў неблагі палон. (Непадалёк адтуль цяпер месьціцца прыгарадная вёска Дудзінка). А калі перайшоў на левабярэжжа паўнаводнае на той час ракі, то вярсты за дзьве ад берагу прымусіў паланяных будаваць крэпасьць, а места гэтае пазначыў імем сваім, Барысавам. Дарэчы там, дзе, паводле слушнага доказу знакамітага менскага гісторыка, прафэсара Георгі Штыхаў, знаходзіцца прыгарадны пасёлак Стара-Барысаў.
А на тую неспакойную часіну крэпасьць мела важнае вайскова-стратэгічнае значэньне для старажытнай Полацкай Зямлі. І—найперш, як абараняльны ўзьмежак ад балтыцкіх плямёнаў і ваяўнічай, даволі моцнай суседняй славянскай краіны—Кіеўскай Русі. Кіяне, сьведчуць летапісы, увесь час імкнуліся далучыць да сваёй дзяржавы Полаччыну ды іншыя тэрыторыі, на якіх месьціцца сучасная Беларусь. Між тым, у памяці князя ніколі не згасала гісторыя заняволеньня ягонага бацькі Усяслава Брачыславіча па прозьвішчу Чарадзей ды ягоных сыноў (на тую часіну—падлеткаў), Барыса й Глеба. На перамовах у Воршы Усяслава і Усяславічаў умыкнулі людзі Вялікага князя Кіеўскага Мсьціслава. Яны высакародных крывічоў зьвезьлі ва ўласны стольны горад, дзе й кінулі ў цямніцу. Але з кіеўскіх скляпеньняў палачанаў нечакана вызваліў тамтэйшы люд, які паўстаў супраць Мсьціслава. Кіяне Усяслава нават часова выбралі на пасад Вялікага князя Кіеўскага…
Так што на гэтую крэпасьць бярэзінскую Барыс меў сур’ёзнае спадзяваньне: тут, на шляху з поўдня да Полацака, стольнага горада першай Беларускай дзяржавы, цяпер таемна, быццам начны таць, вораг не пракрадзецца...
Можна меркаваць, князь, хаця й надзвычай заклапочаны быў сур’ёзнымі справамі дзяржаўнымі, закладку крэпасьці тады, летам 1102-га, хутчэй ад усяго, адзначыў добрым кубкам хмельнага квасу. Але відавочна, ня так велічна ды раскошна, як ягоныя далёкія нашчадкі адзначалі дзевяцівекавы юбілей гэтай самай падзеі. Мусіць, князю 900 год таму бракавала часу. Трэба было важнай справай займацца—умацоўваць межы гаспадарства, дзяржавы Полацкае.
Аднак вернемся ў горад Барыса пачатку 21 стагодзьдзя—горад, які рыхтаваўся адзначаць свой дзевяцівекавы юбілей.
...Многія тубыльцы, мусіць, даўно ня бачылі, ажно ад савецкіх часоў, гэткага размаху рамонтна-будаўнічых работ напярэдадні падрыхтоўкі да гарадзкіх урачыстасцяў.
Найперш кардынальным чынам абнаўлялася Цэнтралёвая плошча Барысава. Тут,
зазначу, вакол галоўнай архітэктурнае дамінанты пляца—бронзавага помніка правадыру усясьветнага пралетарыяту Ульлянаву-Леніну—месьцяцца чатырохпавярховы гмах штабу Паўночна-Заходняга апэратыўнага камандаваньня. Штаб збудаваны ў стылі вульгарнага “сталінскага ампіру”—з калёнамі ды парталамі. Усе ж астатнія гмахі больш сучасныя—рэпрэзэнтуюць архітэктурны стыль канструктывізму сямідзесятых-васьмідзесятых гадоў мінулага веку—шкло й бетон: Дом быту, Дом гандлю, галоўпаштамп, гарвыканкам, гарадзкая бібліятэка. Дык вось, у ходзе рэканструкцыі загадзя заказаныя ў Гомлі, вырабленыя там, паводле індывідуальнага праэкту, чугунныя ліхтары абкружылі па ўсяму пэрыметру самую плошчу. І ходнікі пляцу ды ягоны цэнтар атрымалі новую “кашулю”—эўрабрукаванку. А яшчэ—клюмбы з кветкамі. А яшчэ—лавы дзеля адпачынку: канструкцыі іх былі таксама адлітыя з чугуну “пад бронзу”...
Па-другое, гэткі самы парадак архітэктары з будаўнікамі навялі й на пляцу ў цэнтры гістарычнага Старога гораду, на левабярэжжы Бярэзіны. Тут на падыходзе да Сьвята-Уваскрэсьненскага сабору з боку Барысаўскага касьцёлу быў адкрыты помнік працы лаўрэата Дзяржаўнай прэміі РБ Анатоля Арцімовіча: Вялікі князь Полацкі Барыс Усяславіч трымае ў рукох меч—завостраным канцом долу, а з-за правага пляча ягонага выглядае анёл-ахоўнік. Сёньня, дарэчы, гэта плошча мае афіцыйны назоў—імя 900-годдзя Барысаву.
Па-трэцьцяе, з 29 чэрвеня па 3 ліпеня ўключна ў некалькіх мейсцах гораду былі разгорнутыя летнія эстрадныя пляцоўкі--там выступалі запрошаныя з Менску ды Масквы артысты, поп-сьпевакі, музыкі Ад Прывакзальнае плошчы да канца праспэкту Рэвалюцыі перакрываўся дарожны рух, бо прама на маставой разьбіваліся гандлёвыя намёты. Дзе, дарэчы, можна было папіць гарбаты, кавы, а хто меў здароўе, нават больш моцных напояў—пад добрую закусь на любую гастранамічную прыхамаць. Ці ня крута: прымаеш свае сто “наркамаўскіх” грамаў і адначасова глядзіш на эстраду-- адтуль ляціць у твае вушы ды будзіць настальгію па вялікай былое імпэрыі франтавая песенька пра сінюю хусьцінку ў выкананьні сьпявачкі савецкіх ваенных гадоў Клаўдзі Шульжэнкі?
Само сабою, уся гэта перабудова ўляцела гораду й краіне ў капейчыну. І ніхто не рабіў таямніцы з тае акалічнасьці, што да мільярдных сумаў далучаліся грошы ня надта багатых насельнікаў, пра гэта я цягам 2001—2002 гадоў шматкроць расказваў слухачам Беларускай службы Радыё Свабода.
...Вось старшыня гарвыканкаму Васіль Бургун выступае на сэсыі гарадзкога савету дэпутатаў 22 студзеня 2002 года:
--... Адчынены фонд падрыхтоўкі да юбілею. На рахунак паступілі 96,3 мільёнаў рублёў, што складае меней дваццаці адсоткаў ад заплянаванае сумы. Усе гэтыя грошы пайшлі ў справу... Але гэтага дужа мала. Падрыхтоўка да юбілею запатрабуе велізарных фінансавых сродкаў... У падрыхтоўцы да юбілею не адчуваецца разуменьня важнасьці гэтага мерапрыемства для ўсяго гораду з боку асобных кіраўнікоў ды іхных намесьнікаў. Не праводзіцца аніякай тлумачальнае працы ў калектывах, не арганізаваны збор сродкаў ад працоўных у фонд юбілею гораду,-- даваў гэтак званую раскрутку дырэктарам прамысловых прадпрыемстваў Барысаву галоўны “вэртыкальнік” места.
Падобныя мэтады «знаходжаньня” пазабюджэтных сродкаў выклікалі хваравітую
рэакцыю барысаўскай незалежнай прэсы.
Вытрымка з нумару тыднёвіка “Курьер из Борисова” за 13 сакавіка 2002 году:
“... У адміністрацыі гораду свае погляды на ўдзел жыхароў у гэтым гістарычным мерапрыемстве. Падыход адзін: хай усе вытрасаюць свае кашалькі, даюць грошы! А хто больш-меньш прыстойна жыве, той хай двойчы, а то нават тройчы фінансуе. А не пажадае—прымусім! Гэта тычыцца ня толькі прыватных прадпрымальнікаў, але ж –нават у большай ступені!—кіраўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў. Яны—людзі паднявольныя, таму для іх сьвята тым болей ня ў радасьць, горш таго—косткай у глотцы. Многія прадпрыемствы і так ледзь дыхаюць, а ўлады выцягваюць зь іх “у гонар сьвята” апошнія жылы”.
Шмат падобных меркаваньняў тады друкавалі таксама незалежныя “Барысаўскія Навіны”, некалькі рэпартажаў перадаў у эфір Радыё Свабода і аўтар гэтых радкоў.
Вядома, усё добра разумеў сам Васіль Бургун, галава гарадзкой выканаўчае ўлады. Але як мне падказалі дасьведчаныя людзі з таго ж гарвыканкаму, вось так, публічна, спадар Бургун прамаўляў найперш таму, што адчуваў: калі не «мабілізьне» да працоўнага й фінансавага “подзьвігу” насельніцтва, то зь ім, Бургуном, наверсе ўладнай “вэртыкалі”абавязкова разьбяруцца. І тады наўрад ці ацалее ён на сваёй пасадзе. Таму цяперашняя мясцовая ўлада і завецца менавіта “вэртыкальлю”: хто зь ейных віткоў адноечы выбіваецца, той ужо ніколі ня ўздымецца з каленяў. Беларуская чыноўніцкая сыстэма куды больш моцная ў сваёй самаабароне ад “выхрыстаў”, чымся некалі савецкая кампартэйная. Апошняя хаця звонку была калегіяльная: ЦК, бюро, палітбюро і г.д. Рашэньні ўсё-такі прымаліся шляхам галасаваньня. Скажам, арышт крывавага Лаўрэна Берыі, а затым адхіленьне ад усіх кірючых пасадаў скандальнага Мікіты Хрушчова—прыклад таго, што савецкая прыдворная сьвіта пасьлясталінскіх часоў мінулага стагоддзя магла й караля рабіць, і беспакарана выкідваць караля з трону.
Але вернемся на сьвяточны Цэнтралёвы пляц Барысаву 29 чэрвеня 2002 году. Тубыльцы, бачачы, як папрыгажэў горад, забываліся пра свае крыўды на чыноўнікаў, што рабілі раз-пораз выняткі сьціплым людзкім зарплатам дзеля рэканструкцыі места. Барысаўцы разумелі: хай грошы прымусова-добраахвотным парадкам начальства адымала ў паспалітага людзтва часьцяком супраць ягонай жа волі, але, як бы там ні было, яны таксама ўклалі ўласных “зайцоў” у добрую агульную справу. Прыкладам—у гэтыя, во, ліхтарныя слупы, адлітыя з чыгунінны “пад бронзу”. Іх жа, вось тут, на Цэнтралёвым пляцу, можна памацаць уласнымі далонямі,нават пагладзіць рэльефную, шурпатую паверхню. Усё кепскае, што было ў жыцьці, забывалася. Добры настрой агортваў тутэйшых, якія дружна абсядалі намёты-кавярні пад адкрытым сонечным небам. Віншавалі адзін адно са сьвятам, жартавалі, уздымалі келіхі за родны горад. Балявалі, адным словам.
Праўда, больш уедлівыя барысаўцы абмяркоўвалі праблему, якая раптам сталася ў тыя дні надзвычай папулярная. Нечакана толькі што пастаўлены помнік князю Барысу выклікаў хваравітую рэакцыю пэўнай часткі жыхарства. Асабліва—вернікаў. Бо некаторыя лічылі, што зьмяшчаць анёла-ахоўніка ў скульптурнай кампазыцыі побач з чалавекам, хай сабе й князем, але рукі якога сьціскаюць халодную зброю, ня вельмі прыстойна, а паводле царкоўныхканонаў, дзесьці на мяжы з блюзьнэрствам.
Больш дасьведчаныя барысаўцы, якія рэгулярна чытаюць мясцовыя газэты—афіцыйную “Адзінства”, незалежныя “Барысаўскія Навіны”, “Гоман Барысаўшчыны”і “Курьер из Борисова”, даводзілі сваю пазыцыю недасьведчаным. Маўляў, гэткага “ляпу” магло б і ня здарыцца, але ж гарадзкія ўлады не прыслухаліся да меркаваньня мастакоўскага бамонду роднага места. Бамонд—унушальны: тут працуюць болей дзясятка прафэсыйных творцаў, сярод іх ёсьць і сябры Саюзу мастакоў Беларусі, таленавітыя скульптары. Дык вось, яны разам зь іншымі прадстаўнікамі інтэлігэнцыі калектыўна прасілі гарвыканкам: спачатку правядзіце конкурс на лепшы праэкт помніка Вялікаму князю паміж усімі прэтэндэнтамі-творцамі, а затым ужо зрабіце заказ пераможцу. Да вялікай шкадобы, афіцыйны Менск ціскануў на тутэйшую ўладу—і горад атрымаў ня помнік ягонаму заснавальніку, а не да канца зразумелы рэбус, увасоблены ў бронзе рукамі мастака Анатоля Арцімовіча.
Каб пакончыць з размовай вакол узгаданае праблемы, прывяду адказ на маё пытаньне з гэтай нагоды Валеры Раховіча, на той час навуковага супрацоўніка Барысаўскага аб’яднанага краязнаўчага музэю, неаспрэчнага адмыслоўца сярод мясцовых барысавазнаўцаў:
--З пункту гледжаньня рэлігійнае этыкі ды маральнасьці, як мне ўяўляецца, анёлы-ахоўнікі павінны дзесьці ў паветры лунаць па-над галавою чалавека—яны нібыта зьяўляюцца ягоным шчытом-абаронай. Іншая справа, што вырашыць гэтую ідэю даволі складана... Упаўне матэрыяльная пастава і твар “пасланьніка ад Бога”, які выглядае з-за правага князёвага пляча, падштурхоўвае да вельмі далёкіх адносна ідэялёгіі думак, а рэальная прысутнасьць звышнатуральнае істоты побач з абсалютна зямным князем Барысам дазваляе наўпрост меркаваць пра надзвычайную грахоўнасьць навакольнага сьвету. І, у прыватнасьці, наконт двухразовага ўдаражэньня бронзавай статуі менавіта за кошт “дадатковай” фігуры анёла-ахоўніка князя Барыса…
Нарэшце, апошняя ў гэтым шэрагу сымбалічная адметнасьць сьвяткаваньня 900-годдзя Барысаву. Сьвята праходзіла пад узаконеным тутэйшамі дэпутатамі ўласным гарадзкім сьцягам, што нарадзіўся за год зь нечым да юбілею. Мясцовы сьцяг, дарэчы, «вынайшлі» сталічныя адмыслоўцы гэральдычных справаў, чыноўнікі Дзяржаўнае гэральдычнай службы.
Ейны начальнік Сяргей Рассадзін тады распавёў мне, што напачатку ягоныя людзі вельмі ўважліва агледзелі фрагмэнты старажытнага тутэйшага гербу (па-над зачыненаю брамай крэпасьці лунае ў паветры сьвяты апостал Пётар з ключамі ад Барысаву ў рукох). Чыноўнікі параіліся адно з адным і знайшлі: герб трэба ... падрэдагаваць. Напрыклад,--ужыць спэцафарбоўку, бо сымбаль спрадвеку быў, у асноўным, у чорна-срэбраных адценьнях. Памылку гэральдыстаў канца 18-га стагоддзя спадар Рассадзін разам з памочнікамі выправіў наступным чынам. Неба цяперака сталася шэра-сталёвым. Дах на вежах—чырвоным . Ну а зямля, на якой паўстала крэпасьць, набыла зялёны колер. І гэта натуральна: павінна ж зямля мець траву!..
У выніку, як таго патрабуюць гэральдычныя законы, гарадзкі сьцяг атрымаўся чырвона-шэра-зялёна-сталёвым. Які, між іншым, у выніку прадубляваў асноўныя колеры цяперашняга дзяржсымбалю.
З гэтай нагоды спадар Рассадзін самазадаволена ўсьміхнуўся й загадкава сказаў:
--Шлях наш быў арыгінальны, але непамылковы...
Мой менскі добры знаёмец, вучоны—доктар гісторыі, прафэсар Анатоль Грыцкевіч у сваем інтэрвію для Радыё Свабода гэральдыстам зрабіў сур’ёзную заўвагу. Маўляў, чыноўнікі яны старанныя, але іх стараннасьць да аўтэнтычнасьці старажытнае гэральдыкі ня мае дачыненьня.
Сьцяг 29 чэрвеня 2002 году ўсё-такі быў узьняты на адмысловай мачце па-над Цэнтралёвай плошчай побач з помнікам Ульлянаву-Леніну. Але народ меньш ад усяго цешыўся з новага сьцягу. Ён больш тоўпіўся каля тых намётаў грандыёзнага кірмашу (падобнага я асабіста ня бачыў нават у Менску), што разгарнуўся па ўсяе даўжыні праспэкту Рэвалюцыі ад чыгуначнага вакзалу да гарадзкога Палаца культуры...
Сьвята 900-годдзя Барысава 3 ліпеня завяршаў парад вайскоўцаў з тутэйшага гарнізону. Жалнеры ў тэатралізаваных пад часы Другой Усясьветнае вайны плашч-палатках, што былі накінутыя на плечы, у глыбока насунутых на вочы цёмна-зялёных касках і з аўтаматамі ППШ на грудзёх пад папулярныя маршы саракавых гадоў мінулага стагодзьдзя прамаршавалі па праспэкту Рэвалюцыі ад парку імя Максіма Горкага да Цэнтралёвай плошчы.Тут на імправізаванае трыбуне іх віталі ўпэўненыя ў сваім сёньняшнім і заўтрашнім днёх каржакаватыя ўладныя чыноўнікі, яшчэ жывыя пэнсыянэры-франтавікі ды іншы люд, які знаходзіўся ў фаворы тутэйшае “вэртыкалі”. Натоўп складалі камуністы з “прыгрэтай” прэзыдэнтам Кампартыі Беларусі ды працаўнікі розных дзяржаўных заводаў, якім напярэдадні іхныя дырэкцыі выдалі заробную плату й падвышаныя прэміяльныя—толькі б людзі пагадзіліся на стварэньне масоўкі пад высоканачальніцкай трыбунай.
Праўда, сьвята троху сапсавалі пікетоўшчыкі зь ліку ўдзельнікаў руху “Зубр”—яны 29 чэрвеня з антылукашэнкаўскімі лёзунгамі ў рукох ужо сустракалі Аляксандра Рыгоравіча на пляцу ў Старым Горадзе, а 3 ліпеня— тэатралізаваную калёну вояў-вызваляльнікаў Барысаву і Менску ад нямецка-фашыстоўскіх захопнікаў. У абодвух выпадках плякаты “зуброў” былі падраныя, а парушальнікі існуючага КоАП РБ арыштоўваліся міліцыянтамі. І што цікава, да акцыі апазыцыянэраў, а яе тады праводзілі Сяргей Пезкін ды Ігар Закрэўскі (яны напрыканцы 2002 году зьехалі ў эміграцыю ў Эўропу-- ратаваліся ад перасьледу ўладаў), звычайны люд, які на той момант ужо троху быў на падпітку, аднёсься спакойна. Ніхто з натоўпу не заступіўся за Сяргея ды Ігара. У прыватнасьці, не было такога, як паўтары гады таму, калі на мітынгу заарыштаванага барысаўскага сацыяль-дэмакрата Аляксандра Абрамовіча забастоўшчыкі-шклёвары вызвалілі зь міліцэйскага “варанку”, а потым сьледам за ім даволі ўнушальнай калёнай пакрочылі здабываць годную заробную плату, пакрочылі з пратэстамі да гарвыканкаму, на цэнтралёвы барысаўскі пляц, згадваючы па дарозе пралетарскім злым словам пра тую рынкава-сацыялістычную будычыню, куды абяцаў прывесьці і менчукоў, і барысаўцаў, і жыхароў іншых гарадоў ды калгасна-саўгасных вёсак сам Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка—наш першы беларускі прэзыдэнт, наш Рыгоравіч, як з гонарам за свой выбар у 1994 годзе казалі тады ягоныя электаратчыкі, у тым ліку тыя, хто страйкаваў восеньню 2000-га на крышталёвым заводзе.
![]() |
Home >> Select Country >> Беларусь >> Книги >> БАРЫСАЎСКІЯ КРОНІКІ НАЙНОЎШАЙ ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ >> 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 << |
| Select Country |
|
|
|
[an error occurred while processing this directive] |